Вы тут

На Аўгустоўскім канале будуць шукаць папараць-Кветку на Купалле


Славянскае свята Івана Купалы адзначаць на Аўгустоўскім канале побач са шлюзам Дамброўка 7 ліпеня. Пачнецца доўгачаканае летняе свята ў 19.00.


Фота Анатоля КЛЯШЧУКА

У Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры паабяцалі, што будзе насычаная і цікавая праграма, падчас якой усе жадаючыя змогуць пазнаёміцца з традыцыямі старажытнага славянскага Купалля. Усе жадаючыя майстры і майстрыхі змогуць навучыцца плесці вянкі.

Спасцігнуць сакрамэнт свята можна будзе праз рэканструкцыю старадаўняга абраду і купальскага шэсця. У кожнага будзе магчымасць стаць непасрэдным удзельнікам дзеянняў – паскакаць праз вогнішча, адплясаць у карагодзе, пусціць вянок па вадзе.

Тым больш для ўсіх жадаючых правядуць майстар-класы па пляценні вянкоў і раскажуць, як правільна збіраць лекавыя травы і нарыхтоўваць зёлкі. Дзяўчаты змогуць паваражыць на нарачонага і зазірнуць у будучыню.

Атмасферу Купалля дапамогуць стварыць фальклорны народны тэатр «Матуліна песня» з Жытомлі і фальклорны гурт  «Жывіца» з Квасоўкі.

Каб адчуць сябе максімальна атмасферна, арганізатары прапануюць прыехаць на свята ў традыцыйнай або блізкай да яе вопратцы. Такіх удзельнікаў Купалля на Аўгустоўскім канале абяцаюць заахвоціць падарункамі. Гэта могуць быць кашулі, палатняныя штаны, разнастайныя паясы, а таксама доўгія спадніцы, светлыя сукенкі ці сарафаны.

У праграме свята не толькі карагоды, спевы і танцы пад бубен і баян, але і падарожжа за чароўнай кветкай папараці. Па легендзе, яна можа прынесці поспех на ўсё жыццё.

Аліса СКІБА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.