Вы тут

Трыумф беларускай мастацкай гімнастыкі


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем актуальныя спартыўныя навіны.


Гераіні тыдня. Беларускія спартсменкі заваявалі дзевяць медалёў на этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы ў Мінску. У самым прэстыжным відзе праграмы — мнагаборстве — перамагла беларуска Аліна Гарнасько, набраўшы ў суме 103,700 бала. «Бронза» таксама ў гаспадыні турніру — Настассі Салас, якая набрала 102,500 бала. У фіналах асобных відаў Аліна Гарнасько заваявала тры «золата» — у практыкаваннях з абручом (27,700 бала), мячом (28,600 бала) і булавамі (27,500 бала). Настасся Салас стала сярэбраным прызёрам у кампазіцыі з абручом (27,400 бала) і бронзавым прызёрам кампазіцыі з мячом (26,250 бала). Таксама Настасся Салас заваявала «серабро» ў кампазіцыі са стужкай, суддзі ацанілі яе выступленне на 23,550 бала.

У групавых практыкаваннях беларуская зборная выйграла «бронзу» ў практыкаваннях з пяццю мячамі, маючы 46,500 бала.

Поспех тыдня. Беларусы заваявалі бронзавы медаль на этапе Кубка свету па кулявой стральбе ў Харватыі. У камандным міксце ў стральбе з малакалібернай вінтоўкі на 50 метраў з трох становішчаў беларускі дуэт Юрыя Шчэрбачэні і Марыі Мартынавай набраў у кваліфікацыі 582 балы і атрымаў права змагацца за «бронзу» з прадстаўнікамі Венгрыі. Беларусы аказаліся мацнейшыя. Юрый Шчэрбачэня і Марыя Мартынава рыхтуюцца да Алімпійскіх гульняў у Токіа.

Цытата тыдня. «Мастацкая гімнастыка сёння — адна з самых папулярных спартыўных дысцыплін у нас у краіне. Пацвярджэннем таму з'яўляюцца не толькі дасягненні нашых спартсменак, якімі мы ўсе ганарымся, але і тая ўвага, якая аддаецца ў дзяржаве развіццю дзіцячага спорту, а таксама любоў гледачоў і заўзятараў да гэтай прыгожай дысцыпліны. Правядзенне міжнародных спаборніцтваў у сучасных умовах — значная падзея для спорту ў цэлым і вельмі адказная для нашай краіны. Мы дзякуем удзельнікам за аказаны давер і магчымасць убачыць у Мінску найлепшых грацый свету», — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на адкрыцці Кубка свету па мастацкай гімнастыцы ў Мінску.

Герой тыдня. Беларускі атлет Аляксей Калесны стаў сярэбраным прызёрам юніёрскага чэмпіянату свету па грэка-рымскай барацьбе сярод спартсменаў з парушэннямі слыху. Аляксей выступае ў вагавой катэгорыі 72 кг. Падчас турніру ён перамог сапернікаў з Казахстана, Азербайджана. Аднак у вырашальным паядынку ўступіў расіяніну Кірылу Глушэнкаву, які выйграў залаты медаль.

Рэкорды тыдня. На Кубку Беларусі па плаванні Іван Шамшурын устанавіў нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 200 метраў батэрфляем. Цяпер новае дасягненне на гэтай дыстанцыі —
1 хвіліна 58,44 секунды. Настасся Шкурдай устанавіла новы нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем, яна праплыла гэтую дыстанцыю за 25,56 секунды.

Кубак Беларусі па плаванні — адзін з ключавых стартаў для беларускіх спартсменаў, якія выканалі адборачны нарматыў у Токіа. Акрамя таго, на турніры плыўцы маюць магчымасць выканаць кваліфікацыйныя патрабаванні для ўдзелу ў чэмпіянаце свету, які пройдзе ў Фукуоке з 13 да 29 мая 2022 года.

Турніры тыдня. Беларускія лёгкаатлеты заваявалі калекцыю медалёў на розных міжнародных турнірах. У швейцарскім Люцэрне на турніры Spіtzen Leіchtathletіk Luzern Таццяна Халадовіч кінула кап'ё на 60 м 31 см і стала сярэбраным прызёрам. У польскім Быгошчы прайшоў мемарыял Ірэны Шавіньскай, дзе на 100 метрах з бар'ерамі перамагла Эльвіра Герман. Да фінішу яна прыбегла праз 13,15 секунды.

У бельгійскім горадзе Льеж прайшоў турнір Meetіng Іnternatіonal de la Provіnce de Lіege. У сектары для скачкоў у вышыню бронзавым прызёрам стаў Дзмітрый Набокаў. Яго вынік 2 м 15 см. У сектары для скачкоў у даўжыню Настасся Мірончык-Іванова ў заключнай спробе праляцела на 6 м 58 см і заняла трэцяе месца.

На этапе «Брыльянтавай лігі» ў сталіцы Швецыі ў сектары для скачкоў з шастом Ірына Жук заняла трэцяе месца, справіўшыся з другой спробы з вышынёй у 4 м 61 см. Толькі па колькасці спроб яна саступіла брытанцы Холі Брэдшоу (4 м 61 см), а перамогу атрымала расіянка Паліна Кнароз (4 м 71 см).

Медаль тыдня. Беларусы Максім Маркевіч і Алег Міхалевіч сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату свету па спартыўнай акрабатыцы ў Швейцарыі. У спаборніцтвах мужчынскіх пар беларусы атрымалі адзнаку ў 28,680 бала.

Лічба тыдня. 133,22 кіламетра — менавіта такую дыстанцыю праехаў экіпаж каманды «МАЗ-СПОРТ- аўто» пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча на трэцім этапе ралі-рэйда «Шоўкавы шлях» у заліку грузавікоў. Беларускі экіпаж заняў трэцяе месца з вынікам 1 гадзіна 28 хвілін. Пераможцы гонкі — экіпаж пілота «Камаз-майстар» Андрэя Каргінава паказаў вынік у 1 гадзіну 26 хвілін 10 секундаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?