Вы тут

Праваахоўнікі папярэджваюць: «кар’ера» закладчыка наркотыкаў вельмі кароткая


«Затое мне не трэба будзе ісці ў армію» — так нярэдка спрабуюць жартаваць затрыманыя за распаўсюджванне наркотыкаў падлеткі, не разумеючы, што іх чакае ў найбліжэйшай будучыні. Больш за тое, за незаконны абарот наркотыкаў у нашай краіне прадугледжана вельмі жорсткае пакаранне. І гэтую інфармацыю трэба даносіць да моладзі...


Pixabay.com

Ад школьнікаў — да студэнтаў

— Непаўналетнія разважаюць прыкладна так: усё дрэннае можа адбыцца з кім заўгодна, толькі не са мной. Многія лічаць, што яны больш разумныя і хітрыя за сваіх папярэднікаў, таму ім нічога не пагражае, — кажа начальнік упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр САЗОНАЎ. — Падлеткі валодаюць пэўнай самастойнасцю, а з улікам летніх канікул маюць яшчэ і шмат вольнага часу. Пры гэтым у іх прысутнічае цалкам натуральнае жаданне атрымаць пэўную фінансавую незалежнасць ад бацькоў і самасцвердзіцца. Значную ролю адыгрывае ў сучасным свеце і сістэма каштоўнасцяў — філасофія спажывання выгод. Усё гэта на фоне недастатковага жыццёвага вопыту стварае спрыяльнае асяроддзе для ўцягвання маладых людзей у злачынную сферу. Маладым прапануюць лёгкі і хуткі заробак. Такія прапановы распаўсюджваюцца актыўна ў сацыяльных сетках і месенджарах.

— Уцягнутасць непаўналетніх у незаконны абарот наркотыкаў выклікае трывогу, — падкрэслівае начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр КУПЧЭНЯ. — У цяперашні час у сталіцы назіраецца негатыўная тэндэнцыя, звязаная з ростам злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркатычных, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.

Па выніках пяці месяцаў гэтага года скончана расследаванне і накіраваныя ў суд 17 крымінальных спраў у дачыненні да 15 непаўналетніх, 12 з якіх звязаны са збытам наркотыкаў. За аналагічны перыяд 2020 года такіх злачынстваў было сем і толькі два злачынствы, звязаныя са збытам наркатычных рэчываў. Пераважная колькасць злачынстваў здзейснена падлеткамі, якія дасягнулі 16 і 17 гадоў (6 і 9 адпаведна). Ёсць сярод іх і тры дзяўчыны. Пры гэтым толькі тры падлеткі з пятнаццаці траплялі раней у поле зроку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і прыцягваліся да адміністрацыйнай альбо крымінальнай адказнасці.

У справаводстве сёння знаходзіцца 11 крымінальных спраў у дачыненні да непаўналетніх. 12 удзельнікаў злачынстваў былі навучэнцамі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, двое — студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў і адзін — вучнем сярэдняй агульнаадукацыйнай школы.

Аляксандр Купчэня заўважыў, што па дзевяці крымінальных справах ужо прыняты судовыя рашэнні і вынесены абвінаваўчыя прысуды. За збыт наркатычных сродкаў сем непаўналетніх прысуджаны да пазбаўлення волі на тэрмін ад шасці да сямі гадоў з адбыццём пакарання ў выхаваўчай калоніі. За захоўванне наркатычных сродкаў двое непаўналетніх прысуджаны да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Канспірацыя не дапаможа

«У месенджарах і сацыяльных сетках наркадылеры прапануюць падлеткам працаваць быццам бы з легальнымі стымулюючымі рэчывамі, такімі як тытунёвыя сумесі, прымушаюць іх паверыць у адсутнасць якіх-небудзь рызык і поўную канфідэнцыяльнасць. Пры гэтым ствараюць ілюзію магчымасці хутка зарабіць, ацэньваючы адну закладку ў 250–450 рублёў, а „заробак“ у месяц прапануюць да дзевяці тысяч, — падкрэсліў Аляксандр Купчэня. — Але рэальнасць такая, што крымінальная кар’ера закладніка вельмі кароткая, некаторыя трапляюцца ўжо з першага разу. Варта памятаць, што бескантактавы спосаб збыту наркатычных сродкаў і іншыя меры канспірацыі не перашкодзяць хутка вылічыць асобу, якая распаўсюджвае наркотыкі».

