Вы тут

«Іспыт» на рэагаванне. Маштабныя комплексныя вучэнні прайшлі ў Смалявіцкім раёне


Калі на чыгуначнай станцыі «Смалявічы» загарэлася цыстэрна з палівам, пажарная сірэна завыла амаль адразу ж — на месца здарэння ратавальнікі прыбылі ў лічаныя хвіліны. Спачатку астудзіўшы вадой незакранутыя полымем цыстэрны, яны пачалі заліваць пенай ачаг узгарання. Пажар быў ліквідаваны. Супрацоўніка чыгункі, які да прыезду ратавальнікаў спрабаваў справіцца з агнём самастойна, перадалі ў рукі медыкаў. На шчасце, усё абышлося…


Яшчэ лепш, што згаданая сітуацыя — не больш чым дэманстрацыя, арганізаваная з мэтай праверкі дзеянняў органаў кіравання і сіл дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны падчас падобных надзвычайных здарэнняў. Такія «іспыты» на выкананне заканадаўства па пажарнай бяспецы і папярэджанні надзвычайных сітуацый, а таксама правіл паводзін у галіне прамысловай бяспекі кожны раён у Мінскай вобласці вытрымлівае раз на сем гадоў. Гэтымі днямі праверку на рэагаванне ў надзвычайных сітуацыях прайшоў Смалявіцкі раённы выканаўчы камітэт.

— Гэта знакавыя вучэнні, якія закранаюць вялікае кола людзей: задзейнічаны не толькі супрацоўнікі МНС, а і прадстаўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў, дарожных арганізацый, Беларускай чыгункі, якія ў рэжыме надзвычайнай сітуацыі працуюць зладжана і аператыўна ліквідуюць усе наступствы, — адзначыў намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта — старшыня камісіі па надзвычайных сітуацыях Мінскага аблвыканкама Аляксандр КРУЧАНАЎ. 

— Мэта вучэнняў — узаемадзеянне органаў дзяржаўнага кіравання з падраздзяленнямі сістэмы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, грамадзянскай абароны ў мірны час, а таксама ў асаблівых сітуацыях: пачынаючы ад штармавых папярэджанняў, надзвычайных сітуацый тэхнагеннага характару і заканчваючы мадэляваннем магчымых тэрарыстычных актаў. Лепш, каб нічога дрэннага не адбывалася, але мы ні ад чаго не застрахаваныя. Наша сістэма МНС сёння гатовая да ліквідацыі любых надзвычайных сітуацый.

На другім этапе першага дня вучэнняў дзеянні разгарнуліся ў раёне Пятровіцкага вадасховішча. Гарачае надвор'е прыцягнула мясцовых жыхароў да вады, таму на беразе, ды і ў самім вадаёме было шматлюдна. Адзін з адпачывальнікаў пачаў тануць. Сігнал ратавальнікам — і над вадой закружыўся верталёт МНС, з якога ў ваду спусціліся супрацоўнікі Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «Зубр». Пацярпелага выцягнулі з вады з дапамогай каната, скінутага з борта вінтакрылай машыны.

На другім беразе (па легендзе вучэнняў, вядома) упаў лёгкаматорны самалёт. Для пошуку пацярпелых у неба ўзняўся верталёт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, які над месцам авіякатастрофы высадзіў ратавальны «дэсант» разам з сабакамі — дзякуючы чатырохногім сябрам пошук людзей па часе значна скараціўся. На квадрацыклах, якія ў складзе пошукавай групы прыбылі на месца здарэння, пацярпелых у кароткі тэрмін даставілі да машын хуткай дапамогі, што ўжо чакалі каля вадаёма.

Але пакуль дапамогу аказвалі людзям, ратаваць трэба было і экасістэму — агонь, які падчас гарачыні распаўсюджваецца імгненна, ахопліваў усё новыя і новыя ўчасткі сушы. На дапамогу зноў выляцеў верталёт. Ён чэрпаў ваду тут жа, з вадасховішча, — у выніку пажар быў патушаны.

А тым часам (зноў жа, па легендзе) у вадаём трапіў аўтамабіль — відаць па ўсім, уладальнік транспартнага сродку не справіўся з кіраваннем. У першую чаргу ратавальнікі-вадалазы выцягнулі з вады чалавека і, правёўшы яму сардэчна-лёгачную рэанімацыю, узяліся за аўтамабіль, які ўжо амаль схаваўся пад вадой. Затым з дапамогай спецыяльнага абсталявання ратавальнікі-хімікі пачалі ажыццяўляць збор нафтапрадуктаў з паверхні вадаёма.

Акрамя таго, у той жа дзень ратавальнікі, а таксама іншыя службы, адказныя за грамадзянскую абарону ў раёне, змагаліся з наступствамі абвальвання даху ў будынку выставачнага комплексу на тэрыторыі індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

На другі дзень сілы службаў Смалявіцкага раёна былі накіраваны на барацьбу з непагаддзю. У выніку моцнага ліўня быў падмыты аўтамабільны мост праз раку Пліса, што стварала пагрозу яго частковага разбурэння. Акрамя таго, моцны вецер прывёў да таго, што некалькі дрэў пры падзенні зачапіла апоры ліній электраперадачы — без электрычнасці застаўся адзін з населеных пунктаў. Медыцынская дапамога спатрэбілася і мясцоваму жыхару, які атрымаў траўму. Але і тут ратавальнікі разам з іншымі службамі раёна выдатна справіліся з наступствамі непагадзі.

У гэты ж дзень, згодна з легендай вучэнняў, была ліквідавана і аварыя з выкідам аміяку на прадпрыемстве «Смалявічы Бройлер», патушана ўзгаранне на мэблевай фабрыцы. Аварыйныя службы аператыўна адрэагавалі і на паведамленне аб уцечцы газу ў падвале аднаго з дамоў.

— У межах вучэння мы аналізуем гатоўнасць шматлікіх службаў раёна да рэагавання на магчымыя надзвычайныя сітуацыі, — паведаміў першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір ЯНЧЫК. 

— Мы ацэньваем, наколькі аператыўна яны зрэагавалі, якія сілы і сродкі прыцягнулі, ці своечасова і правільна прынялі кіраўніцкія рашэнні. У дадзеным вучэнні мы адпрацоўваем сітуацыі, найбольш характэрныя для летняга перыяду: узгаранне ў экасістэмах, надзвычайныя здарэнні на вадзе. Мы гатовыя ліквідаваць любую надзвычайную сітуацыю. У нас для гэтага дастаткова сіл, сродкаў і вопыту работы.

Вераніка КАНЮТА

Фо­та Мінск­ага аб­лас­но­га ўпраў­лен­ня МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Люты — ад лацінскага «фебруарыс», што азначае «ачышчэнне». 

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.