Вы тут

Хада ў стылі фэнтэзі. Нататкі пра пешае падарожжа, якое ніхто пакуль не паўтарыў. Частка 4


Працяг. Пачатак , частку 2 , частку 3 чытайце па спасылках

Як жа мы смяяліся раніцай, калі прачнуліся ў вясковай хаце. А Саламея Канстанцінаўна, гаспадыня, аж заходзілася. На яе твары нават слёзы блішчалі. Мы ж яшчэ і няёмкасць адчувалі: так напалохалі жанчыну, якая жыве зусім адна ў аддаленні ад вёскі. «Ой, не магу... Памерці можна... Ручкі склала, нібы моліцца: пусціце ў хату пераначаваць... У капелюшы, як карэйка якая... А я ж яшчэ і гаворку пачала: вы ж чужыя, як жа я вас пушчу... А ён з барадой, наводдаль, у брылі таксама... Чаго не падыходзіць? То, думаю, адчыню, а калі што — то паспею зачыніцца... А яна ж яго Ванем кліча, па-беларуску... Падыдзі, кажа, Ванечка. І ён загаварыў, ды па-нашаму... Не чужыя, відаць... Сабака ж не брахаў...»


Развітанне з выхаванцамі

Вось такі маналог ад нашай ратавальніцы мы чуем уранні. Прызнаецца: «Такія думкі бегалі ў маёй галаве перад тым, як адкрыць вам дзверы. Страх крычыць: не адчыняй, а сэрца шэпча: дапамажы чалавеку». І ўсё тое бабуля Саламея прагаворвае, ладзячы на стол сняданак: хлеб рэжа, ставіць патэльню з яешняй, слоік з малаком. «А я ж, — выгаворваецца, — усю ноч не спала. Сякеру пад ложак паклала і вачэй не заплюшчыла, пакуль у хаце светла не стала. Гляджу: ён сапе на падлозе, скруціўшыся, а яна ціхенька на ложку спіць, галаву на далоньку паклаўшы. Ну, думаю, дзіва якое, па Беларусі пайшлі. Навошта? Сапраўды мо журналісты... Відаць, такі прайшлі ўчора аж 34 кіламетры, як казалі... Хоць страляй, не прачынаюцца. От мае перапужаюцца, як даведаюцца, што я ноччу дзверы чужым людзям адчыніла...»

У такім добрым і жартаўлівым настроі мы і снедалі, не спяшаючыся. Расказвалі пра сябе: хто такія, адкуль і куды ідзем. Пачаставалі спадарыню Саламею сваёй гарбатай з цукеркамі, распыталі пра жыццё-быццё. Працавала яна раней у паляводстве, цяпер на пенсіі. Карову трымае, куры ёсць. А вёска Леанішкі ўваходзіць у сельсавет Дрысвяты, раён Браслаўскі. Па словах Саламеі Канстанцінаўны, мясцовыя ўсе, нават маленькія дзеці маюць пашпарты, каб прапускалі свабодна за мяжу: Літва зусім побач. Муж яе памёр у 1975-м. Жыць адна прывыкла, дочкі-ўнучкі наведваюць. Прыязджаюць са Снечкуса і Віцебска. Са Снечкуса і на ровары, бывае, у добрае надвор’е, а з Віцебска зрэдку бываюць. А ўзімку жыла, як у крэпасці: ніхто не мог да яе дабрацца. Паштарка хіба зробіць сляды, то па іх да дарогі яна і пройдзе хлеба купіць. Машына-аўталаўка падвозіла, звычайна прыязджае кожны панядзелак, «дык стаю, тупаю — чакаю». Астатняе ж купляе ў Вазгелянцах, гэта за паўтара кіламетра ад яе хаты-хутара...

Слухалі мы гаспадыню хаткі на адзін пакой з сенямі ўважліва, і сэрцы поўніліся вялікай ўдзячнасцю. Як потым гаварылі, кожны думаў і пра тое, ці змаглі б мы вось так познім вечарам адчыніць дзверы незнаёмцам, жывучы на хутары, як наша дабрадзейка.
У дарогу выйшлі амаль у 9 раніцы і цэлую гадзіну, адышоўшы з кіламетр ад хаты Саламеі Шукель, пісалі допісы ў «Чырвонку» і на радыё Алене Сцяпановай. У «ЧЗ» Іван адпрацаваў амаль пяць гадоў, са жніўня 1982 па сакавік 1987-га, у той час было 75-годдзе газеты, то ён з вандроўкі віншаваў супрацоўнікаў рэдакцыі і чытачоў.

