Вы тут

У Брэсцкай абласной бібліятэцы сабрана вялікая калекцыя кніг татарскіх пісьменнікаў


У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага сабрана вялікая калекцыя кніг татарскіх пісьменнікаў, выдадзеных у Расіі і Беларусі за апошнія 70 гадоў.


Брэсцкая абласная бібліятэка

Гісторыя абласной бібліятэкі, якая працуе ў горадзе над Бугам, на самай ускраіне Беларусі, налічвае восем дзесяцігоддзяў. Фонд гэтай захавальніцы ведаў, які складаецца з кніг, брашур, перыядычных выданняў, а таксама асобных дакументаў, набліжаецца да мільёна адзінак захоўвання. У бібліятэцы ёсць кнігі, чый век адлічвае некалькі стагоддзяў. І сярод дзесяткаў, сотняў тысяч кніг ёсць выданні, якія характарызуюць развіццё татарскай літаратуры на розных этапах яе станаўлення.

Дасведчаны брэсцкі бібліёграф Валянціна Гарбачэўская тлумачыць:

— Сёння ў нашай «татарскай калекцыі», так умоўна назавем дадзены збор, прысутнічае 134 кнігі. Можа быць, не так і шмат. Але гэтыя выданні дазваляюць сфармаваць, як мне здаецца, некаторае цэласнае ўяўленне аб татарскай нацыянальнай літаратуры. Ёсць шмат кніг крымска-татарскіх аўтараў.

Муса Джаліль

Самая ранняя кніга па часе выдання адносіцца да 1957 года. Гаворка — пра зборнік «Выбраныя вершы і паэмы» Фаціха Карыма, які выйшаў у Казані ў Таткнігавыдаце пад рэдакцыяй Сямёна Ліпкіна. Фаціх Карым (1909 — 1945), які загінуў 19 лютага 1945 года на подступах да Кёнігсберга, — адзін з самых яркіх прадстаўнікоў татарскай літаратуры 1930-х гадоў. Свой першы зборнік вершаў — «Ранняя песня» — паэт выдаў у 1931 годзе. Індустрыялізацыю і калектывізацыю адлюстраваў у творах «Сёмы смутак» (1932) і «Шумны світанак» (1933), якія былі выдадзеныя, што называецца, «па гарачых слядах». У час Вялікай Айчыннай вайны выпусціў зборнікі паэзіі «Каханне і нянавісць» (1943) і «Мелодыя і сіла» (1944), а таксама — аповесць «Запiскi разведчыка» (1944). У 1954 году выйшлі «Творы» Ф. Карыма ў трох тамах. Дарэчы, у пасляваенны час вершы і проза выдатнага татарскага пісьменніка перавыдаваліся не аднойчы. І на татарскай, і на рускай мовах. Адна з апошніх кніг па часе — «Выбраныя творы» (Казань, Татарскае кніжнае выдавецтва, 2015). У франтавым лёсе татарскага пісьменніка і камандзіра ўзвода сапёраў 226-га асобнага сапёрнага батальёна 144-й стралковай дывізіі прасочваецца і беларускі след. Дывізія, у якой служыў, ваяваў Фаціх Карым, удзельнічала ў Смаленскай наступальнай аперацыі ў 1943, якая паклала пачатак вызваленню Беларусі. Затым 144-я дывізія — у Беларускай наступальнай аперацыі ... Баявыя ўзнагароды Фаціха Карыма — ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені, баявыя медалі. Верагодна, у творчай спадчыне татарскага паэта ёсць і творы з франтавым «беларускім адрасам». Але гэта ўжо асобная тэма, якую, вядома ж, варта не адкладваць «на заўтра» ў кантэксце вывучэння беларуска-татарскіх літаратурных, культурных, гістарычных сувязяў.

