Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Баба сеяла гарох...


 pixabay.com

Мая блізкая прыяцелька (назавём яе Ніна Барысаўна) жыве ў глыбінцы, у вёсцы...

Зрэшты, не так важна дзе, болей важна як! Удумліва жыве, прыгожа, у працы, у клопатах пра сваю сям'ю, пра сяброў-знаёмых. Для іх яна і звязаць нешта можа, і пашыць, і на гародзе ўласным вырасціць (каб потым раздаць задарма)... Бо такі яна чалавек — душою дабрэнны!

Шкадуе ўсё жывое. А ўжо людзей...

Вось і яны да яе з павагай ставяцца, любяць дапамагчы альбо і проста зайсці, пагутарыць, паглядзець, што ў яе цвіце ды расце...

Прычым вось гэтым нават сельсавет неяк раз зацікавіўся: сам старшыня яго да Барысаўны зайшоў, па сялібцы пахадзіў, на грады падзівіўся (вачам не паверыў: кавуны растуць!), а следам і таблічку выдаў «Двор узорнага парадку».

«Шчырую я, значыць, на сваіх плантацыях і чую, што брамка ляскае — нехта ідзе да мяне.

Так і ёсць: двое мужчын — прыбраныя, сур'ёзныя... Кажуць, што з міліцыі (ну і няхай, — сама сабе думаю. — Яна ж мая... Мяне беражэ!).

І сапраўды, як у тэлевізары, прадстаўляецца: называе прозвішчы-званні, пытаецца, ці можна мой агарод паглядзець? «Чаму не?! — ім кажу. — Ды калі ласачка!»

А сама зноў жа думаю, што гэта, мусіць, старшыня сельсавета пра кавуны ім расказаў, а яны не паверылі — прыйшлі паглядзець...

Я да той грады і кіруюся, а яны, бачу, не — да кампоснай кучы ідуць. «Што гэта?» — пытае адзін, паказаўшы пальцам на раслінку.

Я яе не садзіла, не сеяла (мусіць, птушкі прынеслі?), але ж — не салгу — бачыла, што расце — пальмачкай і такая ж прыгожая...

Праўду кажуць: каб ведаў, дзе яма, то пераступіў бы.

І я, каб ведала, што гэта раслінка некага зацікавіць, даўно б яе ссекла! А так — бяда: як «госці» мае сказалі, «в наличии факт произростания и возделывания».

Ну і далей амаль па Петрасяну: калі ў тваім гародзе знайшлі радовішча нафты, то яна, безумоўна, дзяржаўная, а калі сцябліну нейкай каноплі, то яна — твая».

А значыць, уліпла баба! На роўным месцейку!.. Прыйдзецца бажыцца перад гэтымі хлопцамі, што нічога такога не садзіла, не сеяла, што ў мяне — гоні бульбы, грады з капустай, з памідорамі-гуркамі, з гарохам ды кавунамі... І яны ж, гэтыя культуры, не канапелька — самі не растуць: іх «возделывать» трэба.

«Госці», бачу, як быццам, слухаюць, але ж пры гэтым робяць сваё: складаюць пратакол і — хто ж ведае — можа, план свой выконваюць, можа, прэміі зарабляюць?

Потым і мне яшчэ кажуць, каб тлумачэнне пісала, што канапелька гэтая сама насеялася, што ўпершыню і што вырошчваць яе я болей не буду».

...Як мая прыяцелька ўсё гэта перажыла, я, калі шчыра, не ведаю! І гэта ж за шчасце яшчэ, што з пратакола ўсё пачалося і ім завяршылася, а калі б не?

...Павучальная гісторыя, ці не так? Барысаўна (праўда, з часам, праз гады) распавядала яе з рогатам, з іроніяй, перасыпала рознымі цытатамі. А што здзіўляла найбольш, — па-ранейшаму шкадавала тую канаплінку-пальмачку!

Як і расліну гэтую ўвогуле, бо яна ж, гаротніца, ва ўсе часы карыснай была: гектары зямлі пад яе адводзілі. І чаго ні рабілі — і пажыўны алей, і вяроўкі, і лекі... У садах ад шкоднікаў сеялі, а цяпер...

Усё мяняецца, часам — непазнавальна.

Марыя Сівец,

г. Гродна.


Каб не тая яблынька...

Для пачатку — трохі гісторыі. Недзе ў 30—40-я гады кіраўнікі кампартыі, каб палепшыць эканамічны стан дзяржавы, пачалі ўводзіць падаткі для дробных уласнікаў, прычым не толькі на кожную сотку зямлі, але і на пладовыя дрэвы.

Значыць, за кожнае з іх давядзецца плаціць... А з чаго, калі вёска была на мяжы выжывання, калі грошай у калгасах не плацілі і за так званыя працадні нічога нідзе не прадавалі?..

Не дзіва, што як толькі пачаўся «абход» ды «перапіс» яблынь-груш, у садах зазвінелі сякеры. Сумнае было відовішча — прыгожыя пладовыя дрэвы ішлі на дровы, на дым...

Карацей, у вяскоўца Макара, калі сад высякаў, аж сэрца крывёй аблівалася!.. Да маленькай яблынькі два дні хадзіў — і з пілкай, і з сякерай... А рука ўсё роўна не слухала — не падымалася: у куце, паміж сліў (і сліўняку) ён прышчапіў тады адмысловы гатунак і ўрэшце вырашыў: «Хай будзе што будзе! Раптам не заўважаць?!»

