Вы тут

Таццяна Рунец: Форум рэгіёнаў — эфектыўная пляцоўка для ўмацавання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва»


Такую думку выказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец у гутарцы з журналістам «МС». Акрамя таго, кіраўнік профільнай камісіі расказала, чаго чакае ад Беларуска-расійскага дзелавога савета, створанага гандлёва-прамысловымі палатамі, наколькі вырас тавараабарот з пачатку года і як змяніўся кантрактны партфель за гады правядзення форуму.


Ад кармоў для жывёлы да касмічных праграм

Адшумеў, адгрымеў чарговы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які сёлета праводзіўся восьмы раз. Літаральна ўвесь мінулы тыдзень быў насычаны разнастайнымі форумнымі мерапрыемствамі, якія, падтрымліваючы анлайн-фармат, цалкам завалодалі інтэрнэт-прасторай. І вось зараз, адпавядаючы выслоўю «грошы любяць цішыню», разам са старшынёй профільнай камісіі Савета Рэспублікі мы вырашылі падсумаваць вынікі такіх сустрэч.

Так, на думку суразмоўніцы, Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў адным з найважнейшых эканамічных і камунікацыйных праектаў Саюзнай дзяржавы, бо ён дае магчымасць аб'яднаць намаганні кіраўнікоў беларускіх і расійскіх рэгіёнаў, органаў заканадаўчай і выканаўчай улады, экспертаў, дзелавыя колы і моладзь нашых краін.

— Традыцыйна на гэтым саміце абмяркоўваецца шырокі спектр пытанняў, якія, як правіла, аб'яднаныя агульнай тэмай. Для VІІІ Форуму рэгіёнаў такой тэмай стала навуковае і тэхнічнае супрацоўніцтва нашых краін ва ўвязцы з працэсамі лічбавізацыі, — нагадала Таццяна Рунец. — Лічым гэты кірунак вельмі актуальным і запатрабаваным, бо сёння фактарам поспеху ў эканоміцы часта становіцца паўнавартаснае супрацоўніцтва ў інавацыйнай сферы і кааперацыя з іншымі краінамі.

Прычым рэалізацыю сумесных навукова-тэхнічных праектаў у рамках Саюзнай дзяржавы не варта трактаваць як самамэту і спробу адпавядаць модным інтэграцыйным трэндам, пераканана старшыня профільнай камісіі. Яна лічыць, што гэтыя праекты арыентаваны ў першую чаргу на канкрэтныя практычныя вынікі.

У прыватнасці, расійскія спецыялісты стварылі інтэлектуальныя сістэмы кіравання беларускім кар'ерным самазвалам-беспілотнікам БелАЗ. Дзякуючы супрацоўніцтву з расійскімі калегамі ў рамках саюзных праграм створана касмічная групоўка спадарожнікаў. Распрацоўваюцца новыя тэхналогіі хірургічнага лячэння дзяцей з цяжкімі пашкоджаннямі пазваночніка, а таксама тэхналогіі для вытворчасці збалансаваных кармоў жывёл.

Дзелавы савет — не з нуля

Трэба сказаць, што, акрамя супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы, на Форуме рэгіёнаў традыцыйна па лініі дзелавых колаў абмяркоўваюцца пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, прамысловай, інвестыцыйнай сферах. І чарговы форум не стаў выключэннем.

— Відавочна, што сёння, на этапе постковіднага аднаўлення, і дзяржава, і асобна ўзяты бізнес вырашаюць падобныя задачы — выйсці на траекторыю ўстойлівага росту, эфектыўна і паслядоўна развіваць свае канкурэнтныя перавагі, умацоўваць інавацыйны патэнцыял, — падкрэслівае сенатар.

Яна пераканана, што ў рашэнні гэтых мэтавых задач для суб'ектаў гаспадарання Беларусі і Расіі важную ролю адыгрывае фактар інтэграцыі, напрацаваныя сувязі паміж асобнымі рэгіёнамі нашых краін. Рэалізацыя сумесных праектаў, механізмы падтрымкі кааперацыі і ўзаемных інвестыцый — ключавыя ўмовы для паўнавартаснай інтэграцыі і далейшага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Менавіта гэтыя пытанні сфарміравалі парадак дня пасяджэння савета дзелавога супрацоўніцтва ў рамках VІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Нагадаем, што на гэтым пасяджэнні гандлёва-прамысловыя палаты Беларусі і Расіі падпісалі пагадненне аб стварэнні Беларуска-расійскага дзелавога савета. Варта адзначыць, што такі савет не ствараецца з нуля. Ён дзейнічаў і раней. Разам з тым з улікам новых выклікаў, умоў працы, напэўна, наспеў час перафармаціраваць існуючую структуру, перагледзець яе функцыянал.

Як патлумачыла суразмоўца, асноўныя задачы створанага савета — пашырэнне прамых кантактаў паміж суб'ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці, пераадоленне бар'ераў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, поўнафарматны дыялог з органамі заканадаўчай і выканаўчай улады па пытаннях развіцця кааперацыі.

Устойлівы рост кантрактаў

Безумоўна, важная эканамічная кампанента любога эканамічнага форуму — заключэнне камерцыйных кантрактаў. На VІІІ Форуме рэгіёнаў падпісаныя кантракты на суму, эквівалентную 800 мільёнам долараў.

Трэба сказаць, што ў кантрактным партфелі апынуліся сельскагаспадарчая тэхніка, прадукцыя машынабудавання, прадукты харчавання, тавары нафтахіміі з высокай дабаўленай вартасцю і іншыя пазіцыі.

Пазітыўны факт заключаецца і ў тым, што сума заключаных кантрактаў ад форуму да форуму ўзрастае. Калі на ІІ Форуме аб'ём здзелак складаў усяго 230 мільёнаў, то на мінулагоднім, які прайшоў у Мінску і Мінскай вобласці, агульная сума кантрактаў ужо дасягала 711 мільёнаў долараў. І гэты паступальны рост працягваецца і надалей. Налета эксперты прагназуюць дасягненне мільярднага рубяжу.

— У цэлым, тэмпы ўзаемнага гандлю паміж нашымі краінамі, нават пры існуючых ковідных абмежаваннях, вельмі высокія, — упэўнена суразмоўца і ў якасці доказу прыводзіць даныя статыстыкі. — Па выніках чатырох месяцаў бягучага года тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй вырас на 31,9 працэнта. І гэта, вядома, пазітыўны сігнал. З іншага боку, такая станоўчая дынаміка шмат у чым абумоўлена ростам паставак вуглевадароднай сыравіны з Расіі.

З пункту гледжання старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, у рамках Саюзнай дзяржавы гандлёвыя патокі могуць быць больш збалансаванымі, тады і агульная дынаміка ўзаемнага гандлю не будзе залежаць ад цэнавай кан'юнктуры на сыравінных рынках.

Важным з'яўляецца і тое, што для стымулявання развіцця гандлёва-эканамічных адносін і забеспячэння камфортнага бізнес-асяроддзя па выніках Форуму рэгіёнаў урадам дзвюх краін рэкамендавана да канца гэтага года падпісаць міжнародны дагавор аб узаемным прызнанні электроннага подпісу з выкарыстаннем інстытута даверанага трэцяга боку Беларусі і Расіі. Па меркаванні Таццяны Рунец, гэтая ініцыятыва цалкам адпавядае трэнду на лічбавізацыю эканомікі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.