Вы тут

Звяр'ё маё: Каго прадаюць і купляюць на «Птушыным рынку» ў Ждановічах


Напэўна, сярод нашых чытачоў знойдуцца тыя, хто памятае Старажоўку. Рынак закрыўся ў 1996-м. Ён знаходзіўся ў цэнтры Мінска, там, дзе цяпер мемарыял памяці воінаў Першай сусветнай вайны.


Старажоўка і яе «нашчадак»

Раней на гэтай плошчы кіпела жыццё: увесь Мінск ездзіў сюды па сабачкаў-коцікаў-рыбак-папугайчыкаў. А часта — і проста паглядзець: дзятва прыязджала на Старажоўку як у кантактны заапарк (хоць калі існаваў Старажоўскі рынак, такога паняцця яшчэ не было). Памятаю, некалі ў пачатку 1990-х на Старажоўцы прадавалі сапраўднае ваўчаня — ужо даволі буйное і за казачныя па тых часах грошы. Ваўчаня сабрала вакол сябе натоўп гледачоў, але ці купіў яго хто-небудзь, не ведаю. Яшчэ, памятаю, прадавалі тхара, зусім ручнога.

Старажоўцы нават прысвяціў некалькі абзацаў Уладзімір Караткевіч у рамане «Чорны замак Альшанскі».

«Раніцай мяне разбудзіў залівісты крык пеўня, а пасля адчайнадушнае, надрывістае кувіканне парасяці: відаць, неслі ў мяху.

— Не хачу-у! Пусці-і-це! Пусці-іце!

Як на вёсцы. І кожную нядзелю мне вось так прыемна. І гэта адна з прычын, чаму я люблю сваю хату. (...) Нават мне немагчыма ўседзець на месцы кожную нядзелю, калі цераз тракт ад майго дома адкрываецца рынак худобы: коні, каровы, свінні, залатыя рыбкі, авечкі, галубы, трусы, лясное звяр'ё, птушкі, сабакі і ўсё жывое. Да таго як агарадзілі квартал — дзядзькі з вазамі стаялі сабе на тратуарах, а здаравушчыя мацёры, адваліўшы саскі, ляжалі, мілыя, на газоне.»

Героі знакамітага рамана жылі ў сярэдзіне 1970-х. У пачатку 1990-х коней на Старажоўцы ўжо не прадавалі. А вось парасят было шмат — і чыста ружовых, і ў плямках. Малыя хапалі іх на рукі і патрабавалі ў бацькоў купіць «дзюдзю». Але пра дэкаратыўных свіней тады таксама яшчэ ніхто не чуў, парасяты прызначаліся для прыватных падворкаў, а не для кватэр, і мамы цягнулі дзятву глядзець больш «кампактную» жыўнасць — рыбак або хвалістых папугайчыкаў.

Потым «звярыны» рынак быў перанесены на Лебядзіны і ператварыўся ў «заабатанічную секцыю», а гандаль жывёламі амаль цалкам перамясціўся ў інтэрнэт. Але калі вам патрэбны пародзісты гадаванец, то на «Птушыным рынку» ён абыдзецца танней, кажуць знаўцы.

«З таго часу як я не хаджу на работу і блытаю дні — крык пеўня ў нядзелю, праз добрае згасанне сну, для мяне, як дадатковы каляндар», — пісаў Караткевіч. Як і Старажоўка калісьці, «Птушыны рынак» у Лебядзіным дзейнічае толькі па выхадных.

З нагоды надзвычайнай спякоты прадаўцоў на пыльным пятачку паміж ГЦ «Харчовы цэнтр» і Кальцавой няшмат. Але дзясяткі два машын усё ж выцягнуліся ў паласу. Часта пушыстую «дзятву» суправаджаюць чатырохногія бацькі — каб пакупнік мог візуальна ацаніць прыгажосць і «шляхетнасць» пароды.

