Вы тут

Каранік: Новы мост у Гродне адновяць за 7—10 дзён


Моцны дождж стаў сапраўдным выпрабаваннем для дарожнай інфраструктуры Гродзенскага рэгіёна. Разгул стыхіі закрануў як горад, так і наваколле. Пад вадой аказаліся цэлыя вуліцы, многія дарогі нагадвалі каналы. Некаторыя аўтамабілі былі вымушаныя спыняцца з-за таго, што не змаглі «фарсіраваць» моцныя патокі вады. Здараліся выпадкі эвакуацыі аўтамабіля з воднага палону.


Фота: БелТА

У мікрараёне Зарыца новая дарога нагадвала горную рэчку з невялікімі парогамі. Размыла дарогу і каля вескі Жылічы, там з'явіліся даволі вялікія вымоіны. Патокі вады сталі прычынай апоўзняў. Змыла грунт у парку імя Жылібера і каля цэнтральнага рынку.

Але самыя сур'ёзныя наступствы залевы закранулі новы аўтамабільны мост, будаўніцтва якога амаль завершана. Пад уздзеяннем воднага патоку частка дарожнага палатна абвалілася, былі размыты і адхоны, якія ўмацоўваюць збудаванне. У яму ўпаў фанарны стоўб, частка асфальту і пешаходнай дарожкі. Абвал здарыўся а шостай гадзіне вечара. Месца адразу было агароджана блокамі.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік у панядзелак выехаў на месца здарэння. У ліку прычын разбурэння дарожнага палатна кіраўнік рэгіёна назваў адсутнасць умацавання адхонаў травой і дзёрнам, а таксама выхад са строю ліўнеўкі. У выніку вада стала паступаць як з самога дарожнага палатна, так і з каналізацыі, што і выклікала такі маштаб пашкоджання.

— Сітуацыю ацанілі, — падкрэсліў Уладзімір Каранік у каментарыі журналістам. — Мост яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю, паколькі вялася яго праверка, у тым ліку ліўневай каналізацыі. Вядома, не хацелася б, каб яна правяралася такім экстрэмальным спосабам. Зараз будзе праведзена ўмацаванне грунту. Будзем улічваць той факт, што тут самая нізкая кропка дарогі, што садзейнічае назапашванню вады. Таму будуць арганізаваны латкі для аварыйнага яе скіду. Схілы будуць умацаваныя геасеткай, якая супрацьстаіць ліўням. Лічу, што ўсе гэтыя мерапрыемствы, якія разлічаны на 7—10 дзён, дазволяць не толькі ліквідаваць пашкоджанні, але і звесці да нуля рызыку паўтарэння сітуацыі.

Уладзімір Каранік паведаміў, што ў горадзе зараз распрацоўваецца план ліквідацыі наступстваў воднай стыхіі. У ліку мерапрыемстваў — прамыўка ліўнеўкі, дадатковыя вадаскіды, замена дарожнага палатна.

Напружанымі сталі мінулыя суткі і для службы МНС Гродзенскай вобласці. Амаль 30 разоў яны выязджалі на выклікі, звязаныя з навальніцай. Як паведамілі ў абласным упраўленні, асноўная дапамога аказвалася па пампаванні вады на падворках Гродна і раёна, якія аказаліся пад вадой. Вяліся работы па зніжэнні рызыкі падтаплення. Напрыклад, у вёсцы Капцёўка былі адчынены шлюзы і зніжаны ўзровень вады ў вадасховішчы, загароджаны месцы абвальванняў, у прыватнасці ўчастак дарогі на ўездзе ў вёску Жылічы Гродзенскага раёна.

Таксама ратавальнікі правялі распілоўку паваленых дрэў. Адно з іх упала на жылы дом у Навагрудку, другое — на дарогу ў Гродзенскім раёне. Ніхто з жыхароў не пацярпеў. Між тым ратавальнікі папярэджваюць, што дажджлівае надвор'е захаваецца ў рэгіёне і на найбліжэйшыя дні.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».