Вы тут

Рэктар БДПУ — пра сучаснага настаўніка, педагагічныя класы і адсутнасць «сіндрому апошняга дня»


Напрыканцы мая рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Іванавіч ЖУК быў абраны замежным членам Расійскай акадэміі адукацыі. На якім узроўні знаходзіцца сёння педагагічная навука ў нашай краіне, як развіваецца сістэма бесперапыннай педагагічнай адукацыі і наколькі падрыхтаваныя выпускнікі ўніверсітэта для работы з пакаленнем Z — пра ўсё гэта наша сённяшняя размова.


Аляксандр Жук.

Стаўка — на педкласы

— Аляксандр Іванавіч, вы былі першым дырэктарам Ліцэя БДУ, першым прарэктарам Белдзяржуніверсітэта, узначальвалі цяперашнюю Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, трынаццаць гадоў працавалі першым намеснікам міністра адукацыі і вось ужо сем гадоў з’яўляецеся рэктарам БДПУ. Аднойчы вы сказалі, што тон СМІ ў адносінах да прадстаўнікоў педагагічнай прафесіі прыкметна змяніўся. Калі вы гэта адчулі? І калі педагагічныя спецыяльнасці перасталі быць «запасным аэрадромам» для ўладальнікаў не вельмі высокіх балаў у сертыфікатах?

— Знакавай падзеяй для змены ў грамадскай свядомасці стаўлення да педагагічнай прафесіі стала наведванне кіраўніком дзяржавы ў 2014 годзе нашага ўніверсітэта — у дні святкавання яго стагоддзя. Да гэтага моманту ўжо было прынятае рашэнне аб забеспячэнні льготнага паступлення медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай на педагагічныя спецыяльнасці. А БДПУ выступіў з ініцыятывай увядзення профільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў 10-11-х класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі. Гэта ідэя знайшла падтрымку на дзяржаўным узроўні, і ўжо ў 2015/2016 навучальным годзе першыя педагагічныя класы і групы адкрыліся ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Спачатку іх было крыху больш за сотню. А ў 2018/2019 навучальным годзе ў 420 педагагічных класах ва ўсіх абласцях і сталіцы навучалася ўжо каля 4400 старшакласнікаў — іх колькасць павялічылася ў чатыры разы. На платформе інтэрнэт-партала БДПУ быў створаны сайт «Педагагічныя класы». Вынікі ўступных кампаній апошніх гадоў сведчаць пра тое, што педагагічная прафілізацыя паспяхова вырашае задачу па падрыхтоўцы ў школе матываваных і паспяховых навучэнцаў, якія свядома выбіраюць педагогіку. Штогод траціна выпускнікоў педагагічных класаў (а гэта, заўважу, высокаматываваныя на педагагічную прафесію маладыя людзі, якія атрымалі рэкамендацыі педагагічных саветаў) прыходзіць у ВНУ на педагагічныя спецыяльнасці. Выпускнікі педкласаў дэманструюць пры навучанні ў нашым універсітэце добрую паспяховасць, яны акадэмічна не менш паспяховыя, чым медалісты, пры гэтым (што вельмі важна для нас) сацыяльна актыўныя. Практычна ўсе займаюцца валанцёрскай работай пад кіраўніцтвам цьютараў-старшакурснікаў, з’яўляюцца старастамі груп, уключаюцца ў рэалізацыю адукацыйных і сацыяльных праектаў, становяцца ўдзельнікамі студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. Яны складаюць касцяк студэнцкіх актываў факультэтаў і інстытутаў. І самы пераканаўчы аргумент на карысць павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі — гэта вынікі прыёмных кампаній. У БДПУ ў апошнія гады прыходзяць вельмі моцныя абітурыенты: медалісты, уладальнікі «чырвоных» дыпломаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, выпускнікі педагагічных класаў. На чвэрць спецыяльнасцяў залічаны толькі льготныя катэгорыі абітурыентаў: медалісты, выдатнікі, выпускнікі педкласаў і мэтавікі. Змяняецца і гендарны склад: да нас паступае ўсё больш юнакоў, а на некаторых факультэтах іх ужо да 65 % ад агульнай колькасці.

