Вы тут

Купалле — новая тэма спаборніцтва майстроў-рэзчыкаў у конкурсе «Пераўвасабленне дрэва»


База адпачынку «Вербкі» бабруйскага прадпрыемства «ФанДАК» з 3 да 9 ліпеня пераўтварылася ў адну вялікую майстэрню пад адкрытым небам. 28 удзельнікаў трэцяга конкурсу-пленэру майстроў-рэзчыкаў «Пераўвасабленне дрэва» спаборнічаюць тут у прафесійным майстэрстве. Летась гэтыя спаборніцтвы прыйшлося адкласці з-за пандэміі, хоць былі заяўкі нават з Чылі і Мексікі. Пра конкурс ведаюць ужо далёка за межамі, нягледзячы на тое, што ён яшчэ зусім малады. Сёлета прыехалі рэзчыкі з Беларусі, Венгрыі, Азербайджана, Расіі і Украіны.


На ўзроўні высокага мастацтва

Конкурс-пленэр — яскравы прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Ён з'явіўся па ініцыятыве канцэрна «Беллеспаперапрам» і праводзіцца пры падтрымцы Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання, а таксама Бабруйскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. З самага пачатку статус пленэру быў высокі. У якасці яго партнёраў выступалі такія сур'ёзныя арганізацыі, як Банк развіцця, АСБ «Лізінг». Ацэньваюць работы рэзчыкаў мастакі высокага ўзроўню. Сёлета, напрыклад, журы ўзначаліў загадчык кафедры Акадэміі мастацтваў Міхаіл Шыкаў. У склад журы ўвайшлі старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык, скульптар Дзмітрый Аганаў. Для ўдзельнікаў пленэру трымаць справаздачу перад такімі экспертамі свайго роду — экзамен.

База адпачынку прадпрыемства «ФанДАК» выбрана для спаборніцтваў невыпадкова. Тут ёсць усё, што трэба для конкурсу-пленэру: пляцоўка, лес, умовы, а яшчэ — традыцыі і вопыт найстарэйшага прадпрыемства дрэваапрацоўчай галіны. «ФанДАКу» як-ніяк болей чым 90 гадоў. Яго дзейнасць пачыналася з тых самых дарэвалюцыйных лесапілак, якімі валодалі тутэйшыя яўрэі. У савецкі час лесапілкі нацыяналізавалі і пабудавалі на іх падмурку фанерны завод. Сёння ён перарос у прадпрыемства, якое вядзе поўную перапрацоўку драўніны: ад лесанарыхтоўкі да канчатковага прадукту. Тут працуе шмат дынастый. Агульны стаж чатырох з іх роўны ўзросту самога прадпрыемства. Што датычыцца рэзчыкаў, то адзін з тых, кім тут ганарацца, — Сяргей Малкаў. Ён пастаянна здзіўляе сваіх прыхільнікаў творчымі знаходкамі. Калегі ведаюць яго як вельмі рамантычную і крэатыўную натуру. Любіць раніцай устаць і паназіраць за прыродай. Адна з яго работ так і называецца — «На золку». Уявіце сабе драўляную вазу ў выглядзе лісця асакі, у якім хаваюцца жыхары вадаёма. Здаецца, дакраніся да яе — і дрэва ажыве.

З бензапілой і стамескай

Гэта той класічны набор інструментаў, пры дапамозе якіх дрэва атрымлівае зусім іншыя формы. Удзельнікі працуюць у двух намінацыях — «Манументальная скульптура» (а гэта фігуры вышынёй ад двух з паловай метра да чатырох) і «Мастацкая разьба» (дробная скульптура, карціны і іншыя творы мастацтва). У рабоце выкарыстоўваецца выключна дуб. Майстры кажуць, што, калі правільна зрабіць з яго скульптуру, яна можа прастаяць да 500 гадоў. Ліпы або асіны надоўга не хопіць. На кожнага ўдзельніка прадугледжаны куб — паўтара метра драўніны — так што разгарнуцца фантазіі есць дзе.

Пленэр унікальны тым, што ў ім могуць удзельнічаць як мэтры, так і пачынаючыя ўмельцы. І апошнія спецыяльна імкнуцца сюды, каб набрацца ведаў. Калі восем дзён праводзіш побач з прафесіяналамі, шмат чаго карыснага для сябе можна пераняць. Ёсць прыклады, калі ўдзельнікі, натхнёныя тутэйшай атмасферай, адкрывалі свае фірмы.

— Мы ствараем усе неабходныя ўмовы для нашых рэзчыкаў, забяспечваем іх пражываннем і харчаваннем, — кажа намеснік генеральнага дырэктара — начальнік упраўлення па рабоце з персаналам ААТ «ФанДАК» Марына Аўсянік. — Ад іх чакаем натхнення і творчага палёту.

Першы дзень конкурсу-пленэру адводзіцца знаёмству, засяленню, лёсаванню. Увесь астатні час яны рэжуць, займаюцца аздабленнем дрэва насычальнымі матэрыяламі, каб яно не пашкоджвалася, устаноўкай фігур. Праз месяц-два гэтыя скульптуры бетануюцца, і імі ўпрыгожваюць Бабруйск і іншыя населеныя пункты. Невялічкі міні-парк драўлянай скульптуры знаходзіцца наўпрост у Вербках.