...І сам ён, можна сказаць, не заўважыў, як прабеглі гады, як адваяваў і больш-менш здаровым вярнуўся з фронту. А дома — вачам не паверыў — з тога кволага дубчыка вырасла дрэва! І такія на ім прыгожыя яблыкі, што вёска ды дзятва, змучаная нястачай ваенных гадоў, налюбавацца не маглі! А смялейшыя дык нават красці палезлі.

Макар чалавекам не сквапным быў, разумеў паўгалодных малых. Але ж і свая сям'я далёка не сытая: жонка напрамілы бог прасіла, каб ён павартаваў недаспелыя яблыкі, каб было што на Спаса ў царкве пасвяціць...

Лёгка ёй сказаць «павартуй», а як, калі днём трэба ў калгасе працаваць? А ноччу што — дома?

Злаваўся ён на жонку сваю, на зладзюжак, праклінаў тых «разумнікаў», з-за якіх высякалі сады, але ж хадзіў да яблыні.

...Найгорай там было ў дажджы: і нідзе не адыдзеш, і не схаваешся.

Але ж тут яму бочка на вочы трапіла — дубовая, шырокая, пустая... Макар неяк выцягнуў яе з пуні, закаціў у крапіву непадалёк ад яблыні і ўзрадаваўся: схованка — што трэба! Лёг і любата: паветра свежае, дожджык шуміць, жонка пад бок не штурхае...

Але ж гэта з вечара, а раніцай...

Выйшла яна ў двор і як не самлела: яблычкі абарваныя, зямля здратаваная, а муж яе ў бочцы соладка спіць.

Схапіла жанчына нейкую палку і давай будзіць...

Грукату шмат было! Вёска яго здалёку пачула: пасмяялася з няўдалага вартаўніцтва. І да таго ж даведалася (настаўнік гісторыі расказаў), што адзін філосаф (Дыягенам звалі) у бочцы жыў, а Макар — толькі пераночыў...

Але нават гэтага было дастаткова, каб у вёсцы новая мянушка з'явілася, каб звычайны калгаснік раптам стаў Дыягенам, каб засталіся на зямлі Дыягенавы ўнукі, яго ж сядзіба. А калі пашукаць — хто ведае — можа, знойдзецца і бочка?

Ніна Кандрашонак,

г. Петрыкаў.


«Сядзіць — няхай сядзіць: есці не просіць...»

Не так даўно нам з жонкай пашчасціла наведаць унікальны музей на калёсах — «Цягнік Перамогі», і я цяпер шчыра кажу: для таго, каб прайсціся па яго вагонах, не шкода было ні грошай, ні часу...

Каля турнікетаў нас сустракалі правяральшчыкі-валанцёры: выдавалі маскі, вымяралі тэмпературу, суправаджалі групы ў вагонах… І тым самым напомнілі мне адну з прыгод.

...Значыць, выпісалі мяне са сталічнай бальніцы. Каб заехаць на вакзал, спускаюся ў метро. На ўваходзе мяне спыняюць: думаю, што з-за вялікай сумкі.

І сапраўды: адводзяць у бок, просяць паставіць яе на адмысловы столік, «прасвечваюць» металашукальнікам, і ён, як ні дзіўна, пішчыць — падае сігнал, што ў сумцы ёсць металічныя рэчы. «Што везяце?» — пытаюць мяне кантралёры. Я спрабую ўспомніць: «Тэпці, ручнік, сподняя бялізна, кніжкі, мыла... Ну што нам яшчэ ў бальніцы трэба?.. З жалеза — як быццам, нічога?» — «Тады даставайце, — прапаноўваюць мне, — будзем глядзець».

Я да сумкі... І тут жа ўспамінаю, што браў з сабой кубак і лыжку.

Яе — з нержавелай сталі — давялося адшукаць сярод іншых рэчаў, пакласці на стол, пасля чаго мяне з мірам адпусцілі...

«Я вам больш раскажу, — пачуўшы пра гэта, паабяцала адна з жанчын. — Помніце, Патрыярх Кірыл у Мінск прыязджаў? Дык мой дзядуля тады яго пабачыць хацеў — пабыць на сустрэчы. А ўжо ж
не малады і Мінск далёка... То мне, студэнцы, сям'я даручыла яго праводзіць.

І вось мы прыязджаем у сталіцу, перад сустрэчай таксама праходзім кантроль. І ў мяне ўсё нармальна, а вось у дзядулі — не: прыбор сігналіць, што ёсць метал. Але ж адкуль, калі ў яго пры сабе аніякіх рэчаў — хіба ў кішэнях?

Дзядуля зняў гадзіннік, папругу, дастаў усё металічнае! А прыбор усё роўна пішчыць! Ад чаго — ніхто не разумее, бо ўсё ж, як быццам, праверылі?!

«Усё ды не ўсё! — усміхаецца раптам дзед. — Я, мае хлопчыкі, успомніў! Ёсць адна жалязяка, але ж яе не пакажаш!» — «Гэта чаму?» — пытаюцца «хлопчыкі». — «А таму, што яна — у сцягне: з часоў вайны там куля сядзіць. Адразу дастаць не выпала — баі цяжкія былі, а потым я сам не захацеў. Няхай, падумаў, сядзіць, раз есці не просіць...»

З той жалезнай куляй, як сказала ўнучка, дзед да скону пражыў. З ёй і пахавалі.

...Гэты расповед-успамін у тым месцы (каля «Цягніка Перамогі») і ў той час быў вельмі дарэчы! Як, зрэшты, у любы і заўжды, бо грэх не помніць нашых мудрых дзядоў.

Валерый Гаўрыш,

г. Чавусы.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.