Вы тут

Ад чаго нас выратоўвае лянота і ці варта з ёй змагацца


Лянота — тое, з чым мы сутыкаемся кожны дзень. З ёй прынята змагацца — мы ўсяляк прымушаем сябе ўстаць з ложка, а не ляжаць да абеду, робім тую непрыемную справу, якую хочацца адкласці на потым, пасля работы займаемся дамашнімі справамі ці ідзём у спартыўную залу замест таго, каб пасядзець на канапе... Але медыкі сцвярджаюць, што лянота дадзена нам не проста так — без яе чалавецтва не выжыла б. Таму вынішчаць «пад корань» гэту якасць у сабе не варта. У якіх выпадках яна карысная і ад чаго нас выратоўвае, а таксама чаму варта прыслухоўвацца да свайго арганізма, мы паразважалі з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гурбаніджадам.


— Гумен, лянота лічыцца не самай станоўчай нашай якасцю...

— Лянота пайшла ад слова lenus, якое азначае «марудлівы» або «вялы». Насамрэч гэта тайм-аўт, які неабходны нашаму арганізму і нервовай сістэме. Лянота задумана прыродай для таго, каб мы працавалі больш энергазберагальна. Кожная жывая істота мае пэўныя рэсурсы энергіі, і яны не бясконцыя. Для таго каб чалавек ці жывёла бессэнсоўна іх не расходавалі, у нас ёсць лянота, якая не дае нам «газаваць» на пустым месцы і марнаваць абмежаваны рэсурс.

З іншага боку, лянота — гэта ўнутрыасобасны канфлікт, калі чалавеку штосьці нявыгадна рабіць, але ён робіць, таму што трэба. Калі маці кажа дзіцяці прыбраць у пакоі, яно не хоча гэтага рабіць, але з задавальненнем згоднае патраціць час на футбол, прытым што прыбіранне ў пакоі патрабуе нашмат менш энергіі. Так уладкаваны чалавек — не рабіць тое, што яму не трэба. Як той казаў, не адкладвайце на заўтра тое, што вы не збіраецеся рабіць у гэтым жыцці.

Каб выправіць дадзеную сітуацыю і пазбегнуць унутранага канфлікту, работадаўцы выкарыстоўваюць розныя методыкі — стымулы. Калі малпу накіроўвалі ў космас, ёй трэба было націснуць кнопку. Для малпы гэта дзеянне бессэнсоўнае, лішняя трата энергіі, таму прыходзілася яе стымуляваць. Яна націскала на кнопку — і атрымлівала банан, яшчэ раз — яшчэ адзін. Каб прымусіць чалавека рабіць тое, што ён не хоча, ёсць зарплата, прэмія і іншыя спосабы, якія прымушаюць нас пераадольваць сваю ляноту і ўнутраны асобасны канфлікт.

— Гэта значыць, што лянота дадзена нам не проста так?

— Найперш яна сігналізуе аб тым, што ў нас знікла канцэнтрацыя ўвагі. Мы ўсе ведаем, што у кіроўцы, які ад'ездзіў шмат гадзін за рулём, верагоднасць трапіць у ДТЗ большая, чым у чалавека, які адпачыў. Калі падчас работы з рук пачынае вывальвацца інструмент, гэта сведчыць пра тое, што наш галаўны мозг ператаміўся, нам не хапае канцэнтрацыі, каб выконваць работу дастаткова добра. Калі наша нервовая сістэма фіксуе, што мы не можам дастаткова канцэнтравацца, уключаецца механізм ляноты, яна ўказвае, што нам неабходны перапынак. І тут важна прыслухвацца да свайго арганізма і падпарадкавацца ляноце. Яна дапамагае нам адпачыць і пасля больш эфектыўна займацца разумовай ці фізічнай работай.

Яшчэ лянота, як ні дзіўна, патрэбная для захавання здароўя і падаўжэння жыцця. Як вядома, калі арганізм працуе ў рэжыме нон-стоп, ён больш зношваецца, у такіх людзей працягласць жыцця меншая. Напрыклад, адна з даследчых работ прыводзіць такія даныя датычна журналістаў, бо іх жыццё больш актыўнае, стрэсавае, і працуюць яны ў напружаным рэжыме. Гэта мы бачым і на прыкладзе жывёл: у тых, што вядуць больш спакойны спосаб жыцця, ніжэйшая верагоднасць знікнуць з планеты. Кракадзілы засталіся з часоў дыназаўраў і яшчэ доўга будуць жыць. А вядуць яны больш чым размераны спосаб жыцця: актывізуюцца толькі тады, калі нападаюць на здабычу. На працягу года ім патрэбная невялікая колькасць мяса ў параўнанні са львом, які шмат рухаецца.