Згадвалі-запісвалі, як напярэдадні рухаліся па пракапанай у пагорках дарозе. Было бачна, што капалі нядаўна. Там гліна растрэскалася, і аж плыла па баках-адкосах. Увогуле дарога выдалася цяжкая, брудная, непрыгожая. А вышэй, на пагорку, бярозкі растуць, вока радуюць. І яшчэ вышэй — празрысты блакіт высвечанага сонцам неба.

Зрэшты, зямля — ці ж вінаватая ў сваім брудзе? Аголенасць яе такая пачварная не ўсюды, як было паўз дарогі з Дрысвятаў да Відзаў: там пахадзілі бульдозеры з экскаватарамі, раўлі бензапілы. Калі дарога змярцвела, састарэла, то абнаўляюць яе варта, калі ў тым ёсць патрэба. Але назіраць заняпад, разлад, пні ды ламачча з рытвінамі паўз шляху — цяжка. Прыгнятае псіхіку, асабліва нашу, здарожаную і, можна сказаць, вымучаную такой дарогай.

І чаму толькі радыяцыйная небяспека прызнаецца найперш як тое, што разбурае арганізм чалавека і яе ўсе асцерагаюцца? А ёсць жа забружанасць наваколля хімічнымі рэчывамі альбо проста смецце, звалкі, высечкі. Нават непрыгожа ссечанае ці зламанае дрэва, разрытая бязладна і кінутая зямля — і такія «дробязі» ствараюць, як нам падаецца, псіхалагічнае забруджанне. Што ўжо казаць пра шэрыя бязлікія мікрараёны ў гарадах, бяздахія бетонныя каробкі жытла ў пасёлках: мы такіх нямала бачылі ў «Хаджэнні...» А «псіхзабруджваемся» мы чаму? Бо адчуваем, трапляючы ў дысгарманічнае наваколле, дыскамфорт у душы. Часам і самі не заўважаем, але з’яўляецца павышаная нервовасць, мы хутчэй стамляемся, становімся агрэсіўнымі — ці, наадварот, млявымі пафігістамі, у залежнасці ад асаблівасцяў псіхікі. Зрэшты, можна і так сказаць: моцныя арганізмы адаптуюцца да такіх змен у наваколлі. А хто абароніць слабых? Вунь жа і настаўнік Вайцяховіч казаў: вучня са слабай псіхікай да дошкі не варта лішні раз выклікаць. Вось такія развагі выпісалі пасля «негарманічнай» дарогі.

Зайшлі ў Відзаўскую агульнаадукацыйную школу. У ёй тады вучылася 364 вучні. З 20 па 30 красавіка там праводзіцца дэкада зямлі. Праходзяць конкурсы малюнкаў, насценгазет: 26 красавіка — дзень памяці пра Чарнобыль. Дзеці шпакоўні робяць. Тыдні праз два ў лес пойдуць: высаджваць дрэвы, як зямля падсохне. Такую акцыю школа праводзіць сумесна з лясніцтвам. Уборка тэрыторый — таксама актуальная. Ёсць у нашым падарожным дзённіку круглая пячатка Відзаўскай школы, 4-я па ліку.

Касцёл Святой Тройцы ў Відзах

Заглянулі мы ў прыгожы, непаўторны па архітэктуры касцёл Святой Тройцы. Гэта, бадай, галоўная славутасць Відзаў. Храм узвялі з чырвонай неатынкаванай цэглы ў 1909-1913 гадах. Высозны: 59 метраў! Вельмі ўражвае. Унутры храма тады працаваў столяр Чэслаў Жураўскі з сынам і майстар Садоўскі. Запісалі: «Прышывалі столь». Разважаем, пішучы нататкі: а якая столь патрэбна была ў касцёле? І прыходзім да высновы: гэта ўжо ім, мясцовым вернікам ды ксяндзам, відней... У касцёле замест падлогі проста былі пакладзены дошкі, усюды будматэрыялы. Людзі папрыносілі з дамоў свае крэслы, але былі на той час там і самаробныя лаўкі.

Відзы — чыстае мястэчка. Ля хат прыбрана, вымецена, усё дагледжана. І марожанае там смачнае: хто туды трапіць, абавязкова пакаштуйце.

Пры дарозе на Казяны, Паставы, непадалёк ад выезду з Відзаў злева, спыняемся ля магілы Тамаша Ваўжэцкага. Пазней удакладнілі: то быў вядомы ўраджэнец Браслаўшчыны, грамадска-палітычны і вайсковы дзеяч ВКЛ, харужы браслаўскі, адзін з кіраўнікоў Паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.

