Вы тут

Чорная сажалка, шкляныя труны і кінематаграфічны свіран. Чые нябачныя крокі чуваць у калідорах Прылуцкага палаца?


«У адным месцы абапал Птыча-рэкі высяцца дзве горкі дужа красныя, а пасярод ракі востраў ляжыць. На той гарэ, што па правым беразе, стаяў двор знатнага баярына, іменем Яраслаў». Так пачынаецца аповед Каруся Каганца, таго самага, хто, як Дыяген, удзень з ліхтаром у руцэ шукаў беларуса, пра паходжанне назвы вёскі Прылукі. Вось нібыта была ў таго Яраслава маладая жонка Любляна. Пакуль муж быў на вайне, Любляна пачала жыць з яго сябрам... Думалі, загінуў Яраслаў. А ён вазьмі ды і з'явіся… «Хапіліся спярша за шаблі, а далей Яраслаў, адумаўшыся, кажа: «Адзін з нас павінен умерці, дык няхай Бог судзіць каму. Вазьмі ты сабе лук і сагайдак з стрэламі і ідзі на гару за рэчку, а я вазьму сабе і стану на гэтай гары, і будзем страляцца». Як сказаў, так і ўчынілі: выпусцілі па страле — нічога, выпусцілі па другой — нічога, а па трэцяй як выпусцілі, так абодва аж асунуліся, як два падкошаныя каласочкі. Тое месца з тых пор Прылукамі стала звацца.


Полацкая аптэка ў прылуцкім свірне

Сённяшнія Прылукі, аграгарадок пад Мінскам, абраслі легендамі і паданнямі, як мала якая мясціна Беларусі. Містычны куток так і прыцягвае экскурсантаў... Зручна — непадалёк ад сталіцы, дабірацца лёгка — тут і даўней быў тракт, што ішоў на Наваградак, паштовая станцыя... Да таго ж дастаткова добра захаваліся каларытныя будынкі і парк... І нават Чорная сажалка, з якой таксама звязаныя містычныя падзеі. Недарэмна Прылукі любяць кінематаграфісты. Мне давялося тут быць падчас здымак фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча» па маім рамане. У адным з захаваных гаспадарчых будынкаў, свірне, упрыгожаным аркамі з калонамі, узнікалі дзякуючы дэкаратарам то сутарэнні Слуцкага замка, дзе акрутны князь Геранім Радзівіл катаваў сваіх вязняў, то аптэка полацкага мудраца Лейбы. Вельмі каларытнае атрымалася спалучэнне — старыя муры, змрочныя скляпенні (не хацелася думаць, што калісьці тут захоўвалі мяхі з зернем ды бочкі з віном), агонь паходняў, дым ад якіх час ад часу даводзілася разганяць падручнымі сродкамі праз вузкія акенцы... І бутафорскія, але вельмі каларытныя краты і ланцугі вязніцы, альбо застаўленыя старадрукамі і шкляніцамі з заспіртаванымі пачваркамі паліцы полацкай аптэкі...

Менавіта тут, у Прылуках, толькі не ў свірне, а ў галоўнай сядзібе, у 1926 годзе здымаўся і першы беларускі фільм «Лясная быль», у якім з'явіліся ў ролях саміх сябе кіраўнікі маладой беларускай рэспублікі Адамовіч, Кнорын, Чарвякоў, і нават «засвяціўся» ў эпізодзе легендарны рэжысёр Корш-Саблін.

Давайце разам перагледзім легенды і паданні пра Прылуцкі замак...

Фантазёр Адынец і вупыры Вішнявецкія

Прывідны флёр Прылукаў узнік найперш дзякуючы аднаму з членаў таварыства філарэтаў, паэту Эдварду Адынцу, рамантыку і містыфікатару, які напісаў баладу пра Прылукі пад красамоўнай назвай «Зачараваны замак». Маўляў, блукаюць там духі ў самых рамантычных традыцыях. Гэта і гатычная гісторыя пра маладую прыслугу, якую пахавалі жывую, і адгэтуль яе прывід блукае па калідорах. Паўплывала і легенда пра тое, што Прылуцкі замак перабудаваны з кляштара, і таму яго муры ахоўваюць былыя мніхі.

Вось толькі навукоўцы кажуць, хоць Адынец пазначыў, што легенда датычыцца менавіта Прылуцкага замка, пісаў ён насамрэч не пра яго, і ўвогуле ўсё выдумаў...