У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага — дзевяць кніг Мусы Джаліля: выданні па часе выпуску — ад 1966 да 1990 гг. Ёсць адно казанскае выданне — «Вершы» (Казань, Татарскае кніжнае выдавецтва, 1975 год). Што характэрна, няма, на жаль, беларускіх зборнікаў Мусы Джаліля. Дакладней: ёсць выдадзеная ў Мінску ў 1979 г. на рускай мове кніга Мусы Джаліля «Выбранае» — з прадмовай Сібгата Хакіма, ён жа і склаў вялікі зборнік у 239 старонак. Кніга выйшла ў мінскім выдавецтве «Вышэйшая школа», якое і цяпер уваходзіць у склад Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Але вось кніг Мусы Джаліля, перакладзеных менавіта на беларускую мову, да вялікага жаль, у Брэсцкай абласной няма. А іх, між іншым, выйшла ў Мінску дзве — «Маабіцкі сшытак» (1975) і «Я гляджу на зоркі» (1985). Вядома, што перакладчыкамі паэзіі Мусы Джаліля на беларускую мову ў розныя гады былі Эдзі Агняцвет, Мікола Аўрамчык, Сцяпан Гаврусёв, Аляксей Пысін.

Калі казаць пра выданні савецкага часу, то ў Брэсце захоўваюцца раманы, аповесці, зборнікі апавяданняў, паэтычных твораў А. Абсалямова «Вечны чалавек», «Агонь непагасны», М. Аміра «Чыстая душа», Ф. Амірхана «Выбранае», «Хаят», Э. Аміта «Аляніная крыніца», «Апошні шанец», Г. Ахунава «Дачка Волгі», «Чалавек шукае скарб», «Ядро арэха», Г. Башырава «Сем крыніц», «Гонар», А. Баянава «Другой зямлі няма», «Аповесць Горнага боку», Ш. Бікчурына «Глыбокі пласт», «Цвёрдая парода», Д. Валеева «Дыялогі», «Па вечным коле», Р. Валеева «Добрыя вочы суседа», «Жыць хочацца», «Лета ціхага горада», «Зямля гарадоў», І. Газі «Калі мацнеюць крылы», М. Галіева «Белая папараць», А. Гаффара «Глыток вады», «Абавязак», «Зерне і жорны», А. Гілязава «У пятніцу, вечарам ...», «Веснавыя караваны», Э. Касімава «На Каме-рацэ», «Чулман — рака ўнукаў», Р. Куту «... І слёзы першыя любові», «Адна восень», «Недасланыя лісты», М. Малікава «Міласэрнасць», Ш. Мануравай «Муса» (раман прысвечаны Мусу Джалілю), З. Нуры «Дарога да сонца», «Азоранасць», «Пяюць закаханыя»...

Выданняў кніг татарскіх пісьменнікаў 1990-х — пачатку 2000-х гг. у Брэсце няма. Увогуле гэта ўсё зразумела. Разбураныя міждзяржаўныя сувязі, адпаведна разбураныя кнігагандлёвыя сувязі, раней выразна працавалі як адзіны агульнадзяржаўны механізм. Развалілася звыклая сістэма камплектавання бібліятэк. Ды і тыражы кніг сталі зусім іншымі. Але трэба аддаць належнае брэсцкім бібліятэкарам, іх уменням знаходзіць кантакты. Асобна вылучаецца цэлая падборка дзіцячых кніг татарскіх аўтараў. Гаворка — пра кнігавыдавецтва «Ідэал-Прэс» у серыі «Сучасныя аўтары — дзецям». Сярод аўтараў — і пісьменнікі, якія працуюць на рускай мове; пад адной вокладкай — арыгінальныя тэксты і іх пераклад на татарскую мову.

