Вы тут

Раёны з высокай колькасцю звышнарматыўных будаўнічых аб'ектаў, рызыкуюць застацца без новых інвестпраектаў


Такую ўстаноўку робяць улады Гродзенскай вобласці, каб хутчэй вырашыць праблему даўгабудаў. На пачатак года тут налічвалася звыш 340 такіх аб'ектаў. Іх мае кожны раён. Гэта будынкі школ, клубаў, сельскагаспадарчых пабудоў. Ёсць нават музей тэхнікі і царква. Абласныя ўлады сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці разгледзелі варыянты іх далейшага лёсу.


Даць другі шанц

Нядаўна, падчас камандзіроўкі ў гарадскі пасёлак Радунь Воранаўскага раёна, звярнула ўвагу на будынак: спецыяльная агароджа і адноўленая частка сведчылі аб тым, што тут павінны весціся будаўнічыя работы. У Воранаўскім райвыканкаме пацвердзілі, што былая школа рэканструюецца ў цэнтр нацыянальных культур. Таксама тут плануецца размясціць сельвыканкам, кафэ, музейныя экспазіцыі, кінатэатр, залу для дыскатэк. Задума вельмі добрая, бо Радунь мае патрэбу ў культурных установах. Але праект ператварыўся ў даўгабуд.

Некалькі гадоў таму яго ўзяліся ажыццявіць ізраільскія інвестары ў абмен на перадачу ім былой сінагогі. Планы ў інвестараў былі вялікія, ажно да будаўніцтва гасцініцы для турыстаў. У Радуні жыў і пахаваны сусветна вядомы равін і філосаф Хафец Хаім, які заснаваў тут знакамітую школу — іешыву. Дарэчы, і гэты будынак цяпер таксама пустуе, бо інвестары з'ехалі.

У рэканструкцыю цэнтра нацыянальных культур ужо ўкладзена 1,5 мільёна рублёў. Для таго каб завяршыць работы, патрэбна яшчэ столькі ж. Сёлета з бюджэту плануецца накіраваць 300 тысяч рублёў. А ў будучым — уключыць праект у абласную інвестпраграму. Гэта магчыма зрабіць з тымі аб'ектамі, дзе зроблена большая частка работы. Тады даўгабуды атрымліваюць права на другое жыццё.

Напрыклад, у Бераставіцы мяркуюць прадаць гасцініцу, якая знаходзіцца ў стадыі капітальнага рамонту. У Свіслачы — завяршыць рамонт храма, работы вяліся з выкарыстаннем бюджэтных сродкаў. Магчыма, да фінансавання падключыцца і гродзенская епархія.

Ёсць намер давесці да завяршэння работы на мемарыяльным комплексе ў Смаргоні. У райвыканкаме падлічылі, што для гэтага неабходна яшчэ пяць мільёнаў рублёў — на ўкладку граніту.
Комплекс узводзіўся за кошт саюзнага бюджэту да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, але сродкаў не хапіла. Магчыма, праект будзе перагледжаны ў бок зніжэння кошту.

Адзін з праблемных аб'ектаў у Гродне — заапарк. Тут прайшла маштабная рэканструкцыя, але поўнасцю аб'ект не здадзены. Не дароблены сланоўнік, ён зарастае пустазеллем, не ўведзены ў эксплуатацыю будынак акварыума. Такая сітуацыя цягнецца цэлае дзесяцігоддзе. Мяркуецца, што рэканструкцыя завершыцца да канца пяцігодкі.

Радыкальныя меры

Многія даўгабуды страцілі эканамічную вартасць, псуюць выгляд населеных пунктаў, займаюць зямельныя ўчасткі. У КДК лічаць, што ў такіх выпадках іх трэба зносіць. У гэты лік трапілі цэх па разліве мінеральнай вады і сярэдняя школа ў Бераставіцкім раёне. Аб'екты пачалі будаваць у 1990-х гадах і хутка спыніліся, цяпер у іх няма патрэбы. Недабудаваныя дамы культуры маюць намер знесці ў Воранаўскім, Зэльвенскім, Мастоўскім раёнах. Пад знос ідзе і цяплічны камбінат недалёка ад Гродна. Яго ўжо замянілі эфектыўнымі, новымі цяпліцамі, менш энергазатратнымі.

