Вы тут

Лукашэнка: Для нас галоўнае — зрабіць так, каб не пацярпеў беларускі народ


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па супрацьдзеянні санкцыйным мерам у адносінах да Рэспублікі Беларусь. Па яго словах, удзельнікі нарады сабраліся, каб абмеркаваць, як рэагаваць на абмежавальныя меры так званага калектыўнага Захаду ў дачыненні да нашай краіны.


«Мы павінны выпрацаваць стратэгію, якая дазволяць мінімізаваць іх эфект і працягнуць сваё развіццё. Ніякіх размоў пра тое, што мы можам недзе нечага недабраць, скараціць прырост нашай эканомікі, той, які склаўся за першае паўгоддзе. Пра гэта гаворкі быць не можа. Чаго б нам гэта не каштавала, мы павінны гэта вытрымаць. Ідзе вайна. Тэма санкцый працягвае заставацца галоўным інфазачэпкай і для медыйных праектаў, і для прыняцця розных палітычных дэкларацый і прававых актаў. Хоць да прававой сістэмы гэтыя рашэнні ніякага дачынення не маюць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што па сутнасці, выкарыстанне абмежавальных мер у якасці інструмента ціску на суверэнную дзяржаву — гэта беззаконне і шантаж у міжнародным маштабе. «Шантаж, які, нагадаю, у дакументах ААН і іншых міжнародных арганізацый асуджаецца як недапушчальная мера», — сказаў ён.

Тое, што чарговы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі быў уведзены ў дзень 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, па словах Аляксандра Лукашэнкі, не паддаецца логіцы. Але тлумачыцца тым, што «дэмакратычнай» і выступаючай за вяршэнства закона Еўропе пляваць і на народ, які больш за ўсё пацярпеў ад варварскага і бесчалавечага нашэсця еўрапейскага фашызму, і на захаванне хоць нейкіх прыйстойнасцяў.

«Яны пачалі новы паход на ўсход, доказаў не трэба шмат для гэтага. Санкцыі ўведзеныя не толькі супраць нас, але больш маштабныя санкцыі ўведзеныя супраць Расійскай Федэрацыі», — сказаў ён.

Фармальнай падставай для санкцый Аляксандр Лукашэнка назваў гісторыю з пасадкай у Мінску самалёта кампаніі «РайанЭйр».

«Тыя, хто абраў Беларусь у якасці геапалітычнай мішэні, забыліся, што маюць справу з народам, які шмат чаго перажыў, але дакладна ніколі не стаяў на каленях і не маліў ні аб літасці, і мы стаяць на каленях не будзем. Наш народ заўжды змагаўся за праўду і справядлівасць. Мы не станем разменнай манетай і будзем усімі магчымымі спосабамі адстойваць свой суверэнітэт», — канстатаваў Прэзідэнт.

«Мы ніколі не будзем нікога трымаць»

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь заўсёды адказна ставілася да выканання сваіх абавязацельстваў у галіне ядзернага нераспаўсюджання, барацьбы з нелегальнай міграцыяй, кантрабандай, міжнароднай арганізаванай злачыннасцю. Сёння мы гэтым займаемся роўна настолькі, наколькі гэта неабходна і выгадна нашай краіне і фінансава магчыма.

Ён заявіў, што Беларусь займалася і працягне займацца асноўнымі выклікамі на мяжы. «Але калі хтосьці думае, што мы цяпер закрыем мяжу з Польшчай, Літвой, Латвіяй і Украінай і ператворымся ў адстойнік збеглых з Афганістана, Ірана, Ірака, Лівіі, Сірыі, Туніса, то ён проста памыляецца як мінімум. Мы ніколі не будзем нікога трымаць: яны ж не да нас ідуць. Яны ідуць у цёплую, утульную Еўропу. Там не хапае рабочых рук і Еўропа паклікала гэтых людзей, з аднаго боку. А па-другое, яны ж разбурылі гэтыя краіны. Яны фактычна знішчылі Афганістан і вывелі адтуль войскі. Вы ж бачыце, што там адбываецца: зараз ужо нашы цэнтральна-азіяцкія рэспублікі былога Савецкага Саюза ледзь стрымліваюць гэты струмень. Гэта значыць з’явіліся бежанцы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзанчыў, што Міністэрства замежных спраў і беларускі ўрад папракаюць у тым, што Беларусь адмаўляецца выконваць палажэнні дамовы аб рэадмісіі. «Яны хочуць ператварыць Беларусь у адстойнік: туды забеглі людзі, ратуючыся ад гора, няшчасця і вайны, і яны хочуць, каб мы іх забіралі і тут размяшчалі ў „канцлагеры“. Гэтага не будзе пасля той палітыкі, якую вы праводзіце ў дачыненні да Беларусі і Расіі. Людзі бягуць ад вайны і бягуць туды, куды іх запрасілі. Еўрапейскі саюз ж і льготы увёў адпаведныя для тых, хто туды прыбывае», — дадаў Прэзідэнт.