Рэнат Харыс

У Брэсце знаходзяцца і кнігі татарскіх паэтаў, празаікаў, выдадзеныя ў Мінску ў перакладзе на беларускую мову: у прыватнасці, зборнік «Сярэбраны прамень» народнага паэта Татарстана Рэната Харыса. Кніга выйшла ў мінскім выдавецтве «Каўчэг» у перакладзе на беларускую Віктара Шніпа і Юрася Пацюпы. З прадмовай вядомага беларускага празаіка, публіцыста Сяргея Трахімёнка. Рэнат Харыс — сапраўдны сябра беларускай літаратуры. Ён не адзін раз бываў у Беларусі. Захоўваецца ў бібліятэцы зборнік народнага паэта Беларусі Янкі Купалы «Санеты», дзе сярод арыгінальнага тэксту вядомага купалаўскага цыкла ёсць і пераклады на 16 моў: тут — і «Санеты» на татарскім, пераўвасабленні Рэната Харыса. Іншыя пераклады — на армянскую, грузінскую, іспанскую, кітайскую, літоўскую, мангольскую, рускую, сербскую, славацкую, табасаранскую, украінскую, французскую, чачэнскую, чувашскую, шорскую мовы. Дарэчы, Рэнат Харыс выдаў у Казані зборнік беларускай паэзіі ў перакладах на татарскую і асобна выпусціў «Санеты» на татарскай, рускай і беларускай мовах. Будзем спадзявацца, што гэтыя кнігі яшчэ папоўняць калекцыю Брэсцкай абласной бібліятэкі. І карыстаючыся выпадкам, не магу не падкрэсліць, што клопаты Рэната Харыса па прапагандзе ў Татарстане беларускай нацыянальнай літаратуры патрабуюць высокай дзяржаўнай адзнакі з боку Рэспублікі Беларусь. Ёсць у Брэсце і беларускія кнігі татарскіх пісьменнікаў Ш. Ракіпава «Адкуль ты, Жан?» (аповесць пра героя Вялікай Айчыннай вайны, мінскага падпольшчыка Івана Кабушкіна, лёс якога звязаны і з Татарстанам; перавёў кнігу на беларускую мову Уладзімір Мехаў); аповесць Г. Башырава «Зялёная мая калыска» (пераклала на беларускую мову Алена Васілевіч; кніга выйшла ў мінскім выдавецтве «Юнацтва» ў 1981 годзе).

Сярод іншых беларускіх кніг татарскіх аўтараў — зборнік паэзіі Закі Нуры «Радасць сустрэч» на беларускай мове (Мінск, 1973). Закі Нуры (1921 — 1994) у гады Вялікай Айчыннай вайны партызаніў у Беларусі, быў начальнікам разведкі ў атрадзе легендарнага Канстанціна Заслонава. У 1944 — 1946 гадах — старшыня Аршанскага гарвыканкама Віцебскай вобласці. Пра сваё беларускае партызанскае юнацтва напісаў зборнік апавяданняў «І мёртвыя помсцілі».

У Мінску выдадзены і іншыя кнігі татарскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову. У прыватнасці, два паэтычных зборнікі народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна. Хацелася б і іх убачыць на паліцах Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага. Але ёсць у Берасцейскім кнігазборы кнігі пісьменнікаў Татарстана і на татарскай мове: і Роберта Мінуліна, і Лэйлы Гімадзеевай…

Казань

Усяго ў свеце, калі верыць Вікіпедыі, пражывае 6 421 500 татар. Багаты, нацыянальна вызначаны народ, які ўмее захоўваць сваю гістарычную памяць. Татараў на працягу многіх стагоддзяў добра ведаюць у беларускіх мястэчках. Яны — і ў старажытным Наваградку, на Гарадзеншчыне, у Іўі, Смілавічах, Пухавічах, Уздзе, іншых паселішчах. У Беларусі ўсяго пражывае болей за сем тысяч татараў. У суседніх з Беларуссю краінах, для параўнання: у Літве — 2 793, Латвіі — 2 339, ва Украіне — 73 304 чалавек. Не параўнаць з Казахстанам, дзе татар — больш за 200 000 чалавек. І ўсё ж, і ўсё ж... Па-першае, калекцыі, падобныя брэсцкай, інфармацыя аб татарскіх кнігах, калі выданні прадстаўлены ў розных частках фондаў Брэсцкай ці іншай бібліятэкі, з’яўляюцца свайго роду прыцягненнем для нацыянальнай дыяспары, спрыяюць выбудоўваць і такую кніжную пляцоўку аб’яднальнага характару. Па-другое, «татарскія» зборы кніг, а, магчыма, і перыядычных матэрыялаў, іншых дакументальных, друкаваных (і не толькі друкаваных) крыніц дазваляюць развіваць цікавасць да нацыянальнай літаратуры, нацыянальнай культуры ў карэнных жыхароў краіны, Брэста ў дадзеным выпадку.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.