Бабулі відзаўскія ў нас пыталі: што прадаем. І былі расчараваныя. Вельмі цікаўныя дзеці — у адрозненне ад дарослых. У Відзах, згадваем, ля школы адна жанчына і не павярнула галавы да нас, калі ў двор заходзілі, хоць чула, што на пытанне «хто такія?» адказалі: падарожнікі мы. (Нібыта ў Відзах падарожнікі ў брылях саламяных штодзень бываюць...) А дзеці, выбегшы на вуліцу, абкружылі нас і каляску, проста з усіх бакоў абляпілі. Шчабяталі як птушкі ўвесну: вось бы і нам з вамі... Яшчэ вельмі цікавіліся, як змайстравана каляска. І здзіўляліся, што мы ўжо столькі прайшлі пешшу.

Толькі цяпер усё часцей мы гаворым пра тое, як важна з гадамі не згубіць цікаўнасць да жыцця, да людзей, да ўсяго, што адбываецца навокал. І адзін да аднаго. Як прыкра бывае бачыць, калі сужонкам у сталым узросце нецікава разам, няма пра што гаварыць.

Пасля Відзаў, у беларуска-літоўскім прымежжы, істотна змяніліся краявіды. Палі тут разараныя, шырокія, па іх амаль не відаць кустоўя і хмызоў, як тое было раней. Дарога яшчэ шырэйшая, чым на Карасіна, гравійка падсохлая. Пыліць. Абедалі пры дарозе.
Усюды па дарозе вяскоўцы ды местачкоўцы, нават гараджане працуюць з дровамі. Напэўна, узімку нарыхтавалі, а цяпер пілуюць, колюць: бо цёпла працаваць і яшчэ калоды не ўсохлі. Ды і працы іншай няма — гароды пакуль не ўскопваюць, зямлю не аруць. Пасля Відзаў толькі сям-там відаць снег, так што вясна ўжо прыйшла канчаткова.

У бабулі Саламеі, успомнілася, у двары было шмат птушак, спявалі шпачкі. А сабака яе не брахаў, а падлашчваўся да нас. Уранні дык зусім скакаў ад радасці. Так бы мовіць, пусцілі іх начаваць — значыць, свае. Разумны!

Яшчэ згадка. Спадарыня Саламея, як і жанчыны ля Відзаўскай школы, пыталі: ці плацяць нам за тое, што пайшлі абыходзіць Беларусь. І здзіўляліся, што не. У людзей чамусьці ёсць упэўненасць, што за такую нялёгкую працу нехта ж павінен плаціць.
Праходзім вёску Ждэгелі: тут прыветлівыя людзі. Самі з намі вітаюцца. І назва вёскі нам спадабалася, яна з нейкім беларускім жартаўлівым водарам. Часам у вандроўцы мы і пазней, у добрым настроі, прамаўлялі сакавітае слоўца, трохі адрознае ад афіцыйнай назвы: Жджэглі...

У вёсцы Трэйбшы куплялі малако. І былі зачараваныя такой карцінкай: дзед з бабуляй сядзяць у промнях сонца, што заходзіць, абодва ў добрым настроі перабіраюць буракі. А вушы ў яго вялізныя — нібы ў Буды, і на сонцы прасвечваюць. Такі цуд! Нам дзядуля расказвае: любіў ён граць на скрыпачцы па маладосці. Ды і ў сталым узросце граў. Часам і цяпер іграе, «але ўжэ менш». А ў жонкі яго ўсмешка добрая, светлая, гаворка з гумарам. Кажа: «Як прынясе з вяселля завязана — а там і яды, і грошай, то ўвесь вечар лічу. Добра было! Граў на слых, можа падстроіцца пад любую музыку. Цяпер унучка грае на баяне, а сыноў няма — то няма й каму перадаць скрыпачку». А яна ж у дзеда ладная. І музыку ён, відаць, па-ранейшаму любіць. Цяпер, кажуць нам, у вёсцы радыёкропкі зліквідавалі — выдалі прыёмнікі, што працуюць ад электрычнасці. Добра цягне і Літву. Дзед светла ўсміхаецца:«Дык як у прыёмніку зайграе — то, хоць і стары, але хочацца стограмовачку кульнуць ды ў скокі».

Жартаўлівы абрад свята народзінаў новага чалавека

Добрыя нашы знаёмыя прапаноўвалі нам і пераначаваць, і пагасцяваць, але мы ідзем далей. Мы ў дарозе, ды і цяпер, расказваючы пра сустрэчы ў «Хаджэнні...», з цеплынёй згадваем і бабулю, і яе дзеда-музыку з вушамі Буды. І помніцца той цёплы сонечны вечар з яго вясновым водарам, калі завіталі мы да светлых вяскоўцаў на падворак. Сапраўды, калі яркае ўражанне ад людзей — памяць лёгка зберагае і нейкія дэталі праз гады.