У Гродзенскім раёне адбудзецца дэмантаж пастаментаў для музея тэхнікі. Планавалася, што першы такі музей з'явіцца на 22 гектарах поля на шляху да Аўгустоўскага канала. У яго рэалізацыю ўкладзена 108 тысяч долараў бюджэтных сродкаў. Але праект ужо некалькі гадоў замарожаны. У Навагрудку запланаваны знос гандлёвага цэнтра са сталовай, а таксама лікёра-гарэлачнага завода. У Смаргоні — аўтаматычнай тэлефоннай станцыі. Тут будзе ўзводзіцца жылы мікрараён. Увогуле, аб'ектаў пад знос не адзін дзясятак. Марудная работа па іх ліквідацыі звязаная са значнымі затратамі — ад 500 тысяч да аднаго мільёна рублёў. Магчыма, частка аб'ектаў увойдзе ў план вучэнняў МНС.

Раскласці па паліцах

У камітэце архітэктуры і будаў-ніцтва Гродзенскага аблвыканкама зрабілі аналіз незавершаных аб'ектаў і вызначылі кірункі работы з імі. Аказалася, што найбольшая іх колькасць адносіцца да сферы сельскай гаспадаркі і харчавання — 44 %. Астатнія належаць прадпрыемствам ЖКГ, упраўленням капітальнага будаўніцтва, адукацыі, культуры, аховы здароўя і іншым сферам. На думку старшыні камітэта Міхаіла Петуха, ёсць магчымасць у хуткім часе скараціць колькасць даўгабудаў на 20 %. Гэта збольшага сельскагаспадарчыя будынкі, якія даўно эксплуатуюцца, але не прайшлі прыёмку. Яны сёння ўцягваюцца ў абарот і здымаюцца з уліку. Каб разабрацца з іншымі, патрэбен час. Па-першае, каб размеркаваць іх па ступені запатрабаванасці. Тыя, што не маюць ніякай перспектывы, — спісаць і знесці. Заканадаўства гэта дазваляе. А тыя, што маюць гатоўнасць звыш 10 %, завяршыць і здаць у эксплуатацыю. Дарэчы, на дадзеную катэгорыю прыходзіцца амаль палова ўсіх даўгабудаў — каля 200. Звыш 100 аб'ектаў прапануецца перапрафіляваць і прадаць.

Перад раёнамі пастаўлены канкрэтныя задачы — да 1 верасня завяршыць сістэматызацыю даўгабудаў і не дапускаць іх росту. Там, дзе сітуацыя пагоршыцца, ёсць рызыка застацца без фінансавання новых праектаў на будучы год. А тыя раёны, якія спраўляюцца са згаданай праблемай, змогуць разлічваць на дадатковыя аб'екты ў абласной інвестпраграме, падкрэслілі ў аблвыканкаме.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара


Каментарый КДК

Таццяна Слабыш, начальнік упраўлення КДК Гродзенскай вобласці:

— На пачатак года ў рэгіёне налічвалася 340 аб'ектаў незавершанага будаўніцтва. Гэта аб'екты дзяржаўных прадпрыемстваў альбо прыватныя, дзе будаўніцтва вялося з выкарыстаннем бюджэтных сродкаў.

КДК ініцыіраваў татальную інвентарызацыю па ўсіх раёнах, каб выявіць рэальную карціну незавершанага будаўніцтва. Значныя сродкі ўкладзены ў праектаванне, а будаўніцтва нават не пачыналася. Станоўчы момант — за першы квартал 2021 года колькасць даўгабудаў зменшылася амаль на палову сотні, пры гэтым зафіксавалі 20 новых.

У КДК работа праводзілася з кожным уласнікам, разбіраліся па кожным аб'екце. Чакалася, што толькі за чэрвень вырашыцца пытанне па 60 аб'ектах. На жаль, работа вядзецца вельмі павольна. Многія (амаль па чвэрці аб'ектаў) схільныя адкладваць вырашэнне пытання на далёкую перспектыву — да канца пяцігодкі. Справа магла б рухацца хутчэй, калі б раёны валодалі поўнай інфармацыяй па сваіх даўгабудах.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».