Вы тут

Што зменіцца на валютным рынку з 9 ліпеня


З 9 ліпеня ўступае ў сілу новая рэдакцыя закона «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі». На думку фінансістаў, дадзены дакумент у першую чаргу накіраваны на лібералізацыю валютных адносін і спрашчэнне парадку правядзення валютных аперацый. Змяненні датычацца і юрыдычных, і фізічных асоб. Начальнік галоўнага ўпраўлення валютна-фінансавага маніторынгу Нацыянальнага банка Дзяніс Шкурынскі пастараўся растлумачыць усе нюансы новай рэдакцыі падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА.


Такім чынам, у краіне ўводзіцца ў дзеянне сістэма валютнага маніторынгу Нацыянальнага банка. Што гэта значыць і да чаго трэба быць гатовымі?

Для звычайных грамадзян (фізічных асоб) адмяняецца дазвольны парадак правядзення валютных аперацый, звязаных з рухам капіталу (купля нерухомасці за мяжой, ўзнос у статутны фонд нерэзідэнта, набыццё каштоўных папер, выпушчаных нерэзідэнтам, і гэтак далей). Для юрыдычных асоб адмяняецца дазвольны парадак адкрыцця рахункаў за межамі краіны, а таксама неабходнасць рэгістрацыі ў банку валютных аперацый, звязаных з рухам капіталу. Такім чынам, Нацыянальны банк дазваляе адкрываць рахункі ў замежных банках, купляць акцыі і нерухомасць за мяжой без узгаднення з ім.

Дзяніс Шкурынскі адзначыў, што з заўтрашняга дня юрыдычныя асобы абавязаныя па экспартных і імпартных аперацыях залічваць атрыманую выручку на свае рахункі ў банках Беларусі. Тэрмін рэпатрыяцыі вызначаецца юрыдычнай асобай у адпаведнасці з інструкцыяй № 147 і не паказваецца ў валютным дагаворы. Тэрмін, неабходны на перавод грашовых сродкаў банкам, там можна паказаць, але гэта не з’яўляецца абавязковым патрабаваннем валютнага заканадаўства, адзначыў прадстаўнік Нацбанка. (Рэпатрыяцыя валюты — залічэнне валютнай выручкі рэзідэнтаў або вяртанне валютных авансаў рэзідэнтаў на рахункі ўнутры краіны. Такая магчымасць дазваляе абмежаваць адток грашовых сродкаў з краіны. — Аўт.)

Нерэзідэнт краіны валютныя дагаворы рэгістраваць не абавязаны

Таксама з другой дэкады ліпеня ўводзіцца ў дзеянне сістэма валютнага маніторынгу Нацыянальнага банка. Адзін з яе асноўных складальнікаў — рэгістрацыя валютных дагавораў на вэб-партале.

Пералік валютных аперацый, пры правядзенні якіх валютны дагавор падлягае рэгістрацыі, вызначаны пастановай Праўлення Нацыянальнага банка № 37 ад 12 лютага 2021 года. «Па законе абавязацельства па рэгістрацыі з 9 ліпеня валютных дагавораў ускладзена на рэзідэнтаў. Нерэзідэнт не абавязаны іх рэгістраваць», — звярнуў увагу Дзяніс Шкурынскі.

Паводле яго слоў, для пацвярджэння статусу фізічнай асобы — грамадзяніна Беларусі як нерэзідэнта для мэт валютнага рэгулявання неабходная наяўнасць аднаго з дакументаў. У іх ліку — пашпарт грамадзяніна Беларусі для пастаяннага пражывання за межамі краіны альбо дакумент, які пацвярджае пастаноўку на консульскі ўлік грамадзян, якія пастаянна пражываюць за межамі краіны, альбо дакумент, што пацвярджае права на пастаяннае пражыванне ў замежнай дзяржаве.

Дзве ўмовы рэгістрацыі валютнага дагавора

Першая важная ўмова для рэгістрацыі такога дагавора?— ён павінен быць заключаны рэзідэнтам з нерэзідэнтам (фізічнай асобай?— замежнікам ці замежнай юрыдычнай асобай (кампаніяй, арганізацыяй). Другая ўмова— рэгістраваць валютны дагавор трэба, калі сума па дагаворы перавышае 2000 базавых велічынь для фізічных асоб — цяпер гэта 58 тысяч рублёў, а для юрыдычных асоб і ІП — 4000 базавых (116 тысяч рублёў). Рэгістраваць дагаворы трэба таксама ў тых выпадках, калі сума ў дагаворы не вызначана.

Валютны дагавор падлягае рэгістрацыі, напрыклад, пры продажы кватэры або дома, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, нерэзідэнту. Гэта значыць, калі ў вас захоча купіць нерухомасць расіянін і сума здзелкі перавысіць устаноўленую мяжу, то трэба будзе зарэгістраваць дагавор. Беларусу, які набудзе ў Расіі, ва Украіне ці іншай дзяржаве ў нерэзідэнта нашай краіны нерухомасць і сума здзелкі перавысіць мяжу па суме, таксама прыйдзецца зарэгістраваць дагавор.

Спіс дагавораў, якія трэба рэгістраваць, вялікі. Сярод іншага, гэта выдзяленне рэзідэнтам грошай нерэзідэнту на бязвыплатнай аснове або дарэнне. Прасцей кажучы, калі беларус падорыць або бязвыплатна перадасць замежніку больш за 2000 базавых велічынь (калі гаворка ідзе пра фізічную асобу), то гэта трэба зарэгістраваць. Калі беларус захоча ўкласціся ў статутны фонд кампаніі-нерэзідэнта, трэба будзе таксама даць справаздачу перад Нацбанкам.