На васьмі спецыяльнасцях прахадны бал склаў летась 300 і больш. Сярод лідараў — «Псіхалогія» (317 балаў) і «Практычная псіхалогія» (316 балаў), «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» (315 балаў), «Лагапедыя» (313 балаў). Сярэдні конкурс па ўніверсітэце склаў каля двух чалавек на месца. Напрыклад, на спецыяльнасці «Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)» конкурс быў 7,8 чалавека на месца, а на «Выяўленчым мастацтве і камп’ютарнай графіцы» — 4,8.

Некалькі апошніх гадоў БДПУ не адчувае «сіндрому апошняга дня», калі абітурыенты ў апошні момант «перакідваюць» дакументы са спецыяльнасці на спецыяльнасць або з адной ВНУ ў іншую. Значыць, большасць абітурыентаў матываваныя на атрыманне педагагічнай прафесіі і свой выбар робяць свядома.

У дні адкрытых дзвярэй, падчас прыёмнай кампаніі і выпускнікі, і іх бацькі адзначаюць, што бачаць сёння шмат пераваг у педагагічнай прафесіі: гэта стабільная праца са стабільнай заработнай платай, шырокія магчымасці для працаўладкавання, працяглы адпачынак летам.

На навуковай аснове

— Расійская акадэмія адукацыі, членам якой вы сталі, аб’ядноўвае вучоных, якія займаюцца фундаментальнымі і прыкладнымі навуковымі даследаваннямі па найважнейшых праблемах адукацыі, педагогікі, псіхалогіі і сумежных з імі навук. Ёсць меркаванне, што ў нашай краіне ў педагагічнай навуцы не адбываецца нічога «рэвалюцыйнага», што прымаюцца рашэнні, якія не абапіраюцца на навуковы аналіз тых ці іншых працэсаў. Быць ці не быць профільнаму навучанню на старшай ступені школы, вырашалі палітыкі, а не прафесіяналы... А як забяспечваецца навуковае суправаджэнне профільных педагагічных класаў?

— Укараненне педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачалося ў 2015 годзе. Старт быў адразу масавы, і трэба было ў самыя кароткія тэрміны прадумаць саму сістэму і навукова, метадычна і арганізацыйна яе забяспечыць.

Для падтрымкі педагагічных класаў навукоўцамі БДПУ і Гродзенскага інстытута развіцця адукацыі была распрацавана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў педагагічную прафесію» для 10-11-х класаў. Яна разлічана на 140 гадзін і ўключае два педагагічныя і два псіхалагічныя модулі. Акрамя гэтага, у дапамогу педагогам мы распрацавалі метадычнае суправаджэнне факультатыўных заняткаў для ўсіх чатырох модуляў праграмы. Дадзеныя матэрыялы знаходзяцца ў свабодным доступе на сайце «Педагагічныя класы» на інтэрнэт-партале БДПУ. Хацеў бы адзначыць, што згаданы сайт з’яўляецца асноўнай інфармацыйна-камунікацыйнай пляцоўкай для ўзаемадзеяння навучэнцаў, педагогаў і адміністрацыі школ, у якіх створаны педагагічныя класы.

Цэнтр сучасных методык у дашкольнай адукацыі адкрыўся ў БДПУ ў Міжнародны дзень абароны дзяцей.

