Вы тут

Блізкія людзі з «Берега дружбы»


Сябры Беларусі з берагоў Азоўскага мора, з Растоўскай вобласці спрыяюць таму, каб духоўна блізкія маладыя літаратары з розных краін знаходзілі адзін аднаго ў неспакойным жыццёвым моры.


Купальская пара ў Растоўскай вобласці

З гадамі разумееш: не ўсё так проста ў крэўнай роднасці! Шмат «мутнай вады» віруе ў тых рэчках-народах (а яны ж нясуць свой досвед у Акіян Чалавецтва...), дзе робяцца мэтанакіраваныя спробы па нацыянальных прыкметах падзяляць людзей на сваіх і чужых. Беларусы ж на сваёй скуры адчулі ў ХХ стагоддзі, што такое ваяўнічы нацыяналізм. Па гэты час баляць нам раны ад Вялікай Айчыннай вайны. І таму, памятаючы пра карані роду, мы не становімся тымі легкадумнымі кулікамі, якія сваё толькі балота й хваляць. А каб і нашчадкі нашы пра трагедыю памяталі — мы не рушым помнікі ахвярам нацыстаў.

Але ж часам чуеш, працуючы з кіраўнікамі беларускіх суполак з розных краін: «Ды які ж ён (яна) беларус (беларуска)? Толькі назва...». І ў дробязных спрэчках за «чысціню пароды», бывае, і добрых спраў на карысць Бацькаўшчыны нехта не заўважае. Як па мне, то хто ў сэрцы «ласку мае» да Зямлі Беларускай — ужо «наш». Нягледзячы на ДНК-тэсты, месцы нараджэння, колер вачэй ці скуры. А сама па сабе нацыянальнасць, як вядома, не дадае ў нашу кроў аніякіх антыцел супраць хвароб душэўных: здрадніцтва, подласці ды ўсяго іншага, што нават сваякоў ці родзічаў пераўтварае ў вырадкаў. Хоць і падвязана слова гэтае на жыццятворны Род (бог магутны ў светапоглядных уяўленнях нашых продкаў), ды пазначае вырадак шлях да выраджэння й смерці. Не толькі роду, але й народа.
Радуецца душа, калі з розных месцаў свету прыходзяць весткі: то японка вывучыла беларускую мову (Сіёры Кіясава), то бельгійца прывяло сюды каханне да беларускай дзяўчыны Алесі (Адрыэн Бадуэн), то адвакат з Аргенціны «ўлюбіўся ў Беларусь моцна і назаўсёды» (Эдуарда Пеннісі)... У падшыўках газеты — дзясяткі падобных згадак. Звернемся да спраў шчырых сяброў Беларусі з Растоўскай вобласці.

Некалькі разоў газета пісала пра творчы праект: Міжнародны маладзёжны фестываль-конкурс паэзіі ды паэтычных перакладаў «Берега дружбы», якому сёлета 10 гадоў. І летась мы нагадалі: падведзены былі вынікі пятага ўжо конкурсу, а Гран-пры на ім атрымала Стася Кацюргіна з Гомеля («Паэты, якія злучаюць берагі» — ГР, 03.09.2020). Тэма — з нашага мэйнстрыму: галоўным рухавіком такіх творчых праектаў выступае грамадская арганізацыя Мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія «Белорусы Неклиновского района» з Растоўскай вобласці. Старшыня праўлення ў ёй — Леанід Север. Ён і чалец Вышэйшага творчага савета Саюза пісьменнікаў Расіі, Саюза пісьменнікаў Беларусі ды сакратар Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў па Паўднёвай федэральнай акрузе Расіі.

Пасля згаданай публікацыі мы спісаліся з Леанідам Юр’евічам, а на пачатку красавіка фотаздымкі, тэксты пра дзейнасць «Белорусов Неклиновского района» даслала Ірына Север — сакратарка праўлення суполкі. Яна, як і муж, у творчасці знаходзіць сэнс жыцця: уваходзіць у рэгіянальнае літаб’яднанне «Степь» ды Міжнародны Саюз пісьменнікаў і майстроў мастацтваў, рэалізуе таленты як празаік і сцэнарыстка, вядучая раённых выязных літаратурна-музычных гасціных.