— Але як знайсці гэты баланс, улічваючы што медыкі раяць нам, наадварот, шмат рухацца?

— А чаму так раяць? Гэта наступствы цывілізацыі і таго спосабу жыцця, які яна нясе. Тысячу гадоў таму чалавек, каб паесці, мог некалькі гадзін ганяцца за здабычай. І яго не трэба было заклікаць у спартзалу — актыўнасць была натуральная. Калі чалавек быў неактыўны, ён проста не мог выжыць. Цяпер жыццё патрабуе ад нас зусім іншых задач. Аднак калі ляжаць на канапе пасля таго, як восем гадзін прасядзелі ў офісе, паступова аслабляюцца мышцы, сэрца, ды і ўвесь арганізм пачынае працаваць па-іншаму. Селяніну, які дзень працуе на полі, зноў-такі ўвечары ісці ў спартыўную залу не трэба. Дадаваць фізічную актыўнасць мы рэкамендуем людзям, якія вядуць гарадское жыццё — сядзяць у офісе, ездзяць на машыне.

— Вернемся да ляноты. Ад чаго яшчэ яна нас аберагае?

— У прыватнасці, абараняе наш мозг ад перагрузкі. Мы ведаем, як некаторыя студэнты рыхтуюцца да экзамена ў апошнюю ноч. У рэшце рэшт наступае такі момант, калі мозг нічога не ўспрымае, у гэты час ужываюць чай ці каву, каб прымусіць яго працаваць. Аднак радыкальна гэта нічога не мяняе, магчыма, падаўжае работу на 30-40 хвілін, і зноў наступае стан ператамлення. І тут таксама ўключаецца механізм ляноты, калі арганізм сігналізуе: стоп, мне патрэбна перазагрузка. Нездарма кажуць: пераначуем — болей пачуем. Калі мы спім, мозг перазагружаецца і назапашвае ў сабе тыя рэчывы, якія выпрацоўваюцца толькі ў сне і расходуюцца днём. Таксама пазбаўляемся ад таксічных рэчываў, якія выпрацавалі падчас разумовай работы. Гадзіна ці паўгадзіны сну дапамагаюць назапасіць больш інфармацыі, чым калі мы не спім усю ноч. Каб павялічыць эфектыўнасць работы, у Паўднёвай Еўропе, Кітаі, Японіі ўводзяць сіесту. Для нас гэта, вядома, экзотыка, хоць нават у Расіі некаторыя кампаніі яе прымяняюць. На першы погляд здаецца, што работадавец плаціць работніку за тое, што той спіць. Насамрэч ад 20 да 40 хвілін, якія адводзяцца на сон, павялічваюць працаздольнасць і канцэнтрацыю работніка, пасля чаго яго эфектыўнасць нашмат павышаецца.

Вядомы закон дысбалансу — так званы прынцып Парэта. Яго сутнасць у тым, што 20 % намаганняў даюць 80 % выніку. А для таго каб атрымаць астатнія 20 % выніку, трэба працаваць з 80 % намаганняў. Таксама лічыцца, што 20 % работнікаў выконваюць 80 % работы, а 80 % работнікаў — толькі 20 %. Чаму так адбываецца? Мозг у 20 % людзей так пабудаваны, што спачатку яны выконваюць важныя работы, а потым усё астатняе. А 80 % з нас выконвае тэрміновыя работы. А для таго каб мозг дакладна вызначыў, якія работы тэрміновыя, а якія важныя, патрэбныя работа нашай падсвядомасці і паўнацэнны адпачынак. Універсітэтам Брытанскай Калумбіі было праведзена навуковае даследаванне. Дзве групы людзей гулялі ў камп'ютарныя гульні. Палова атрымала джойсцікі, якія працавалі паўнавартасна, а другая палова — прылады з дэфектам. І калі гэтыя людзі спалі, даследчыкі вывучалі работу іх галаўнога мозга. У групе з няспраўнымі джойсцікамі мозг падчас сну выпрацоўваў алгарытм для далейшых дзеянняў. І на наступным этапе яны больш эфектыўна выконвалі задачу. Гэта зноў-такі сведчыць пра тое, што лянота з'яўляецца, каб мозг перазагрузіўся і хутчэй знайшоў рашэнне. Мы адпачываем і, як ні парадаксальна, атрымліваем лепшы вынік.