На працягу шасці гадоў мы забяспечваем вучэбна-метадычнае і арганізацыйнае суправаджэнне дзейнасці педкласаў. У 2017–2018 гадах па заданні Міністэрства адукацыі калектыў навукоўцаў БДПУ выконваў навукова-даследчую працу «Распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ў профільных класах педагагічнай накіраванасці на аснове інтэграцыі практыка-арыентаванага і кампетэнтнаснага падыходаў». У выніку мы стварылі вучэбна-метадычны комплекс для эфектыўнай арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў педагагічную прафесію», які ўключае «Дзённік самадыягностыкі для навучэнцаў», «Атлас педагагічных прафесій і роляў», рабочыя сшыткі для вучняў 10-х і 11-х педагагічных класаў, распрацавалі мультымедыйныя навучальныя трэнажоры, якія могуць выкарыстоўвацца як на занятках пры суправаджэнні настаўніка, так і для самастойнай работы навучэнцаў.

БДПУ, абласныя ВНУ, інстытуты развіцця адукацыі праводзяць пастаянную работу па павышэнні кваліфікацыі педагогаў, якія працуюць у педагагічных класах і групах, на асенніх, зімовых і вясенніх канікулах арганізоўваюць для іх семінары-практыкумы, круглыя ??сталы і анлайн-кансультацыі.

А навучэнцаў педагагічных класаў мы стараемся далучаць да розных рэспубліканскіх мерапрыемстваў: гэта канферэнцыі, фестывалі, конкурсы, праекты, форумы і г. д. Напрыклад, кожны год у дні школьных канікул у БДПУ рэалізоўваецца праект «Студэнт на адзін дзень». З 2016 года ў нас праводзіцца традыцыйная міжнародная канферэнцыя «Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы». Усе гэтыя мерапрыемствы і актыўнасці маюць вельмі важны эфект, бо многіх падлеткаў, якія прыязджаюць у БДПУ, мы бачым потым у якасці абітурыентаў на сумоўі, а пазней — у якасці студэнтаў універсітэта.

Сінергетычны эфект

— Зноў вашы словы: «Мы ўпэўнены, што будучыня — за педагагічнымі кластарамі. Стварэнне кластарнай мадэлі дазволіць нам аб’яднаць інтэлектуальныя і матэрыяльныя рэсурсы, педагагічную навуку і перадавую педагагічную практыку і сканцэнтраваць агульныя намаганні вакол ключавых праблем як у педагагічнай адукацыі, так і сістэмы ў цэлым». Ці апраўдала сябе ідэя педагагічных кластараў?

— Мае словы — не проста дэкларацыя. На працягу двух гадоў па заданні Міністэрства адукацыі мы сур’ёзна вывучалі механізмы работы і навуковыя асновы кластарнага развіцця педагагічнай адукацыі на прыкладзе створанага ў 2015 годзе на базе БДПУ вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. У ходзе гэтага даследавання былі прааналізаваныя вынікі дзейнасці кластара, рэгулярна праводзіліся апытанні яго суб’ектаў, ацэньвалася эфектыўнасць сумеснай дзейнасці. У выніку можна адназначна сцвярджаць, што асноўная мэта стварэння кластара — аб’яднанне вучэбна-навукова-інавацыйнага патэнцыялу адукацыйных і навукова-метадычных устаноў — была дасягнута.

Ужо сёння адчувальныя рэальныя плюсы ад добраахвотнага сацыяльнага партнёрства ў кластары. Рэалізоўваецца практыка сумеснай выпрацоўкі рашэнняў. Быў створаны Каардынацыйны савет па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі. У яго склад уваходзяць 27 прадстаўнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, якія забяспечваюць падрыхтоўку па педагагічных спецыяльнасцях, інстытутаў развіцця адукацыі з усіх рэгіёнаў, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі і іншых арганізацый.

Адной з форм супрацоўніцтва суб’ектаў кластара з’яўляецца ўзаемадзеянне «па гарызанталі», якое мае на ўвазе ў тым ліку супрацоўніцтва ўстаноў вышэйшай адукацыі ў галіне навукі. Даследчая дзейнасць вучоных як БДПУ, так і ўсяго кластара арыентавана на рашэнне задач сучаснай адукацыйнай практыкі. З гэтай мэтай у рамках кластара было распрацавана праблемнае поле прыярытэтных псіхолага-педагагічных даследаванняў у сферы адукацыі, якое шырока выкарыстоўваецца для фарміравання праграм навуковых даследаванняў, тэматыкі даследавання магістарскіх, кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, курсавых і дыпломных работ... У найбліжэйшай перспектыве мы плануем перагледзець праблемнае поле з улікам актуальных тэндэнцый развіцця педагагічнай адукацыі і новых педагагічных праблем, якія патрабуюць свайго вырашэння.

