Вы тут

У сям'і дэ­пу­та­та Іры­ны Даў­га­лы бе­раж­лі­ва за­хоў­ва­юць па­мяць пра род­ных, якія пе­ра­жы­лі вай­ну і за­ста­лі­ся ў ёй на­заў­сё­ды


Будучы галоўным ідэолагам Гомельшчыны, цяперашні дэпутат Ірына Даўгала вялікую ўвагу ўдзяляла захаванню ваенна-гістарычнай памяці ў рэгіёне. Прымала ўдзел у падрыхтоўцы і адкрыцці мемарыяльнага комплексу «Баграціён» у гонар беларускай наступальнай аперацыі ў Светлагорску, у рэканструкцыі мемарыяла ў Лоеве, прысвечанаму адной з найбуйнейшых бітваў Вялікай Айчыннай вайны — фарсіраванню Дняпра ў кастрычніку 1943 года. Мела дачыненне парламентарый і да стварэння помніка ў спаленай фашыстамі вёсцы Ала, дзе было знішчана 1758 мірных жыхароў, у тым ліку 950 дзяцей...


Дзед дэ­пу­та­та — пад­поль­шчык Па­вел ХАЦЬ­КО.

Нягледзячы на тое што цяпер Ірына Даўгала на дэпутацкай рабоце (яна член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу), і на гэтай пасадзе яна не абмінае тэму гістарычнай памяці. Аб чым, у прыватнасці, сведчыць прыняты нядаўна парламентарыямі закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», распрацоўку якога падтрымлівала дэпутат, а таксама тлумачыла яго неабходнасць і важнасць у сваёй акрузе.

Аднак неабыякавасць і трапяткое стаўленне да падзей Вялікай Айчыннай вайны, да трагедыі беларускага народа ў старэйшага пакалення, безумоўна, закладзена на генным узроўні. Гэта дзеці і ўнукі тых, хто цаной уласнага жыцця здабываў для нас Перамогу. Бабуля Ірыны Даўгалы, перажыўшы амаль усю акупацыю, загінула ад рук фашыстаў незадоўга да вызвалення. Дзед — Павел Хацько — змагаўся з ворагам у падполлі. Як і многія ўдзельнікі тых падзей, успамінаць вайну ён не любіў. Так і памёр, амаль нічога не расказаўшы...

Дзед-падпольшчык

Калі яго не стала, Ірыне Даўгале было ўсяго два гады. Натуральна, што дзеда-падпольшчыка яна не памятае. Не магла пра яго добра расказаць і маці Ірыны: ёй было таксама два, калі бацька пайшоў у падполле. А пасля вайны на гэтую тэму асабліва не прынята было гаварыць — былі іншыя клопаты. Аднак дэпутат пайшла па іншым шляху. Інфармацыю пра падпольную дзейнасць свайго дзеда адшукала ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Аказалася, што, будучы інструктарам Лепельскага падпольнага райкама КП(б)Б, Павел Хацько са сваім падраздзяленнем удзельнічаў у многіх аперацыях і баях. Дакументы сведчаць, што «як палітрук, ён смела і рашуча змагаўся з ненавісным ворагам, захапляючы і натхняючы на подзвігі сваіх падначаленых. Асабліва адзначыўся на аперацыі пры налёце на нямецкі гарнізон, які знаходзіўся ў вёсцы Стагі за два кіламетры ад Лепеля. Будынак, у якім знаходзіўся гарнізон, быў абстраляны ўраганным агнём, дзе было шмат забітых і параненых немцаў. На бальшаку Гомель — Пышна было спалена 4 масты. Будучы інструктарам Лепельскага падполля, правёў 40 сходаў у вёсках.

Актыўна распаўсюджваў сярод насельніцтва савецкую літаратуру. Арганізаваў 11 падпольных партыйных арганізацый...»
Скупыя, сціплыя радкі з узнагародных лістоў, за якімі, безумоўна, — подзвіг чалавека. За падпольную дзейнасць Павел Хацько быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За баявыя заслугі».

Зберагла дзяцей

Да вайны сям’я Хацько жыла ў вёсцы Радунь, што на Лепельшчыне. Гаспадар быў старшынёй сельскага Савета. Жылі па тым часе нядрэнна — шмат працавалі. У сям’і раслі чатыры дачушкі: Клаўдзія, Аліна, Ніна і Людміла. Вайна ўварвалася ў мірнае жыццё, абарвала ўсе планы...

Павел Хацько літаральна ў першыя дні сышоў у падполле. Ганна Сцяпанаўна разам з дзяўчатамі засталася ў вёсцы. Жыццё пры немцах было няпростае. Асабліва лютавалі гітлераўцы, калі савецкія войскі адзін за адным пачалі вызваляць беларускія гарады.

