Вы тут

Раім схадзіць


Купалкі-русалкі, Vulitsa Ezha, Вялікая Гарадская Барахолка, Музычная праграма «Новая класіка» і іншае — афіша «Звязды».


Купалкі-русалкі

Дзе: Музей «Лошыцкая сядзіба», г. Мінск, праезд Чыжэўскіх, д. 8-2

Калі: 9—11 ліпеня

Колькі каштуе: 12 BYN – дарослыя, 8 BYN – студэнты, 6 BYN – навучэнцы

9, 10 і 11 ліпеня 2021 года у філіяле Лошыцкай сядзібе – філіяле Музея гісторыі горада Мінска ў межах праекта «Этналабараторыя «Скарбонка памяці» адбудуцца мерапрыемствы з музычнай праграмай «Русалкі-купалкі».

Старажытнае летняе свята ў гонар сонца, найвышэйшага росквіту прыроды і зеляніны, ушанавання вады і агню мае назву Купалле. Менавіта ў купальскую ноч нібыта цвіце папараць-кветка. Той, хто знойдзе яе – можа авалодаць ведамі зямлі. У гэты дзень збіраюць лекавыя зёлкі, дзяўчаты плятуць вянкі, спяваюць купальскія песні і водзяць карагоды.

У выкананні этнографа і фалькларыста Івана Кірчука, заснавальніка этна-трыа «Троіца» і кіраўніка «Этналабараторыі», прагучаць песні з купальскіх абрадаў. Вы пачуеце беларускія народныя інструменты: акарыну, дуду, жалейку, гуслі, смык, ліру, пазнаёміцеся з магіяй самага таямнічага свята гадавога цыклу і даведаецеся аб традыцыях святкавання Купалля ў нашых продкаў.

Іван Кірчук – этнограф і фалькларыст, заснавальнік этна-трыа «Троіца», кіраўнік «Этналабараторыі», уладальнік унікальнай калекцыі этнічных музычных інструментаў з розных краін свету.


Выставачны праект «Адкрыты архіў VL»

Дзе: Дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь», г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: з 9 ліпеня, 2021 — 12:00 да 29 жнівеня, 2021 — 20:00

Колькі каштуе: 6 BYN – поўны, 3 BYN – ільготны

З 9 ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пачне працу выставачны праект «Адкрыты архіў VL», прысвечаны 70-гадоваму юбілею Валерыя Лабко.

У гэтым годзе 12 ліпеня Валерыю Лабко споўнілася б 70 гадоў. Юбілей паслужыў падставай пагаварыць пра гэтага чалавека, з імем якога звязваюць глабальныя змены ў беларускай фатаграфіі апошняй чвэрці ХХ стагоддзя і не толькі.

Фігура Валерыя Лабко шматпланавая і рознабаковая: ён сфармаваў складаную сістэму ўзаемаадносін і ўплываў у творчым асяроддзі фатографаў, займаўся новымі тэхналогіямі ў фатаграфіі, апярэджваючы свой час, запусціў і мадэраваў шэраг легендарных праектаў, у тым ліку на галоўным беларускім фотапартале «Zнята».

Фатограф, крытык, стваральнік «Мінскай школы фатаграфіі» — феномена ў беларускім фатаграфічным мастацтве канца 1980-х-1990-х гг., які зафіксаваў высокі ўзровень і сусветнае прызнанне беларускіх фатографаў, кіраўнік навучальных студый пры фотаклубе «Мінск», майстар партрэтнай і вулічнай фатаграфіі, настаўнік і лідар, правадыр новых ідэй і тэарэтык.

Экспазіцыя будуецца на прыватных архіўных калекцыях, беражліва захаваных і перададзеных для выставы сям’ёй, калегамі і аднадумцамі Валерыя Лабко. Серыя партрэтаў прадастаўлена вядомай балерынай, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Таццянай Шэметавец. У гледачоў будзе магчымасць убачыць арыгіналы фатаграфій — своеасаблівыя «візітныя карткі», якія адлюстроўваюць інтарэсы, прыярытэты і напрамкі пошуку Лабко-фатографа.

