Вы тут

Як у Шклоўскім раёне ідуць апошнія прыгатаванні да рэспубліканскага свята Купалля «Александрыя збірае сяброў» + праграма свята


9 ліпеня вельмі адказны момант у падрыхтоўцы да свята — прыём пляцоўкі на беразе Дняпра ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна ў эксплуатацыю. Гэта значыць, што аргкамітэт разам са спецыялістамі ўсіх кірункаў правераць кожны метр аб'екта на бяспеку і надзейнасць. У карэспандэнта «Звязды» была магчымасць назіраць за падрыхтоўкай купальскага міні-гарадка ў аўторак. Тут кіпела работа па ўстаноўцы сцэн, гандлёвых палатак, павільёнаў, атракцыёнаў і ўсяго, без чаго не зможа адбыцца вялікая і насычаная сюрпрызамі святочная праграма.


На кантролі ў віцэ-прэм'ера

— Наша свята вельмі значнае ў маштабах краіны, — заўважыў намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Аляксандр Іваненка, які спецыяльна для чытачоў «Звязды» правёў экскурсію па фестывальным маршруце і прыадкрыў эксклюзіўныя і яшчэ нікім не растыражаваныя сакрэты. — Старшыня аргкамітэта на рэспубліканскім узроўні — намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка — пастаянна на сувязі з намі. Арганізацыйныя нарады праходзілі як з выездам на месца, так і па відэасувязі. Гэта вельмі зручна, калі тэрмінова трэба зверыць гадзіннікі па якім-небудзь пытанні. І чым бліжэй свята, тым болей яму ўдзяляецца ўвагі. У пятніцу ўсё павінна быць гатова да прыёму гасцей. А гэта не толькі сцэны і павільёны, але і ўся інфраструктура — прапускныя і абменныя пункты, санітарная зона, камеры захоўвання, інфармацыйныя знакі. Перад тым, як камісія пачне работу, усе староннія пакінуць пляцоўку, і яна будзе знаходзіцца пад аховай міліцыі. А раніцай у суботу за некалькі гадзін да пачатку пачнецца напаўненне гандлёвых і экспазіцыйных радоў таварамі.

Цяжка ўявіць, колькі людзей задзейнічана ў падрыхтоўцы да фэсту і ў яго правядзенні. Толькі супрацоўнікаў ЖКГ, якія будуць падтрымліваць чысціню на пляцоўцы, — болей чым 100 чалавек. За грамадскім парадкам будуць сачыць супрацоўнікі міліцыі і ратавальнікі на вадзе, бо побач Днепр. На свята чакаюць каля 80 тысяч чалавек. Не заблукаць на купальскай лугавіне дапамогуць валанцёры і ўказальнікі.

Дарэчы, для тых, хто будзе дабірацца ў Александрыю на асабістым аўто, уздоўж дарог, якія сюды вядуць, устаноўлены вялікія маляўнічыя ўказальнікі з саломы з пазнакай «на свята». Яны, запэўніў намеснік старшыні райвыканкама, устаноўлены з боку ўсіх пад'язных да аграгарадка дарог. Вялікія паркоўкі для транспарту знаходзяцца ў найбліжэйшых населеных пунктах — Вялікім Мяжніку і Копысі. Непасрэдна да месца падзей аўтааматараў будуць падвязуць аўтобусы. Але большасць гасцей прыбывае на грамадскім транспарце. Таму прадугледжаны дадатковыя маршруты з Магілёва і Оршы (расклад руху глядзіце на сайце KUPALLE.BY).

Шклоўскія пернікі і ручнікі

Да дзясятага, юбілейнага, свята падрыхтаваная вялікая культурная праграма, у якой задзейнічаныя тысячы людзей. Гэта не толькі вялікі гала-канцэрт з Алегам Газманавым, Сярогам і зоркамі беларускай эстрады. Перад гасцямі выступіць шмат народных, фальклорных, мастацкіх калектываў. Сваю творчасць пакажуць рамеснікі з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы. Сімвалам гэтага купальскага свята стане ручнік. Усе раёны прывязуць ручнікі са сваімі мясцовымі адметнасцямі. І шклаўчанам ёсць што прадэманстраваць.