Цераз рэчку Дзісну, калі глянуць управа ад дарогі, бачная і тэрыторыя Літва. Вада вясновая разлілася вельмі шырока. Фіксуем у дзённіку, што Валя, п’ючы малако, убачыла пры дарозе ўжо 30-га бусла. Відаць нам і нейкі горад літоўскі за рэчкаю, трубы высокія і шматпавярховыя дамы. Можа, глядзім цяпер карту, то была Ігналіна?

Рабілі невялікі перадых пры вадзе. Бачылі ў канаве шчучку можа з локаць, а ў сухой траве нешта юркнула: ці то змейка маленькая, ці то яшчарка. І вуж высунуўся з травы, падняў невялічкую галаву з жоўтымі адмецінамі ды затрымаўся ля нас.

Праходзілі ўжо вечарам праз вёску Бучаны, там хлопчыкі кармілі лебедзя ў мясцовай сажалцы. Ён, казалі, жыў там і летась, і нядаўна з выраю прыляцеў. А мы сустрэлі пару лебедзяў і ля Казянаў, Валя іх карміла.

Начавалі на гэты раз у Казянскай сярэдняй школе. Яе дырэктар — Генрых Францавіч Абаровіч. Школе ў 1995-м было 100 гадоў, найстарэйшая ў Браслаўскім раёне. А раней царкоўна-прыхадская была. 126 дзяцей, 20 настаўнікаў. На восень, казаў дырэктар, будзе 145 дзяцей. Паступаюць у розныя ВНУ — «узровень ведаў высокі даецца». Раніцай Валя запісвае у дзённіку:

«Дзень шосты. Ад пачатку хады пройдзена 140 км. Учора ад хаты бабкі Саламеі прайшлі 35 км. Заначавалі ў Казянах у школе. Раніца цудоўная. Сонейка дасылае сваю літасць зямлі і нам. Спакоўваем рэчы. На школьнае падвор’е збіраюцца дзеці. 8.30. Твары ў іх светлыя, адкрытыя. У вачах зацікаўленасць: хто такія, адкуль.

А вечарам да школы суправаджаў нас мужчына-карлік з дачкою Аксанаю, шасцікласніцаю. Ідучы, мы запавольвалі хаду, каб ён паспяваў за намі. Вёў да дырэктара гасцей з ахвотаю і ўсё смяяўся, што ніколі такога не бачыў. А «такое» — гэта, вядома ж, мы. Віктар (так яго завуць) сказаў: вось толькі мне засталося з вамі ісці падарожнічаць. З’ява тыповая. Асабліва яскрава такое адлюстравана ў мастацкіх кінафільмах, дзе ідзе аповед пра вандроўны цырк, дзе сярод цыркачоў-падарожнікаў ёсць і карлік — добры, паслужлівы. Ну а нас, пэўна ж, успрымалі б у тым цырку як блазнаў, гэта значыць клоўнаў. Дарэчы, такую назву мы пра сябе ў Казянах і пачулі... Віктар вечарам сказаў нам, што дзеці, якія стаялі побач з ім і ягоным сябрам, угледзеўшы нас прыцемкамі на вясковай вуліцы, так і сказалі: тата, гэта, пэўна, ідуць клоўны...

Кім толькі нас потым ні назавуць! Яшчэ не раз клоўнамі, афраазіятамі, бамжамі, карабейнікамі, «з неба зваліліся»... Але што цікава, усе тыя мянушкі гучалі з вуснаў людзей някрыўдліва, добразычліва.

Ініцыятарам стварэння школы ў Казянах быў Андрэй Кандратавіч Жыгалка. Ён сам асвоіў грамату, арыфметыку, калі служыў у войску. Шмат можа зрабіць нават адзін мэтанакіраваны чалавек: вось і школа з яго ідэі вырасла, і цяпер пра яго памятаюць.

Тры рэчкі цякуць ля Казянаў (а сустрэчны дзед казаў нам мякка, і пэўна ж у мясцовай традыцыі: Казяні) — гэта Дрысьвятка (нават на мясцовай шыльдзе пры рэчцы назва напісана з мяккім знакам), Дрыса і Бірвіта. І зусім жа няшмат паселішчаў такіх сустрэнеш нават у азёрна-рачной Беларусі — каб пры іх ажно тры рэчкі!

Выйшаўшы за ваколіцу, бачылі прыгожую карціну: дзве дзікія казы з белымі задкамі беглі ад нас уздоўж рэчкі, было відаць у падзорную трубу добра. Так што назва паселішча, па ўсёй бачнасці, ад гэтых жывёлін паходзіць. Мы жартавалі: можа ў іх там недзе «вялікае гняздо»...