Ірына Север

Пра сябе Леанід Север піша, што родам ён з Таганрога (11.06.1959). Бацькі — абое рускія, але ж і да Беларусі ён воляй лёсу мае цёплыя пачуцці: бо ў Гомель сям’я пераехала, калі хлопчыку было 11 гадоў. Там жыў, рос, убіраў па кроплях у душу беларускую культуру. Закончыў 33-ю школу, да службы ў войску працаваў фрэзероўшчыкам на радыёзаводзе. Служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння на Паўночным Каўказе, пасля з адзнакай закончыў Рэчыцкае прафтэхвучылішча нафтавікоў. Працаваў вахтава-экспедыцыйным метадам на нафтавых радовішчах Ханты-Мансійскай ды Ямала-Ненецкай аўтаномных акругаў Расіі. Зрабіў кар’еру ад памочніка бурыльшчыка да намесніка начальніка цэха капрамонту свідравін. Цяпер Леанід Север — пенсіянер, жыве на хутары Дараганаўка, што ў Неклінаўскім раёне. Аўтар чатырох зборнікаў паэзіі, аднаго зборніка паэтычных перакладаў, аўтар ідэі, адзін з заснавальнікаў, як ён піша, «народнага праекта па збліжэнні славянскіх літаратараў «Берега дружбы»». А суполка «Беларусы Неклиновского района» — генеральны заснавальнік згаданага Міжнароднага маладзёжнага фестывалю-конкурсу паэзіі ды паэтычных перакладаў.

І жонка, паведаміў Леанід Юр’евіч, у яго руская, ды з польскімі родавымі каранямі. На Кубані спадарыня Ірына пабачыла свет, доўга жыла ў Таганрозе, там бацьку яе суседзі па-свойску называлі: Колька-паляк. Дзед Ірыны быў з Польшчы, загінуў у часе Вялікай Айчыннай вайны ў Сталінградзе.

Леанід Север

Суполка «Белорусы Неклиновского района» дзейнічае з 2012 года, з 2014-га мае рэгістрацыю. Пэўна што й развіццё праекта «Берега дружбы», творчая дзейнасць Леаніда Севера, і станаўленне суполкі цесна знітаваныя. Ён, як паэт-перакладчык, яшчэ ў 2011-м пачаў працу над першай кнігай праекта «Крылья надежды»: быў адным з яе аўтараў. Пра той час паэтэса Вольга Сафонава піша, што ў 2011-м пачыналася ўсё «з ініцыятывы трох паэтаў, з несуцішнае цягі да цесных, творчых зносін між людзьмі, пазбаўленымі сваёй агульнай Радзімы й падзеленымі праведзенымі палітыкамі межамі. І праз год ужо тры вельмі блізкія, падобныя і родныя славянскія мовы зазвінелі рыфмамі над зямлёю Данскою. А кніга «Крылья надежды», у якой беларускія вершы Надзеі Верас з перакладамі Леаніда Севера на рускую ды Вольгі Сафронавай на ўкраінскую мовы злучыла на сваіх старонках паэзію трох братніх народаў, стала «першаю ластаўкай» — прадвесніцай Міжнароднага праекта па збліжэнні славянскіх літаратараў «Берага дружбы ». Здарылася тое летам 2012-га».

Зрэшты, толькі ў верасні 2013-га ўпершыню акрэслілася назва: «Берега дружбы». І рознакаляровы фестываль нацыянальных культур, які праводзіўся тады ў Неклінаўскім раёне ў другі раз, прыняў літаратараў Расіі ды Беларусі ў сваю плынь. А ў фінале форуму гаспадары ўручылі беларускай дэлегацыі праект Дагавора аб эканамічнай і культурнай супрацы між Неклінаўскім раёнам Расіі ды Гомельскім раёнам Беларусі. Ведаючы біяграфію Леаніда Юр’евіча, разумееш, хто спрыяў разгортванню падзей. І ўжо ў лістападзе 2013-га па запрашэнні старшыні Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча, пры падтрымцы старшыні суполкі «Белорусы Ростовской области» Уладзіміра Жываткевіча сябры-няклінаўцы наведалі Беларусь ды ўпершыню паўдзельнічалі ў абласным фестывалі-свяце «Славянскія літаратурныя дажынкі» — ён праходзіў у Гомелі.

У плыні фестывалю, напісала нам Ірына Север, пасля запальвання прадстаўнікамі Беларусі, Расіі ды Украіны трох славянскіх свечак былі прадстаўлены й сумесныя выданні пісьменнікаў Беларусі ды Расіі: «Слово за словом» ды «Из одной колыбели». Цікава, як з’явіліся яны? Чытаем у допісе: ««Слово за словом» — то была ўжо другая кніга перакладаў з беларускай мовы на рускую, сумесная праца гомельскіх і прыазоўскіх паэтаў. Можна ў ёй пабачыць займальныя паралелі, крыніцы для натхнення прадстаўнікоў брацкіх народаў. Важкі ўнёсак у кнігу зрабіла няклінаўская паэтэса Вольга Сафронава: перастварыла па-руску абсалютна ўсе дасланыя для перакладу вершы беларускіх аўтараў. У адказ рэхам прыляцела з Беларусі ў Прыазоўе яшчэ адна калектыўная кніга перакладаў: з рускай мовы на беларускую: «З адной калыскі» («Из одной колыбели»). У плыні праекта выдадзена ўжо 47 (сорак сем!) розных зборнікаў вершаў і паэтычных перакладаў, частка з іх — цалкам на беларускай мове».