На выставе будзе дэманстравацца фільм, які ўяўляе сабой серыю маналогаў людзей, датычных жыцця і творчасці Лабко. Іх успаміны ажыўляюць час, падзеі, гісторыі. Гэтымі кароткімі сведчаннямі мы хацелі б прадставіць сімвалічны партрэт чалавека, які сабраў, натхніў, навучыў думаць не адно пакаленне беларускіх фатографаў, змяніўшы само стаўленне да фатаграфіі як да аднаго з медыя сучаснага мастацтва.

Выставачны праект «Адкрыты архіў VL» у НЦСМ стане адным з серыі івэнтаў, прысвечаных Валерыю Лабко. Мемарыяльны музей-майстэрня З. І. Азгура запускае праект «Секвенцыі» аб выразным метадзе, элементах мовы, які асвойвала творчая Беларуская фатаграфія ў 1980–1990-я гг., Народны фотаклуб «Мінск» падтрымае агульную праграму прымеркаваных да юбілею Лабко праектаў выставай са сваіх фондаў.


Пешыя экскурсіі па Мінску

Дзе: г. Мінск

Калі: 9—11 ліпеня

Колькі каштуе: ад 5 да 15 BYN

Пешыя экскурсіі па Мінску запрашаюць вас на тры экскурсіі, якія адбудуцца 9, 10 і 11 ліпеня.

9 ліпеня, 19:00 «Я нарадзіўся тут. Экскурсія па мясцінах вядомых мінчукоў»

Сярод шматлікіх выбітных асобаў розных часоў, якія пакідалі свой след у гісторыі цэлых народаў і цывізацый ёсць некалькі чалавек, якія на пытанне пра месца нараджэння сціпла апускалі вочы долу і казалі: «Ёсць такі горад Мінск (Менск, Менеск) на рацэ Свіслачы, паміж Варшавай і Масквой. Вось я адтуль. Можа чулі»

Экскурсія адбудзецца 9 ліпеня. Пачатак у 19:00 ад кінатэатра «Беларусь» (вул. Раманаўская сладаба, 28).

Працягласць: каля 2 гадзін.

Тэлефон для кантактаў: +375 (29) 557-11-24 (Viber, Telegram)

Запіс тут.

10 ліпеня, 16:00 Экскурсія па вуліцы Інтэрнацыянальнай

Экскурсія па вуліцы Інтэрнацыянальнай — адна з цэнтральных гістарычных вуліц Мінска. Зараз тут стаяць дарагія гатэлі, кавярні і музеі. Але і ў старыя часы вуліца была заможная. Храмы розных кафесій, палацы магнатаў, дамы заможных мінчукоў… Тут пляліся інтрыгі, заключаліся дамовы, рабіліся капіталы, а часам і губляліся.
Вы пройдзецеся на Інтэрнацыянальнай ад Гарадскога вала да Свіслачы і пагаворым пра тыя інтрыгі, таямніцы, байкі і іншыя цікавыя сюжэты звязаныя з гэтай вуліцай. У старыя часы, дарэчы, вуліца гэтая была падзеленая на дзве часкі, якія насілі назвы Збораўская і Валоцкая. Чаму такія дзіўныя назвы таксама разбярэмся.

Экскурсія адбудзецца 10 ліпеня. Збіраемся ў 16:00 на скрыжванні Інтэрнацыянальнай і Гарадскога Вала (Інтэрнацыянальная, 1).

Запіс тут.

10 ліпеня, 18:30 Экскурсія па вуліцы Кірава: забытая магістраль Мінска

Пешаходная экскурсія па доўгай і вельмі насычанай вуліцы Кірава. Пасля вайны менавіта яна магла стаць галоўнай транспартнай артэрыяй горада, але ня стала. Цяпер гэта вуліца міністэрстваў, палацаў і стадыёна. Тут прадстаўлены ўсе архітэктурныя стылі Мінска ХХ ст. Але толькі дасведчаныя мінсказнаўцы ведаюць, што ў мінулым гэта вуліца яўрэйскіх могілак, кірмашоў і магазінаў. Будзеце разбірацца разам.

Калі? 10 ліпеня, 18:30.
Дзе? каля правай вежы «Мінскіх варот» (вул. Кірава, 2).
Працягласць: 1,5 гадзіны.

Запіс тут.

