Вы тут

Калі твае ўлюбёныя гадаванцы — слімакі...


У 18-гадовай суразмоўніцы Анастасіі Стахно алергія на пушыстых жывёл, таму ката альбо сабаку ёй лепш не заводзіць, а вось малюскаў — самае яно! Сёння ў яе калекцыі 31 слімак 11 розных відаў.


— Жыву ў Мінску, вучуся ў дзяржаўным каледжы мастацтваў па спецыяльнасці «Графічны дызайн» на апошнім курсе. Тры гады таму зайшла ў госці да стрыечных сясцёр, а ім нехта падарыў пяць слімакоў. Аднаго прапанавалі ўзяць мне. Так у мяне з'явілася Норка, дарэчы, імя ёй дала толькі праз 1,5 года і выбрала менавіта яго таму, што ў дзяцінстве яна любіла закопвацца ў грунт. Праз пару месяцаў прыехала да сясцёр яшчэ па аднаго слімака, каб атрымалася пара. Так і пачалася наша з малюскамі гісторыя (усміхаецца). Яны ўсе ў мяне вельмі кантактныя, таварыскія. Пасадзіш на руку, сядзяць, рожкамі варушаць, гэта вельмі супакойвае. Вельмі рада, што знайшла сабе такіх гадаванцаў.

Практычна ва ўсіх слімакоў ёсць імёны, напрыклад Шаня, Маня, Акроль, Манга, Кейт, Леа, Клёпа, Шлёпа, Шуша і іншыя. Жывуць яны ў спецыяльных кантэйнерах, для камфортнага пражывання ім шмат не трэба, перш за ўсё — гэта грунт.

— Можна выкарыстоўваць розны, я аддаю перавагу торфу, многія — моху. Ну і вядома, ім патрэбна вільготнасць, пэўная тэмпература, але ніякіх там кантэйнераў з падагрэвам, ультрафіялетавай лямпы і гэтак далей. Лічу, што калі чалавек вывучыў хоць бы базавую інфармацыю аб слімаках, пракансультаваўся з заводчыкамі і ўсё правільна выканаў, такія ўмовы вельмі лёгка стварыць. Але ў некаторых уключаецца самадзейнасць, яны пачынаюць класці камяні, аб якія слімакі могуць параніцца, пашкодзіць унутраныя органы.

А некаторыя летам трымаюць іх на траве, якая ім увогуле не падыходзіць для перасоўвання... Хоць я і сама праз многія памылкі праходзіла, і цяпер дакладна ведаю, чаго рабіць нельга, а што можна. Напрыклад, калі толькі пачала разводзіць слімакоў, давала ім мандарыны. А потым аказалася, што цытрусы ўтрымліваюць шмат кіслот і небяспечныя для іх уразлівай стрававальнай сістэмы. Таксама далёка не адразу зразумела, што нельга карміць іх аднымі толькі агуркамі. Я, як і ўсе пачаткоўцы, адкрыла для сябе, што слімакі любяць іх есці. Але агуркі дрэнна ўплываюць на органы стрававання, бо такая гародніна занадта мяккая і вадзяністая, а слімаку трэба грызці цвёрдую ежу. Нездарма ж у іх столькі зубоў (каля 10-25 тысяч маленькіх зубчыкаў).

Раз на месяц дзяўчына праводзіць генеральную прыборку — на гэта сыходзіць чатыры-пяць гадзін. У яе ўваходзіць гара намыленых кантэйнераў у ваннай, аблокі пены і вадаспады гарачай вады, пяць мяшкоў смецця, кілаграмы свежага торфу, чыстыя прыгожыя малюскі, сшытак з замерамі і радасць ад іх росту. У астатнія дні дастаткова падсыпаць ім гародніны або падкласці зеляніны. Вядома, тым, у каго няма такіх незвычайных гадаванцаў, а тым больш у такой колькасці, цяжка ўявіць, як ад гэтага можна атрымліваць задавальненне, прызнаецца суразмоўніца. Але трымаць іх у кватэры — гэта не затратна, кажа Насця. У год на іх сыходзіць каля 200 рублёў.