Перад Паставамі спыняемся, каб паабедаць у ляску злева ад дарогі. Нават засынаем хвілін на 10. Надвор’е проста шапоча пра цуд быцця. Вакол —ні душы. Над намі высока кружыць бусел ці то воран. Адпачывай, не адпачывай, а рухацца трэба. Затрымліваемся на мосце, перакінутым цераз рэчку Мядзелку, за ёй — Паставы. Праходзім праз прыгожы, чысты сасновы бор ля Паставаў. Яшчэ не ведаем, дзе будзем начаваць. Азерцы мясцовыя часткова ўжо адкрыліся ад лёду.

Школа-інтэрнат у Паставах

У пошуках начлегу ў Паставах запісваем у дзённік тэлефоны. Рэдактар райгазеты Пётр Пятровіч Курыловіч раіць звярнуцца да Алеся Касценя, уласнага карэспандэнта газеты «Звязда», які жыве па вуліцы 17 верасня. І міліцыянеры, пабачыўшы нас у цэнтры гарадка, цікавяцца, хто мы. Расказваем.

Небяспечна ж нам, аднак, заходзіць у мястэчкі-гарады, дзе ёсць гасцініцы. Там у людзей ці ў школе начлегу не папросіш. А спыняцца ў такіх камфортных умовах не толькі наш вандроўны бюджэт не дазваляе. Гасцініцы проста выключаюцца — як нефармат — з нашых планаў на бліжэйшыя месяцы, як і ўсялякія пад’ездкі на чым бы там ні было. Самі разумееце: «Хаджэнне ў трыдзясятае царства»... Фэнтэзі... Вось калі б якая бабуля з мятлой і ступай прапанавала пераначаваць у сваёй хатцы на курыных нагах — пэўна ж, мы падумалі б і пагадзіліся. Але такую экзотыку мы за чатыры месяцы ў нашым царстве не сустрэлі.

Да Алеся Касценя мы не ідзем, бо па дарозе трапляем у школу-інтэрнат для дзяцей-сірот, накшталт дзіцячага дома. Толькі заходзім на яго тэрыторыю — і дзеці як шалёныя кідаюцца да нас...

Начуем у мясцовым медпункце на тэрыторыі школы-інтэрната: у так званым ізалятары на койках. Добра, што ніхто ў тую ноч не захварэў. Толькі раніцай знаёмімся з дзяўчынкай Аксанай: яна ў суседнім пакоі ў ізалятары ляжыць. У яе боль у жываце. Паказвае нам «дзе» баліць, з большай ахвотай свае фламастары італьянскія, ручку, плэер і тое-сёе з рэчаў. Кажа, што яе мама і тата ў турме. Сама з Лепеля, сястрычка ёсць. Мы пажадалі Аксане хуткага выздараўлення.

Дзеці тут кажуць: «У нас в Италии... Я итальянец...» Спачатку мы не зразумелі, чаму. Такое ўражанне, што на шляху ў трыдзясятае царства мы недзе няправільна павярнулі. Ці то ў іх галовах нешта не так павернута? А можа гульня такая... Але ўсё аказалася проста. Гэтай школе дапамагаюць італьянцы. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Беларусі сталі з’яўляцца фонды, якія дапамагалі вывозіць дзяцей на аздараўленне за мяжу: маленькія беларусы жылі ў сем’ях у Італіі, Іспаніі, Англіі, Германіі, Францыі, нават ЗША. І Паставы трапілі ў кола тае дабрачыннасці. Мы гутарылі з Таццянай Клімята — галоўнай выхавальніцай, Валянцінай Друзік — дырэктаркай і Валянцінай, медсястрой.

Расказваюць: «Італьянцы ім цяпер як бацькі, а пра сваіх дзеці забыліся. Гэтая школа лічыцца нармальнай, базававай. А як мы ставімся да таго, што ў жыцці дзяцей-сірот з Пастаў з’явілася Італія? З аднаго боку — гэта цудоўна, бо пашыраецца кругагляд дзяцей. Там іх апранулі, абкружылі ўвагай, цяплом. Арганізацыяй паездак дзяцей у Італію займаецца Фонд гуманітарнай дапамогі «Крыніца», што ў Мінску. Ёсць там Тамара Шчукіна, займаецца гэтымі пытаннямі. У мінулым годзе (1990 год. — Аўт.) адправілі 110 чалавек, сёлета — 80. На лета ізноў едуць. Усё б добра, але ж калі дзеці сюды вяртаюцца, то робяцца непаслухмянымі. Нават кажуць на беларускую мову: «Это деревенская мова, а я — итальянец». І з гордасцю ўжываюць італьянскія словы. «Sі, Sі!» — «Ну, ну!», «Prego!» — «Пачакай!», «Бонсера!» — «Добры вечар!» А выхавальніцы часам ім, калі не слухаюцца, прамаўляюць: «Я цябе зараз як адпрэгаю!» Пасля паездак у Італію з імі вельмі цяжка.