11 ліпеня, 16:00 «Лошыца: байкі старога парка»

Экскурсія  па Лошыцкім парку — адным з самых прыгожых і гістарычна насычаных куточкаў Мінска.
Вялікі парк, прыгожая сядзіба, старыя руіны і шмат, вельмі шмат легендаў пра князёў, злодеяў, шпіёнаў, няшчаснае каханне і смачныя яблыкі.

Калі? 11 ліпеня, 16:00
Дзе? Збіраемся каля аўтобуснага прыпынка «Чэрвенскі рынак» (з боку парка).

Запіс тут

Кошт:

  • Тарыф «Просты» — 5 руб.
  • Тарыф «Добры» — 10 руб.
  • Тарыф «Неверагодны» — 15 руб.

Экскурсанты самі выбіраюць тарыф у канцы экскурсіі, аб’ём паслугаў ад выбранага тарыфу не залежыць.


Vulitsa Ezha

Дзе: Батанічны сад, г. Мінск, вул. Сурганава, 2В

Калі: 10—11 ліпеня

Колькі каштуе: 12 BYN, дзецям да 12 гадоў — бясплатна

Вялікі гарадскі пікнік Vulitsa Ezha вяртаецца ў Мінск і зноў гатовы радаваць гараджан найсмачнымі стравамі, унікальнымі лакацыямі з забаўкамі ў коле сям'і і сяброў. Квіткі даступныя да продажу на сайце vulitsaezha.by.

Галоўныя лакацыі 6 сезона:

  • вялікі фудкорт ад 50 устаноў / больш за 100 унікальных страў;
  • асобная зона для веганов і вегетарыянцаў;
  • Local Food Market з унікальнай эка-прадукцыяй ад топавых фермераў;
  • барная зона (крафтовое піва, вінныя дэгустацыі, чылаўт з кактэйлямі);
  • вулічны кінатэатр з любімымі фільмамі;
  • дызайнерскі маркет;
  • бьюті-корнер з МК ад майстроў індустрыі прыгажосці;
  • лекторый і кулінарная школа;
  • вялікая дзіцячая зона Kіds 0 + з атракцыёнамі, аніматарамі і дзіцячым меню;
  • прэмія Ezha Awards — абярэм разам самых лепшых прадстаўнікоў фудкорта.
  • гучны музычны лайн-ап: ад запрошаных хэдлайнераў да летняй сцэны з топавымі дыджэямі

Білетная праграма гарадскога пікніка Vulitsa Ezha сёлета стала зручней для наведвальнікаў.


Вялікая Гарадская Барахолка

Дзе: Буржуазныя каштоўнасці, г. Мінск, вул. Кальварыйская, 18

Калі: 10—11 ліпеня

Колькі каштуе: 1 BYN, аплата толькі наяўнымі, білет дзейнічае 2 дня.

10-11 ліпеня з 11:00 да 18:00 пройдзе Вялікая Гарадская Барахолка, дзе вы зможаце набыць практычныя і патрэбныя, а таксама арыгінальныя і рэдкія рэчы!

Што будзе прадавацца на гарадской барахолцы?

Больш за 30 удзельнікаў прадставяць:

  • вінтажныя і антыкварныя рэчы,
  • адзенне і абутак,
  • прадметы інтэр’еру, карціны і мэбля,
  • ўпрыгожванне, аксэсуары і парфумерыя,
  • кнігі і грампласцінкі
  • і ўсякія розныя дзівоцтва!

Музычная праграма «Новая класіка»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: 9 ліпеня

Колькі каштуе: 10 BYN — для дарослых, 8 BYN — для студэнтаў, пенсіянераў, 5 BYN — для школьнікаў

9 ліпеня ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца выступленне «Класік-джаз трыа» з праграмай «Новая класіка» ў рамках выставы жывапісу «Аб далёкім і блізкім» аб’яднання «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў.