«Фактычна гэта карная аперацыя на сучасны манер»

«Мы ж разумеем, што пытанне не ў самалёце ці неадпаведнасці нашай сістэмы заходнім узорам. Усе гэтыя „перамены“ задумваліся з адной мэтай: расчысціць поле для свайго бізнесу. Падобнае мы ўжо назіралі ў нашых паўднёвых суседзяў — украінцаў. Знішчылі ва Украіне ўсю вытворчасць, нават сельскагаспадарчую. Там жа „залатыя“ землі — усё зраўнялі з гэтай зямлёй, знішчылі. Тое ж хочуць і ў нас. Ім не патрэбна канкурэнцыя. Гэта адна з прычын накату на Беларусь», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што за санкцыямі стаяць канкрэтныя карпарацыі, якія фінансуюць палітычныя інтарэсы шэрагу заходніх дзеячаў, многія з якіх маюць крымінальнае мінулае.

«Гэта яны сёння з высокіх еўрапейскіх трыбун заклікаюць развітацца з уладай і народам Беларусі, а з краіны зрабіць сыравінны прыдатак Еўропы. Але яны не гавораць, што фактычна санкцыі скіраваны не супраць беларускай улады, а супраць народа, у першую чаргу, працоўных людзей. Мэта — пазбавіць іх даходаў, выкінуць на вуліцу. Фактычна гэта карная аперацыя на сучасны манер. Для нас галоўнае — зрабіць так, каб не пацярпеў беларускі народ», — сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што задача ўрада — прадугледзець дзейсныя меры для кампенсацыі страт і захавання працоўных месцаў. «Хачу пачуць, як мы абаронім свае прадпрыемствы, за кошт чаго забяспечым імпартазамяшчэнне і як прастымулюем унутраны попыт», — пацікавіўся ён.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, продаж на еўрапейскі рынак айчыннай прадукцыі ніколі не быў вялікім, асабліва ў тых прадпрыемстваў, супраць якіх уведзеныя санкцыі: БелАЗ, МАЗ і гэтак далей. «Мы закуплялі там некаторыя камплектуючыя. Толькі ў Еўрапейскім саюзе вырабляюць гэтыя камплектуючыя? Не. Яны вырабляюцца і на прасторах былога Савецкага Саюза, у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, іншых краінах. Трэба проста варушыцца і пераарыентавацца», — заклікаў ён

Ураду і Нацыянальнаму банку неабходна ўважліва паглядзець на заходнія кампаніі, якія вядуць свой бізнес у нашай краіне. «Тыя з іх, хто адказна ставіцца да сваёй працы, могуць працягваць спакойна працаваць. З усімі астатнімі будзем разбірацца. Але калі хтосьці нас не разумее і разгарнуў барацьбу супраць беларускай дзяржавы — вы ведаеце, як да іх ставіцца», — сказаў Прэзідэнт.

«Жыццё на гэтым не скончыцца»

У Міністэрства замежных спраў Прэзідэнт пацікавіўся прапановамі аб тым, як будуць выбудоўвацца адносіны з краінамі, якія сёння на ўсю моц носяцца з заклікамі «даціскаць» Беларусь. Па яго словах, МЗС трэба больш актыўна рэагаваць на любыя недружалюбныя праявы ў адносінах да Беларусі. Ён пацікавіўся, якія меры ў адказ плануюцца ў выпадку далейшага закручвання санкцыйнай спіралі? Як ідзе работа ў міжнародных арганізацыях па гэтай тэме?

