Вы тут

Sex-Балясы: Сіла матывацыі


Некаторы час таму ў ЗША ў пластычнай хірургіі з'явіўся новы трэнд: жанчыны сталі ўсё часцей звяртацца ў клінікі з просьбай пазбавіць іх ад «занадта сур'ёзнага і свалачнога выразу твару». («— Мілачка, як вас завуць? — Няважна. — Выглядаеце вы аналагічна».) Кліенткі скардзіліся, што падчас расслабленага стану іх твары міжволі прымаюць раздражнёную, злосную грымасу. («Вопытная жанчына можа зрабіць ад 27 да 36 высноў за секунду».) Для таго каб зрабіць твар менш змрочным, урачы ўколвалі філеры і ботакс вакол рота і пад брывамі. Дарэчы, гэты выраз твару ў ЗША атрымаў назву «сіндром свалачнога твару» (літаральна — «твар дрэні на адпачынку»), тэрмін з'явіўся яшчэ ў 2012 годзе. Яго прыкметы: апушчаныя вугалкі вуснаў, прыжмураныя вочы, ніжняя губа, якая выдаецца наперад. Прычыны з'яўлення такога твару не тлумачыліся. Можна меркаваць, што з-за бясконцых стрэсаў, на якія багатае наша цяперашняе жыццё. («— Ён мяне ўжо больш за месяц нікуды не водзіць, нават па выхадных! Эгаіст! — Дык ён жа ў турме сядзіць. — Вой, ну вось вечна ў мужчын нейкія апраўданні».) Або напамін з далёкага мінулага?


Фота: pixabay.com

У Андах, на тэрыторыі сучаснага Перу, было знойдзена пахаванне паляўнічых, якому каля 9 тысяч гадоў. Увагу вучоных прыцягнуў шкілет маладой жанчыны, побач з якім знаходзіўся багаты паляўнічы набор: мноства наканечнікаў для стрэл і інструментаў для разбору жывёл. («Прывітанне, Іван Царэвіч! Мы атрымалі вашу стралу. На жаль, цяпер усе лягушкі занятыя, але ваша страла для нас вельмі важная. Заставайцеся на лініі.») У спробе зразумець, наколькі гэта рэдкая з'ява, даследчыкі з Каліфарнійскага ўніверсітэта вывучылі даныя аб мностве астанкаў з археалагічных помнікаў у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы. І зрабілі выснову, што ў старажытнасці ўдзел жанчын у здабыванні ежы быў звычайнай з'явай: ад 30 да 50 працэнтаў паляўнічых у групах складалі менавіта прадстаўніцы «слабай» паловы чалавецтва. Выходзіць, не такімі ўжо і слабымі былі старажытныя жанчыны. («— Не трэба мяне крыўдзіць, я дзяўчына ранімая, калі што — адразу ў слёзы. А потым з заплаканымі вачыма так цяжка зразумець, па кім ты трапіла рыдлёўкай».) Можна яшчэ прыгадаць фантастычны фільм «Галодныя гульні», які пераносіць нас у будучыню. Памятаеце, як умела ўпраўлялася з лукам Сойка-перасмешніца? («Страляй прама ў яблычак, Кітніс».) Галоўнае — мець матывацыю. А яе часам у прыгожай паловы чалавецтва не займаць. («Так хочацца быць слабай жанчынай, але, як назло, то коні скачуць, то хаты гараць...»)

Калі 26-гадовую Джэн Аткін з Англіі кінуў бой-фрэнд, з якім яны ўжо планавалі вяселле, вага дзяўчыны была 112 кілаграмаў. Хлопец заявіў, што каханая стала «вельмі тоўстай», і пакінуў яе сам-насам з праблемамі. («— Сёма, а як у цябе на асабістым фронце? — Вой, а я такі дэзерцір!») Аднак неўзабаве Аткін знайшла ў расстанні матывацыю да пахудзення. Яна адмовілася ад шкоднай ежы і запісалася ў спартыўную залу. У выніку бландзінка пачала ўдзельнічаць у конкурсах прыгажосці, апошнім з якіх стала спаборніцтва за званне самай прыгожай дзяўчына краіны. І што вы думаеце? Карона «Міс Вялікабрытанія» дасталася менавіта ёй!

Помста нявернаму спадарожніку жыцця стала матывацыяй для 54-гадовай Джо Ан Мунц з Лас-Вегаса. («Кінь стагнаць, калі не заняты сексам».) Яна пэўны час сустракалася з мужчынам, пакуль не высветліла, што той заручаны з іншай. Жанчына ўпала ў дэпрэсію, з-за моцнага стрэсу пахудзела, перастала выходзіць з дому. («Гэта няважна, што вы з сябе ўяўляеце. Важна, што яна сабе пра вас уяўляе. А ўжо фантазіі ёй не займаць».) Каб прыйсці ў сябе, у выніку Джо вырашыла кардынальна змяніць свой знешні выгляд. Мунц павялічыла грудзі, укалола ботакс, правяла шэраг працэдур для амаладжэння і падцяжкі скуры, стала займацца спортам. У выніку яна пачала ўдзельнічаць у «гарачых» фотасесіях, даказваючы іншым жанчынам, што ў прыгажосці няма ўзроставых рамак. («— Ты раней не такой была! — А гэта выйшла абноўленая версія мяне! Сачыць трэба!») «Упэўненасць у сабе — найлепшае, што жанчына можа набыць», рэзюмавала амерыканка. («Дзяўчаты, якія выходзяць замуж. Ні адзін мужчына не павінен застацца беспакараны!»)

А швейцарская армія паабяцала выдаваць жанчынам-вайскоўцам жаночую споднюю бялізну. Дагэтуль усе людзі ў форме атрымлівалі стандартны набор ваеннай формы — мужчынскую бялізну давалі ўсім, незалежна ад полу. («Жанчыну нават пакараць нельга — раптам ёй гэта спадабаецца?») Як заявіў прадстаўнік арміі, «старое пакаленне ўніформы недастаткова прыстасаванае для асаблівых патрэб жанчын». Для іх пратэсціруюць два наборы ніжняй бялізны — для летняга і зімовага перыядаў. Таксама перагледзяць іншае адзенне і аксесуары, напрыклад заплечнікі. («Для аснашчэння арміі была закуплена вялікая партыя дамскіх сумачак. Згодна з праведзенымі тэстамі, у іх змяшчаецца ў два разы больш прадметаў, чым у рэчмяшках».) Як адзначаецца, новаўвядзенне дапаможа зрабіць армію больш прыцягальнай для прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. («Асцярожна! Паўсюль людзі, якія ведаюць, як вам лепей жыць!»)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».