— Атрымліваецца, каб знайсці вырашэнне нейкай праблемы, якая нас мучыць, дастаткова часам проста паспаць...

— Вядома, што такія вучоныя, як Ньютан, Архімед, Мендзялееў, калі верыць гісторыі, зрабілі свае важныя адкрыцці, калі адпачывалі. Такую з'яву мы называем інсайтам — калі чалавек раптоўна штосьці спасцігае ці ўсведамляе. Тлумачыцца гэта тым, што падчас адпачынку падсвядомасць пачынае аналізаваць тую інфармацыю, якую яна назапасіла дагэтуль. І такім чынам наступае азарэнне.

— Кажуць, што найлепшы адпачынак — змена дзейнасці. Папрацаваў за камп'ютарам — выйдзі на прабежку ці пакалі дровы...

— Гэта так, але не заўсёды. Калі мы кажам дзіцяці адпачыць, каб яно пасля лепш справілася з дамашнімі заданнямі, а тое ўключае камп'ютарную гульню, гэта не адпачынак: стомяцца вочы, нервовая сістэма, мозг пачне горш працаваць. Пасля гэтага, пасадзіўшы яго за кнігі, мы не атрымаем лепшы вынік.

— Як бы мы ні ўхвалялі ляноту, наймальнікі не вітаюць такую якасць у работніках...

— Ген ляноты з'яўляецца лакаматывам для росту нашай цывілізацыі. Калі работадаўцу патрэбен чалавек, які б стварыў нешта новае, такі работнік мусіць быць крыху лянівым. Чалавеку не хацелася штурхаць груз, і ён вынайшаў кола. Ленаваўся скакаць наверх — і прыдумаў лесвіцу, неахвота было крычаць — стварыў гучнагаварыцель... Калі чалавек лянуецца штосьці рабіць, мозг пачынае працаваць і думаць, як аблегчыць задачу, каб менш было затрат энергіі. Так і з'яўляюцца новыя ідэі.

Ёсць вучоныя, якія лічаць, што калі ў чалавека адключыць ген ляноты, атрымаецца ідэальны работнік. Але іншыя даследчыкі ўпэўненыя, што ў такім выпадку спыніцца рух цывілізацыі. Паміж імі ідзе дыскусія, ці настолькі добра развітая наша цывілізацыя, што можна абысціся без гена ляноты.

— Значыць, важна прыслухоўвацца да сваёй ляноты, а не змагацца з ёй?

— Вельмі часта — так, бо яна — той рубільнік, які дапамагае арганізму не знясільвацца. Праўда, і змагацца з ёй таксама варта, калі тая не абумоўлена стомленасцю. Але тут трэба звярнуць увагу, што нельга блытаць гультайства з сіндромам хранічнай стомленасці і дэпрэсіяй. Бывае, што прычына ляноты — у пачатку нейкай хваробы. Сіндром хранічнай стомленасці — гэта той стан, які патрабуе сур'ёзнай медыцынскай дапамогі, ён можа мець і вірусную прыроду, і іншыя прычыны. Калі перагрузіць нервовую сістэму больш, чым яна можа вытрымаць, яна аўтаматычна адключаецца. Дэпрэсія, калі чалавеку нічога не хочацца рабіць — уставаць з ложка, прымаць душ, хадзіць на работу, — гэта таксама паталагічны стан. Ён патрабуе лячэння, інакш хвароба хутка робіцца хранічнай, і тады ўжо дастаткова цяжка выцягнуць з яе чалавека.

— Ёсць людзі, якія і без дэпрэсіі нічога ў жыцці не хочуць рабіць...

— Гэта сведчыць пра адсутнасць мэты, яны ўвесь час быццам бы чагосьці чакаюць. Каб пераадолець гэта, трэба нагадаць сабе, што ніхто, акрамя нас саміх, не зробіць нас шчаслівымі, наша жыццё знаходзіцца ў нашых руках. Заўсёды трэба гэта памятаць. Кожны чалавек мусіць дасягнуць пэўных важных для яго мэт. І калі яны ёсць і мы да іх імкнёмся, знікаюць млявасць і лянота. Калі наша мэта здаецца недасяжнай, трэба памятаць, што слана мы не можам з'есці адразу — ён вялікі, а наш страўнік маленькі, але мы можам есці яго патрошкі. Таму каб дасягнуць мэты і не ўпасці без сіл, калі нічога не атрымліваецца, варта разбіць вялікую работу на маленькія этапы. І мы дасягнем сваёй мэты — без лішніх затрат энергіі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Лянота — натуральны стан?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.