Рынак называецца «Птушыны», але прапануюць тут пакупнікам не столькі птушак, колькі галоўных сяброў чалавека — кацянят і шчанюкоў. Крыху далей знаходзяцца рады, адкуль сапраўды чуваць галасістыя спевы і кудахтанне — там прадаюць птушку (куранят, качанят, птушанят цацарак і індыкоў, а таксама дарослых птушак) і трусоў для прыватнага падворка. Але асабліва тлумна там вясной (калі фермеры набываюць сельскагаспадарчых жывёл) і ў жніўні, а ў спякотную ліпеньскую суботу згаданыя гандлёвыя рады ў асноўным прапануюць корм і сродкі догляду за жывёламі.

На кацянят цяпер сезон

— Фатаграфуйце, мне не шкада, — дазваляе гаспадыня кацянят. — Толькі яны зараз не вельмі фотагенічныя: вяршкоў напіліся і спяць. Гэта шатландскія. Аддаю па 180 рублёў. Дорага? Узімку будуць у два разы даражэйшыя! Проста вясной і ў пачатку лета на кацянят «сезон», шмат прыплоду. Узімку цэны падымаюцца.

Мода на пэўныя пароды дамашніх жывёл — з'ява нетрывалая, як і любая мода. Дарэчы, «каціная» мода менш зменлівая, чым «сабачая», расказалі прадаўцы.

— Калі ўжо нейкая парода кошак запатрабаваная, яна будзе папулярная гадоў 10-20.

На сённяшні дзень, аказваецца, лідзіруе менавіта шатландская парода — «мілаты» «шатландцам» дадаюць апушчаныя вушкі. Плюс, расказалі мне, не злапамятны і не памаўзлівы характар (рэдкія якасці для кацінага племені!). Другое месца належыць брытанскім кошкам — іх любяць за плюшавую поўсць і моцнае здароўе. Ну а трэцяе месца дзеляць велічныя мэйн-куны і чароўна-пачварныя сфінксы, што вонкава нагадваюць адмоўных персанажаў Толкіена.

Дарэчы (гэта датычыцца і катоў, і сабак), парода можа стаць папулярнай пад уплывам фільма ці мультфільма (успомнім проста павальную моду на далмацінцаў па ўсім свеце пасля карціны «101 далмацінец»). Можа палюбіцца або, наадварот, раптам стаць непапулярнай дзякуючы акцёрам і палітыкам, якія, самі таго не заўважаючы, з дапамогай уласных гадаванцаў робяць пародзе рэкламу або антырэкламу.

Хоць маленькія, але ўдаленькія

З сабакамі ўсё больш складана, чым з кошкамі.

— За апошнія 15 гадоў спіс модных парод цалкам змяніўся, — расказвае Алег Іванавіч, гаспадар гадавальніка ў Сцяпянцы. — У пачатку 2000-х у прыярытэце ў пакупнікоў былі стафардшырскія тэр'еры, пітбулі, баксёры і іншыя прадстаўнікі байцоўскіх парод сабак. Потым у моду ўвайшлі біглі і французскія бульдогі. Цяпер самыя папулярныя пароды сабак — дэкаратыўныя (джэк-расэл-тэр'еры, тойтэр'еры, ёркі, чыхуахуа і іншая «малеча»). Гэта звязана з тым, што цяпер гадаванцаў заводзяць у асноўным гарадскія жыхары, а для кватэры зручнейшы маленькі сабачка.

— Сёння танна аддаю шпіцаў, усяго 200 долараў за шчанюка. Не, гэты сабака не прадаецца! Гэта іх мама. Па справах прыехала, — усміхаецца дзяўчына, якая прадставілася Міланай. — Калі выбераце гэтую пароду — не пашкадуеце.

Тойтэр'ераў, шпіцаў і асабліва джэк-расэл-тэр'ераў (ну, памятаеце, сабачка галоўнага героя з фільма «Маска») сапраўды на рынку шмат.