Акрамя таго, распрацавана Канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі на 2021-2025 гады, асноўным механізмам рэалізацыі якой пазначана кластарнае ўзаемадзеянне.

Навучанне «на перадавой»

— Адна з задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі, — пераход на кампетэнтнасны змест агульнай сярэдняй адукацыі. Ці ўлічваеце вы гэты аспект пры падрыхтоўцы будучых педагогаў? Ці ўдалося пераадолець разрыў паміж тэорыяй і практыкай, бо ад педагога патрабуецца ўменне прымяніць свае веды ў любой сітуацыі, а не толькі ў стандартнай...

— Сучасныя адукацыйныя трэнды задаюць арыенціры ў прафесійнай падрыхтоўцы будучых спецыялістаў для сістэмы адукацыі. У сувязі з гэтым тры гады таму калектыў навукоўцаў БДПУ распрацаваў праект прафесійна-кваліфікацыйнага стандарту педагога. У ім знайшла адлюстраванне новая кампетэнтнасная мадэль, якая арыентуе на фарміраванне ў педагога шырокага спектра новых, запатрабаваных кампетэнцый: для работы ў лічбавым адукацыйным асяроддзі, для работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі, для ўстойлівай прафесійнай самарэалізацыі, для жыцця ў полікультурным свеце, кампетэнцыі ў галіне ўстойлівага развіцця і іншых.

Удзельнікі праекта «Студэнт на адзін дзень у БДПУ», які прайшоў падчас вясенніх канікул.

Сёння асабліва актуальная падрыхтоўка педагога да фарміравання ў школьнікаў функцыянальнай пісьменнасці. Наша краіна ўпершыню ў 2018 годзе прыняла ўдзел у міжнародным даследаванні PІSA, дзе правяраюцца не проста веды вучняў, а іх здольнасць прымяняць атрыманыя веды ў жыцці. Вынікі даследавання паказалі: каб ствараць на ўроках умовы для фарміравання ў школьнікаў чытацкай, прыродазнаўчанавуковай і матэматычнай кампетэнтнасці, патрабуецца найперш гатоўнасць самога педагога. І цяпер навуковыя калектывы БДПУ ў рамках галіновай навукова-тэхнічнай праграмы працуюць у гэтым кірунку: ствараюць навукова-метадычнае забеспячэнне, якое дазволіць падрыхтаваць будучых педагогаў да работы з вучнямі на аснове кампетэнтнаснага падыходу.

Патрабаванні прафесійнага стандарту звязаны з узмацненнем практыка-арыентаванай накіраванасці педагагічнай падрыхтоўкі. Гэту задачу мы паспяхова вырашаем праз удасканаленне педагагічнай практыкі студэнтаў, наданне ёй бесперапыннага характару. Нашы студэнты асвойваюць прафесійныя кампетэнцыі, прыходзячы на ??практыку ў найлепшыя дзіцячыя сады, школы і гімназіі горада Мінска ўжо з першага курса. На працягу апошніх чатырох гадоў у БДПУ паспяхова апрабаваны і ўкараняюцца на ўсіх факультэтах такія інавацыйныя формы педагагічнай практыкі, як валанцёрская практыка на першым курсе, педагагічная практыка з вылучэннем аднаго «школьнага дня» ў тыдзень для студэнтаў другога курса, педагагічная і летняя практыкі для студэнтаў трэцяга курса, пераддыпломная практыка на чацвёртым курсе. Такім чынам, будучыя педагогі максімальна рана паглыбляюцца ў прафесійнае асяроддзе і паступова ўваходзяць у педагагічную прафесію.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй летась паспяхова быў рэалізаваны праект «Будучыя педагогі — дзецям», падчас якога студэнты-практыканты праводзілі дыстанцыйныя навучальныя заняткі, распрацоўвалі і запісвалі відэаўрокі. Цяпер гэты вопыт, які даказаў сваю эфектыўнасць, знайшоў адлюстраванне пры канструяванні новых адукацыйных стандартаў, навучанне па якіх распачнецца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з верасня 2021 года.

