Вы тут

Выйшла чарговае перавыданне кнігі «Ніколі не забудзем»


Напярэдадні 77-й гадавіны вызвалення Беларусі і Дня Незалежнасці свет убачыла чарговае перавыданне кнігі «Ніколі не забудзем» праекта Беларускага саюза жанчын «Сямейнае чытанне». Выданне прэзентавалі ў рамках круглага стала па тэме «Сямейнае чытанне як фактар умацавання маральных каштоўнасцяў і пераемнасці пакаленняў». Пагаварылі глабальна не толькі пра чытанне і ўплыў на дадзены працэс сям'і, але і закранулі куды больш надзённыя і актуальныя тэмы, сярод якіх памяць пра Вялікую Айчынную вайну, перапісванне гістарычнай праўды і недапушчэнне рэабілітацыі нацызму, каб успаміны пра тыя часы сталі вывучаным і засвоеным урокам для цяперашніх і будучых пакаленняў.


— Праект «Сямейнае чытанне» Беларускага саюза жанчын быў адкрыты яшчэ ў 2019 годзе напярэдадні такой жа знакавай даты 75-годдзя вызвалення Беларусі. І цяпер, калі мы ўжо прадстаўляем трэцюю кнігу гэтага праекта, то вельмі ўдзячныя за партнёрства ў ім беларускім выдавецтвам, Міністэрству інфармацыі, Міністэрству адукацыі. І думаю, што ў такіх праектах мы будзем пашыраць кола нашых удзельнікаў, бо яны накіраваны на развіццё і ўмацаванне духоўных, сямейных каштоўнасцяў, на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, — адзначыла Лілія Ананіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, саветнік ГА «Беларускі саюз жанчын».

Абмеркаванне важных тэм, сярод якіх і выхаванне падрастаючага пакалення, павага да роднай зямлі і захаванне памяці пра яе герояў, а таксама ўздзеянне мастацкага слова на фарміраванне асобы, вядома, былі ў цэнтры. Аднак усе прысутныя сышліся на думцы, што пачынаецца ўсё з сям'і, бо менавіта там закладваюцца любоў, традыцыі і тыя духоўныя і маральныя асновы, па якіх потым можна арыентавацца ў жыцці і ў любой інфармацыйнай прасторы. Кніга «Ніколі не забудзем», можа, і з'яўляецца адным з такіх указальнікаў. Упершыню яна з'явілася ў 1948 годзе і да цяперашняга перавыдання мае ўжо доўгае жыццё. З прачытання аднаго з твораў «Страшны дзень», у якім апісваецца адна з гісторый знішчэння беларускай вёскі немцамі, літаральна і пачалася яе прэзентацыя...

— Я прачытаў гэтую кнігу першы раз, калі мне было дзесяць гадоў. Тое савецкае выданне не мела такой шыкоўнай белай паперы, але ў ім былі яскравыя ілюстрацыі. Я іх і да сёння памятаю. У маленстве ўсё абвострана ўспрымаецца. А сёння многія рэчы, якія пасля ўсіх гэтых інфармацыйных выбухаў, натуралізацыі, паказу нейкіх жахаў, што называецца, на экране камп'ютара, не глядзяцца так і не здаюцца такімі жудаснымі, якімі яны былі насамрэч. У гэтай кніжцы вытрымана самае галоўнае — з аднаго боку, тут паказана простымі беларускімі словамі, вельмі простымі, дзіцячымі словамі, трагедыя. Без натуралізацыі, без нейкіх нялюдскіх эфектаў, з максімальным ашчадлівасцю да іншых.

А з другога боку, гэта шчымлівая праўда, — кажа Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. — Вось тое, як апісана ў гэтым апавяданні знішчэнне вёскі, тая методыка, якая апісаная там, калі спачатку заходзяць у хату і выбіваюць усіх жывых, а потым паляць, — гэта традыцыйнае, стандартнае знішчэнне. Мы проста мусім памятаць, што калі 22 чэрвеня 1941 года пачалася аперацыя «Барбароса» (гэта з улікам усіх тых рэфлексій і таго галашэння, тых зняважлівых, абразлівых у дачыненні да нас і да нашай дзяржавы выказванняў, аб тым, што мы выдумляем генацыд), я проста нагадаю, што, згодна з нямецкім стандартным планам, да 22 чэрвеня 1941 года была «звычайная еўрапейская вайна», і зусім іншая — пасля 22 чэрвеня. Па-нямецку яна называлася «расавая ідэалагічная вайна». У першую чаргу гэта была вайна на знішчэнне.