Цяпер італьянцы ў інтэрнат прыязджаюць часта. Вельмі хочуць тых дзяцей, якія ў іх гасцявалі, усынавіць. Праўда, не так хутка яно вырашаецца. Тым часам дзеці лічаць італьянцаў сваімі бацькамі. У асноўным яны «замкнёныя». Нядаўна прывезлі ў інтэрнат дзвюх брудных дзяўчынак — яны «ў бягах» былі, з інтэрната дадому збеглі. Вядома, ёсць сярод іх, хто, вырастаючы, і сем’і добрыя стварае, і працу прыстойную мае. Але не ўсе. У многім залежыць, якая кампанія ім па жыцці патрапіць. На кожны клас у інтэрнаце ёсць выхавальнік, старшы выхавальнік, у малодшых дзяцей — няні. Раней адна няня была на тры паверхі. У інтэрнаце ёсць музычны цэнтр, ладзяцца дыскатэкі. Дзецям казённае адзенне выдаецца. А з Італіі яны прывозяць плэеры і джынсы».

Нам расказвалі: усе тут сіроты ці «сацыяльныя сіроты» — пры жывых бацьках, якія пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Хтосьці трагічна страціў родных людзей, у кагосьці яны памерлі, а каго і забілі... Па 10 гадоў дзеці жывуць у інтэрнаце. Потым іх уладкоўваюць у прафесійна-тэхнічныя вучылішчы.

Псіхіка у такіх дзяцей вельмі тонкая, яны ранімыя. Падыход патрэбен індывідуальны. Размовы прыватныя тут — кожны дзень. Інакш працаваць, гавораць субяседніцы, проста нельга: трэба быць увесь час асцярожным, як з порахам. І з першага класа ідзе праф­арыентацыя. У інтэрнаце ёсць гурткі, дзяўчынкі там вучацца шыць.У 5-6 класах ладзяцца экскурсіі на хлебазавод, малаказавод, у сталовую — туды, дзе можна будзе ім у будучыні знайсці працоўнае месца«. Спортам таксама тут займаюцца, ёсць і прадметныя гурткі — усе дзеці ў іх па інтарэсам. Прафесіі пасля школы-інтэрната: повар, трактарыст, кандытар і іншыя. Некаторыя выхаванцы рыхтуюцца паступаць у інстытуты. Ёсць такія, каго ўсынавілі ў Беларусі. У інтэрнаце ёсць сваё поле, свінні. Кабыла Алеся. Яе неяк цыган украў. Дзеці пайшлі ўсе шукаць, ноччу. І клікалі: «Алеся! Алеся!» Кабыла і адазвалася. А хаваў яе цыган у разбураным доме. Спонсараў у дома-інтэрната няма. А дапамога патрэбная. Напрыклад, каб шпалеры ў пакоях паклеіць. Шмат залежыць ад фінансаў. Калгас выпісаў газеты. Праводзяцца «інфармацыйны дзень», «класныя гадзіны, «урокі маральнасці» ды іншае».

Яшчэ нам расказвалі: «Гэты дом так званы — Дом казённы. Усё тут па званку. Класы па 30 чалавек. Па 15-20 чалавек у групе. Спальні па 8-10 чалавек. Сабакі, каты бадзяжныя — усе ў школе. Дзеці бяруць сабаку ў лазню, памыюць яго там. Але нашы выхаванцы моцныя, хварэюць менш у параўнанні з «дамашнімі». З Пастаўскага раёна ў інтэрнаце 25 вучняў. Прыбывае ў сярэднім адзін чалавек на тыдзень, і ёсць тэндэнцыя да павелічэння колькасці насельнікаў. У нас дзеці не плачуць: адаптацыя ідзе хутка».

Нагадаем: гэта пагружэнне ў 1996 год. Зрэз тае рэальнасці. Праводзіць нас з інтэрната выхавацель Арнольд Пляшкун. І паказвае кірунак нашай дарогі: на Камаі. Калі выходзілі з інтэрната, сфатаграфаваліся з дзецьмі і Таццянай Клімята на памяць. Вучань другога класа Лёша Літоўка нават прачытаў верш «Я — беларус», а хлопчык Сцяпан Міхайлоўскі аддаў свой коржык са словамі «Это вам от сердца...» Расчуліў да слёз...