«Складваецца ўражанне, што нашы дыпламаты сядзяць у норах і не высоўваюцца. Мноства міжнародных судоў. Чаму мы ў іх не звяртаемся. А калі звяртаемся, чаму нашы людзі аб гэтым не ведаюць. Мы не былі зацікаўлены ў такім развіцці дыпламатычных адносін з дзяржавамі заходняга рэгіёна. І не нам паварочваць гэтую гісторыю назад. Але жыццё на гэтым не скончыцца. На шчасце, сучасны свет значна шырэй, чым межы Еўрапейскага саюза. Мы маем значныя рэзервы ў гандлі з Расіяй, велізарны патэнцыял у Азіі, перш за ўсё ў Кітаі, В’етнаме Індыі і Пакістане, а таксама ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, краінах Персідскага заліву і на Блізкім Усходзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, у Беларусі не такая вялікая эканоміка, каб перажываць наконт гэтых санкцый. «Мы можам прадаць лішкі, якія ў нас ёсць, у астатняй частцы свету. Гэта дынамічныя эканомікі, плацежаздольныя рынкі, якія складаюць рэальную канкурэнцыю сённяшнім звышдзяржавам і не прад’яўляюць нам прэтэнзій, не вучаць жыць. Трэба больш актыўна ісці туды, дзе нас чакаюць і гатовы весці паважлівы дыялог», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Каментарый у тэму

Пасля нарады ў Прэзідэнта ўдзельнікі сустрэчы расказалі журналістам, аб чым ішла размова.

«Я ўпэўнены, што беларускі народ не адчуе гэтага ўплыву»

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка расказаў, што беларускі падыход да адказу на санкцыі можна сфармуляваць адным выразам — галоўная контрсанкцыя — гэта адсутнасць эфекту ад санкцый. «Зараз ўсе дзеянні накіраваны на тое, каб усе, хто развязаў санкцыйную барацьбу супраць краіны не дамогся сваіх мэтаў. У гэтым мы і бачым нашу галоўную контрасанкцыю. Як гэта зрабіць мы таксама ведаем. Мы сутыкаемся як з індывідуальнымі санкцыямі, так і ўпершыню сутыкнуліся з незаконнымі сектаральнымі санкцыямі, што супярэчыць міжнароднаму праву. Тактыка дзеянняў, якая будзе ўжывацца як на ўзроўні прадпрыемстваў, так і на ўзроўні галін выпрацавана. Мы прааналізавалі кожную галіну, якая зазнала санкцыйны ціск, адлучыўшы ўсе рызыкі, ацанілі магчымыя страты і сфармулявалі траекторыю і трасіроўку рухаў як мінімум па мінімізацыі страт», — адзначыў ён.

Урад даклаў Прэзідэнту сітуацыю па кожнай галіне, якія ўжо меры прынятыя, што яшчэ трэба будзе рэалізаваць.

«Мы валодаем сітуацыяй, мы абсалютна адэкватна ацэньваем магчымыя страты. Я ўжо раней казаў, што нават міжнародная адзнака сведчыць аб тым, што змяшаныя кансалідаваныя фінансава-гандлёвыя санкцыі не ствараюць умоў для істотнага парушэння эканомікі краіны. Як знівеліраваць наступствы, мы ведаем. І я ўпэўнены, што беларускі народ не адчуе гэтага ўплыву. Хоць менавіта на народ гэтыя санкцыі накіраваныя. Мы пра гэта адкрыта гаворым. Куды, як і што пойдуць беларускія тавары, як мы будзем замяшчаць — гэта наша штодзённая праца, работа галін», — адзначыў прэм’ер-міністр.