Кожны твор у кнізе «Ніколі не забудзем» прасякнуты болем дзяцей вайны, якія зведалі яе жахі, страты блізкіх людзей... І калі такое выданне папоўніць сямейныя, школьныя бібліятэкі, то працягнецца якраз тая пераемнасць пакаленняў, якія памятаюць, наколькі высокую цану заплаціла наша краіна за тыя ліхалецці і як важна, каб падобнай жудасці не паўтарылася.

— Беларускі саюз жанчын мае вялікую гісторыю, якая непарыўна звязана з тэмай вайны. І таму мы сёння тут. БСЖ — гэта амаль нашчадкі Антыфашысцкага камітэта савецкіх жанчын, які быў арганізаваны ў 1941 годзе. Мы сёння адна з тых грамадскіх арганізацый, якія ставяць сваімі галоўнымі мэтамі падтрымку сям'і, падтрымку дзяцей, захаванне нашых традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і нашай духоўнай спадчыны. І сёння мы не маем права маўчаць, — дзеліцца старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын» Алена Богдан.

Кніга «Ніколі не забудзем» сёлета выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». І, як адзначыў яго дырэктар Алесь Бадак, з'явілася яна вельмі своечасова і заўсёды будзе актуальная і запатрабаваная:

— Такія кніжкі павінны быць пастаянна ў кнігарнях. Больш за тое — яны павінны быць пастаянна ў школе. Дзеці сёння, на жаль, часцей любяць слухаць сваіх равеснікаў, чым настаўнікаў, бацькоў. Таму спадзяюся, што гэтая кніга ёсць ва ўсякім разе ў пазакласным чытанні, але яе трэба чытаць на ўроках. Гэтая кніжка ўнікальная, таму што ва ўсім свеце падобнага выдання няма. І ўлічваючы, як цяпер развіваецца свет, нічога падобнага і не будзе, мы жывём іншымі праблемамі. Гэтая кніжка ўнікальная тым, што яе агульны тыраж на сённяшні дзень ужо большы за мільён асобнікаў. Кніжка, якую напісалі дзеці. Але я хацеў бы звярнуць увагу яшчэ на пераемнасць пакаленняў. Кніжка задумвалася ў 1944 годзе, то-бок, руіны, есці няма чаго, а ўжо працуе дзіцячая газета «Піянер Беларусі» і ўжо дарослае кіраўніцтва краіны думае пра дзяцей. Дзякуючы Анастасіі Рокаш, якая прыдумала гэты праект, які падтрымалі беларускія пісьменнікі Якуб Колас, Янка Маўр, камсамол і маладыя, юныя журналісты, мы маем кнігу ўспамінаў. Але яна ўнікальная не толькі тым, што напісаная дзецьмі, а і тым, што тут адказнасць за кожнае слова: з якім болем і, разам з тым, з якой пяшчотай яно зроблена. Тут няма нічога выпадковага. У выніку атрымалася кніжка, якая жыве ўжо столькі дзесяцігоддзяў і, думаю, будзе жыць яшчэ доўга.

Варта адзначыць, што кніга «Ніколі не забудзем» уключана ў лік сацыяльна значных выданняў. І, па словах намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага, сёння вельмі важна, каб такія тэмы не абміналіся ўвагай, каб пра гэта задумваліся кожны раз, калі кніга трапляе ў рукі.

Алена ДРАПКО

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Слова памяці дзеля будучыні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Меркаванне, што мужчынам не патрэбна даглядаць за сабой, сёння гучыць архаічна.

Здароўе

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Вядома, што сярод прычын заўчаснай смерці сардэчна-сасудзістыя захворванні ўпэўнена займаюць першае месца.

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.