Калі гаворка заходзіць аб цудоўнай джазавай апрацоўцы твораў класічнай музыкі, абавязкова на розум прыходзіць «Класік-джаз трыа». Трыа класічных музыкаў, салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі (Таццяна Старчанка — раяль, Віктар Альшэўскі — кантрабас, Ігар Аўдзееў — ударныя) трансфармуе «класікаў»: у праграме вы можаце сустрэць творы з розных музычных эпох (барока, класіцызм, рамантызм ...), якія дапаўняюцца сучаснымі джазавымі інтэрпрэтацыямі, спалучэнне складанасці музычнай мовы І.С. Баха, В.А. Моцарта, Ф. Шапэна, М. Рымскага-Корсакава, Э. Віла-Лобаса, А. Пьяцолы, А. Цфасмана, С. Манюшкі, зварот да традыцыйных беларускім мелодый і сучасныя інтэрпрэтацыі ў напрамку класіка-джаз дазваляюць злучыць высокую гармонію з рытмамі і энергіяй сучаснага свету.

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага 9 ліпеня ў 18:00 у рамках выставы жывапісу «Аб далёкім і блізкім» Класік-джаз трыа прадставіць праграму «Новая класіка». У ёй злучаюцца традыцыі і новы погляд на іх з XXI стагоддзя, мінулае і сучаснае, далёкае і блізкае, класіка і джаз. Сучасная трансфармацыя шэдэўраў класічнай музыкі аб’ядноўвае, стварае новыя сэнсы і паказвае разнастайнасць нашага жыцця.


Выстава «Genius loci. Genius lost»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: 2 ліпеня, па 1 жніўня

Колькі каштуе: 6 BYN / 3 BYN (поўны / ільготны)

З 2 ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3) пачне работу мастацкі праект «Genius loci. Genius lost / Геній месца. Геній згубленасці».
 
Куратарка: Дзіна Даніловіч
Удзельнікі: Яўген Атцецкі, Аксана Веніямінава, Жанна Гладко, Дзіна Даніловіч, Андрэй Дубінін, Вольга Кірылава, Сяргей Лескець, Сяржук Мядзведзеў, Ігар Саўчанка, Вольга Хахлова, Аляксей Яршэвіч.
 
Зыходнай кропкай гэтага праекту стаў плэнер у арт-вёсцы Каптаруны, натхняльным і містычным месцы на мяжы Беларусі і Літвы. Шукаючы ці выдумляючы свае «месцы сілы» ў «беларускай Шамбале», як яшчэ называюць той край, фатографы намагаліся згубіцца ў незнаёмым ландшафце, і адкрыць яго і сабе наноў.

Але «геній месца» аказаўся каварным. Ландшафт пачаў зацягваць, адкрывацца, і адштурхоўваць. Ён прымушаў ўзірацца ў далягляд і шукаць новыя кропкі ўваходу. Ён не адпускаў. Каптаруны як месца збянтэжанасці, згубленасці сябе і спасціжэння пачалі «разрастацца» і ўзнікаць у новых мясцінах, краявідах, гарадах - не толькі беларускіх. Каптаруны пераўтварыліся ў персанальны выклік, на які мусіш адказаць у пэўны момант часу. Адлюстраваць сябе на сятчатцы вока свету.

А ўсе пачыналася крыху інакш.

Genius loci. Genius lost

Кожнае новае месца дае нам магчымасць перастварыць сябе. Ці гэта новыя гарады, альбо прыродныя ландшафты, якіх мы раней не бачылі, але знаходжанне ў новым атачэнні дазваляе нам хоць на пэўны момант стаць ананімнымі. Забыць сваё імя як адну са звыклых ідэнтычнасцяў, і зрабіць гэта з асалодай. Мы «раствараемся» ў месцы, знікаем у ім, каб потым - наладжваючы з ім жа кантакт, шукаючы яго дух (genius loci), - даць сабе новае імя, якое, як ні дзіўна, можа мець тыя ж літары. Мы мусім згубіцца ў гэтым новым месцы, каб знайсці сябе ў новай якасці.

Ці прасцей гэта зрабіць фатографу чым, скажам, звычайнаму вандроўніку? І так, і не. Фатограф тут знаходзіцца паміж двума модусамі.

З аднаго боку, ён прагне новых светаў, каб схапіць іх у «сілкі свайго свавольнага зроку». Ды далей, патрабуючы больш ад свайго вока, яму часта складана канчаткова «адпусціць» сябе. З іншага, будучы і больш уразлівым да бачнага, фатограф парадаксальным чынам здольны выбудаваць «сюррэальную дыстанцыю» паміж сабой і светам, дазволіўшы апошняму набыць новыя абліччы. Іншымі словамі, месца таксама прагне быць убачаным, каб пацвердзіць свой геній. Яно мае патрэбу ў тым, каб яго знайшоў мастак.