А вось наступныя легенды пра Прылукі звязаныя чамусьці з Вішнявецкімі... Нібыта жыў тут акрутны магнат Тамаш Вішнявецкі, апошні з роду. І настолькі быў ён жорсткі, што трупы сваіх ворагаў выстаўляў у шкляных трунах, каб усе бачылі.

Легенда пра пахаваную жывой прыслугу ў дадзеным выпадку трансфармавалася ў забітую Тамашом няверную жонку, Селясціну. Пахаваў раўнівец яе таемна, у магіле без помніка. Ну і блукае прывід няшчаснай пані, аплаквае сваю зямную долю...

А другі Вішнявецкі, які таксама нібыта жыў у Прылуках і нават быў пахаваны ў тамтэйшым склепе, Фердынанд, па начах выходзіў з таго склепа ў найлепшых вупырскіх традыцыях, і гукі яго крокаў палохалі насельнікаў замка...

Вось толькі не значацца сярод уладальнікаў Прылукаў Вішнявецкія, дый род гэты па абедзвюх лініях згас. Апошнім Вішнявецкім па першай лініі быў польскі кароль Міхал, абраны амаль выпадкова, з-за сваёй мяккасці — каб ні вашым, ні нашым, правіў нядоўга, няўдала і спадчыннікаў не пакінуў. Сярод яго імёнаў, дарэчы, было і «Тамаш», але сведчанняў, што кароль жыў у Прылуках, я не знайшла. Па другой лініі апошнім мужчынам быў Януш Вішнявецкі, бацька знакамітай Уршулі, жонкі вялікага гетмана Радзівіла Рыбанькі, якой і дасталіся багацці роду, што ўліліся ў радзівілаўскія. І ён на ролю прылуцкага прывіда не падыходзіць.

А вось шкляныя труны з муміямі цалкам маглі ўзнікнуць у народнай фантазіі дзякуючы панскім выкрутасам. Уладары Прылукаў, вядома ж, збіралі розныя калекцыі, займаліся навуковымі даследаваннямі... Сяляне, трапіўшы выпадкова на панскі двор ці ў панскія палаты, маглі ўбачыць і тую ж прывезеную з Егіпта мумію, на якія была ў Еўропе вялікая мода, і якіясьці заспіртаваныя пачваркі — кунсткамеры таксама былі ў вялікай модзе... Вось вам і легенда.

Забойства ў сутарэннях

Дарэчы, прасачыць узнікненне адной змрочнай легенды мне давялося самой...

Датычыцца згаданая гісторыя таго перыяду, калі Прылукі належалі ўжо сваім апошнім уладарам, Гутэн-Чапскім. Эмерык Гутэн-Чапскі аддаў Станькава, што было непадалёк, старэйшаму сыну Каралю, таму самаму, што зладзіў у Мінску знакаміты бровар, а Прылукі дасталіся другому сыну, Ежы, то-бок Юрыю Чапскаму. Вось ён і перабудаваў канчаткова «зачараваны замак» у палац у неагатычным стылі. Сястра Ежы, Марыя Чапская, пакінула ўспаміны, у якіх сцвярджала, што бацькі набылі Прылукі ў сярэдзіне 1880-х, і «дом будавала папярэдняя ўладальніца Прылукаў пані Горватава ў 1-й палове ХІХ стагоддзя ў модным тады стылі англійскай готыкі». Пані Горватава, гледзячы па ўсім, дачка мінскага губернскага маршалка шляхты Францішка Оштарпа, жонка агранома Атона Горвата. Здаецца, Прылукі дасталіся ім пасля таго, як Францішак Оштарп у 1851 годзе патануў у Свіслачы. Як пісаў Аляксандр Ельскі, «Яна палац (колішні манастыр), які да таго быў вялікім чатырохвугольнікам, аздобіла крапаснымі зубцамі і вежамі».

Вось толькі будынак пацярпеў падчас пажару ў 1868 годзе, так што Гутэн-Чапскім давялося пачынаць шмат што наноў. Зразумела, у выбары стылю ўладальнікаў натхнялі страшныя легенды і паданні, і дому надавалі гатычнае аблічча. Шмат вежачак, аркі, калоны...

Прылукі — улюбёнае месца здымачных груп.