На развітанне мы запыталі ў новых знаёмых: «Што такое трыдзясятае царства?» І пачулі: «Гэта шчасце... дзе няма зла...там толькі дабро». " І яшчэ пытанне ад нас: «А што такое шчасце?» Адказ: «Шчасце — гэта радасць... калі дружна жывуць... любяць адзін другога». Пасля пагаварылі з імі пра тое, што лепш імкнуцца жыць па законе любові, па законе сумлення. Што любое выпрабаванне ў нашым свеце можна разглядваць як прыступку, каб падняцца вышэй. Што шчасце, радасць трэба шукаць найперш унутры сябе самога, у сэрцы сваім — а не ў Італіі ды іншых месцах. Часам і дыдактыка патрэбная, а то будуць у Паставах бегаць светлавалосыя італьянцы.
Выйшлі ў дарогу ў 11.30. Пройдзена ад пачатку 170 км, за мінулы дзень — 30 км. А сёння наперадзе, да Камаяў, кіламетраў 20.

Паводле слоў Арнольда Пляшкуна, у Паставах мала што было разбурана ў вайну. Запісалі з яго слоў: «Цяпер тут высокі ўзровень беспрацоўя, затрымкі зарплаты. Але многія гандлююць — ездзяць у Літву, бо мяжа практычна адкрытая: усіх пагранічнікаў гандляры ведаюць. Пяройдзеш — а там на аўтобус, і едзь куды хочаш. Зямлі можна таксама браць, але добрую, вядома ж, калгасы не раздаюць. Ваенныя з’ехалі з ваенных гарадкоў, там засталіся верталёты пагранічныя, але старыя. Маглі б выкарыстоўваць мясцовы аэрадром для транспарціроўкі грузаў для Прыбалтыкі, а ён можа і «Боінгі» прымаць. Ды няма разваротлівасці, каб здаць яго ў арэнду».
Па дарозе на Камаі злева «аб’ект Малая рэчка» — нешта накшталт бункера. Можа з вайны?

Наша смелая дабрадзейка Саламея Шукель

У абед нас пасяваў верталёт. Нізка праляцеў. Пэўна, такім чынам на палі ўносілі нейкія мінеральныя ўдабрэнні. Жартуем: можа, і мы цяпер прарасцем...

Знайшлі пры дарозе блакітныя першацветы. Сустрэлі двух хлопчыкаў, гадоў ім па 6-8. Яны хадзілі глядзець на верталёт, прычым далёка ад Камаяў. Самастойныя!

Мясцовасць, праз якую ідзем, ужо ўзгорыстая, пагоркі не вельмі крутыя. У абед пісалі пісьмы, падпісвалі паштоўкі. Стаялі амаль тры гадзіны. Дае знаць стома, а Валя кажа, што гэтага не знае... Ёй нават цяжка гаварыць пра свой стан. Іван запісвае яе адчуванні: «У Валі няма сіл, каб нават сказаць, што стамілася, ёй хочацца паляжаць, уткнуўшыся ў што-небудзь цёплае». Пазней яна запіша: «І гэта было шчасце...». Вось і зразумей: ці то стома, ці то шчасце...

У Камаях мы сустрэлі вялікую грамаду. Там бытуе абрад: калі спраўляюць народзіны дзіцяці, то бабулю і дзядулю на возе «вязуць тапіць». Вяскоўцы «памочаць іх у рэчцы ці сажалцы», а яны ўсіх частуюць. Так, расказвалі нам, адпраўляюцца мясцовыя хрэсьбіны. Вельмі яскравыя два кадры Іван паспеў зрабіць у часе таго абраду. Хоць і чорна-белыя, але атмасферу, каларыт народнага звычаю перадаюць. А ці «возяць тапіць» старэйшых родзічаў у Камаях і цяпер, калі ў сям’і з’яўляюцца новыя? Магчыма, у абрадзе ў жартаўлівым выглядзе зафіксавана ідэя пра тое, што старым не трэба доўга затрымлівацца ў гэтым свеце, калі сваю «місію» выканалі.

А што кажуць на гэты конт этнографы? Варта паглядзець... І яшчэ: каго ж хрысцілі ў той дзень? Той чалавек у 2013-м, калі «расшыфроўваўся» дзённік, можа, і школу ўжо закончыў... А ў 2021-м яму ўжо 25...