Дык чый жа позірк мацнейшы пры гэтай сустрэчы - фатографа ці месца? Яны залежаць адзін ад аднаго. Фатографу патрэбны момант згубленасці (назавем яго genius lost), каб выбудаваць наноў свае стасункі са светам. А свету (месцу) важна быць адкрытым, каб выявіць свой дух.

Genius lost. Genius loci. І наадварот.

(Тэкст / Дар'я Амяльковіч)

У межах суправаджальнай праграмы праекта 21, 22, 28 і 29 ліпеня ў 18.30 адбудуцца экскурсіі з куратаркай і аўтарамі праекта, на якіх яны распавядуць пра ідэю стварэння праекта, працу над экспазіцыйным рашэннем выставы і сваімі творамі.


Выстава «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютарнай графікі. Лічбавыя сны»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: па 29 жніўня

Колькі каштуе: 12 BYN — для дарослых, 10 BYN — для студэнтаў, пенсіянераў, 8 BYN — для школьнікаў

Музей гісторыі горада Мінска і LIBRA запрашаюць усіх наведаць новы выставачны праект «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютарнай графікі. Лічбавыя сны». Больш за 70 работ вядомых аўтараў з усяго свету можна будзе ўбачыць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) з 24 чэрвеня па 29 жніўня 2021 г.

Актуальнае мастацтва знаходзіцца ў бесперапынным пошуку новых формаў, інструментаў і матэрыялаў. Што калі замест палатна перад мастаком адкрыецца інтэрфейс камп'ютэрнай праграмы, а замест пэндзля і фарбаў у руцэ апынецца сцілус? Творчая майстэрня пераносіцца ... у віртуальнае асяроддзе!

Музей гісторыі горада Мінска і LIBRA прадстаўляюць праект, прысвечаны адной з самых запатрабаваных і дынамічна развіваюцца сфер сучаснай культуры — лічбаваму мастацтву. Праект «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютэрнай графікі. Лічбавыя сны» здзівіць вас неверагоднымі магчымасцямі камп’ютарнай графікі і дазволіць здзейсніць падарожжа скрозь мноства віртуальных светаў, народжаных фантазіяй самых таленавітых мастакоў.

Вы ўбачыце больш за 70 твораў прафесіяналаў з усіх канцоў свету (Расія, Польшча, Іспанія, Германія, Бразілія, Італія, Вялікабрытанія, Кітай, Літва і многія іншыя краіны).

Праект прадставіць усе актуальныя напрамкі камп’ютарнай графікі: Фотаарт (стварэнне сюррэалістычных калажаў на аснове фотаздымкаў), лічбавы жывапіс (карціны, выкананыя пры дапамозе графічнага планшэта), 3D-графіку (трохмерныя лічбавыя «скульптуры»). Вы пераканаецеся што стварэнне лічбавых твораў патрабуе не толькі віртуознага валодання сучаснымі камп'ютарнымі тэхналогіямі, але і шматгадовай практыкі, скрупулёзнага навострывання навыкаў, глыбокіх тэарэтычных ведаў і, вядома ж, бязмежнай фантазіі і невычэрпнага ўяўлення!

Экспазіцыю будуць суправаджаць інфармацыйныя стэнды, якія бліжэй пазнаёмяць вас з прадстаўленымі аўтарамі і працамі. Таксама на вялікім экране будуць дэманстравацца тэматычныя дакументальныя фільмы. Да таго ж кожны жадаючы зможа бясплатна паспрабаваць разгадаць займальны квэст па выставе.

Калі пытанне супрацьстаяння традыцыйнага і лічбавага мастацтва не пакідае вас абыякавым, калі вы самі трымаеце ў руках стілус, пэндзаль або аловак і хочаце даведацца сакрэты майстэрства прызнаных асаў, нарэшце, калі вы проста хочаце дадаць фарбаў і чарадзейства ў паўсядзённае жыццё — вас запрашаюць з галавой пагрузіцца у фантастычныя «Лічбавыя сны»!


«Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі культуры»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: да 31 снежня

Беларусь — суверэнная краіна з тысячагадовым мінулым, са слаўнымі і драматычнымі старонкамі. Яна беражліва захоўвае нацыянальныя традыцыі, натхняецца лепшымі здабыткамі сусветнай цывілізацыі і пераасэнсоўвае іх.

Ці ведаеце вы, калі першыя людзі з’явіліся на нашых землях? Калі на Беларусь прыйшла пісьменнасць і якім алфавітам запісвалася? А тое, што нашая зямля — краіна замкаў і незлічоных скарбаў? Што апраналі нашыя продкі, з чаго складваецца нацыянальная кухня і як гучаць «галасы» Беларусі?..

Выставачны праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» распавядае пра асноўныя этапы гістарычнага развіцця Беларусі, дае кароткую характарыстыку культурным здабыткам, прадстаўляе беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапамагае зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы.

Праект прапануе выправіцца ў захапляльнае падарожжа, згадаць важныя даты, натхніцца нашай спадчынай, а праз інтэрактыўныя элементы — літаральна дакрануцца да гісторыі.

Выстава складаецца з дзвюх частак — «Гісторыя» і «Культура». Першая паказвае лёсавызначальныя падзеі, асноўныя працэсы, этапы гістарычнага развіцця Беларусі (ад старажытных часоў да сучаснасці); наступная адлюстроўвае асобныя тэмы, прысвечаныя адметнасцям самабытнай беларускай культуры.

Праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» рэалізуецца ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2021 г.

Партнёры праекта: Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы, Музей прыроды і экалогіі, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, фатографы Ганна Кіпель, Анатоль Андрэеў.


Музейны праект «Май Данцыг. Унутры ідэі»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: па 2 жніўня

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе музейны праект «Май Данцыг. Унутры ідэі». Ён складаецца з дзвюх частак, аднайменнай выставы і фотавыставы «Горад, які змяняецца».

У праекце прымаюць удзел Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі саюз мастакоў. На выставе будуць прадстаўлены асабістыя побытавыя рэчы мастака, прафесійныя інструменты, таксама экспануецца ўнікальны сямейны фотаархіў, фотаздымкі з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея.

Май Вольфавіч Данцыг — народны мастак Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, уладальнік ордэна Францыска Скарыны і ордэна Пашаны — яркая з’ява ў гісторыі нацыянальнай культуры ХХ стагоддзя. Ён нарадзіўся ў 1930 годзе ў Мінску і большая частка яго жыцця была звязана з гэтым горадам. Калекцыя фотаздымкаў з сямейнага архіва пазнаёміць з творчай біяграфіяй мастака.

У 2019 годзе дачка мастака, Ала Данцыг, перадала Нацыянальнаму гістарычнаму музею калекцыю прадметаў — асабістых рэчаў яе бацькі (палітры, эцюднікі, фотаапараты, масціхіны, пэндзлікі і так далей). Некаторыя прадметы выкарыстоўваліся Маем Данцыгам у якасці натуры.

Прафесійная мастацкая дзейнасць Мая Данцыга пачалася ў 1960-х гадах. Тэма горада заўсёды была адной з галоўных тэм у творчасці мастака, а для горада Мінска гэта быў час буйнога росту і перамен. Не толькі прадметы і людзі, але і сам горад становіцца натурай для майстра.

Фотавыстава «Горад, які змяняецца» з дапамогай архіўных фотаздымкаў з калекцыі музея пакажа жыхарам сталіцы Мінск, такі знаёмы, але невядомы горад. Дасць магчымасць пабачыць этапы будаўніцтва горада, прасачыць за яго змяненнямі ў перыяд ад заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і да пачатку 70-х гадоў.

На выставе ў наведвальніка будзе магчымасць паспрабаваць дакрануцца да творчасці Мая Данцыга і нават стаць на месца мастака, адчуць неабсяжнасць яго мастацкага і чалавечага генія. Выстава выступіць прызмай, праз якую наведвальнік пазнаёміцца з Маем Данцыгам не толькі як з персаналіяй з энцыклапедыі па мастацтвазнаўству, але і як з жыхаром Мінска і сведкам сваёй эпохі.


