Вы тут

Жанчына пасля 50 стала рамесніцай і спраўдзіла мару ўсяго жыцця


На майстар-клас да яе нядаўна прыязджала цэлая група хлебапёкаў-аматараў з Мікашэвіч і Лунінца. Святлана Каліноўская з задавальненнем паказвала і расказвала, вучыла жанчын таму, што ўмее сама, чаму ў свой час навучылася ад мамы. Святлана Фёдараўна не з тых майстроў, хто ўтойвае сакрэты і нізавошта не падзеліцца рэцэптам смачнага пірага, яна ўмее частаваць, умее і расказваць, а яшчэ цудоўна спявае, займаецца рукадзеллем і дорыць людзям свае вырабы. Такі вось чалавек-пазітыў, якіх цяпер не часта і сустрэнеш.


Святлана Каліноўская (злева) разам з сястрой Тамарай Брухан за работай.

Рэцэпты — ад мамы

Пачаткоўцам ад хлебапячэння яна паказвае звычайна свой любімы пірог з тварагом і хлеб з бульбай. Бульбачку папярэдне тушыць да паўгатоўнасці з цыбуляй на алеі, а потым перамяжоўвае тонкімі слаямі цеста. Начынку, паводле яе слоў, раскладваюць па баках і ўсярэдзіне, зашчыпваюць, а затым усю «канструкцыю» выварочваюць,  і атрымліваецца гэткі хлеб-сонца, які доўга не чарсцвее. Але ж галоўны сакрэт майстрыхі заключаецца ў любові да сваёй справы. Святлана часта ўжывала слова «любоў» падчас нашай гутаркі, напрыклад, сказала так: «Мама дала нам столькі любові, што на ўсё жыццё хапае».

Нарадзілася і вырасла Святлана Каліноўская ў вёсцы Любань Лунінецкага раёна. Расказала, што іх у бацькоў было пяцёра. Мама ў 27 гадоў засталася ўдавой, адна ўзнімала дзяцей. Ад цяжкай сельскай работы іншы раз здавалася, што вось-вось упадзе. Але ж тая ніколі не паказвала стомы і вельмі часта балавала дзятву дамашнімі пірагамі, пякла хлеб, пячэнне, пернікі. Малако і масла былі свае, муку і цукар куплялі. У дзяцінстве ўсё выглядала натуральным, у тым ліку мацярынская моц, невычарпальная энергія. Сёння Святлана Фёдараўна разважае, спрабуе ўсвядоміць, што ж давала сілы яе маці — простай вясковай жанчыне. І прыходзіць да высновы, што характар быў закладзены ў дзяцінстве, усё ў асобе чалавека — ад сям'і. У бацькоў Таццяны Канапацкай некалі нарадзілася дзесяць дзяцей. Саму Таццяну маці нарадзіла ў полі, калі пайшла зграбаць сена.

— Тады ў нашых краях былі спрэс балоты. Сена для каровы здабывалі на любым лапіку зямлі. Каб дабрацца да сенакосу, часам трэба было прайсці ледзь не па шыю ў вадзе альбо плыць на лодцы. Вось так і пайшла мая бабуля, цяжарная мамай, па пояс у вадзе, а калі зграбала капы з дзве сена, прыйшоў час нарадзіць. Ну і нарадзіла ў полі. Пад вечар дзед прыехаў па яе і дзіця на лодцы. А па дарозе дадому цікаўныя аднавяскоўкі падзяліліся з ёй навіной: «Ці чула ты, Фядося, што на балоце баба нарадзіла?!» А тая ў адказ: «Не, не чула». Бо пасаромелася прызнацца, а немаўлятка, на шчасце, спала, прыкрытае ручніком, і маму не выдала.

— Дзед быў такі гаспадар, — працягвае Святлана, — што ў 1939-м годзе ледзь не запісалі ў кулакі, выратавала толькі тое, што ніколі не наймаў работнікаў для гаспадаркі, спраўляліся сваёй сям'ёй. А калі прыйшлі немцы, то яго хату як найлепшую ў вёсцы выбралі для размяшчэння афіцэра. Толькі вось «аддзякавалі» акупанты за пастой своеасабліва: пакідаючы вёску, хату спалілі.