— Гэтым дзвюм «дзяўчынкам», джэк-расэл-тэр'ерам, ужо па чатыры месяцы, таму аддаю па 350 рублёў, — кажа Алег Іванавіч. — Трапіў у бальніцу з ковідам, яны і выраслі. Цяпер ужо вялікія, таму такая цана. А яшчэ ў мяне ёсць шчанюкі французскага бульдога і амерыканскага булі. «Французы» ад 500 рублёў, а булі — ад тысячы. З імі мы не ездзім пакуль на рынак: горача, а яны зусім яшчэ маленькія. Калі нехта цікавіцца, паказваю фота і запрашаю ў гадавальнік. Так што надумаеце — дам адрас, прыязджайце паглядзець. Булі — сур'ёзны сабака, але проста цудоўны: добразычлівы, характар ураўнаважаны.

— Добразычлівы? З такім «тварам»?

— Так, уявіце. Верны і адданы, выдатны кампаньён для дзяцей. Вельмі душэўная парода. Пазнаёміцеся з пародай бліжэй — улюбіцеся назаўжды.

— Гадавальнік для вас — гэта бізнес?

— Можна сказаць, бізнес. Праўда, вельмі працаёмкі і не надта прыбытковы. Але амаль кожны мой сабака сам сабе на корм зарабляе: гэта і перамогі на выстаўках, і вось, шчанюкі. Заводчыкам я стаў выпадкова. Першага свайго сабаку завёў проста для душы. Першых шчанюкоў раздаў, але не ўсіх, некаторыя засталіся ў мяне. Так і ўцягнуўся. Жыву ў прыватным доме, так што ёсць месца для гадаванцаў.

Парода — гэта характар

— Глядзіце, вось гэты сабачка вам усміхаецца, — паказвае шчанюка Ірына, адна з прадаўцоў. — Паглядзіце, якія прыгажуны! Аддаю за 450 рублёў «дзяўчынак», па 500 — «хлопчыкаў». Чыстакроўныя, бацькі з дакументамі, яны з ветпашпартам, з прышчэпкамі. Такога плана сабачкі ў інтэрнэце — ад 800-900 рублёў.

— А чаму так дорага?

— Гэтыя сабачкі будуць 26 сантыметраў да карка і 6-7 кілаграмаў. І мыска кароценькая, — тлумачыць заводчыца. — У сабак адной і той жа пароды можа быць розная якасць. Напрыклад, можна купіць тойтэр'ера як статуэтачку, а можна і такога, які вырасце на 8-10 кілаграмаў і вушы ніколі ў жыцці не ўстануць. Бачыце, вось стаяць машыны — яны каштуюць па-рознаму, таму што якасць розная. Так і з сабакамі.

— Сваю жывёліну ўсё адно любіш, — крыўдзіцца, пачуўшы нашу размову, наведвальніца — бабуля, якая прывяла ўнука «паглядзець на сабачак».

— Вядома, — згаджаецца прадавец. — Але выглядаць гадаванец можа па-рознаму. А калі вам гэта няважна, то лепш пайсці на Гурскага, куды звозяць бяздомных жывёл, і выратаваць нечае жыццё.

Сёння мода на дварнякоў, канстатуюць прадаўцы. І гэта добра, бо кожны сабака ці кошка заслугоўваюць стаць любімым, і радаслоўная тут ні пры чым.

— Па вашых назіраннях, чаму людзі купляюць пародзістых жывёл?

— Ведаеце, прыгажосць гадаванца для многіх мае значэнне, — разважае Ірына. — Бо гадаванец павінен падабацца, у тым ліку і вонкава. Хтосьці хоча адчуваць радасць ад усведамлення, што выратаваў жывую душу ад смерці — гэта яго права. А камусьці важна любавацца і захапляцца сваім гадаванцам — і гэта таксама яго права. Не трэба нікога асуджаць.