Экспазіцыя «Зруйнаваныя надзеі»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: па 2 жніўня

22 чэрвеня 2021 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё сумеснай часовай экспазіцыі, прысвечанай 80-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Вялікая Айчынная вайна стала вялікім выпрабаваннем для савецкага народа, асабліва для Беларусі. Яе тэрыторыя была цалкам занята нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым, заснаваны на рэпрэсіях, гвалце, рабаўніцтве нацыянальнага багацця. Але беларускі народ, нягледзячы ні на што, гераічна змагаўся з акупантамі на фронце і ў тыле, чым зрабіў непараўнальна вялікі ўнёсак у Вялікую Перамогу над гітлераўскай Германіяй.

Але вайна – гэта не толькі гераічнае змаганне, гэта вялікая трагедыя і вялікі смутак. Амаль кожны трэці жыхар Беларусі загінуў у час ваеннага ліхалецця, былі зруйнаваны гарады, спалены вёскі, знішчаны народнагаспадарчыя аб’екты. Былі растаптаны людскія лёсы, надзеі на будучыню, на шчаслівае жыццё.

Мінск з’яўляецца яскравым прыкладам і гераічнага змагання, і знішчаных надзей. Яшчэ 21 чэрвеня 1941 года ў горадзе віравала мірнае жыццё, гараджане працавалі, адпачывалі, спадзяваліся на светлую будучыню. Але град бомбаў, які абрынуўся на горад у першыя дні вайны, прыход акупантаў, азвярэлых ад людской крыві, зруйнавалі гэтыя надзеі. Толькі праз тры гады фашысцкай няволі Мінск быў вызвалены і, як птушка Фенікс, стаў паўставаць з попелу і руін.

Часовая экспазіцыя прадстаўляе фотакалажы вядомага гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава, якія дэманструюць выгляд нашай сталіцы даваеннага перыяду, выявы тых жа кварталаў пасля варварскіх нямецкіх бамбардзіровак першых дзён вайны і сучасны выгляд адноўленага, мірнага горада. Асобнае месца ў часовай экспазіцыі займае відэапрэзентацыя (відэафільм) трохмернай мадэлі фрагмента гарадскога асяродка 30-х – пач. 40-х гг. ХХ ст., у якім адноўлены ландшафт, планіровачная структура, архітэктурныя дамінанты, выканана гіпатэтычная рэканструкцыя шэраговай забудовы, што стварае непаўторную атрмасферу даваеннага Мінска.

Таксама выкарыстаны фотаматэрыялы з прыватнай калекцыі Паўла Растоўцава. Экспазіцыя створана пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры».


Экспазіцыя, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа

Дзе:  Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. Максіма Багдановіча 13

Калі: з 8 лютага па 16 жніўня

Колькі каштуе: 6 BYN, для навучэнцаў — 3 BYN

8 лютага 2021 года ў 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц...», прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа.

Абодва класікі яшчэ пры жыцці, абодва народныя пісьменнікі Беларусі, абодва нарадзіліся на Палессі... Спіс агульнага, што звязвала Шамякіна і Мележа можна працягваць доўга. А літаратурна-дакументальная экспазіцыя дапаможа даведацца пра гэта значна больш. Іван Мележ пакінуў нам легендарную «Палескую хроніку» («Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі. Снежань»), а творы Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце», «Сэрца на далоні», «Вазьму твой боль» як і раней адгукаюцца ў сэрцы чытача.

Экспазіцыя прадставіць партрэты і фатаграфіі І. Шамякіна і І. Мележа, графічныя працы вядомых мастакоў А. Кашкурэвіча, Н. Паплаўскай да твораў пісьменнікаў, эпісталярыі, асабістыя рэчы, кнігі з аўтографамі і інш. Лейтматывам экспазіцыі стануць успаміны Івана Шамякіна «Палёт над Палессем», прысвечаныя Івану Мележу.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц...» прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў. Выстава будзе дзейнічаць да 16 жніўня 2021 года.

У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел сваякі пісьменнікаў, даследчыкі жыцця і творчасці Івана Шамякіна і Івана Мележа, літаратары.

Кантактны тэлефон: (017) 363-56-21.