Знайшла сваё

І яшчэ, на што заўсёды звяртала ўвагу маці Святланы, кажучы пра сваё дзяцінства: яе бацькі гадавалі так шмат дзяцей і ніколі паміж сабой не сварыліся. Дзеці не чулі лаянкі ў доме. А вось песні гучалі заўсёды. Усе маміны сёстры пявунні, і яна спявае. Калі пасля інсульту знікла маўленне, здольнасць напяваць засталася. Цяпер маці Святланы, на жаль, не ўстае, не размаўляе, ёй патрэбны пастаянны догляд.

Апошняе і стала прычынай таго, што Святлана пакінула работу школьнага лабаранта. А потым зарэгістравалася ў якасці рамесніка. Святлана Фёдараўна цяпер займаецца любімай справай усяго жыцця: пячэ хлеб і духмяныя булкі.

У свой час яна працавала і цырульнікам, і, як ужо гаварылася, лабарантам, да любой справы падыходзіла з душой. Калі выйшла замуж, пераехала да мужа ў вёску Чарабасава, потым жылі ў Рэдзігераве. А калі ўжо ў іх сям'і было трое дзяцей, урачы параілі пераязджаць з мясцін, што пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі. Тады яны перабраліся ў Высокае.

Але дзе б яна ні жыла і ні працавала, выпечка хлеба была для яе любімай справай. «За гэтай работай думкі нібы выстройваюцца ў адну лінію, прыходзіць у парадак душа. Кажуць, цяжка хлеб мясіць, бо цеста любіць рукі, — разважае Святлана, — але ж я цяжкасці не адчуваю, бо гэта маё».

Суцяшэнне для цешчы

Дзеці, а іх у Святланы трое, вядома, падтрымліваюць захапленне маці, хоць і не прамінаюць пажартаваць. Сын, бывае, перад выхаднымі тэлефануе, што збіраецца прыехаць, цікавіцца, чым займаецца мама. Калі тая скажа, што будзе булкі пячы, ён парыруе: «Тады мы не паедзем». Бо гэта значыць, што яна будзе вельмі занятая цэлы дзень з ранку да вечара.

А мінскі зяць-святар гаворыць так: «Гэтая работа не рамяство, а суцяшэнне для маёй цешчы». «Няхай сабе і так», — пагаджаецца яна. Бо ў цяперашняй сітуацыі, калі з-за хваробы маці яна прывязаная да дому, рамяством фактычна не зарабляе, у найлепшым выпадку вяртае затрачаныя на выпечку сродкі. Але ж яе прадукцыю ўжо ацанілі многія наведвальнікі абласных і раённых «Дажынак», бывае, замаўляюць пірагі і караваі на вяселле, на юбілеі, іншыя мерапрыемствы — і заўсёды потым дзякуюць за смакату, захапляюцца ўменнем і майстэрствам пекара. А гэта для яе галоўнае.

Рэцэпты выпечкі перайшлі Святлане Каліноўскай ад мамы, тая ў свой час майстэрству навучылася ад маці. Часам нашай гераіні на дапамогу прыходзіць сястра Тамара, якая таксама з задавальненнем становіцца да стала і пліты. Муж падарыў на юбілей яшчэ адну духоўку. Таму цяпер можна паставіць некалькі боханаў адначасова: напрыклад, з арэхамі, з аўсянымі шматкамі, з кунжутам, з кменам, з часнаком. І дом напоўніцца непаўторным, непараўнальным пахам хлеба, без якога ў гэтай сям'і ўжо даўно не абыходзіцца ніводнае свята альбо агульная бяседа. І не толькі ў сям'і. Святлана з задавальненнем частуе сяброў і знаёмых. А яшчэ робіць сваімі рукамі многа розных сувеніраў, напрыклад шые шапкі-каўпакі на каструлі — каб доўга захоўвалася цяпло. Дарэчы, такую рэч можна выкарыстоўваць, калі прадукты трэба засцерагчы ад награвання, напрыклад пры перавозцы.

Творчую жылку яна перадала ў спадчыну дзецям. Дачка Святланы прафесійна займаецца роспісам ікон, сыны Вячаслаў і Сямён у свабодны ад работы час робяць гіпсавыя фігуркі для аздаблення ландшафту. А яна сама паспявае даглядаць хворую маці, падтрымліваць ва ўзорным парадку дом, у якім хоць бы раз на тыдзень абавязкова пахне свежым хлебам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Цеста любіць рукі

Выбар рэдакцыі

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. 

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках