Вы тут

Як адбывалася аднаўленне эканомікі пасля Вялікай Айчыннай вайны


Наша краіна ўрачыста і ўсенародна адзначыла 77-ю гадавіну вызвалення беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта яшчэ адна знакавая нагода напомніць пра вайну тым, хто люта і ўпарта ігнаруе гістарычную праўду пра гітлераўскія злачынствы і зверствы, рэжым тэрору і рабавання ўсіх рэсурсаў на беларускай зямлі.


Першыя МАЗы толькі што сышлі з канвеера.

Краіна разглядалася як адна з найважнейшых крыніц забеспячэння сельскагаспадарчай прадукцыяй групы армій «Цэнтр» і рэйха. У выніку агрэсіі Беларусь страціла звыш паловы свайго нацыянальнага багацця. Толькі прамыя народнагаспадарчыя страты склалі 75 мільярдаў рублёў (у цэнах на 1941 год), што роўнае 35 гадавым бюджэтам БССР перадваеннага ўзроўню. Акупанты спалілі і разбурылі 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Многія раёны былі цалкам знішчаны. Без даху над галавой засталася трэць насельніцтва. У руінах ляжалі заводы і фабрыкі, былі ўзарваны ўсе электрастанцыі, пашкоджаны тысячы кіламетраў чыгуначных пуцей.

Фашысты высеклі больш за 100 тысяч гектараў лесу. Было разрабавана 10 тысяч калгасаў, 92 саўгасы, цалкам знішчаны іх тэхнічная і энергетычная базы. Гітлераўцы падарвалі больш за 10 тысяч прамысловых будынкаў прадпрыемстваў, амаль 90 % станкоў і прамысловага абсталявання вывезлі ў Германію. Так, у выніку разбурэння адной толькі фабрыкі «Магвалакно» (цяперашні завод штучнага валакна ў Магілёве) дзяржава страціла амаль 67 мільёнаў рублёў. Для сярэдзіны 1940-х гадоў сума астранамічная. Рабаванне і жорсткая эксплуатацыя народнагаспадарчага патэнцыялу краіны прывялі яе эканоміку да заняпаду і разбурэння. Шкода, прычыненая народнай гаспадарцы акупантамі за гады вайны, у 35 — 40 разоў перавышала бюджэт рэспублікі 1941 года. Па агульным узроўні развіцця эканоміка краіны была адсунута да 1928 года, а па некаторых галінах — нават да 1913-га.

Нягледзячы на імклівае прасоўванне ворага, у першыя дні вайны неймавернымі намаганнямі людзей праводзілася планавая эвакуацыя насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцяў. Пры гэтым дэмантаж абсталявання, пагрузка яго ў эшалоны і адпраўка праходзілі пад бесперапыннымі варожымі абстрэламі і бамбёжкамі. Усяго з Беларусі ў савецкі тыл было эвакуіравана 1,5 мільёна насельніцтва, больш за 17 000 адзінак тэхнічнага абсталявання, матэрыяльныя рэсурсы 124 прамысловых аб’ектаў саюзнага і рэспубліканскага значэння.

Аднаўленне народнай гаспадаркі краіны пасля яе вызвалення ад гітлераўцаў значна ўскладнялася тым, што яшчэ паўтара года ішла вайна, і Беларусь працягвала накіроўваць усе сродкі на патрэбы фронту. Таму, было неабходна аднавіць перш за ўсё работу тых прадпрыемстваў, у прадукцыі якой востра мелі патрэбу войскі, якія наступалі. Пасля вызвалення Беларусі людзі ўручную, з дапамогай рыдлёвак, ламоў і тачак узяліся за разбор завалаў.

