Вы тут

На рынку «Лагуна» брэсцкага мікрараёна Кавалёва працуе стацыянарны прышчэпачны пункт


Кожныя 15 хвілін аператар радыёвузла рынку аб'яўляе, што ў першым радзе гандлёвых радоў працуе стацыянарны прышчэпачны пункт, дзе можна зрабіць прышчэпку ад COVІD-19. Голас з дынаміка ўдакладняе, што працэдура бясплатная, і запрашае супрацоўнікаў і наведвальнікаў «Лагуны» прайсці вакцынацыю ад небяспечнай хваробы.


Каля павільёна, дзе размяшчаецца прышчэпачны пункт цэнтральнай паліклінікі абласнога цэнтра, не сказаць, што шматлюдна, але людзі пакрысе ідуць. У выхадныя, кажуць, тут доўгія чэргі стаялі. А вось у аўторак (6 ліпеня. — Аўт.) на рынку самы небагаты на пакупнікоў дзень. Таму любы ахвотны можа спакойна зайсці на прыём да ўрача і без усялякай чаргі прайсці працэдуру вакцынацыі. Так і зрабіла Валянціна Пятроўна, жыхарка аднаго з дамоў па вуліцы Суворава.

— Мне даволі далёка дабірацца ў сваю паліклініку, я абслугоўваюся ў 6-й, — сказала жанчына, — а тут вельмі зручна. Дзеці ў сацсетках прачыталі, што на рынку адкрыты пункт прышчэпак. Вось я і прыйшла. Суседкі ўжо многія прышчапіліся, і былыя калегі па рабоце заклікалі ўзяць з іх прыклад. Падумала, што так спакайней будзе, а то апошнім часам і ў магазін стараюся менш хадзіць, і грамадскім транспартам амаль не карыстаюся.

Доктар Людміла ЧАСНАКОВА падрабязна распытвае пацыентку пра самаадчуванне, мерае ціск, тэмпературу, сатурацыю. Упэўніўшыся, што ўсё ў норме, накіроўвае жанчыну да медсястры Вольгі Захарчанкі, якая і праводзіць працэдуру.

Людміла Юр'еўна ў паліклініцы загадвае фізіятэрапеўтычным аддзяленнем. А цяпер, як і многія іншыя калегі, у тым ліку кардыёлагі, рэўматолагі, задзейнічана на рабоце па прафілактыцы і лячэнні ковіду.

— У першыя дні, а працуем мы на рынку з 1 ліпеня, актыўна ішлі супрацоўнікі гандлёвых радоў і павільёнаў, — расказвае Людміла Часнакова. — Хачу сказаць, што ў абсалютнай большасці прышчэпку яны перанеслі добра, былі вельмі рэдкія скаргі на пагаршэнне самаадчування тэрмінам у адны суткі. Потым стан, як правіла, нармалізуецца і чалавек можа спакойна працягваць сваю работу ды звыклы лад жыцця. Тое самае магу сказаць і па вопыце работы з пацыентамі ў паліклініцы. Людзі пераносяць прышчэпку добра, а ў каго назіраюцца павышэнне тэмпературы, млоснасць, ламота, названыя сімптомы праходзяць хутка.

 

Усе стаміліся ад гэтай хваробы, і спадзяёмся, што вакцынацыя дазволіць сфарміраваць неабходную праслойку людзей, якая засцеражэ ад далейшага распаўсюджвання інфекцыі, працягвае Людміла Юр'еўна. Яна падкрэслівае, што многія людзі вельмі адказна падыходзяць да свайго здароўя. Нават вось сюды прыходзяць не адразу па прышчэпку, а па папярэднюю кансультацыю. Распытваюць, якія ёсць супрацьпаказанні, якія могуць быць наступствы, а потым ужо прымаюць рашэнне. Была адна такая пацыентка: усё падрабязна распытала, а назаўтра прыйшла і зрабіла прышчэпку.

Ахвотна дзеліцца сваімі разважаннямі і ваенны пенсіянер Дзмітрый Адамавіч, які прыйшоў на прышчэпку. Ён сказаў, што доўга думаў, раіўся, пакуль прыняў рашэнне, чытаў розныя меркаванні ў інтэрнэце:

— Шмат чым страшаць там, напрыклад, анкалогіяй як наступствам вакцынацыі, а маладых — дык і наогул бясплоднасцю. Думаў, яшчэ пачакаю, пагляджу на іншых. А тут былы таварыш па службе ў Мінску памёр ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі. Вось я цвёрда вырашыў ісці ў паліклініку, пра гэты пункт не ведаў. Зайшоў сёння купіць свежай агародніны да абеду, а тут перадаюць па радыё. Вось і падумаў, што зручна, не трэба нават у паліклініку ехаць. Наведванне паліклінікі — гэта ж дадатковая рызыка, а так усё на месцы, амаль што на свежым паветры.

Відавочна, стацыянарныя прышчэпачныя пункты сябе апраўдваюць. Дарэчы, у Брэсце нядаўна адкрыўся яшчэ адзін такі, у гандлёва-забаўляльным цэнтры «Экватар».

Як паведаміў у тэлеграм-канале старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК, па стане на 1 ліпеня ў абласным цэнтры было прышчэплена 30 397 чалавек.

Заўважу, што насельніцтва Брэста крыху перавышае 340 тысяч. А ў цэлым па вобласці, паводле інфармацыі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі, грамадскага здароўя, першы кампанент вакцыны атрымала больш за 120 тысяч чалавек (9,3 працэнта насельніцтва). Другі кампанент прышчэпкі атрымала больш за 80 тысяч (6,1 працэнта). Вакцынацыя ў рэгіёне пачалася 19 студзеня. У бягучы момант для прышчэпак выкарыстоўваецца «Гам-Ковід-Вак» («Спадарожнік V» вытворчасці Беларусі).

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Толькі б не захварэць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.