У якасці прыкладу Аляксандр Купчэня расказаў гісторыю 14-гадовага падлетка, вучня адной са сталічных гімназій, які раней не прыцягваўся ні да адміністрацыйнай, ні да крымінальнай адказнасці. У лістападзе мінулага года хлопец быў затрыманы за незаконнае захоўванне гашышу з мэтай збыту. Суд вынес яму прысуд у выглядзе пазбаўлення волі на шэсць гадоў з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі. Таксама ў лістападзе ў поле зроку праваахоўнікаў трапіў 17-гадовы навучэнец аднаго з мінскіх каледжаў, які незаконна з мэтай збыту набыў асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва. Вынік — сем гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі.

Начальнік упраўлення дадаў, што ў штодзённым жыцці па збегу абставін чалавек можа стаць сведкам здзяйснення закладкі наркотыкаў. «У выпадку выяўлення тайніка з забароненымі сродкамі або стаўшы сведкам таго, як хаваюць «закладку», нічога не чапайце на месцы выяўлення тайніка і ні ў якім разе не бярыце знаходку ў рукі. Паспрабуйце добра запомніць усё, што бачылі, напрыклад, падазроных людзей, машыны, якія праязджалі побач, іх нумары. Затым трэба патэлефанаваць на нумар 102 і падрабязна аб усім расказаць, пры гэтым застаючыся на месцы і чакаючы прыезду супрацоўнікаў міліцыі, каб паказаць дакладнае месца размяшчэння «закладкі».

Жорсткае пакаранне

«Наркаманія — праблема комплексная, таму мы лічым, што асноўны патэнцыял барацьбы з ёй крыецца ў рабоце з бацькамі як найбольш зацікаўленай катэгорыяй, — падкрэслівае Аляксандр Сазонаў. — Менавіта яны лепш за ўсіх ведаюць сваё дзіця, асаблівасці яго паводзін, чым яно займаецца ў вольны час, цікавяцца яго жыццём. Могуць заўважыць адхіленні ў паводзінах: гэта можа быць нейкая ўтоенасць у пэўных пытаннях, з’яўленне грашовых сродкаў, новага адзення, нейкіх адхіленняў у яго фізічным стане. Таму прашу дарослых завастрыць увагу на тым, чым займаюцца іх дзеці падчас знаходжання на адпачынку».

Кажучы пра ўзрост і сацыяльны партрэт, праваахоўнікі не бачаць тут якой-небудзь заканамернасці — наркагандаль і наркаманія не маюць якіх-небудзь сацыяльных рамак. «У кожнага чалавека ў жыцці здараюцца моманты, калі з той ці іншай прычыны ён можа быць уцягнуты ў незаконны абарот: сварка ў сям’і, фінансавыя цяжкасці. Тут павінна быць разуменне таго, што наркотыкі і любыя маніпуляцыі з імі толькі ўскладняюць сітуацыю, а ў канчатковым выніку прывядуць да галоўнай праблемы — з законам», — дадаў Аляксандр Сазонаў.

«Ва ўпраўленні па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама створана падраздзяленне аналітычнай разведкі, якое арганізоўвае работу па выяўленні асоб, якія займаюцца арганізацыяй інтэрнэт-крам і збытам наркотыкаў праз інтэрнэт. Намі ўстанаўліваюцца ланцужкі асоб, якія арганізоўваюць пастаўкі на тэрыторыю Беларусі і распаўсюджванне наркотыкаў праз збыт, — падкрэсліў Аляксандр Сазонаў. — Гэтая работа вядзецца пастаянна. Мы працягнем забяспечваць бяспеку ў Мінску і не дапусцім масавага распаўсюджвання наркотыкаў, у тым ліку і сярод моладзі».

Супрацоўнікі ГУУС нагадалі пра адказнасць за правапарушэнні ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў. Да ўсіх, хто здзейсніў злачынства, будуць прымяняцца нормы арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у рамках якога прадугледжана пакаранне ў выглядзе ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі за незаконны (без мэты збыту) выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку або перасылку наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. Ад пяці да васьмі гадоў са штрафам або без яго караюцца правапарушэнні, звязаныя са збытам. Ад васьмі да пятнаццаці гадоў пагражае за парушэнне закона ў гэтай сферы, здзейсненае групай асоб або ў буйным памеры, а таксама ў дачыненні да найбольш небяспечных наркотыкаў. Асабліва калі наркотыкі распаўсюджваліся на тэрыторыі ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, вайсковай часці, папраўчай установы, арыштнага дома, у месцах утрымання пад вартай, лячэбна-працоўным прафілакторыі, у месцы правядзення масавага мерапрыемства, а патэнцыяльным іх пакупніком быў непаўналетні.

Да 20 гадоў могуць прысудзіць членам арганізаванай групы за дзеянні, спалучаныя з вырабам альбо перапрацоўкай наркатычных сродкаў. А за дзеянні, якія прывялі да смерці чалавека ў выніку ўжывання наркатычных сродкаў, прадугледжана пакаранне да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: У пагоні за лёгкім заробкам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».