— Зразумела, малюскі могуць быць дарагімі. Але шмат чаго можна нарыхтоўваць самому, той жа мох. Або вырошчваць гародніну. Слімакі — дастаткова калектыўныя, некаторыя іх віды вельмі сумуюць, калі знаходзяцца без сваіх суродзічаў. Таму ў ідэале лепш трымаць іх па дзве-тры і больш асобіны, але не змешваць віды. У такім выпадку яны могуць даваць гібрыднае патомства і не сябраваць паміж сабою. Сярод асаблівасцяў паводзін — малюскі прачынаюцца, калі на вуліцы цямнее. Для мяне гэта нармальна, стараюся іх не трывожыць лішні раз. Што датычыцца прыёмаў ежы, то раблю гэта раз на дзень, вечарам, малыя, дарэчы, ядуць часцей. Падкормкі павінны быць заўсёды ў свабодным доступе. Сярод слімакоў ёсць больш актыўныя, кантактныя, а ёсць не такія ручныя. Адзін заўсёды спіць на спіне, гэта пацешна. Малеча часта бывае куслівая, таму што яны ўвесь час хочуць есці. Гэта не балюча, але непрыемна. Моцна выражанага паху ў слімакоў няма, гукаў таксама амаль не выдаюць. Але ж калі слімак спалохаўся, з-пад ракушкі можа пайсці пена і будзе чутны шыпячы гук бурбалак.

Самыя вялікія па памеры слімакі Насці дасягаюць 16 сантыметраў у даўжыню, самыя маленькія — па шэсць сантыметраў. У залежнасці ад віду яны могуць адкладваць ад дзесяці да пяцісот яек.

— У мяне аднойчы вылупілася дзвесце. Спачатку здавалася, што гэта крута, але хутка стала зразумела: іх трэба кудысьці падзець. Добра, што іх усіх разабралі за тры месяцы. Цяпер я больш адказна стаўлюся да пытанняў развядзення. Кур'ёзы з маімі гадаванцамі таксама здараліся. Неяк прыйшла крыху раней з каледжа і пачула шамаценне ў куце, дзе стаяць падкормкі для малюскаў. Аказалася, што адзін з іх вылез з кантэйнера і папоўз да «смачненькага». Усім, хто кажа, што яны павольныя, раю выпусціць слімака і сысці на пяць хвілін, — вы потым яго не знойдзеце. Увогуле колькасць маіх гадаванцаў пастаянна мяняецца, бо вырашыла, што хачу скараціць калекцыю да пэўных відаў, пакінуць самых любімых, дакупіць новых асобін і спыніцца. Каб аддаваць больш часу тым, хто застаўся, іх вывучэнню, развядзенню, — хачу больш сур'ёзна да гэтага падысці.

Анастасія кажа, каго хацела набыць больш за ўсіх — жоўтых слімакоў. «Гэта мой самы любімы колер. І так выйшла, што заводчыца, з якой я пазнаёмілася, падарыла мне такіх да майго дня нараджэння. Гэта быў шыкоўны падарунак! Таксама ў планах папоўніць калекцыю круглымі дрэвавымі слімакамі. Яны звычайна вялікага памеру, вельмі прыгожыя».

— Знайсці аднадумцаў у справе развядзення — гэта вельмі важна, — падзялілася суразмоўніца. — У Беларусі, на здзіўленне, многія гэтым займаюцца або проста набываюць для сябе. Малюскаў часта бяруць дзецям, малыя, праўда, іх не даглядаюць належным чынам, і гадаванцы або выглядаюць дрэнна, або ўвогуле гінуць. Разумею, што не ўсе ведаюць пра догляд такіх незвычайных гадаванцаў, таму ў сацсетках я транслюю карысную інфармацыю, арганізоўваю розныя конкурсы, розыгрышы.

Суразмоўніца расказала, што родныя і сябры ставяцца да яе захаплення добра, толькі намякаюць, што можна было б трымаць паменш асобін, бо, маўляў, кантэйнерамі са слімакамі застаўленыя ўсе сталы. «Тата дапамагае ездзіць па грунт для гадаванцаў, бо я купляю яго адразу велізарнымі мяшкамі. Бабуля, калі ходзіць на рынак, набывае слімакам смачную ежу. Мой малады чалавек таксама мяне падтрымаў у маім захапленні, нават сабе ўзяў некалькі малюскаў».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?