Вы тут

Як інвазійныя віды псуюць жыццё фізічным і юрыдычным асобам


Вецер, птушкі, транспарт, чалавек... Новыя віды раслін трапляюць у Беларусь рознымі шляхамі, аднак не ўсе яны спяшаюцца акупаваць тэрыторыю. Патэнцыяльна інвазійных — каля 300, а іншыя — мірна суседнічаюць з айчыннымі і краіну не захопліваюць. З іншага боку, некаторыя прадстаўнікі беларускай флоры, якія ў нас жывуць сабе спакойна, за мяжой становяцца «драпежнікамі» і пачынаюць са страшнай хуткасцю заваёўваць землі. Чаму так адбываецца — навукоўцы пакуль не ведаюць, але ж шляхі міграцыі пакрысе высвятляюць. Як знішчаць расліны-агрэсары і чым яны небяспечныя, расказалі эксперты.


Амброзія палыналістая, сумнік канадскі, баршчэўнік Сасноўскага

Пранікненне ў навакольнае асяроддзе нашай краіны інвазійных раслін — адна з пагроз нацыянальнай бяспецы краіны ў экалагічнай сферы, бо яны варожыя не толькі прыродзе, але і здароўю людзей, упэўнены Мікалай СВІДЗІНСКІ, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды.

Фота: pixabay.com

За апошнія гады амаль перамаглі «драпежніка» ў Бярэзінскім, Старадарожскім і Любанскім раёнах. У планах вызваліць ад яго яшчэ тры-чатыры раёны, дзе той захапіў не больш як па пяць гектараў.

Сумнік канадскі «прыйшоў» з могілак, дзе яго высаджвалі як прыгожую кветку. Гэтага «драпежніка» пчаляры і цяпер лічаць шыкоўнай раслінай, якая квітнее аж да кастрычніка і якой могуць сілкавацца пчолы замест таго, каб раней пачынаць есці мёд, бо іншых кветак у гэты час ужо практычна няма. Таму яны часта супраціўляюцца знішчэнню агрэсара. Адэкватным выйсцем навукоўцы бачаць скошванне і ўтылізацыю расліны, калі тая адцвіце. На наступны год ізноў будуць кветкі, аднак сумнік не распаўзецца па тэрыторыі.

Тым не менш, духмяны захопнік асвоіў на Міншчыне ўжо амаль 900 гектараў, асабліва ў Мінскім, Смалявіцкім, Чэрвеньскім і Пухавіцкім раёнах. Раней яго толькі касілі, а цяпер частку сродкаў, выдаткаваных на знішчэнне баршчэўніка (з-за змяншэння плошчаў яго росту), пераносяць на пратручванне сумніка, удакладніў Аляксандр Дабрыцкі.
Адным з галоўных ворагаў беларускай флоры становіцца таксама і амброзія палыналістая, якая пранікла да нас з-за мяжы і была заўважана на Гомельшчыне, дадаў Мікалай Свідзінскі:

— Поўдзень Украіны і Крымскі паўвостраў цалкам пакрытыя гэтай раслінай. Яна не толькі наймацнейшы алерген, але і неверагодна пражэрлівая — для вырабу кілаграма сухога рэчыва расліна выводзіць з глебы амаль 950 літраў вады і вельмі агрэсіўна ставіцца да абарыгеннай флоры. Займае ўсе свабодныя ўчасткі, выцясняючы іншыя віды, засмечвае сваім насеннем пасевы. Амброзія вырастае да 2,5 метра, мае магутныя карані і 88 тысяч адзінак насення на адной расліне.

Барацьба дарагая, але не дарэмная

Праблема інвазіі (пранікнення на тэрыторыю краіны з-за мяжы) відаў узнікла не ў апошнія дзесяцігоддзі. З 1500 года каля 10 тысяч відаў раслін і жывёл трапіла ў Еўропу і многія з іх нанеслі каласальны ўрон, які штогод выяўляецца ў некалькіх мільёнах долараў для кожнай краіны. У пасляваенны час каля 300 новых відаў з’явілася і ў Беларусі, заўважыў Дзмітрый ГРУМО, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі:

— Першая спроба вучоных змагацца з іншаземнымі відамі адбылася яшчэ ў 2006 годзе. Цяпер кожныя пяць гадоў распрацоўваюцца стратэгіі барацьбы з інвазійнымі раслінамі. А добры прыклад у змаганні з баршчэўнікам у сталіцы — абавязковае даследаванне грунту падчас будаўнічых работ на заражанасць насеннем гэтай расліны. Дадзены вопыт трэба пашыраць на ўсю краіну.

