Вы тут

Сенатар ад Магілёўскай вобласці Ігар Каско пра тое, якія пытанні часцей за ўсё задаюць сяльчане


Ігар Каско курыруе на Магілёўшчыне Крычаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі і Хоцімскі раёны. Сустрэчы з насельніцтвам і прадстаўнікамі мясцовай улады, аналіз сельскіх праблем у разрэзе іншых рэгіёнаў дазволіў сенатару сістэматызаваць тыя пытанні, якія гучаць ад жыхароў найбольш часта. На некаторыя з іх даволі складана рэагаваць, бо не ўсё можна вырашыць на ўзроўні раёна і нават вобласці. Але, як лічыць суразмоўца, агучваць гэтыя праблемы трэба, бо яны сапраўды павінны неяк вырашацца.


Праблема № 1. Вакцынацыя

Па прафесіі Ігар Каско — медык, галоўны ўрач абласной дзіцячай бальніцы. Апошнім часам людзі пытаюцца пра вакцынацыю ад каранавіруса. Іх хвалюе, што адбудуцца нейкія негатыўныя наступствы ад прышчэпкі, лічаць, што дастаткова перахварэць, а далей імунітэт сам справіцца.

— На сёння ўсе размовы наконт вакцын «добрых» і «дрэнных», перакананы на 99 %, гэта барацьба за рынкі збыту вакцыны. І як адзін з варыянтаў такога «менеджменту» — контрпрапаганда вакцын іншых вытворцаў. На рынку сёння шмат розных вакцын: пачынаючы ад найпрасцейшай кітайскай (яна зроблена па тых самых тэхналогіях, па якіх мы ў дзяцінстве прышчапляліся, і працуе эфектыўна) да глыбока генна-інжынерных вакцын (у тым ліку расійская «Спутник V», якая зроблена шляхам спалучэння адэнавіруса і каранавіруса, за кошт чаго можа сінтэзаваць імунны адказ). Насамрэч, вакцынавацца не проста патрэбна, а неабходна. Па-іншаму мы з пандэміі не выйдзем. На жаль, перахварэць — гэта не выйсце. І чакаць, як пройдзе захворванне, у якой форме, як адрэагуе імунная сістэма, наогул арганізм, — гэта не надзейныя маркеры сёння. Рызыкаваць здароўем — наогул глупства. Узяць, напрыклад, наш стацыянар, дзе працуе фактычна тысяча чалавек. Цяжкіх рэакцый на вакцынацыю не было ніводнай. У 20—25 % узнікала недамаганне грыпападобнага сіндрому, які трымаецца ў сярэднім адны суткі. Але так дзейнічае любая вакцына. На яе ўвядзенне развіваецца адказ арганізма. У якасці добрага прыкладу магу прывесці Ізраіль: там прышчэпкі зрабіла болей чым 95 % насельніцтва. Узровень захворвання ў краіне сёння 0,5 % на мільён жыхароў. Там ужо ідзе размова аб адмене масачнага рэжыму. Вакцынацыя вельмі неабходная. І чым хутчэй вакцынуемся, тым хутчэй вернемся да нармальнага жыцця.

Праблема № 2. Аптымізацыя сельвыканкамаў

Пытанне, якое ўзнімаецца не ўпершыню і жыхарамі, і непасрэдна сельвыканкамамі. Як можна сіламі сельвыканкама (ён жа сельсавет) у складзе старшыні і кіраўніка справамі абслугоўваць адразу некалькі вёсак? У выніку сіл не хапае, а жыхары скардзяцца.