Прынятыя захады далі магчымасць да канца 1944 года запусціць 176 заводаў, якія выраблялі будаўнічыя матэрыялы, перш за ўсё цэмент, цэглу, вапну, аконнае шкло, чарапіцу. Ва ўсіх раёнах рэспублікі былі створаны цагельні. Іх прадукцыйнасць дасягнула звыш трох мільёнаў цаглін на год. Са 150 даваенных беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці захавалася толькі Мінская фабрыка скургалантарэйных тавараў імя Куйбышава. Ва ўмовах недахопу рэсурсаў і кадраў наладжвалася работа дробных майстэрняў па вытворчасці адзення і абутку. У 1944 годзе такія майстэрні былі адкрыты ў Мінску, Гомелі, Мазыры, Магілёве, Бабруйску, Віцебску, Полацку і іншых гарадах. Аднаўляліся і буйныя аб’екты швейнай прамысловасці, у тым ліку віцебская фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі», гомельская фабрыка імя Валадарскага і іншыя. Улічваючы, што з 70 ільнозаводаў, якія дзейнічалі да вайны, 58 аказаліся цалкам разбураныя, тэкстыльная галіна адраджалася практычна з нуля. У яе прадукцыі мела патрэбу дзеючая армія (шынельнае сукно, бялізна, трыкатаж). Таму ў чэрвені 1944 года пачаліся аднаўленчыя работы на 20 ільнозаводах, у тым ліку на адным з найбуйнейшых у СССР — Аршанскім ільнокамбінаце.

У працэсе аднаўлення харчовай прамысловасці асаблівая ўвага ўдзялялася мукамольна-крупяной і мяса-малочнай галінам, якія забяспечвалі армію прадуктамі харчавання. Першараднае значэнне мела аднаўленне хлебазаводаў. Адступаючы, гітлераўцы хацелі падарваць найбуйнейшы ў краіне завод «Аўтамат», аднак не змаглі ажыццявіць свае задумы. Ужо праз двое сутак пасля вызвалення Мінска прадпрыемства выпусціла першыя тоны хлеба. Да канца1945 года ў Беларусі працавалі толькі 118 харчовых прадпрыемстваў, валавая прадукцыя якіх складала 16 % да даваеннага ўзроўню. У выніку аднаўлення прамысловай вытворчасці на момант заканчэння вайны ў рэспубліцы было ўведзена ў строй 12 тысяч прамысловых аб’ектаў, у тым ліку восем тысяч прадпрыемстваў і чатыры тысячы арцеляў ды майстэрняў.

Складаным заставалася становішча сельскай гаспадаркі. Сярод старшынь калгасаў амаль не засталося старых і вопытных, да кіравання прыйшлі новыя людзі. У 1944 годзе значная частка калгасаў не мела магчымасцяў для правядзення першай вясенняй сяўбы. Таму ў краіне істотна скараціліся пасяўныя плошчы, амаль на 40 % у параўнанні з даваеннымі. Першыя сельскагаспадарчыя работы ў 30 раёнах Віцебскай, Магілёўскай і Палескай абласцей пачаліся ў 1945 годзе, пасля таго як дзяржава выдзеліла ім тэхніку, насенне, жывёлу. Дзякуючы матэрыяльнай дапамозе, да моманту завяршэння вайны 95 % даваенных калгасаў і саўгасаў былі фактычна адноўлены, пачалі дзейнічаць тры тысячы МТС.

Нягледзячы на цяжкасці і нястачу, жыхары Беларусі з энтузіязмам выконвалі задачы па далейшым аднаўленні і пад’ёме народнай гаспадаркі. Планавыя заданні чацвёртай пяцігодкі прадугледжвалі не толькі аднаўленне даваеннага ўзроўню народнай гаспадаркі, але і новы істотны рост. Рэаніміраванне эканомікі меркавалася ажыццявіць у самы кароткі тэрмін, што адначасова азначала — любой цаной, то-бок цаной найвялікшага напружання сіл народа. Гэта было ўспрынята як належнае, паколькі ліквідацыя наступстваў вайны жыццёва датычылася кожнага. Акрамя таго, перамога, атрыманая над моцным і небяспечным ворагам, падсілкоўвала ўпэўненасць народа ў будучыні, прадвызначыла яго імкненне да свядомай працы.

Леанід ПРЫШЧЭПА, кандыдат эканамічных навук, дацэнт

Загаловак у газеце: З небывалым энтузіязмам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.