Дагавор неабходна зарэгістраваць да таго, як рэзідэнт здзейсніць якія-небудзь дзеянні па яго выкананні альбо не пазней за сем рабочых дзён з даты, якая ідзе за днём паступлення грошай на рахунак рэзідэнта, у тым ліку ў замежным банку.

Зарэгістраваць дагавор трэба будзе на спецыяльным вэб-партале Нацбанка. Там ёсць асобныя ўваходы ў сістэмы для фізічных асоб, юрыдычных асоб і ІП. Дарэчы, на партал трэба будзе падаць інфармацыю таксама пра валютныя дагаворы, заключаныя рэзідэнтамі да 9 ліпеня 2021 года, калі абавязацельствы па іх будуць нявыкананыя да гэтага часу.

На партале можна паглядзець інструкцыю рэзідэнта па падачы інфармацыі. Так, для юрыдычных асоб, сярод іншага, пры рэгістрацыі трэба будзе ўказваць тэрміны дагавора, у якой ён валюце, які банк абслугоўвае, парадак разліку і іншае.

Абноўленай у сакавіку рэдакцыяй КаАП увялі адміністрацыйныя правапарушэнні, якія датычацца валютных дагавораў, і адказнасць за іх здзяйсненне. Сярод іх — нерэгістрацыя валютнага дагавора. За невыкананне абавязку па рэгістрацыі валютнага дагавора, калі гэта патрабуецца па законе, фізасобы могуць атрымаць штраф да 5 базавых велічынь (да 145 рублёў), а юрыдычныя асобы і ІП — да 10 базавых (да 290 рублёў).

Кантраляваць суму ў валютным дагаворы павінен рэзідэнт

Прадстаўнік Нацбанка таксама патлумачыў яшчэ некаторыя нюансы. У прыватнасці, ён адзначыў, што калі ў тэксце валютнага дагавора ўказана арыенціровачная сума грашовых абавязацельстваў, якая меншая ў эквіваленце, чым чатыры тысячы базавых велічынь (для юрыдычных асоб і ІП), такі дагавор не падлягае рэгістрацыі на вэб-партале. Але звярніце ўвагу, што абавязацельства кантраляваць суму грашовых абавязацельстваў па валютным дагаворы ўскладзена на рэзідэнта. Пры дасягненні мяжы чатырох тысяч базавых велічынь дагавор падлягае рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку.

Некаторыя з пытанняў датычыліся сітуацыі, калі ў тэксце валютнага дагавора адсутнічае агульная сума грашовых абавязацельстваў, але прадугледжаны сумы ў дадатках (заяўках, актах аказаных паслуг). «Такая сума вызначаецца як сукупнасць ужо выкананых і падлягаючых выкананню грашовых абавязацельстваў, пачынаючы з даты заключэння такога дагавора. Калі вызначаная названым спосабам сума меншая за чатыры тысячы базавых велічынь, то на дадзеным этапе рэгістрацыя на вэб-партале не патрабуецца. Але калі пры падпісанні чарговага дадатку сума грашовых абавязацельстваў дасягае парогавай велічыні, такі дагавор варта зарэгістраваць», — растлумачыў Дзяніс Шкурынскі.

Калі валютныя дагаворы зарплатныя, то рэгістраваць іх не трэба

Прадстаўнік Нацбанка таксама адказаў на пытанне, ці ёсць нейкія асаблівасці ў рэгістрацыі публічных дагавораў. «Валютнае заканадаўства не ўтрымлівае абмежаванняў на выкарыстанне рэзідэнтамі ў знешнеэканамічнай дзейнасці публічных дагавароў, размешчаных на сайце ў інтэрнэце. Разам з тым пры заключэнні такога валютнага дагавора павінны быць выкананы патрабаванні Грамадзянскага кодэкса Беларусі. Адпаведнай інструкцыяй не прадугледжаны асаблівы парадак рэгістрацыі аферты, такія дагаворы рэгіструюцца ў агульным парадку.

Акрамя таго, у Дзяніса Шкурынскага спыталі, ці трэба фізічнай асобе — рэзідэнту Беларусі рэгістраваць працоўны дагавор з замежным наймальнікам, у якой заработная плата ўстаноўлена ў валюце. «Калі па валютным дагаворы праводзяцца аперацыі, не ўключаныя ў пералік інструкцыі № 37, такія дагаворы не падлягаюць рэгістрацыі нават пры дасягненні парогавых велічынь грашовых абавязацельстваў. Такім чынам, калі ў рамках валютнага дагавора прадугледжана выплата заработнай платы, ён не патрабуе рэгістрацыі на вэб-партале», — адзначыў фінансіст.

Задача хутчэй не ў кантролі, а ў своечасовым рэагаванні

Асобна начальнік галоўнага ўпраўлення Нацбанка адзначыў, што асноўнай задачай новаўвядзенняў у галіне валютнага рэгулявання не з’яўляецца ўстанаўленне паўсюднага кантролю за аперацыямі звычайных людзей і юрыдычных асоб. «Змяненні неабходныя ў першую чаргу для таго, каб Нацыянальны банк як рэгулятар разумеў стан валютных патокаў, а таксама меў магчымасць своечасова прыняць меры для недапушчэння нейкіх негатыўных праяў на валютным рынку», — падкрэсліў Дзяніс Шкурынскі. Паводле яго слоў, сістэма валютнага маніторынгу павінна стаць асноўным інструментам для вырашэння менавіта гэтай задачы.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Рэгістрацыя дагавораў і не толькі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.