Дык вось, аднойчы трапіў мне ў рукі допіс чытача, які пераказваў сямейную легенду. Нібыта ягоны стрыечны дзед Тамаш, просты селянін з суседняй вёскі Стукацічы, прыгожы і дужы, служыў у асабістым палку спадчынніка трона, будучага Мікалая ІІ. Нават удзельнічаў у яго каранацыі, за што атрымаў медаль. Магчыма, у Санкт-Пецярбурзе і пазнаёміўся з дачкой Ежы Чапскага Палінай. Успыхнула каханне. Знаёмства прадоўжылася на радзіме, юнака і дзяўчыну часта бачылі разам. Урэшце маладыя людзі кінуліся ў ногі Гутэн-Чапскаму, просячы бласлаўлення на шлюб, бо Паліна была цяжарная. Граф, вядома, угневаўся — дачку загадаў замкнуць у капліцы, Тамаша прагнаў. А калі той падземнымі хадамі паспрабаваў прабрацца да любай, наткнуўся на засаду, якую зладзіў дварэцкі. У маладога чалавека ўсадзілі пяць куль.

Цела Тамаша знайшлі на беразе Пцічы. А на калодзежным жураўлі каля дома Тамаша назаўтра раніцой вісела цела Паліны Чапскай — павесілася, не змагла перанесці смерць каханага. Груша бэра, да якой быў прывязаны конь Паліны, перастала пладаносіць, у калодзежы, дзе засілілася дзяўчына, знікла вада...

У расповедзе было шмат праўдападобных падрабязнасцяў, спасылак на сведкаў...

Вось толькі старэйшая дачка Ежы Чапскага Леапальдзіна ў рэальнасці пражыла доўгае жыццё, памерла ў 1969-м, двойчы была замужам, нарадзіла чатырох дзяцей... Іншыя дочкі таксама не засільваліся ў маладосці.

Дапусцім, гаворка была пра жонку Ежы — але і тут легенда не вытрымлівае праверкі. Першая жонка, Юзэфа-Марыя-Караліна Сідонія фон Тун-Гогенштэйн, якая нарадзіла мужу семярых дзяцей, была з надзвычай вядомай арыстакратычнай сям'і, яе бацька быў камергерам імператара Аўстра-Венгрыі. Яе сын Юзэф так пісаў пра яе ва ўспамінах пра жыццё ў Прылуках: «Яркі дыван з цёмным малюнкам, і я гуляю на ім з кубікамі. Маці сядзіць побач у фатэлі ці за столікам-бюро (чырвонае дрэва і пазалочаны з бронзы канцік), пах гіяцынтаў у вазонах, які садоўнік прыносіў увесну, шмат сонца. Залатаруды бляск валасоў маці на сонцы. Ці мне гэта сёння толькі здаецца? Абсалютнае і «назаўсёды» пачуццё абароненасці, шчасце». Юзэфа была лагоднай, веруючай. Які там раман з селянінам? Да таго ж памерла ў 1903-м пры нараджэнні восьмага дзіцяці.

У 1925-м Ежы Чапскі ажаніўся з Палінай Аненкавай — імя нібыта тое... Але і яна наўрад ці падыходзіць на ролю закаханай у жаўнера Тамаша з суседняй вёскі, хоць бы таму, што яны з графам ажаніліся ўжо пасля рэвалюцыі, калі Чапскі страціў Прылукі і з'ехаў у Польшчу.

А сямейнае паданне, мусіць жа, існуе, у яго шчыра вераць. Хто забіў таго Тамаша, што за дзяўчына засілілася? Няпэўная катэгорыя — людская памяць...

Гаўляйтар і каларадскі жук

У 1920-я замак быў прыстасаваны пад санаторый ЦК КП(б)Б. Перед вайной тут быў дом адпачынку НКУС. А падчас Вялікай Айчыннай вайны рамантычны палац забраў пад летнюю рэзідэнцыю гаўляйтар Вільгельм Кубэ. Жонка Кубэ ўспамінала, што яны там часта ладзілі прыёмы... Вось тут разгуляцца б прывідам супраць злыдняў-прыхадняў! Чорная дама ў Нясвіжы палохала ж акупантаў... Звестак пра подзвігі прывідаў няма, а вось у 1944-м палац згарэў.

Пасля вайны ён быў адноўлены, і ацалеў, як кажуць, дзякуючы каларадскаму жуку — якраз пачалі актыўна з ім змагацца, і ў Прылуках пасяліўся навукова-даследчы інстытут аховы раслін, створаны на базе Мінскай навукова-даследчай станцыі па каларадскім жуку, нематодах і раку бульбы. Знаходзіцца там інстытут і цяпер. Кажуць, ёсць тут і будыначак, дзе за савецкім часам месцілася так званая глушылка супраць варожых радыёстанцый.

А ці блукаюць па ваколіцах прывіды — уявіце самі.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

Менавіта гэтымі словамі нашы папярэднікі-«звяздоўцы» віталі 17 верасня 1939 года.

Грамадства

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Дзеці з Данецкай вобласці прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне.