Вы тут

Якія шчымлівыя прызнанні атрымліваюць пошукавікі ад родных салдат і камандзіраў, якія не вярнуліся з вайны


Кажуць, што час лечыць, што ўсё забываецца. Але гэта няпраўда. Рана загойваецца, але не знікае. Для родных тых, хто не вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны, не мае значэння час. Ужо памерлі бацькі тых салдат, пасталелі браты і сёстры, нарадзіліся ўнукі, ужо, магчыма, згубіліся і фотаздымкі герояў, рассыпаліся ад часу лісты, але дастаткова атрымаць вестку, што ён нарэшце знойдзены, як у нашчадка, які ніколі не бачыў таго салдата і, верагодна, вельмі мала што пра яго чуў, пальюцца з вачэй слёзы і так лёгка стане на сэрцы ад таго, што ўсё ж такі дачакаліся.


Здавалася, што час прыпыніўся...

У начальніка штаба Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Святланы Барысенкі ў камп’ютары ёсць асобная папка, дзе яна захоўвае лісты родных чырвонаармейцаў. Іх немагчыма чытаць без слёз. 

Род­ныя Іва­на Шу­та­ва з Укра­і­ны.

«...Мне было пяць гадоў, калі бацька пайшоў спачатку на перападрыхтоўку, а потым на вайну, — піша магілёўскім пошукавікам Грыцко Голуб з Украіны. — Маці памерла, калі мне было два гады, і мяне выхоўваў дзядуля Павел. Мы пасылалі запыты пра бацьку па ўсім Савецкім Саюзе і ў Беларусь. Але прыходзіў адзін і той жа адказ: знік без звестак. Я вельмі ўдзячны, што вы знайшлі астанкі майго бацькі. Я прыеду на перапахаванне, пакланюся яму і скажу: «Як цяжка мне было жыць без цябе...» Яшчэ ў адным лісце ўдзячныя родныя напісалі: «Наведванне магілы прадзеда, дзеда, бацькі было вельмі кранальным. Асабліва хапіла майму бацьку... Адчуванні былі дзіўныя. Здавалася, што час прыпыніўся...»

— Дагэтуль з намі на сувязі сваяк знойдзенага намі Нурмухамеда Магдзеева — Хаміт Магдзееў, віншуе нас з усімі святамі, піша кранальныя лісты, якія трывожаць душу, — расказвае Святлана Барысенка. — Калі мы паведамілі яму, што знайшлі яго дзядзьку, ён прыехаў на наступны дзень. І быў бязмерна ўдзячны. Калі ты бачыш гэтых людзей, чуеш іх водгукі, разумееш, наколькі важнай справай мы займаемся.

У архіве Святланы ёсць ліст нават ад дачкі маршала Жукава, якая ў канцы 1990-х удзельнічала ў вялікім мітынгу пошукавікаў Беларусі. Яна дзякавала магілёўскім пошукавікам за іх работу.

Доўгая дарога дадому

У чэрвені на кантрольным участку расійска-беларускай граніцы Суражскага раёна Бранскай вобласці і Касцюковіцкага раёна Магілёўскай былі ўрачыста перададзены родным асабістыя рэчы і медальён чырвонаармейца Трафіма Макеева.

Ён ураджэнец касцюковіцкай вёскі Нізкі. У 1941 годзе, калі яму споўнілася 18 гадоў, ён трапіў на фронт і 19-гадовым загінуў пад Ржэвам. Яго астанкі былі знойдзены пошукавым атрадам Бранскага ўпраўлення прадпрыемства «Транснафта-Дружба» падчас міжнароднай пошукавай экспедыцыі «Ржэў. Калінінскі фронт».

— Атрад працаваў у складзе вялікага зводнага, — удакладніў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Транснафтапрадукт» Віталь Кобраль. — Знойдзены баец са шматдзетнай сям’і, трое яго братоў пайшлі на фронт, а вярнуўся толькі адзін. Трафім лічыўся зніклым без вестак з верасня 1943 года. Яго прозвішча было знойдзена ў гільзе патрона з-пад вінтоўкі Мосіна. Пошукавікі мяркуюць, што ён з таварышамі загінуў у выніку ўзрыву або падрыву бліндажа. Астанкі шасці чалавек ляжалі ўперамешку. Ідэнтыфікаваць іх не атрымалася, яны будуць перапахаваныя 22 чэрвеня пад Ржэвам у брацкай магіле. А вось рэчы з зямлёй з гэтага месца перадалі родным.

