Вы тут

Данііл Мышкавец: Галоўнае — быць сабой


Сёлета ён прадставіць Беларусь на ХХХ Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні ў Віцебску. «Славянскі базар» для суразмоўніка — гэта не першы конкурс, у творчым лёсе спевака ўжо былі падобнага кшталту фестывалі. Хлопец ставіцца да такіх мерапрыемстваў як да звычайных канцэртных выступленняў і не мае мэты абавязкова перамагчы. Як кажа ён сам, галоўнае — гэта вопыт, зносіны і новы глыток творчага «паветра».


«ДАЛІ МІКРАФОН І СКАЗАЛІ: СПЯВАЙ»

У тры гады Данііл апынуўся на сцэне: «Я ўвесь час насвістваў сабе нешта. І аднойчы далі мікрафон і сказалі: спявай, мяне доўга ўгаворвалі. Карацей, я неяк праспяваў, мне папляскалі, і ўсё сышло на другі план, пасля пачалася школа...» Падчас вучобы ў пачатковых класах хлопчык паступіў у музычную школу, а ў сёмым класе пачаў займацца ў дзіцячай вакальнай студыі «Званочкі». Малады чалавек не ўтойвае, што ў той час вельмі хацелася на вуліцу — загружанасць была вялікая. Гісторыю з музычнай школай Данііл называе смешнай, бо і сам не ведае, як атрымалася, што скончыў яе на «выдатна». Пасля выкладчыца студыі прапанавала яму паспрабаваць паступіць у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, але з першай спробы не атрымалася. Потым, як расказвае сам герой, выкладчыца з’ехала ў іншы горад, а яму прыйшлося ісці ў новую студыю. Але ён не страчваў надзеі, і праз год, пазаймаўшыся ў Цэнтры дзіцячай творчасці ў студыі «Мікрафон», дзе яго за кароткі час падрыхтавалі да ўступных іспытаў, паступіў на аддзяленне мастацтва эстрады (спевы).

 

«СТАВАК НА СЯБЕ НЕ РАБІЎ»

Пасля пайшлі конкурсы, адначасова Данііл уладкаваўся выкладчыкам у студыю, атрымаў першы вопыт на тэлебачанні... Увогуле, другі курс быў «выбуховы» ў творчым плане — яго часта запрашалі на Белтэлерадыёкампанію як удзельніка шматлікіх маладзёжных праектаў. А вось 2020 год спявак называе «мёртвым» часам, бо з-за каранціну ўсё спынілася. «Аднак «Славянскі базар» нікуды не сыходзіў, летась хацеў трапіць на гэты конкурс, але не атрымалася. Адбор складаецца з трох тураў: спачатку гарадскі этап, пасля рэспубліканскі і — тэлеадбор», — расказвае хлопец. Ён згадвае, што, калі прайшоў рэспубліканскі этап, вырашыў: не страціць нічога, як той казаў, «спроба не хвароба». Аднак пэўных ставак малады чалавек не рабіў. «Са мной на абласным адборы былі і мае аднагрупнікі, прайшлі я і яшчэ адна дзяўчына. Пасля і яе адсеялі, а было нас усяго 35 чалавек, і ўсе такія таленавітыя!» Данііл лічыць, што гэта цудоўны вопыт, які павінен займець кожны артыст.

«ПРА ТЫХ, ХТО ЗАЙМАЕЦЦА СУР’ЁЗНА»

Сёлета хлопец заканчвае каледж па спецыяльнасці «Артыст. Кіраўнік эстраднага калектыву. Настаўнік». Аднак практыку пачаў асвойваць чатыры гады таму — столькі працуе яго студыя «Творчая майстэрня Danіe_sіnger_studіo». Вучняў няшмат, бо набірае да сябе толькі мэтанакіраваных творчых асоб. Як кажа сам вакаліст, свабоднага часу не застаецца зусім з-за цеснага графіка. «Сябе акружыў людзьмі, якія хочуць займацца сур’ёзна».

Сцэнічны вопыт, нягледзячы на юны ўзрост, у хлопца даволі вялікі. У каледжы ён здае заліковыя канцэрты на сцэне, аднак гэтага, па словах творцы, мала, хочацца больш. Артыст выступае з акустычнымі праграмамі, за мяжой перамагаў на розных конкурсах. Самым яркім лічыць міжнародны конкурс «Eurojurmala-2019», што праходзіў у Латвіі. Там спявак атрымаў залаты медаль за кампазіцыю «Human». Як расказвае Данііл, у першую чаргу ён ездзіў туды адпачыць, таксама цікава было паглядзець на лецішча Пугачовай, пакупацца ў моры.

Калі вы заўважылі, наш герой ніколі не разлічвае на перамогу. Найперш, як ён сам гаворыць, кожны новы вопыт — гэта нейкая тусоўка, зносіны, знаёмствы. Яму цікава, напрыклад, паглядзець, як уладкаваны вядомыя сцэны, як працуюць прызнаныя ва ўсім свеце музыканты і г. д. Вядома, што ўсяму гэтаму папярэднічае сур’ёзная падрыхтоўка. Але атрымаць такі досвед для творцы — кайф.