— Справа наогул не ў радаводзе гадаванца, а ў чалавеку, — падтрымлівае тэму гаспадыня шпіцаў Мілана. — Калі гаспадар гад апошні, ён і пародзістага сабаку выкіне. Гэта проста жах: сабак у лесе прывязваюць, кідаюць на трасах
і каля крам. І пародзістых у тым ліку, нягледзячы на тое, што шчанюкі каштуюць грошай. Дастаецца аднолькава ад несумленных людзей і пародзістым, і дваровым.

— Парода асабліва важная, калі гаворка ідзе пра буйнога сабаку. Не трэба ачалавечваць жывёл — яны іншыя. У адрозненне ад людзей, характар сабакі вызначае ў першую чаргу парода, і толькі ў другую — індывідуальнасць і асаблівасці выхавання, — кажа малады чалавек, які прадставіўся Іванам. Ён падышоў паглядзець, што абмяркоўваюць «калегі» па рынку. — Парода вызначае адносіны сабакі з дарослымі і дзецьмі, іншымі жывёламі. Паводзіны пародзістых жывёл добра вывучаныя, а значыць, прадказальныя. Прагназаваць, як у той ці іншай сітуацыі павядзе сябе «двортэр'ер», даволі складана, бо вы не ведаеце, якія гены ў ім «намяшаныя».

— А буйныя пароды сабак цяпер запатрабаваныя?

— Безумоўна. Я ведаю вельмі многіх, хто трымае, напрыклад, нямецкіх і ўсходнееўрапейскіх аўчарак. У мяне ёсць шчанюкі на продаж, але сёння я проста прыехаў паглядзець, які попыт і ці ёсць пакупнікі. Малых у такую спякоту пакінуў дома: нават дарослыя сабакі дрэнна пераносяць высокую тэмпературу.

— Навошта сучаснаму чалавеку вялікі сабака?

— Для душы. Уявім, што вам патрэбны сабака з пэўным характарам — і тады памер жывёлы і форма вушэй ужо не адыгрываюць ролі. Парода — гэта не столькі афарбоўка і тып поўсці, гэта перш за ўсё характар. Дарэчы, непасрэднай залежнасці паміж памерамі сабакі і плошчай вашага жылля няма — інакш здаецца толькі людзям, якія сабак ніколі не трымалі. Або трымалі, але не знайшлі часу зразумець свайго гадаванца. Бывае, вядома, сабаку заводзяць чыста з утылітарнай мэтай — для аховы або палявання. Але калі буйны сабака жыве ў вальеры, у яго ж таксама абмежаваная плошча. Распаўсюджанае меркаванне, што буйныя пароды трэба ўтрымліваць толькі ў прыватным доме, прыдумана гультаяватымі людзьмі — зручна гэта для гаспадароў, для сабакі ж розніцы ніякай. Калі сабаку вучыць і нагружаць фізічна, праводзіць з ім час, то не істотна, наколькі вялікая ваша кватэра. А калі вы абыякавыя, у вашым жыллі будзе цесна нават тойтэр'еру. Калі вы гатовыя займацца сваім сабакам — можна трымаць нават дога ў хрушчоўцы, і яму будзе добра з вамі. Не гатовыя ахвяраваць час — калі ласка, вось прадаецца акварыум.

Не так даўно, распавёў суразмоўнік, у трэндзе (калі казаць аб буйных сабаках) была «экзотыка» — маламуты з Поўначы, японскія акіта-іну і рыджбэкі, яны ж афрыканскія львіныя сабакі. Сёння попыт вярнуўся да больш класічных варыянтаў — нямецкіх аўчарак (шчанюка з радаслоўнай і прышчэпкамі можна купіць на «Птушыным рынку» ў Лебядзіным у сярэднім за 150-290 долараў у эквіваленце), лабрадораў і рэтрывераў (кошт вагаецца ў тых жа межах).

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».