Вы тут

«Славянскі базар» глядзім у прамым эфіры


Ужо зусім хутка на вуліцах Віцебска запануе свята творчасці, сяброўства і лета, бо з 15 да 18 ліпеня горад прымае юбілейны ХХХ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Разам з жыхарамі паўночнай сталіцы і гасцямі свята Белтэлерадыёкампанія таксама завітае на культурны форум, а яшчэ прапануе сваёй аўдыторыі трансляцыі галоўных музычных праграм.


Фота: pixabay.com

У інфармацыйных выпусках на тэлеканале «Беларусь 1» увага культурных карэспандэнтаў Агенцтва тэлевізійных навін будзе засяроджана на падзеях фестывалю, які абяцае сёлета парадаваць публіку насычанай праграмай тэатральных пастановак і кінапаказаў, тэматычнымі экскурсіямі, некалькімі арт-пляцоўкамі і доўгачаканымі выступленнямі любімых артыстаў з розных краін. Раніцы будняў форуму 15 і 16 ліпеня на «першай кнопцы» зробяць па-сапраўднаму добрымі вядучыя шоу «Добрай раніцы, Беларусь!», студыя якога размесціцца непасрэдна ў фестывальнай сталіцы. Рыхтуе каманда і сюрпрызы, адным з якіх стане штодзённы дайджэст «Славянскага базару ў Віцебску» ў выглядзе вячэрніх відэадзённікаў.

Цэнтральнай эфірнай падзеяй на «Беларусь 1» будзе серыя трансляцый галоўных канцэртных праграм фестывалю і ХХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2021». У першы дзень форуму 15 ліпеня на канале пакажуць вялікі гала-канцэрт урачыстага адкрыцця «Базару» з выступленнямі зорак сусветнай велічыні, а 16 ліпеня нас чакае паказ праграмы «Душа народа — песня» святочнага гала-канцэрта «Саюзная дзяржава запрашае...» пры ўдзеле Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, Дзяржаўнага акадэмічнага рускага народнага хора імя М. Я. Пятніцкага ды іншых вакальных калектываў і знакамітых артыстаў.

А 17 ліпеня ў 20.00 гледачы змогуць падтрымаць прадстаўніка нашай краіны на ХХХ Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2021» Данііла Мышкаўца падчас прамой трансляцыі першага дня творчага спаборніцтва. Пачуем праграму «Сусветны хіт» у суправаджэнні шоу-балета Алы Духавай «Todes». На наступны дзень 18 ліпеня прыхільнікаў фестывалю чакае паказ гала-канцэрта майстроў мастацтваў Беларусі «Крок by крок», а ў 22.00 прамая трансляцыя ўрачыстага закрыцця юбілейнага «Славянскага базару» з выступленнямі ўдзельнікаў дарослага міжнароднага конкурсу ў рамках праграмы другога дня творчага спаборніцтва «Славянскі хіт» і ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.

У эфіры «Беларусь 3» пра ўсе асноўныя падзеі фестывальнага Віцебска будуць распавядаць у праекце «Навіны культуры», а 17 і 18 чэрвеня ў 15.00 увазе аўдыторыі прадставяць выступленні ўдзельнікаў ХІХ Міжнароднага дзіцячага музыкальнага конкурсу «Віцебск-2021», дзе нашу краіну прадставіць Канстанцін Мазуркевіч. У першы дзень ён выканае песню кампазітара нашай краіны на роднай мове, а ў другі — песню на выбар. А дапоўняць выступленні канкурсантаў нумары харэаграфічных калектываў. І 18 ліпеня тэлеканал пакажа ў прамым эфіры ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў дзіцячага конкурсу і гала-канцэрт майстроў эстрады. Таксама на «Беларусь 3» 17 ліпеня ўбачым і паказ адкрыцця культурнага форуму, а 18 ліпеня — канцэртную праграму «Саюзная дзяржава запрашае...».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў рэйд разам з супрацоўнікамі МУС.

Грамадства

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Каб «ціхае паляванне» не стала пошукавай аперацыяй.