Геаграфія распаўсюджвання інвазійных раслін імкліва мяняецца. Адзін са спосабаў барацьбы з кантрабанднай прадукцыяй, якая ідзе з краін Еўрасаюза ў Расію, — праверка на наяўнасць паліномаў — пылку на прадуктах харчавання або ўпакоўцы. Расійскія мытнікі карыстаюцца пры гэтым данымі атласа 1970-х гадоў. Аднак у тыя гады амброзія сустракалася ў Адэскай вобласці, а цяпер яна ўжо і на поўдні Беларусі, прывёў прыклад спецыяліст:

— Узнікае патрэба дэталёвай сістэматызацыі такіх відаў і стварэння сучасных атласаў іх распаўсюджвання, паколькі гэта адзін з аргументаў у мытных і судовых пытаннях аб паходжанні прадуктаў.

Мы досыць шмат грошай расходуем на барацьбу з баршчэўнікам, але ж трэба ўзмацняць метады кантролю за выканаўцамі работ па яго знішчэнні, прапанаваў эксперт. Сёлетні май, напрыклад, быў багаты на ападкі, і на некаторых тэрыторыях, якія былі цалкам апрацаваныя прэпаратам суцэльнага дзеяння, насенне дало ўсходы. Неабходна развіваць таксама сістэму маніторынгу з дапамогай беспілотных лятальных апаратаў і сістэму прагназавання, аж да выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту, з дапамогай якіх можна бачыць патэнцыяльныя месцы распаўсюджвання гэтых раслін.

— Самы эфектыўны метад барацьбы — уцягванне зямель у эканамічны абарот, — удакладніў Мікалай Свідзінскі. — Праўда, на практыцы гэта не заўжды магчыма. Да таго ж на прыродаахоўных тэрыторыях і ў прыбярэжных зонах нельга змагацца з баршчэўнікам хімічнымі метадамі (прэпаратамі суцэльнага ўздзеяння). Тут прымяняюцца прэпараты выбарачнага ўздзеяння або неаднаразовая механічная касьба. Працэс гэты не хуткі, аднак праца не дарэмная, і пакрысе колькасць інвазійных раслін у краіне змяншаецца.

Што славянам добра, для замежнікаў — бяда

Навукоўцы налічваюць у Беларусі 22-24 віды раслін-трансформераў, якія цалкам пераўтвараюць прыроду. Там, дзе яны заводзяцца, больш нічога не расце. Пры гэтым працэс іміграцыі раслін у Беларусь працягваецца. Адзін з апошніх інвазійных «гасцей», які пранікаў у краіну літаральна на вачах спецыялістаў, — панікніца буйналістая, расказаў Аркадзь СКУРАТОВІЧ, супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі:

— У 1991 годзе яе ўпершыню заўважылі ў Батанічным садзе. Але з дапамогай сваіх пладоў, якія маюць дробненькія кручочкі, яна «раз’ехалася» разам з наведвальнікамі ў іншыя месцы. Ужо праз год была ў Парку Чалюскінцаў, пазней — на стадыёне «Трактар». Цяпер яна актыўна асвойвае лясы Міншчыны, знойдзена ў Вілейскім, Валожынскім, Смалявіцкім, Мядзельскім раёнах і ў парку «Нарачанскі». У недалёкай будучыні панікніца буйналістая таксама стане трансформерам, бо пад раслінай, вышыня якой амаль дасягае метра, таксама нічога больш расці не можа.
Erechtіtes hіeracіfolіus — від, які ўпершыню знайшлі ў Беларусі ў 2002-м у Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Хутчэй за ўсё, ён трапіў да нас з Украіны, мяркуюць навукоўцы. Яго насенне мае пухоўкі, дзякуючы чаму яно разлятаецца на адлегласць да 50 кіламетраў.