Выстава «Мастацтва музейнай рэстаўрацыі»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 13 жніўня

Колькі каштуе: 8 BYN

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь — адзін з найбольш папулярных музеяў краіны. Яго збор — найбуйнейшы па колькасці артэфактаў, ён налічвае амаль 500 тысяч адзінак музейных прадметаў. Гэта археалагічныя знаходкі, мэбля, грашовыя знакі, іконы, фатадакументы, кніжныя выданні, музычныя інструменты і іншыя. Многія з іх здабылі другое жыццё дзякуючы працы рэстаўратараў.

Выстава распавядае пра тую частку музейнай дзейнасці, якая звычайна схаваная ад вачэй наведвальнікаў — пра рэстаўрацыю, якая дазваляе вывучыць, захаваць музейныя каштоўнасці ад разбурэння і прадставіць гледачу. Рэстаўрацыя, рэканструкцыя, аднаўленне і кансервацыя — гэта не проста «рамонт» прадметаў, гэта складаны і шматгранны працэс, спалучаны з самакантролем, пастаянным прыняццем рашэнняў і адказнасцю за іх. Перад спецыялістамі штосекундна стаіць праблема выбару таго ці іншага метаду ўмяшання ў сапраўдную «тканіну» музейнага прадмета.

Дадзеная выстава — гэта вынік велізарнай, працаёмкай і карпатлівай працы аддзела рэстаўрацыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, у якім на сённяшні дзень працуе 5 мастакоў-рэстаўратараў. У экспазіцыі прадстаўлены розныя па характары, матэрыялах і часе стварэння артэфакты з калекцый музея. Гэта знакаміты веджвудскі фарфор XIX ст., чыгунны прас, прыгожы столік з бронзы, размаляваны кітайскі чайнік XVIII ст., савецкі самавар і іншыя. Усе яны з’явяцца ў вітрынах дзякуючы намаганням музейных рэстаўратараў.

Таксама 28 мая на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь пройдзе семінар «Айчынная рэстаўрацыя: вопыт і перспектывы», прысвечаны пытанням захавання, кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў з удзелам вядучых спецыялістаў у гэтай галіне.


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: 18 мая — 31 кастрычніка

Колькі каштуе: уваход у дзень адкрыцця вольны 

18 мая а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры адкрыў часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць”.

Выстава экспануецца ў межах сумеснага праекта з Літаратурна-мемарыяльным музеем Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Вялікія пісьменнікі застаюцца вялікімі на стагоддзі, нягледзячы на тое, што іх творы напісаны шмат гадоў таму. Іх героі і творы працягваюць жыць, таму што не пакідаюць раўнадушнымі чытачоў новых пакаленняў.

Па-сапраўднаму вялікім і ўніверсальным на ўсе наступныя эпохі пасля свайго жыцця застаецца Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі (1821—1881). Веліч яго асобы і спадчыны вылучаецца ў першую чаргу тым, што ў сваёй творчасці ён узняў вечныя філасофскія праблемы быцця чалавека, духоўнасці, веры.

На тэрыторыі Беларусі ёсць вёска Дастоева – гэта вёска Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Месца адметнае тым, што раней тут размяшчалася сядзіба Дастаеўскіх, продкаў Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага па мужчынскай лініі. Менавіта ў гэтай вёсцы і бярэ пачатак род Дастаеўскіх. І нават само прозвішча Дастаеўскі паходзіць ад назвы гэтай вёскі. Сам вялікі пісьменнік у гэтай сядзібе і вёсцы ніколі не бываў. У гады яго жыцця сядзіба належала ўжо іншым уладальнікам. Дастаеўскія страцілі яе ўжо ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. Некаторы час дадзеная сядзіба належала Ордам, сваякам вялікага беларускага культурнага дзеяча – Напалеона Орды. Сёння сядзіба цалкам страчаная. Тым не менш, у памяць пра тое, што менавіта з беларускай вёскі Дастоева паходзіць род Дастаеўскіх, тут усталяваны помнік вялікаму рускаму пісьменніку – Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму.

На экспазіцыі прадстаўлены: банерная выстава з Літаратурна-мемарыяльнага музея Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) пра жыццё і творчасць Ф. М. Дастаеўскага, пераклады твораў пісьменніка на беларускую мову, крытычныя і аналітычныя працы Ф. Дабранравава, А. Доліна і інш. аўтараў па творчасці Ф. М. Дастаеўскага, выданне твораў Фёдара Дастаеўскага канца ХІХ ст. з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.