Разам з вядучай перадачы «Наперад у мінулае» Аксанай Вечар.

«ПЕСНЯ З ФІНАЛЬНАГА АДБОРУ»

Кампазіцыі наш герой заўсёды выбірае сам, а вось падрыхтоўкай канкурсанта займаецца выкладчык Дзяніс Міхайлавіч Ліс. «Медыйная асоба, — усміхаецца Данііл, — ён мяне вельмі падтрымлівае».

Умовы «Віцебска-2021» — славянскі хіт, які выконваецца пад аркестр, і сусветны. «Буду спяваць песню, якая была на фінальным адборы. Першая кампазіцыя «Я магу купіць каханне», музыка Леаніда Захлеўнага і словы Леаніда Пранчака. У ёй зачапіў сучасны тэкст, я перарабіў да яе аранжыроўку. Гэтая песня са мной супала. Яна пра тое, што я магу купіць каханне, але ці патрэбна яно такое? Другая — класіка рока — сінгл гурта Scorpіons «Maybe І maybe you». Я даўно не чуў, каб яе выконвалі на якіх-небудзь конкурсах. Ну а, галоўнае, у гэтую секунду ўсе будуць чуць мяне, таму важна добра выступіць, каб людзі ацанілі і каб мне спадабалася».

На думку маладога канкурсанта, у любым выпадку ўсё залежыць ад самога чалавека, трэба шмат працаваць, выпускаць добрыя песні, прасоўваць іх, рэкламаваць. Наш герой лічыць, што калі пабываў на «Славянскім базары», у цябе з’яўляецца свая аўдыторыя, а гэта ўжо абавязвае быць навідавоку, здзіўляць людзей чымсьці новым, радаваць.

«СЯБРАВАЦЬ — З ТАЛЕНАВІТЫМІ ЛЮДЗЬМІ!»

Данііл расказвае, што яму ўвесь час прыходзіцца апраўдваць сваю кваліфікацыю ў дыпломе.

Аднойчы студэнта Мышкаўца папрасілі падмяніць выкладчыка, і ён не хваляваўся, бо яшчэ ў школе ўдзельнічаў у трэнінгах для малых, вёў заняткі ў Дзень настаўніка. І калі замяняў педагогаў, адчуваў, што выкладчыцкая дзейнасць будзе і яго прафесіяй. «У мяне ўрокі праходзяць цёпла, я з усімі сваімі вучнямі сябрую і лічу, што гэта мінулае стагоддзе, калі кажуць пра размежаванне паняццяў: настаўнік — педагог. У мяне была 75-гадовая вучаніца, цяпер займаецца 50-гадовая фотамадэль. У творчай майстэрні мы рыхтавалі песню да яе юбілею. Многія маладыя людзі могуць пазайздросціць актыўнасці гэтай жанчыны — замест адной кампазіцыі да яе свята падрыхтавалі амаль сольнік з чатырох песень. А самай малодшай маёй вучаніцы — 14 гадоў», — расказвае спявак аб дзейнасці сваёй творчай майстэрні. Адначасова з работай у прыватнай студыі Данііл сумяшчае і работу ва ўзорна-паказальным вакальным дзіцячым ансамблі «Песенька». Па словах маладога выкладчыка, там працуюць вельмі цудоўныя людзі — кіраўнік ансамбля Алена Кавалёва, Павел Ніканенка — найлепшы настаўнік краіны і іншыя. «У гэтага калектыву столькі прызоў, кубкаў, рэгалій, — дзеліцца Данііл. — Адбор у калектыў быў вельмі жорсткі, я прабіваўся туды вельмі доўга. Пасля, калі паглядзелі мае методыкі, узялі. Цяпер я забыў, што такое сон», — усміхаецца хлопец.

У свае 20 Данііл працаваў з многімі заслужанымі аркестрамі Беларусі — нацыянальным акадэмічным аркестрам А. Анісімава, М. Фінберга, з Прэзідэнцкім аркестрам яму асабліва камфортна. «Класна, калі энергетыка ідзе ў зал, гэта заўсёды непрадказальна», — кажа ён. Вакаліст не баіцца славы, а галоўны дэвіз для яго — быць сабой і рабіць тое, што падабаецца.

Фота Ірыны Падольскай.

«Я САМ САБЕ ІМІДЖМЕЙКЕР»

Так гаворыць Данііл. Аднак калі чалавек — творчы, у яго заўсёды ёсць памочнікі. «Дарэчы, прычоску мне зрабіла ўласны каларыст-парыкмахер, яна і псіхатэрапеўт, і мая навучэнка. Але ў нас не бартар, бо кожны павінен атрымліваць за свае паслугі грошы, — смяецца спявак. — Дарэчы, для выступлення на віцебскім фестывалі для артыста выдзелілі спецыяліста, які будзе займацца яго стылем, пашые два касцюмы для конкурснай праграмы.

Нядаўна хлопец зразумеў, што сам хоча паспрабаваць сябе ў якасці візажыста. А яшчэ Данііл чакае моманту, калі можна будзе прадставіць на суд гледачу свае ўласныя песні, музыку для якіх ён піша сам.

Надзея ЗУЕВА

Фота з ўласнага архіва спевака

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».