— Ён вельмі агрэсіўна выступае на высечках, і для лесу гэта небяспечна тым, што пад двухметровай раслінай усе новыя пасадкі лесу гінуць. А распаўсюдзілі яго па краіне самі лясныя гаспадаркі, якія дапамагалі адна адной ліквідаваць наступствы бураломаў і на колах везлі насенне дадому. З мінулага года ён ужо прыжыўся ў Стаўбцоўскім раёне на Міншчыне, — заўважыў Аркадзь Скуратовіч.
З іншага боку, нашы расліны-эмігранты таксама спрабуюць захапіць чужую зямлю. Напрыклад, з еўрапейскім чальчаком вербалістым амерыканцы змагаліся не адзін год і патрацілі на гэта не адну сотню мільёнаў долараў, пакуль не найшлі насякомае, якое харчуецца толькі гэтай раслінай. У Беларусі спакойна расце і жасцёр слабіцельны, яшчэ і ад хвароб адпаведных дапамагае. А трапіўшы ў Амерыку, ён захапіў ужо тры штаты, як у нас баршчэўнік. На адзін квадратны метр там «выстрэльвае» да 150 асобін усходаў, а ў нас — адна-дзве.

Галоўныя агрэсары і «зброя» для змагання

У краіне распрацоўваецца сістэма ранняга папярэджання па выяўленні інвазійных відаў раслін і жывёл, што дазволіць ствараць базы даных па інвазійных раслінах і прымаць правільныя рашэнні ў будучым, заўважыў Свідзінскі:

— Шакал залацісты, напрыклад, нашай фаўне не патрэбны, бо наносіць шкоду птушкам, якія гняздуюцца на зямлі. Існуе і пагроза пранікнення ў Беларусь бабра канадскага, якога бачылі ўжо ў Ленінградскай вобласці Расіі. З-за гэтага звера краіна можа страціць від айчыннага бабра, які больш пластычны да ўмоў асяроддзя пражывання.

У пастанове Саўміна пералічана дзевяць галоўных ворагаў, якіх трэба бязлітасна знішчаць. Сем з іх інвазійныя, а два — патэнцыйна наркатычныя: мак і каноплі, у гэты ж спіс Мінпрыроды мае намер уключыць і амброзію палыналістую. А беларускія спецыялісты не так даўно выдалі Чорную кнігу флоры Беларусі, дзе ўтрымліваецца апісанне 54 небяспечных відаў раслін. Аднак яны хочуць пашырыць гэты спіс да 100 відаў, як у Еўропе, каб лягчэй было параўноўваць, дзе якая расліна найбольш агрэсіўна сябе паводзіць.

Убачылі на сваім участку некалькі каліваў баршчэўніку — пазбаўцеся ад яго як мага хутчэй. Дачакайцеся пахмурнага надвор’я ці вечара, апраніце шчыльнае адзенне і пальчаткі, прыкрыйце твар маскай — і высякайце яго рыдлёўкай у пары сантыметраў над зямлёй. Будзе ўважлівыя — сок расліны вельмі ядавіты і можа выклікаць апёкі. Пянёк лепш заліць воцатнай эсэнцыяй ці гербіцыдамі і абвязаць непразрыстым цэлафанам, а ссечаны ствол — спаліць. Для большай упэўненасці можна выдаліць 10-12 сантыметраў глебы разам з коранем, парэкамендавалі спецыялісты.

— Калі дачакацца вечара, у баршчэўніку можна хоць качацца, бо яго сок «паліць» скуру пад уздзеяннем сонечных промняў. Праўда, абавязкова трэба памыцца пасля барацьбы з агрэсарам і на наступны дзень лепш не выходзіць на сонца, — сведчыць Аркадзь Скуратовіч. — Сумнік дагэтуль успрымаюць як дэкаратыўную расліну, якую на ўчастку «яшчэ мая маці саджала», і не хочуць пазбаўляцца ад гэтага шкодніка. Таму вясной я праводжу акцыю — хаджу са школьнікамі па дварах і прапаную півоню замест выкапанага сумніка. Больш лаяльна пачалі ставіцца і да макаў — забаронены ў краіне толькі яго опіумны варыянт. Мнагалетнікі ж з буйнымі аранжавымі кветкамі — мак усходні — цяпер не чапаюць, бо ў ім настолькі мала рэчыва-дурману, што не кожны хімік шляхам доўгіх вопытаў яго здабудзе.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Расліны-«драпежнікі»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.