Спартыўны, прагрэсіўны і прасунуты...

— А якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны настаўнік?

— Сучасны педагог — гэта «лічбавы» настаўнік, прагрэсіўны і прасунуты карыстальнік інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, спартыўны чалавек, які вядзе здаровы лад жыцця. Ён валодае тэхналогіямі медыяцыі, прадукцыйнай камунікацыі, знаёмы з камунікатыўнымі кодамі пакалення Z (сучасных падлеткаў), пакалення Y (іх бацькоў) і пакалення Х (дзядуль і бабуль).
Я неаднаразова казаў, што нам неабходна працаваць на апярэджанне, разумець, што ў эпоху, калі галоўным рэсурсам цывілізацыйнага развіцця становяцца не прыродныя багацці, а чалавечы капітал, імкліва ўзрастае роля настаўніка з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, з глыбокай любоўю ў сэрцы да дзяцей, сваёй прафесіі і сваёй радзімы. Настаўніка, які валодае новымі, запатрабаванымі жыццём кампетэнцыямі, у ліку якіх — кампетэнцыі ў галіне ІT-тэхналогій, інклюзіі, педагагічнай падтрымкі, кампетэнцыі, якія дазволяць праектаваць яму сваю жыццёвую і прафесійную траекторыю, развівацца і самаадукоўвацца на працягу ўсяго жыцця, знаходзіць аптымальныя рашэнні ў нестандартных прафесійных сітуацыях. Неабходна рыхтаваць настаўніка, здольнага апярэджваць сацыяльную сітуацыю развіцця сучасных «лічбавых» дзяцей.

— У красавіку ва ўніверсітэце прайшло размеркаванне. Ці ўдалося вам задаволіць усе заяўкі?

— Cёлета мы размеркавалі 709 выпускнікоў, якія навучаліся за кошт бюджэту (681 выпускніка першай ступені і 28 выпускнікоў магістратуры), у тым ліку 203 мэтавікі. 14 выпускнікоў-платнікаў таксама папрасілі аб размеркаванні. 80 % выпускнікоў размеркаваліся ў Мінск і Мінскую вобласць. На кожнага выпускніка мы мелі па 2-3 заяўкі для размеркавання.

— Педагагічныя навыкі — уменне размаўляць з людзьмі, дасягаць разумення, разбірацца ў складаных знакавых сістэмах, навыкі каманднай работы — патрэбныя не толькі ў сістэме адукацыі. Таму людзей з педагагічнай адукацыяй сёння можна сустрэць у самых розных сферах. Вы можаце назваць прозвішчы самых вядомых вашых выпускнікоў, якія ва ўсіх на слыху?

— Гэта народныя паэты Пімен Панчанка і Аркадзь Куляшоў, міністр адукацыі Ігар Карпенка, член-карэспандэнт, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, былы генеральны дырэктар НВА «Пеленг», які ўзначальваў інавацыйнае прадпрыемства больш як два дзесяцігоддзі, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі Уладзімір Пакрышкін, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Цуран, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Абрамаў, эстрадная спявачка Алёна Свірыдава, тэлевядучыя Надзея Цімафеева і Глеб Давыдаў, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Алена Бялова, параалімпійскі чэмпіён Юрый Голуб. Я магу працягваць гэты спіс доўга…

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: прэс-служба БДПУ

Загаловак у газеце: «З любоўю ў сэрцы і актыўнай жыццёвай пазіцыяй»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.