І дрэва загаворыць

Мінулы конкурс-пленэр прысвячаўся «Лясной казцы», а цяпер вось — Купаллю. Цікава, як бачаць гэтую тэму майстры? Наколькі ім наогул патрэбныя спаборніцтвы?

Андрэй Ганчарэнка з Краснаполля, неаднаразовы ўдзельнік мерапрыемства, лічыць, што сюды карысна прыязджаць для прафесійнага росту. Ён працуе настаўнікам тэхнічнай працы ў Краснапольскай сярэдняй школе, а вольны час прысвячае дрэву. Прызнаецца, што перад тым, як ісці ў школу, паўтары гадзіны «медытуе» з дрэвам у сваёй майстэрні.

— Цікавасць да гэтага матэрыялу з'явілася восем гадоў таму, калі трапіў у Дом рамёстваў і ўступіў у Саюз майстроў народнай творчасці, — расказвае ён. — Пачаў ездзіць па розных фэстах, кірмашах, глядзець, як працуюць іншыя людзі. Ад палічак і кухонных дошак паступова перайшоў да лыжак, а ад іх — да скульптуры. І тэма Купалля, як і ўсе іншыя, што датычацца народных традыцый, мне блізкая. Аднойчы змайстраваў «Дударыка» — хлопца, які граў у купальскую ноч на дудцы і раптоўна пачуў нейкую іншую, нашмат прыгажэйшую, музыку. І застыў, прыслухоўваючыся да яе, зачараваны. Купалле — гэта гісторыя майго народа. Мы ўвесь час шукаем нейкі скарб, а скарб — гэта наша жыццё. Папараць-кветка знаходзіцца не дзесьці там, куды мы ўвесь час імкнёмся, а побач — гэта твой любы чалавек, здароўе.

Майстар любіць дрэва за тое, што яно жывое і дае сілы. Нездарма ж людзі, калі хварэюць, ідуць у лес да дрэў і просяць у іх здароўя. А яшчэ работа з гэтым матэрыялам выхоўвае цярпенне і ўпартасць. А з такімі якасцямі можна дасягнуць пэўных вяршынь нават тады, калі няма мастацкіх здольнасцяў. Зараз Андрэй працуе над серыяй работ на тэму беларускіх прымавак і прыказак, а яшчэ адраджае беларускую драўляную цацку. Вельмі перажывае, што гэтыя здабыткі мы можам страціць.

Мікалай Ярац працуе дырэктарам Правамастоўскай сярэдняй школы ў Гродзенскай вобласці. З дрэва ў яго атрымліваюцца сапраўдныя творы мастацтва. З непрывычкі іх можна нават зблытаць з вырабамі са слановай косткі — вельмі тонкія лініі, ідэальна гладкая паверхня. Гэтым разам прыехаць у Бабруйск не атрымалася, але два гады таму прымаў удзел у другім конкурсе-пленэры рэзчыкаў, і яго работа заняла другое месца. Любоў да дрэва ў майстра патомная, перайшла ў спадчыну ад бацькі. Разьбой захапіўся яшчэ ў школе, але паралельна займаўся іншымі мастацтвамі. І хоць ва ўніверсітэце падаваў надзеі як мастак-графік, выбраў усё ж такі скульптуру.

— Такія пленэры вельмі карысныя для майстроў па дрэве, — кажа ён. — Цяжка навучыцца чамусьці, калі сядзіш дома і варышся ва ўласным соку. А тут новыя людзі, новыя ідэі, новыя ўражанні. Ды і ацаніць свой узровень можна толькі ў параўнанні з іншымі.

Купальскія матывы

Гартаю глянцавы фотаальбом, дзе сабраны фота конкурсных работ за апошнія два гады, і прыходжу ў захапленне. Наколькі ж яны незвычайныя і таямнічыя! Не менш цікава паназіраць за работай рэзчыкаў. І арганізатары конкурсу-пленэру даюць такую магчымасць. У фінальны дзень, калі падводзяцца вынікі болей чым тыднёвай працы, з Бабруйска на базу адпачынку «Вербкі» курсіруе аўтобус. Гэта добры шанц акунуцца ў загадкавую рэчаіснасць Купалля і паглядзець, якой яе ўяўляюць майстры. Яны ж да апошняга трымаюць у сакрэце, чым збіраюцца нас здзіўляць.

— Я 20 гадоў працую на прадпрыемстве, бачыла шмат чаго незвычайнага з дрэва, але гэты конкурс заўсёды адкрывае нешта новае, — прызнаецца Марына Валянцінаўна. — Здавалася б, здзівіць мяне няма чым, але я ў захапленні ад работ нашых майстроў. А тыя, хто ніколі з гэтым не сутыкаўся, перажываюць сапраўднае ашаламленне, моцнае эстэтычнае ўражанне. Здаецца, што трапляеш у іншую рэальнасць.

Акрамя дзвюх названых намінацый — «Манументальная скульптура» і «Мастацкая разьба», — будзе яшчэ і прыз сімпатый гледачоў. Так што ў наведвальнікаў ёсць добрая нагода не толькі натхніцца прыродай і прыгожым мастацтвам, але і ўнесці свой уклад у агульную справу — выбраць свайго — народнага — майстра.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва прадпрыемства «ФанДАК»

Загаловак у газеце: Сакрэт Купалля раскрые дрэва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».