Нас у Камаях сустрэлі смехам. Чулася здалёк: «Гэта як іншапланецяне. Ці можа якія бапцісты?» Жанчына адна вельмі расчулілася. Але ўсе смяюцца! Кажуць, у горадзе сказалі б пра такіх: дурні ці што? І мы смяяліся таксама. І гэта было весела.
Вера ў Камаях каталіцкая. Едуць на святы на пакланенне да Маткі Боскай Будслаўскай, у мястэчка Будслаў.

Сустрэча з настаўнікам-ветэранам Іосіфам Быхаўцом у Лынтупах

У той вечар нам дапамог вызначыцца на начлег у Камайскай школе мясцовы настаўнік і паэт Аркадзь Нафрановіч — ён Іванаў знаёмы: бачыліся яны ў «Родным слове», там яго вершы друкаваліся. Мы і гасцявалі ў яго дома, ён з жонкай нас вячэрай частаваў. А начавалі ў школьным спартзале. А ў адным з класаў — ці ў спецыяльным пакоі? —дзяжурыла Яніна Сівіцкая, начны вартаўнік школы. Уранні бабуля малілася ў школе па-польску, гледзячы да сонца. Нам сказала: «Адна на свеце засталася. Сястра нядаўна памерла». Бабка Яніна шмат вышывае. І з добрым густам: паказвала нам вышыты настольнік. Расказвала, што ў Будславе бывала, што там вельмі прыгожа.

Нас цікавіць душэўна-псіхалагічны стан народа. Хай сабе і крыху пафасна гучыць, але нарэшце сфармулявалася ў словах, што нам важна даследаваць і назіраць у часе «Хаджэння...» Цытуем: «Запісы дзённікавыя адметныя і тым, што гэта «зрэз» таго самага душэўна-псіхалагічнага стану людзей з глыбінкі праз 5 гадоў пасля развалу Саюза, калі застаецца і разгубленасць перад жыццём, чаканне ад дзяржавы нейкай падмогі»...

Аркадзь Нафрановіч расказаў нам пра жыццё-быццё ў Камаях: «Старшыня калгаса абрэзаў цёплую ваду ад мясцовых дамоў-муравейнікаў. Цяпер кожны гаспадар у сваёй кватэры самастойна ставіць тэн, выводзіць на дах трубу, нарыхтоўвае сабе дровы...» Кажа яшчэ, што гэта ўсё з-за палітыкі. Бо прагаласавалі тут не за Кебіча, а за Лукашэнку...

Дзень восьмы. Першы раз учора не выканалі план па хадзе. Пераадолелі толькі 14 км.

Выходзім з мястэчка Камаі ў 9.00. У школе, дзе начавалі, 205 дзяцей, 23 настаўнікі. Дырэктар — Генадзь Рамбальскі. У дзённіку пастаўлена пячатка школы. Чытаецца дрэнна, але ў цэнтры — герб БССР, яшчэ савецкага часу.

Ля Паставаў была плоская, роўная, без звілінаў зямля. Ісці лёгка. Заўважаем 38-га бусла. Валя здзіўляецца: як бусел можа жыць на воданапорнай вежы, а не на дрэве. А гэта ж звычайная справа. Рэльеф пры дарозе зменьваецца на ўзгорысты. Бачылі ястрабаў і яшчэ нейкіх даўгадзюбых птушак. Можа тое вальдшнэпы?... У гэты дзень Іван напіша прыгожы верш «Дарога між пагоркаў і лагчын».
Ідучы праз Лынтупы, затрымаліся у настаўніка-ветэрана Іосіфа Быхаўца. Ён паказаў сваю кніжку «Гарадок на ўзмежжы» — пра Лынтупы і наваколле. Адрас ведалі прыкладны (з яго публікацый у «Родным слове»), ды і ў людзей распыталі. Спадар Іосіф быў на двары з любімым сабакам і здзіўляўся, як гэта ён да Валі лашчыцца — звычайна ж на чужых брэша. Расказваў пра кнігу: «Даступная для ўсіх. Я і пісаў, каб людзі чыталі. І школа ўзяла больш чым 300 экзэмпляраў».

За гэты дзень навярсталі кіламетры, прайшлі аж 33. Пераначавалі ў лесе — адкрылі лясны сезон! — справа ад дарогі непадалёк ад вёскі Ігнацішкі (ад Лынтупаў прыкладна 4 км). Уночы на небе былі прыгожыя месяц і зорка Венера. — Валя кажа: «Як пейзаж!» (у сэнсе — прыгожа, як на карціне). Квакалі паблізу ў балотцы жабкі — а гук такі, нібы недзе далёка гудуць гоначныя матацыклы ці закіпае вада ў кацялку.

ВАЛЯНЦІНА І ІВАН ЖДАНОВІЧЫ

Фота аўтараў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.