— Сапраўды, сёння вельмі бурна абмяркоўваецца пытанне аб аптымізацыі як сельвыканкамаў, так і сельскіх дэпутатаў. Але на сёння сельвыканкам — менавіта тое звяно, якое вырашае на сяле практычна ўсе бытавыя пытанні вяскоўцаў: пачынаючы ад зямельных, заканчваючы рэгістрацыяй, выдачай даведак і г. д. Гэта тое звяно, якое вельмі набліжана да сельскага чалавека. Я ездзіў па рэгіёнах, размаўляў з прадстаўнікамі розных сельсаветаў, і яны казалі прыблізна адно і тое ж: сельвыканкам павінен быць, а колькасць дэпутатаў на тэрыторыі сельвыканкамаў можна паменшыць удвая, а дзесьці і ўтрая. Для таго каб сельвыканкам паўнавартасна функцыянаваў, трэба, каб было не два, а як мінімум чатыры чалавекі. Бывае, што за адным сельвыканкамам замацавана да 1,5 тысячы чалавек насельніцтва. Фізічна абслужыць такую колькасць людзей двум чалавекам немагчыма. Лагічна, калі акрамя старшыні і кіраўніка справамі ў структуры сельвыканкама будзе рабочы, які павінен сачыць за добраўпарадкаваннем тэрыторыі, і спецыяліст, які возьме на сябе дакументаабарот. Такая структура на сёння была б аптымальная.

Праблема № 3. Жыллёва-гаспадарчыя комплексы

Гэта, лічы, працяг праблемы № 2. Невялікі штат сельвыканкама павінен вырашаць глабальныя пытанні: зрабіць агароджу, пакасіць траву, пачысціць зімой дарогу ад снегу. За кошт чаго? Добра, калі ў старшыні сельвыканкама ёсць магчымасць з кімсьці дамовіцца, а калі не?

— Ёсць такі варыянт: павялічыць штат сельвыканкама не да чатырох чалавек, а да трох, але пры гэтым стварыць невялікае камунальнае прадпрыемства, якое будзе абслугоўваць некалькі сельвыканкамаў. На сяле павінен быць мінімальны набор тэхнікі, якая належала б не калгасу, а сельвыканкаму. Тады не будзе праблем, як вуліцу пачысціць, спарахнелы дом знесці. У горадзе гэтым ЖКГ займаецца, а на сяле старшыня сельвыканкама бегае за старшынёй калгаса, просіць дапамагчы. А там свае задачы, свае праблемы. Добра, калі яны ў прыяцельскіх стасунках, могуць дамовіцца, а калі не?

Праблема № 4. Захаваць сяло

Калі ў вёсцы закрываецца школа, лічы, яна бесперспектыўная. Але якія могуць быць школы, калі дзяцей няма? На сяле кажуць: Указ № 240 паўплываў на тое, што з вёсак у гарады сталі з'язджаць шматдзетныя сем'і. У выніку вёска страчвае самых перспектыўных сваіх жыхароў.

— Сапраўды, тое, што шматдзетныя з'язджаюць з вёскі, вельмі дрэнна. Вялікія сельскія сем'і вырашаюць сёння свае жыллёвыя праблемы не за кошт сваіх вёсак, а райцэнтраў. З вёскі ў горад з'язджаюць сем'і з вялікай колькасцю людзей. Але ж яны першапачаткова сельскія жыхары. Калі яны трапляюць у гарадскія кватэры, страчваюць сувязі з зямлёй. Невядома, што ад гэтага выйграе горад, але для вёскі вялікая страта. І гэтую тэму ўзнімаюць у розных рэгіёнах. На сяле застаюцца сталыя людзі, а працаваць няма каму.

Праблема № 5. Чыстая вада

Апошнім часам у сельскай мясцовасці будуюцца станцыі абезжалезвання. Але скаргі на ржавую ваду не прыпыняюцца. І, сапраўды, ёсць праблемы.

— На сёння гэта вельмі важнае пытанне практычна для ўсіх населеных пунктаў паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Узяць той жа Крычаў. Ёсць новыя мікрараёны, дзе з водазабеспячэннем ніякіх праблем. Але асноўная частка горада карыстаецца старымі сеткамі, якія пабудаваны ў савецкі час. Станцыя абезжалезвання не можа вырашыць праблему, пакуль існуюць старыя сеткі водазабеспячэння. Вада спачатку набывае неабходныя ўласцівасці, але, пакуль бяжыць па старых трубах, амаль цалкам іх страчвае і паступае да спажыўца ў непрыглядным выглядзе. Гэта каласальныя затраты, але праблему трэба вырашаць комплексна з заменай сетак. Інакш якасці вады не дабіцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта lenadm-mogіlev.gov.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.