— Для конкурсу «Ручнік як шлях чалавека» мы зрабілі 10 ручнікоў купальскай тэматыкі — сямейна-абрадавы, вясельны, спавівальны, пахавальны, — расказала дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Шклоўскага раёна Аксана Кудзянкова. — Нашы майстрыхі спецыяльна ездзілі ў экспедыцыі, распытвалі старых. Вельмі стараліся адпавядаць канонам. На мой погляд, у нас атрымалася.

Мясцовыя майстры падрыхтавалі болей чым 100 адзінак сувенірнай прадукцыі: пачынаючы ад абярэгаў і вяночкаў, заканчваючы сумкамі і лялькамі.

— Летась кіраўнік аматарскага аб'яднання «Эколаг» Вольга Кунцэвіч зрабіла ўсяго шэсць лялек у стылі Цільда, іх раскупілі ў адзін момант, — згадвае дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы. — Сёлета яна паклапацілася зрабіць як мага болей, прычым розных па памерах і адзенні. А кіраўнік аматарскага калектыву «Сонейка» Вольга Ляшкевіч забяспечыць усіх ахвотных сумкамі з лёну. Яны ў яе на любы густ: і з вышыўкай, і з беларускай тасьмой. А яшчэ яна робіць цікавыя сучасныя лялькі.

Аксана Кудзянкова расказала, што для гасцей шклаўчане спяклі аўтарскія пернікі. Невялічкая партыя такіх была зроблена да міжнароднага мерапрыемства ў красавіку і мела вялікі попыт. Да купальскага свята зробленыя 300 пернікаў з геральдычнымі знакамі Шклоўскага раёна. Спецыяльна для малых прадугледжаны пернікі-размалёўкі з наборам харчовых фарбавальнікаў. Каштаваць гэта мастацкая смаката будзе каля 4-5 рублёў.

Усе таленты ў госці да нас

Наогул, дяесяты па ліку фестываль «Александрыя збірае сяброў» абяцае быць вельмі цікавым і насычаным. Пандэмія крыху стрымала яго размах, але да нас едуць тыя, хто застаецца верным сяброўству, нягледзячы ні на якія іспыты. Кажуць, што ўкраінскія майстры запэўнівалі: «Нават калі б закрылі ўсе межы, мы б прыляцелі да вас на крылах». Яны едуць з Івана-Франкоўска і Чарнігаўшчыны. Чакаем малдаўскіх і расійскіх сяброў. Апошнія, дарэчы, прыляцяць з далёкай Камчаткі, Дагестана, Ніжняга Ноўгарада. На Купалле прыедуць прадстаўнікі дыпмісій з Расіі, Казахстана, Азербайджана, Арменіі, іншых краін. Яны зацікаўленыя і ў культурным беларускім патэнцыяле, і ў эканамічным. Галоўныя пасылы свята — выказаць гасціннасць, аб'яднаць сяброў і паказаць, што беларусы — годныя і таленавітыя людзі.

Сёлета на кавалачку александрыйскай зямлі будуць дэманстраваць сваю прадукцыю і дасягненні флагманы айчыннай прамысловасці, кожная вобласць краіны. Для іх адведзена цэлая купальская вуліца. Тут можна будзе набыць тавар (не толькі харчовы) па цэнах ніжэйшых, чым у гандлёвай сетцы. У аўторак, напрыклад, манціраваў свае павільёны Слонімскі мясакамбінат з Гродзенскай вобласці.

— Рыхтаваліся за месяц, закупілі новыя палаткі, фотазону, мангалы, насцілы, — паведаміў начальнік гандлёвага аддзела Сяргей Нарута. — Будзем прапаноўваць эксклюзіўныя віды нашай прадукцыі, прыедзе дзве машыны з мяснымі вырабамі: смачныя каўбаскі, шашлыкі, смажаныя стэйкі. На фотазоне будзе працаваць лататрон, і для таго, хто выйграе, шэф-повар прыгатуе стэйк.