Падчас вялікай расійскай экспедыцыі было знойдзена парадку 400 салдацкіх медальёнаў, некаторыя з іх належалі беларусам. У Маскве спецыялісты аднавілі імёны. Імя і прозвішча Трафіма Макеева чыталіся часткова, але добра было відаць, што баец прызваны Касцюковіцкім РВК. Пошукавікі звязаліся з ваенкаматам, і хутка былі знойдзены родныя.
Для пляменніцы салдата Ларысы Раманавай і яе дачкі Крысціны рытуал перадачы рэчаў быў вельмі хвалюючы. Крысціна, якой крыху болей за 30 гадоў, плакала разам з маці.

— Я не магу перадаць словамі свае пачуцці, — прызналася Ларыса Раманава. — Калі я даведалася, два дні хадзіла сама не свая. Мяне перапаўнялі гонар, жаль, радасць — усё ўперамешку. Мой бацька, які быў на тры гады маладзейшы за Трафіма, лічыў яго зніклым без вестак. А тут прайшло амаль 80 гадоў, і чалавек знайшоўся. Гэта вельмі вялікая радасць. На жаль, бацька памёр у 2008 годзе. Яшчэ адзін іх брат Канстанцін дагэтуль лічыцца прапаўшым без вестак.
Рэчы сям’я вырашала перадаць у музей, а на памяць пакінуць толькі дзіцячы малюнак, які родным падарылі на перапахаванні. Там намаляваны салдат каля помніка і напісана: «Дзякуй за тое, што я дома». «Паколькі ў нас няма фота дзядзькі, для нас гэта будзе замест фота», — удакладніла пляменніца.

Пошук — справа тонкая

Сёлета, падчас пошукавых работ Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» ў Шклоўскім раёне на месцы баёў 110-й тульскай дывізіі камандзіру групы «13» Уладу Сцепанцову і пошукавіку Арцёму Ціхінскаму пашчасціла знайсці ў раскопе каля вёскі Аўгустова астанкі двух байцоў разам з падпіснымі асабістымі рэчамі — біклагай і падсумкамі. На адным падсумку добра чыталася прозвішча Конаў М. М. На другім подпіс быў крыху горшы, але дубляваўся больш выразна на біклазе — Шулаеў. На жаль, рэчы не медальёны і не з’яўляюцца аргументам для таго, каб гэтыя імёны былі ўвекавечаныя. Але пошукавікі шукаюць да апошняга.

— Атрымалася выйсці на пляменніка Уладзіміра Конава з Тульскай вобласці, зараз прапрацоўваем гэтае пытанне, — адзначае Улад Сцепанцоў. — Дапамог кіраўнік пошукавага аб’яднання «Дзедаслаўль» з Кірэеўскага раёна Аляксей Палунін, які сумесна з рэдактарам газеты «Маяк» знайшоў яго.

Улад расказвае, што ў пошуках родных чырвонаармейцаў бывае задзейнічана шмат розных людзей. Дапамагаюць пошукавікі, ваенкаматы, звычайныя актывісты. Урэзалася ў памяць гісторыя з чырвонаармейцам Іванам Шутавым трохгадовай даўніны. 

Дакладней, знаёмства з яго ўкраінскай раднёй. 

Было так шмат слёз, эмоцый, менавіта шчырых, што пошукавік у той момант адчуваў вялікі гонар за тое, чым займаецца.

— Пляменніца расказвала, што маці Івана Шутава ўсё свае жыццё шукала сына, але так і не знайшла, — згадвае суразмоўніца. — А яшчэ пра апошні яго ліст, дзе ён прасіў родных выслаць яму на фронт што-небудзь салодкага і табаку.

Пошук — наогул ювелірная работа. Пошукавік атрада «Сірыус» Аляксей Міроненка расказвае, што часам прыходзіцца распутваць такі клубок, што можна кнігі пісаць. За гэты час абязлічаныя астанкі набываюць выгляд канкрэтнага чалавека, пра якога ты амаль усё ведаеш. Так было з Мікалаем Грыненкам, які загінуў у 1941-м. Прызваны ён быў у Смаленскай вобласці, а родныя знайшліся на Урале.

