Вы тут

На пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі абмеркавалі тэму аздараўлення нацыі


У «калысцы гарадоў беларускіх» — Полацку — у панядзелак на выязным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі абмеркавалі тэму грамадска-дзяржаўнага партнёрства ў вырашэнні праблем п’янства і алкагалізму. Месцам правядзення мерапрыемства, у якім бралі ўдзел і члены ўрада, стаў духоўна-асветніцкі цэнтр Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра.


Адпаведная дзяржаўная праграма дзейнічае даволі эфектыўна, дзякуючы таму, што ёй займаецца не толькі дзяржава, а сярод іншых — праваслаўная царква і іншыя канфесіі, —падкрэсліла ва ўступным слове спікер верхняй палаты парламента Наталля КАЧАНАВА.

На яе погляд, вельмі важна своечасова выявіць, што чалавеку патрэбна дапамога. Залежныя людзі павінны жыць у соцыуме, правільна выхоўваць дзяцей, прыносіць карысць грамадству і краіне.Аднымі з асноўных кірункаў у рабоце па прафілактыцы з’яўляецца фарміраванне здаровага ладу жыцця, недапушчэнне залежнасці ад алкаголю, псіхатропных рэчываў, наркотыкаў у дзяцей і падлеткаў. 

Пацверджаннем таго, што ўсё робіцца правільна з’яўляецца тое, што з кожным годам становіцца ўсё меней залежных ад алкаголю. Памяншаецца колкасць так званых бытавых злачынстваў (а практычна ўсе яны ўчыняюцца ў нецвярозым стане). 

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі ВЕНІЯМІН адзначыў, што мерапрыемства — чарговы крок у справе супрацоўніцтва царквы і ўлады дзеля служэння беларускаму народу. Перавыхаванне тых, хто хварэе на алкагалізм і іншую залежнасць, можна параўнаць з дзейнасцю рэстаўратара душы... На жаль, сям’я, праца, доўг перад Богам у хворага чалавека адступае на іншы план. Глава Беларускага экзархата падкрэсліў, што ахвярам п’янства вельмі важна часцей за ўсё прапаноўваць духоўную дапамогу разам з псіхалагічнай, урачэбнай. Царква імкнецца спрыяць гэтаму супрацоўніцтву, дзеля дасягнення яшчэ большых поспехаў. Ён заклікаў узмацніць работу з моладдзю, каб юнакі і дзяўчаты разумелі ўвесь жах таго, што могуць атрымаць ў выніку «сяброўства з зялёным зміем»

Мітрапаліт Пскоўскі і Пархоўскі ЦІХАН, які з’яўляецца старшынёй адмысловага грамадскага савета, падзяліўся вопытам па абароне ад алкагольнай залежнасці. У прыватнасці, вельмі многае зроблена царквой для прафілактыкі: за больш чым дзесяць гадоў удалося панізіць колькасць ужываемага алкаголю расіянамі прыкладна ў два разы. 

Ён прапанаваў зацікаўленым беларускім ведамствам сярод іншага выкарыстоўваць прафілактычныя фільмы, у якіх ідзе гаворка пра непапраўную шкоду ад алкаголю. 
Міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ канстатаваў, што прафілактычная дзейнасць прынесла свае вынікі. Напрыклад, грамадзян прывучылі не ўжываць піва на вуліцах, ужыванне алкаголю сярод моладзі стала не модным. 

Вядома, што спіртное — бяда са многімі тварамі. Выпівохі ўчыняюць злачынствы, супрацьпраўныя дзеянні супраць членаў сям’і (86% — у нецвярозым стане), і галоўным чынам ад гэтага церпяць дзеці.

Толькі сёлета ў сацыяльна небяспечным становішчы апынуліся каля 5 тысяч дзяцей — з-за п’янства бацькоў. Каля шасцісот дзяцей ужо не жывуць з гора-бацькамі. Як падкрэсліў міністр, выхоўваць залежных атрымліваецца вельмі ўдала, калі гэта робяць не толькі праваахоўныя органы, а разам з работнікамі сістэмы адукацыі, сацыяльнай абароны, грамадскімі арганізацыямі і прадстаўнікамі царквы. Вельмі плённа супрацоўніцтва наладжана з актывістамі таварыства ананімных алкаголікаў, беларускім Чырвоным Крыжам. Трэба ўзмацніць выхаваўчую ролю працоўных калектываў і прафсаюза.

Гэтую ідэю падтрымала Наталля Качанава і нагадала лепшае з савецкага вопыту.

Дзмітрый ПІНЕВІЧ, міністр аховы здароўя, падкрэсліў, што беларускія медыкі маюць добры вопыт у лячэнні і прафілактычнай працы. Але апошнюю трэба ўзмацніць. Неабходна весці прапаганду таго, што здароўе — гэта каштоўнасць, якую лёгка страціць. А вось шкода ад спіртнога можа быць вельмі небяспечнай для здароўя і жыцця. На сёння — выклікае асаблівы клопат стан здароўя каля 30 тысяч грамадзян Беларусі, якія залежныя ад алкаголю.

Трэба сказаць, што выпадкаў атручвання кантрафактным алкаголем у Беларусі не было. Але не трэба паніжаць «ціск» на тых, хто вырабляе так званы танізуючы алкаголь, які так падабаецца некаторым падлеткам. 

Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА ўпэўнены, што шчыльнае ўзаемадзеянне паміж міністэрствамі і ведамствамі, царквой і грамадскімі арганізацыямі гарантуюць паспяховую прафілактыку п’янства. Каб дзеці ведалі пра шкоду спіртнога, адпаведныя веды яны атрымліваюць на факультатыўных занятках. 

Занятасць дзяцей спортам, у гуртках мастацкай самадзейнасці і іншымі карыснымі справамі гарантуюць, што яны будуць весці здаровы лад жыцця. Але міністр упэўнены, што гэтага недастаткова — трэба весці адукацыйную работу і ў сем’ях. Дзеля гэтага наладжана ўзаемадзеянне з БПЦ. Асаблівы клопат над падлеткамі, якія выхоўваюцца не ў зусім ідэальных умовах. Сацыяльнымі сіротамі прызнаны каля 18,5 тысяч чалавек... 

Старшыня Савета Рэспублікі ў канцы пасяджэння адзначыла, што сумесная дзейнасць будзе працягнута на новым узроўні. 

У гутарцы з журналістамі Наталля Качанава адзначыла, што плённае супрацоўніцтва з БПЦ вядзецца даўно. Грамадскія арганізацыі і дэпутаты павінны рабіць усё магчымае, каб грамадзяне былі духоўна і фізічна здаровымі. І трэба клапаціцца ў першую чаргу пра дзяцей, якім не пашанцавала жыць у надзейных сем’ях. Шмат зроблена па паніжэнні колькасці залежных ад спіртнога і наркотыкаў. Але трэба працаваць яшчэ больш без фармалізму і раўнадушша. Трэба ўсебакова яшчэ глыбей вывучаць праблему і вырашаць яе комплексна. 

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.