Вы тут

Візіт на станцыю «Сходня» прайшоў напярэдадні святкаванні 3 ліпеня


Менавіта на станцыі «Сходня» 11 кастрычніка 1943 года студэнты і супрацоўнікі Белдзяржуніверсітэта пасля двухгадовага перапынку з-за пачатку Вялікай Айчыннай вайны прыступілі да навучальнага працэсу.


Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава перадаў БДУ вялікую колькасць вучэбнага і навуковага абсталявання, падручнікаў і наглядных дапаможнікаў, 18 тысяч тамоў навуковай літаратуры. Заняткі праводзіліся на шасці факультэтах прыкладна для 300 студэнтаў. Навучальны працэс забяспечвалі 90 выкладчыкаў.

Будынак, дзе праходзілі заняткі, знаходзіўся на месцы аднаго з сучасных карпусоў Расійскай міжнароднай акадэміі турызму. У 2011 годзе на будынку была ўстаноўлена Мемарыяльная дошка ў памяць аб падзеях 1943 года.

Візіт на станцыю «Сходня» сімвалічны тым, што прайшоў напярэдадні святкаванні 3 ліпеня — Дня Незалежнасці Беларусі. У гэты дзень у 1944 годзе Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а 22 кастрычніка гэтага ж года ў беларускую сталіцу прыбыў эшалон, у якім ехалі выкладчыкі і студэнты БДУ, там жа знаходзілася навучальнае і навуковае абсталяванне. З гэтага часу і пачалося аднаўленне галоўнага беларускага ўніверсітэта.

Наведванне станцыі «Сходня» адбылося ў рамках прымеркаванага да 100-годдзя БДУ візіту дэлегацыі ВНУ ў Маскву. Таксама студэнты і супрацоўнікі наведалі на Новадзявочых могілках магілу Уладзіміра Іванавіча Пічэты, першага рэктара Белдзяржуніверсітэта, акадэміка Акадэмій навук БССР і СССР, выбітнага гісторыка і славіста. Удзельнікамі цырымоніі сталі прадстаўнікі МДУ, беларускай дыяспары ў Расіі і духавенства.

Над пахаваннем устаноўлены двухметровы манумент з белага мармуру з бюстам славутага навукоўца-гісторыка. Вобраз зняты з фота перыяду рэктарства Пічэты ў БДУ. Аўтарам помніка з'яўляецца мастак-скульптар Маргарыта Удальцова, жонка заслужанага дзеяча навукі РСФСР і рэктара МДУ ў 1928—1930-х гадах Івана Удальцова. Уладзімір Пічэта быў настаўнікам іх сына Івана і сябрам сям'і.

Бюст на магіле першага рэктара вырабляўся па гіпсавым варыянце, які прадаставіла жонка навукоўца Аляксандра Пятроўна Пічэта. З ёй у 1956—1965 гадах кіраўніцтва БДУ вяло перапіску, у якой абмяркоўваліся нюансы матэрыялу для будучага помніка, яго цана, а таксама кандыдатуры майстроў і скульптараў.

Пахаванне Уладзіміра Пічэты знаходзіцца пад патранажам магістрантаў-гісторыкаў БДУ і МДУ, якія навучаюцца ў сумеснай магістратуры. Валанцёры штогод займаюцца яго добраўпарадкаваннем, абнаўляюць надпісы і чысцяць помнік.

У БДУ аддаецца асаблівая ўвага гістарычнай памяці заснавальніка ўніверсітэта. На фасадзе «Дома № 1 БДУ», дзе некаторы час жыў і працаваў Уладзімір Пічэта, ёсць мемарыяльная дошка. Сёння гэта корпус гістарычнага факультэта БДУ, тут жа знаходзіцца бюст Уладзіміра Пічэты і адкрыта імянная аўдыторыя навукоўца.

З імем Уладзіміра Іванавіча звязана станаўленне беларускай савецкай гістарычнай навукі, гісторыі права і эканомікі. Тэмы яго даследаванняў уключалі пытанні этнагенезу беларускага народа, гісторыі беларускіх гарадоў, археалогіі і краязнаўства, гісторыі беларускай мовы і літаратуры. З 500 работ вучонага больш як 150 прысвечаны гісторыі Беларусі.

Уладзімір Пічэта памёр у 1947 годзе ва ўзросце 68 гадоў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: БДУ, 1943 год, эва­ку­а­цыя...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.