— Наогул, гэта была неверагодная гісторыя, — расказвае Аляксей. — Спачатку была біклага і на ёй было выбіта «Ант». Спрабаваў шукаць чалавека з такім прозвішчам, але безвынікова. Медальён наогул быў з пустой паперкай. А летась атрымалася выявіць гэты надпіс, і выскачыла прозвішча Грыненка Мікалай Георгіевіч. У базах даных я знаходзіў крыху іншы варыянт з імем па бацьку не Георгіевіч, а Ягоравіч. Гэта блытаніна зацягвала працэс. У пасёлку Ніжняя Санарка знайшоў сайт школы, дзе быў ролік, прысвечаны загінулым землякам. І на помніку, які я там убачыў, прачытаў гэтае прозвішча. Хуценька адправіў туды ўсю інфармацыю. А яшчэ размясціў пост на суполцы Ніжняй Санаркі, на які адгукнулася настаўніца рускай мовы, якая і вывела на пляменніцу гэтага чалавека. Проста яна яго ведала як Ягорыча, а не Георгіевіча. Наш герой быў адным з дзевяці дзяцей, частку якіх запісалі ў пасведчанні як Рыгорычы, а другую — як Георгіевічы. У яго быў яшчэ старшы брат кадравы ваенны, які забраў Мікалая пасля школы да сябе. Брат, дарэчы, трапіў у палон і быў вызвалены ў 1945-м. А вось Мікалаю не пашчасціла дажыць да Перамогі. Зараз чакаю гэтую настаўніцу — Галіну Мікалаеўну — да сябе ў госці, абяцала прыехаць летам з Урала. Вельмі ёй хочацца наведаць мясціны, дзе загінуў і быў перапахаваны яе дзядзька.

Аляксей прызнаецца, што самы вялікі стымул для работы даюць менавіта родныя загінулых. Кажа, што ад стасункаў з імі атрымліваеш такі душэўны ўздым, што хочацца шукаць, капаць, вяртаць зніклых без вестак салдат.

— Аднойчы слаўгарадскі атрад «Спадчына» знайшоў няўлічанае пахаванне, у якім разам з астанкамі быў кацялок з подпісам Службін Я. Ф. і лыжка з ініцыяламі, — згадвае ён яшчэ адзін выпадак. — Дзякуючы гэтым знаходкам атрымалася выйсці на родных чырвонаармейца. Прыехалі сын, унучка з унукам і праўнук. Ва ўнука сябры жывуць у Шклоўскім раёне, і ён ездзіў за 20 кіламетраў ад прадзеда, не ведаючы, што той там пахаваны. А калі даведаўся, перажыў вялікае ўзрушэнне. Ён тады якраз з сям’ёй адпачываў на моры, хацеў кінуць усё і прымчацца. Так што можаце мне паверыць: загінулых чакаюць. На гэтым фоне тыя адзінкі, якім усё абыякава, нават і не ўспрымаюцца.

Са слязамі на вачах

Я ведала адну цудоўную жанчыну з вялікім сэрцам — былога кіраўніка школьнага музея ў Дараганаве Асіповіцкага раёна Жанну Караленю, якая, на жаль, заўчасна пайшла з жыцця. Калі яна казала пра загінулых у Асіповіцкім раёне кавалерыстаў, плакала, бо лічыла ў тым ліку і сябе вінаватай у тым, што яны дагэтуль ляжаць непахаваныя ў зямлі. Яны ёй нават сніліся, супакойвалі. У апошняй пошукавай экспедыцыі ў Асіповіцкі раён я пазнаёмілася яшчэ з адной жанчынай-пошукавікам — Таццянай Кірдун з Глуска. І яна ўвесь час зрывалася на слёзы, калі расказвала пра гэтых кавалерыстаў. Настаўніца бабруйскай школы № 25 Валерыя Ткачук таксама шмат чаго зрабіла для захавання памяці. Па сутнасці, пошукавікам можа стаць кожны, галоўнае жаданне, лічыць яна. Дзякуючы настаўніцы, вучні школы адкрываюць невядомыя старонкі ваннай гісторыі, у тым ліку і сямейныя. З яе падачы дзеці рыхтавалі да 9 Мая гісторыі пра сваіх гераічных продкаў. Некаторыя наогул упершыню даведаліся, што тыя былі на фронце.

Колькі было радасці і слёз!

— Некаторыя навучэнцы нашай школы, такія як Маша Вароніч, Яна Панкрацьева, Мікіта Канавалаў, вельмі зацікавіліся гісторыяй жыцця сваіх гераічных продкаў і зараз старанна шукаюць інфармацыю пра іх на ўсіх даступных сайтах у інтэрнэце, — расказвае Валерыя Ткачук. — Мы сабралі інфармацыю ўжо аб дзесяці героях, удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні Дня Перамогі ў нашай школе ўрачыста быў адкрыты стэнд «У страі заўжды, у Памяці навекі». Прыклад з сямікласнікаў узялі і іншыя нашы вучні. Зараз яны шукаюць звесткі пра сваіх прадзедаў і прабабуль у перыяд вайны і акупацыі. Гэты матэрыял будзе выкарыстаны пры стварэнні Кнігі Славы нашай школы, каб захаваць памяць пра герояў-землякоў для будучых пакаленняў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: «Пакланюся і скажу, як цяжка мне было жыць без цябе...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.