Санаторый «Світанак-Любань» працуе з 1984 года, уваходзіць у сістэму адкрытага акцыянернага таварыства «Белаграздраўніца». Размяшчаецца ўстанова ў сасновым лесе, дзе чысцюткае паветра, маляўнічая прырода. А прырода, як вядома, у сукупнасці з рознымі працэдурамі, — найлепшы лекар. У гэтым упэўніліся не толькі беларусы, але і грамадзяне блізкага і далёкага замежжа: Польшчы, Германіі, Швейцарыі, Расіі, Ізраіля. Штогод у санаторыі адпачывае і папраўляе здароўе каля 6-7 тысяч чалавек.
«Фішка» здраўніцы — мінеральная вада, якая з'яўляецца аналагам трускавецкай. Якасць беларускай вады і яе лекавыя ўласцівасці пацверджаны айчыннымі вучонымі. Сёння гэтая вада запатрабаваная. І людзі, пабываўшы тут аднойчы, вяртаюцца яшчэ і яшчэ. Ёсць пастаянныя кліенты, якія тут лячыліся і адпачывалі па 10—15 разоў.
«Світанне-Любань» з'яўляецца вядучым санаторыем па лячэнні захворванняў нырак, мочакаменнай хваробы, мочавыдзяляльных шляхоў, органаў дыхання і стрававання. Здраўніца ўкамплектавана шырокім спектрам дыягнастычнага і лячэбнага абсталявання, кваліфікаванымі ўрачамі, сярэднім медыцынскім персаналам, якія пастаянна павышаюць прафесійны ўзровень.
У санаторыі пацыенты могуць пакупацца ў вадзе, якая не саступае вядомай вадзе Мёртвага мора. Такога эфекту ўдалося дасягнуць дзякуючы салігорскай солі, канцэнтрацыя якой дасягае тры з паловай кілаграмы на метр квадратны. Знаходжанне ў басейне разгладжвае скуру, нармалізуе работу крывяносных сасудаў, умацоўвае імунітэт, абменныя працэсы арганізма. Другі фактар — гэта азёрная сапрапелевая гразь, якая дае станоўчы эфект пры лячэнні апорна-рухальнага апарату.
— У здраўніцы створаны і сапраўдны бурштынавы пакой. Гэты прыродны матэрыял прывезлі з Калінінграда. Яго не драбнілі, каб захаваць тую энергетыку, якой ён напоўнены. Камяні маюць у саставе бурштынавую кіслату, якая пранікае ў хворыя клеткі чалавека і дабратворна ўплывае на арганізм. Дадзеную методыку ўпершыню прымяніў знакаміты ўрач з Уфы Разіф Рапіеў. Менавіта дзякуючы бурштыну ён здолеў аднавіцца пасля анкалагічнага захворвання, — кажа намеснік дырэктара па медыцынскай рабоце і харчаванні Віктар Струнеўскі. — З'явілася і новая працэдура па ўзмацненні мужчынскай палавой функцыі. Усе замежныя госці едуць за гэтымі працэдурамі, улічваючы нашы невысокія цэны.
Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва распрацаваў праграму па рэабілітацыі грамадзян, якія перанеслі пнеўманію, асацыіраваную з інфекцыяй COVІD-19. У спіс увайшлі 75 арганізацый з профілем «хваробы органаў дыхання». У іх лік увайшоў і санаторый «Світанак-Любань», расказаў Віктар Струнеўскі. За пяць месяцаў у санаторыі аздаравілася каля 250 чалавек, якія перахварэлі на пнеўманію.
Рэабілітацыя дазваляе значна палепшыць як фізічны, так і эмацыянальны стан чалавека, бо захварэць на ковід — гэта заўсёды стрэс. Рэабілітацыйныя мерапрыемствы добра ўплываюць на дыхальную і нервовую сістэмы. Гэтаму дапамагаюць лячэбная фізкультура, дыхальная гімнастыка, інгаляцыя, наведванне салянога пакоя, добрае харчаванне, ужыванне фітачаёў, свежавыціснутых сокаў.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота з сайта: rassvet-luban.by
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.