Прадукцыю шклоўскага вытворцы ААТ «Александрыйскае» таксама ведаюць далёка за межамі краіны. Іх павільёны знаходзяцца непадалёк ад галоўнай сцэны свята. Маркетолаг Іван Пасечнік запрасіў наведаць іх крэатыўную фотазону з каларытнымі парсючкамі, а заадно паспрабаваць запечаную на агні дзічыну. Для дзяцей прадпрыемства матэрыялізуе папулярную камп'ютарную гульню — Angry Bіrds (злыя птушкі).

Прывабнае месца ўздоўж Дняпра адведзена моладзі. Першы сакратар Магілёўскага абкама БРСМ Уладзімір Паўлоўскі з калегамі якраз прыкідваў, як там размясціцца ўсім іх выставам, конкурсам, падворкам.

— Тут будзе праходзіць фінал рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла», удзел у якім прыме шэсць сем'яў з усёй Беларусі, — паведаміў ён. — А яшчэ будуць працаваць пляцоўкі, прысвечаныя памяці пра сусветныя войны, арганізавана работа ВНУ, відэатрансляцыі, майстар-класы блогераў, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі.

Дзецям на свяце таксама будзе што паглядзець і чым забавіцца. Акрамя традыцыйных атракцыёнаў і батутаў, аніматараў і роставых ляляк, сюды ўпершыню прыязджае са сваімі пастаноўкамі Магілёўскі лялечны тэатр.

А яшчэ гасцей чакае на свае прадстаўленні цырк шапіто з Жодзіна. Ён ужо прыехаў. У аўторак яго супрацоўнікі манціравалі шацёр і абяцалі цікавае, спецыяльна зробленае для Купалля, шоу з ілюзіяністамі, клоўнамі і малпачкай. Глядзельная зала цырка разлічана на 500 гледачоў.

Упершыню прыедзе на свята ў Александрыю Нацыянальны тэатр імя янкі Купалы. У жыхароў аграгарадка будзе ўнікальная магчымасць сустрэцца з артыстамі ў сельскім Цэнтры культуры і вольнага часу. Купалаўцы раскажуць пра сябе і пакажуць урыўкі са сваіх спектакляў. Майце на ўвазе — уваход вольны, глядацкая зала разлічана на 150 месцаў.

У рамках свята пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею Дзяржаўтаінспекцыі. Аматары змогуць пабываць на выставе рэтрааўтамабіляў і першымі ўбачаць будучыню нашага аўтапрама — аўтамабіль айчыннай вытворчасці, якога яшчэ няма ў продажы. Гасцей чакае цікавае авіяшоу, выстава дасягненняў айчыннага машынабудавання, сустрэчы з пісьменнікамі, шматлікія спартыўныя і канцэртныя праграмы.

Завершыць свята купальскае вогнішча і феерверк, пасля якога да дзвюх гадзін ночы будзе грымець купальская дыскатэка.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Шклоўскі раён


Праграмма мерапрыемстваў рэспубліканскага свята «Купалле» 

10 ліпеня (субота)

11.00—24.00 Работа экскурсійнага маршруту па тэматычных пляцоўках свята: 

«Зроблена ў Беларусі» — выстаўка прадукцыі ААТ «Мінскі трактарны завод» 

«Рушнік народнага адзінства» — святочная выстаўка-кірмаш з работай экспазіцыйна-тэматычных купальскіх падворкаў

  • «Александрыйская гасціна»
  • «Гандлёвая суполка»
  • «Свята кнігі»

Маладзёжная пляцоўка «Талака» з творчым праектам «Час выбраў нас»

Рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла»

«Кірмашовыя забавы»

Рэспубліканскае спаборніцтва па паўэрліфтынгу — сілавое трохбор'е

15.00—16.00

17.30—18.30

«У гасцях у казкі» — забаўляльна-гульнявая пляцоўка для дзяцей з паказам дзіцячага спектакля «Медзведзяня Рым-Цы-Цы» Магілёўскага абласнога тэатра лялек

13.00—14.00

16.00—17.00

18.30—19.30

«Свята цырка» — работа цырка-шапіто, эстрадна-цыркавыя паказы і шоу розных цыркавых жанраў побач з шатром, работа фотазоны і кірмашы-продажы сувенірнай і кандытарскай прадукцыі для дзяцей

11.00—21.00

Работа экспазіцый «Малая радзіма» з наведваннем класа, у якім вучыўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, і «Тканае неба Александрыі».

ДУА «Александрыйская сярэдняя школа Шклоўскага раёна».

Краязнаўчы музей

16.00—18.00

«Дзень адкрытых дарог» — абласная тэматычная пляцоўка, прысвечаная 85-годдзю з Дня ўтварэння Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Рэспублікі Беларусь.

Пляцоўка каля вучэбна-спартыўнага цэнтра «Александрыя» ДУ «Цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам Шклоўскага раёна»

Малая канцэртная пляцоўка

11.00—12.00

Канцэртная праграма «Галасы будучыні» з удзелам юных талентаў Магілёўшчыны — выхаванцаў прадзюсарскіх цэнтраў «Ступені», «Анёлы дабра», Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра-студыі «Вясёлка» і салістаў Магілёўскай абласной філармоніі

12.15—13.15

Канцэрт «Люблю Беларусь» калектываў нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў.

У канцэрце возьмуць удзел калектывы з усіх абласцей і г. Мінска

13.20—14.20

Мюзікл на аснове народных абрадавых стылізаваных песень і мелодый, а таксама аўтарскіх твораў «Вянок на вадзе» з удзелам калектываў і выканаўцаў Магілёўскай вобласці.

Чароўная гісторыя пра каханне, сяброўства і вялікую сілу старажытнага скарбу, якая здарылася ў купальскую ноч на беразе Дняпра. Аўтар паэтычнага тэксту — Алена Беланожка

14.30—14.50

Выступленне творчых калектываў Палаца культуры Мінскага трактарнага завода

15.00—15.30

Гурт «Jazz Cіty Band» (г. Магілёў);

15.40—16.20

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і ўдзельнікаў рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла»

16.30—17.00

Канцэртная праграма «Святочнае кола». Група «Весялуха NEW&band» (г. Магілёў)

17.00—17.30

Цырымонія адкрыцця рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»)

17.30—17.45

Паказ новых ільняных калекцый адзення беларускіх вытворцаў, якія ўваходзяць у склад канцэрна «Беллегпрам»

18.00—18.30

Уладальнік дзяржаўнай узнагароды медаля Францыска Скарыны Вольга Горнічар з праграмай «Неба над Магілёўшчынай»

Дэманстрацыйныя палёты самалётаў і парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба ДТСААФ імя А. М. Кулагіна (падчас канцэрта)

18.30—19.30

Канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Вікторыі Алешкі, гурта «Галасы ЗМеста»

19.30—20.30

Канцэрт-караоке, прысвечаны Году народнага адзінства «Песні, якія нас яднаюць...»

У праграме прагучаць песні беларускіх выканаўцаў і калектываў, песні савецкай эстрады, якія атрымалі шырокае прызнанне ў публікі па ўсёй савецкай і постсавецкай прасторы: ВІА «Песняры», «Верасы», «Сябры», а таксама В. Вуячыча, Я. Еўдакімава, і многія іншыя кампазіцыі, упадабаныя беларусамі розных узростаў і пакаленняў, у выкананні салістаў Магілёўскай абласной філармоніі.

Галоўная канцэртная пляцоўка

21.00—23.25

«Галоўны канцэрт» — «народнае» шоу «Песні маёй краіны» («Па заяўках жыхароў Александрыі»)

23.25—23.30

Святочны феерверк

11 ліпеня (нядзеля)

Малая канцэртная пляцоўка

23.30—2.00

Танцавальная шоу-праграма «Дыскатэка 80—90-х. Па-новаму!» з удзелам артыстаў Магілёўскай вобласці, найлепшых дыджэяў Беларусі.

Загаловак у газеце: Аб'яднае ручнік і добры настрой

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.