«У нас ёсць запас трываласці, сіла і воля»

Па словах Рамана Галоўчанкі, шмат у чым ціск ажыццяўляецца, таму што беларуская эканоміка насуперак усяму не ўпала і не разбурылася. «Мы добра прырастаем па экспарце, фактычна выраслі на траціну за некалькі месяцаў. Гэта чатыры мільярды долараў дадаткова мы атрымалі па экспарце тавараў. Плацежны баланс краіны мае самы лепшы выгляд за апошнія 10 гадоў. Таму зробленая падушка ў дасанкцыйны перыяд таксама дапаможа выйсці і перажыць вострую фазу», — расказаў Раман Галоўчанка.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што Беларусь па-ранейшаму гатовая да дыялогу. «Мы разлічваем, што на захадзе пераможа здаровы сэнс. Мы гатовыя за сталом перамоваў абмяркоўваць інтарэсы беларускага народа, але толькі без дыктату. У нас няма ніякай панікі, але няма і легкадумных адносінаў. Мы разумеем усю сур’ёзнасць. Напэўна, упершыню ў гісторыі ў дачыненні да еўрапейскай краіны ўжываюцца такія меры, але ў нас ёсць запас трываласці, сіла і воля», — сказаў ён.

Раман Галоўчанка паведаміў, што распрацаваны шэраг крокаў палітыка-дыпламатычнага характару. Выпрацаваныя і дадатковыя крокі, якія будуць ўжывацца ў выпадку ціску на нашу краіну. «Мы будзем глядзець на дзеянні нашых замежных партнёраў і ўжываць тыя меры, якія будуць адэкватнымі ў сапраўдны момант і не прынясуць шкоды беларускай эканоміцы», — канстатаваў прэм’ер-міністр.

«Ні да чаго пазітыўнага санкцыі не прывядуць»

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей падкрэсліў, што Беларусь — не прыхільнік санкцыйнага падыходу. І ўвогуле — гэта анахранізм.

«І тыя, хто знаходзіцца цяпер у санкцыйнай эйфарыі, у першую чаргу на захадзе нашы збеглыя апаненты, глыбока памыляюцца, думаючы, што санкцыі прывядуць да нечага пазітыўнага. Ні да чаго пазітыўнаму санкцыі не прывядуць, у першую чаргу для іх. Зразумелая іх мэта — удушэнне эканомікі краіны і ў канчатковым выніку мэта складаецца ў тым, каб нанесці шкоду суверэнітэту, дзяржаўнасці нашай краіны. Такога не будзе», — падкрэсліў ён.

Пры гэтым, па словах Уладзіміра Макея, без адказу не застанецца ніякі санкцыйны ціск. Ён расказаў, пра канкрэтныя меры, якія ўжо прынятыя.

«У прыватнасці, мы прыпынілі наш удзел ва ўсходнім партнёрстве. Ініцыятыва „Усходняе партнёрства“ стваралася для таго, каб стварыць пояс стабільнасці вакол Еўрапейскага саюза. За ўсе гэтыя гады аказалася, што ніякага поясу стабільнасці Еўрасаюзу не ўдалося стварыць. Больш за тое, атрымаўся пояс нестабільнасці і пастаянных турбуленцый. А без Беларусі гэты пояс губляе ўсялякі сэнс, таму што ўтвараецца пралом. Але з улікам таго, што для нас гэтая ініцыятыва нічога не прынесла, мы абсалютна спакойна пайшлі на гэты крок», — расказаў міністр.

Таксама Уладзімір Макей распавёў пра спыненне дзяння пагадненняў для рэадмісіі. Па яго словах, гэта было важнае пагадненне, але паколькі з улікам вядомых падзей мінулага года Еўрасаюз пайшоў на спыненне фінансавання канкрэтных праектаў у рамках гэтага пагаднення, няма сэнсу ўдзельнічаць у гэтым дакуменце.

«Мы тыя грошы, якія планаваліся на ўдасканаленне праектаў, звязаных з мабільнасцю, будзем накіроўваць на ліквідацыю тых наступстваў, якія могуць мець месца тут у Беларусі ў сувязі з уведзенымі санкцыямі. Гэтыя грошы пойдуць на народ. Навошта мы будзем стрымліваць нейкіх збеглых мігрантаў, якія хочуць трапіць на захад у пошуках лепшага жыцця», — растлумачыў міністр.

Міністр замежных спраў таксама падкрэсліў, што беларускі бок — праціўнік напружання ў адносінах. «Мы зацікаўленыя ў тым, каб адносіны Захаду і Беларусі развіваліся ў канструктыўным рэчышчы. І тыя дзеянні, якія мы робім — гэта адказ на жорсткія меры, якія прымяняюцца ў адносінах да Беларусі», — канстатаваў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».