Калі на Лепельшчыне пачалася блакада, Ганна Хацько ўзяла дзяцей, карову і пайшла ў лес. «Падчас чарговай бамбёжкі яны схаваліся ў яму, бабуля закрыла дзяцей рукой, яе саму моцна параніла ў плячо, — расказвае Ірына Даўгала. — Кроў, як успамінае цётка, ішла фантанам, дзеці моцна спужаліся. На шчасце, іх хутка знайшлі партызаны, якія адвезлі бабулю на падводзе ў партызанскі шпіталь. Там яны сустрэліся з дзедам. Ён арганізаваў ім каня, і Ганну Сцяпанаўну з дзецьмі павезлі дахаты».

Дэпутат Ірына ДАЎГАЛА з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Аэлітай САМСОНАВАЙ на святкаванні Дня Незалежнасці ў Гомелі.

Праўда, дадому яны не дабраліся. На падводзе ехалі жанчына і дзве яе малодшыя дачкі, старэйшыя ішлі пешшу. На досвітку пад’ехалі да ракі. Ганна Хацько ўзяла малодшую дачку на руку (другая была падвязана), на кабыле сядзела Ніна. Старэйшыя ў гэтай мітусні згубіліся... Так і спрабавалі перайсці вадаём, як раптам кабыла пачала тануць, а разам з ёй, вядома, і дзяўчынка. Людзі не разгубіліся і выцягнулі іх на бераг. Уся рака была ў трупах...

На падводу паклалі параненага партызана і пайшлі далей. Спыніліся на ўзлеску, як раптам іх акружылі немцы. Мужчын, а таксама тых, у каго знайшлі медыкаменты, адразу расстралялі. Астатніх паставілі ў ланцуг, і людзі, ужо развітваючыся з жыццём, нерухома прастаялі так да вечара. На шчасце, іх адпусцілі і загналі ў хлеў найбліжэйшай вёскі. Людзі былі ўпэўнены: іх спаляць. Аднак і тут, як кажуць, Бог сцярог. Раніцай жыхароў выпусцілі, спалілі некалькі хат і пагналі ва Ушачы. Там, у вялікім будынку без даху, Ганна Хацько з малодшымі дочкамі сустрэлі старэйшых дзяўчат.

— Ганна Сцяпанаўна прасіла ў людзей хоць што-небудзь паесці: на яе плячах — чатыры галодныя раты, — расказвае Ірына Даўгала. — Але адкуль у каго была тая ежа! Ранкам большую частку людзей адправілі ў канцлагер, астатніх, у тым ліку бабулю, цётак і маму, прыгналі ў нейкую вёску, дзе ў адну хату размясцілі па пяць сем’яў. Есці не было чаго. Дзеці пабіраліся. Пайшоў тыф. Але маіх хвароба абмінула.

Праз некалькі дзён, баючыся захварэць, Ганна Хацько забрала дзяцей і пайшла ў сваю вёску — у Радуні жылі яе бацькі. Але там было цесна, і адна сям’я іх пусціла жыць у другую палову хаты. Плячо ніяк не зажывала. Жанчына хадзіла ў нямецкі шпіталь па лекі, таемна прыносіла іх і для партызан. З сабой яна часта брала Людмілу: убачыўшы малую, людзі часта давалі паесці. Аднойчы Ганну схапілі немцы. Тым часам маленькая Люда сядзела на лаўцы і ела хлеб з маслам, якім яе пачаставаў урач. Калі забіралі маму, дзяўчынка пачала крычаць. Ганна не падала выгляду, што ведае яе: жанчына не хацела, каб забралі і малую.

— Бабулю пасадзілі ў турму: відаць, нехта выдаў, што яе муж — падпольшчык, — мяркуе парламентарый. — Цётка ***

Да вызвалення Беларусі заставаліся лічаныя дні... Чатыры сястрычкі пасяліліся ў дзядулі. Старэйшая, Клаўдзія, узяла на сябе ўвесь клопат па гаспадарцы, малодшым яна была за маму. Аднак, вядома, яе ніхто не змог замяніць. Нават бацька, які вярнуўся з вайны і забраў дзяцей да сябе.

Імя Ганны Хацько сімвалічна пазначана на помніку каля брацкага пахавання ў Лепелі. Магілы жанчына не мае... У сям’і Ірыны Даўгалы спадзяюцца, што калісьці яны яе абавязкова адшукаюць, як і даведаюцца, калі і пры якіх абставінах абарвалася жыццё дарагога для іх чалавека.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: «Бабуля магілы не мае...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.