Вы тут

Качанава: умяшанне ў справы суверэннай дзяржавы — парушэнне міжнародных дамоўленасцей


Умяшанне ў справы суверэннай дзяржавы з’яўляецца парушэннем усіх міжнародных дамоўленасцей. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў інтэрв’ю праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1», паведамляе БелТА.


Фота: БелТА

«Што датычыцца санкцый ЕС, у мяне няма слоў, каб выказаць сваё абурэнне. Гэта недапушчальна, гэта ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, парушэнне ўсіх міжнародных дамоўленасцей. Гэтаму трэба ставіць сур’ёзную заслону. Мы абмяркоўвалі гэта пытанне з расійскімі калегамі. Мы з гэтым не згодзімся ніколі, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Але для таго, каб у меншай ступені адчуць на сабе санкцыйны націск, нам трэба працаваць, шукаць шляхі і выхады, прымаць рашэнні для захавання нашага ўзроўню эканомікі. За першыя пяць месяцаў 2021 года дасягнута станоўчая дынаміка».

Спікер таксама падвяла вынікі VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. За час форуму былі падпісаны кантракты на $800 млн. Як адзначыла Наталля Качанава, выйсці ў будучым на мільярдны рубеж было б знакавай падзеяй. «Мы будзем старацца дасягнуць такой лічбы ў наступным годзе. Але галоўнае пытанне — эфектыўнасць», — падкрэсліла яна.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што за час правядзення форумаў рэгіёнаў дасягнуты значныя вынікі, але гэта не мяжа. «Расія — наш стратэгічны партнёр. З’яўляюцца новыя кантракты, ствараюцца сумесныя прадпрыемствы. Думаю, у цяперашняй сітуацыі гэтыя пагадненні будуць яшчэ больш важкімі і значнымі», — заявіла яна.

Тэмай форуму стала навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў эпоху лічбавізацыі і перыяд фарміравання адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы ў працэсе інтэграцыі дзвюх дзяржаў. «Навука рухае развіццё любой краіны. Вядома, трэба аб’ядноўваць нашы намаганні для таго, каб развіваць навуковыя арганізацыі. Мы даўно цесна працуем з Расіяй па гэтых напрамках. Ад гэтага залежыць будучыня нашых краін», — канстатавала Наталля Качанава.

«Мы гаварылі і аб тым, якія пагрозы сёння мае лічбавізацыя, развіццё інтэрнэту. Хлусня, фэйкі льюцца проста патокам. Чалавеку бывае вельмі няпроста вызначыць у гэтым патоку інфармацыі, дзе хлусня, а дзе праўда. Мы павінны вельмі ўважліва ставіцца да гэтай праблемы. Я прапанавала стварыць двухбаковую групу на высокім узроўні, дзе мы займаліся б адпрацоўкай мадэльных законапраектаў у гэтай сферы, сачылі, як у далейшым будуць рэалізаваны прынятыя заканадаўчыя акты. Мы будзем адпрацоўваць гэта пытанне», — праінфармавала спікер.

Наталля Качанава таксама падкрэсліла, што правядзенне Форуму рэгіёнаў у рэжыме відэа-канферэнц-сувязі не зніжае выніковасць перагавораў. «Работа над пагадненнямі і кантрактамі, якія падпісваюцца на форуме, вядзецца на працягу ўсяго года. Сам форум — гэта падвядзенне вынікаў нашай работы, абмеркаванне актуальнай тэматыкі. Вядома, хацелася б жывых стасункаў, іх не заменяць ніякія інфармацыйныя тэхналогіі. Але разам з тым відэа-канферэнц-сувязь — таксама вельмі эфектыўная форма работы. Мы плённа папрацавалі ў гэтыя дні, прынялі рашэнні на карысць нашых дзяржаў», — рэзюмавала яна.

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі на працягу васьмі гадоў праходзіць пад эгідай верхніх палат парламентаў дзвюх краін — Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. Чарговы форум праходзіў з 29 чэрвеня па 1 ліпеня.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».