Удзельнікі абласнога фестывалю-свята "Купаловское лето на Дону"

І ўжо ў наступным годзе (2014) была зарэгістравана Мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія «Белорусы Неклиновского района», яна ж і стала генеральным заснавальнікам ужо штогадовага фестывалю нацыянальных культур «Берега дружбы». Заўважым, Ірына Север актыўна ўдзельнічае ў раённых, гарадскіх, абласных і міжнародных імпрэзах, што спрыяюць сяброўскім стасункам народаў Расіі ды Беларусі. Сама літаратар, сакратарка праўлення суполкі напісала нам, што і ў клубных праграмах часта выкарыстоўвае элементы беларускай культуры: гэта цікава й пазнавальна як для дзяцей, так і для дарослых. Ірына Мікалаеўна кіруе Тэатрам паэзіі ды аўтарскай песні «Желаем ВАМ!», які ўваходзіць у НКА «Белорусы Ростовской области». Дзейнічае пры суполцы «Беларусы Неклиновского района» і народны харэаграфічны калектыў «Волна» Пятрушынскага СДК (кіраўніца Вольга Прахачова), у рэпертуары якога ёсць і беларускія танцы.

Ірына Север даслала пералік розных імпрэзаў, у якіх ад часу заснавання ўдзельнічаюць «Белорусы Неклиновского района». Гэта, у прыватнасці, канцэртныя праграмы да Дня яднання народаў Расіі ды Беларусі (у райцэнтры Зернаград, арганізуе святы РНКА «Белорусы Ростовской области» пры падтрымцы Урада вобласці). А яшчэ — рэгіянальныя форумы нацыянальнага адзінства «Мы вместе!» (у Растове-на-Доне, арганізуе Урад вобласці). І ў падрыхтоўцы ды правядзенні абласнога фестывалю-свята «Купаловское лето на Дону» ёсць іх немалы ўнёсак (арганізуюць імпрэзу адміністрацыя Кагальніцкага раёна вобласці ды РНКА «Белорусы Ростовской области».

Яшчэ некаторыя з імпрэз, да якіх далучаны «Белорусы Неклиновского района»: абласны моладзевы форум «Молодая волна — будущее Дона», згаданыя ўжо «Славянскія літаратурныя дажынкі» ў Гомелі. З 2012 года, з мая па кастрычнік, суполка праводзіць літаратурна-музычныя гасціныя ў Зялёным тэатры Таганрога, залучае цікавыя ды яркія пасялковыя калектывы на свае імпрэзы. Ну і праект «Берега дружбы» — гэта, як піша Ірына Север, па-ранейшаму глабальная, вядучая платформа для творчай, патрыятычнай, адукацыйнай, літаратурнай, перакладчыцкай дзейнасці. З гадамі ён вырас у штогадовы Міжнародны моладзевы фестываль-конкурс паэзіі ды паэтычных перакладаў, быў рэарганізаваны ва Усерасійскую адкрытую школу паэтычных перакладаў. Ірына Мікалаеўна з гордасцю нагадвае, што суполка «Белорусы Неклиновского района» ды яе культурна-адукацыйны праект «Берега дружбы» атрымлівалі дыпломы на конкурсе «Культура» Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і Мінкультуры Беларусі (2016 — 2018 гады). Ва Усерасійскім конкурсе «Слово менеджерам культуры» з дапушчаных да галасавання 98 праектаў «Берега дружбы» прызнаныя лепшым аўтарскім праектам у сферы культуры (2018). Як і ва Усерасійскім конкурсе Грамадскай палаты Расіі ў галіне грамадзянскай актыўнасці «Мой проект — моей стране!» (2019). Перамога была ў намінацыі «Межнациональные отношения. Укрепление межнационального и межрелигиозного согласия», тады да ўдзелу ў конкурсе было дапушчана 1699 работ з усіх рэгіёнаў Расіі. У 2020-м была перамога ў ІІІ Усерасійскім конкурсе лепшых практык у сферы нацыянальных адносін. Разглядалася 255 заявак з 55 рэгіёнаў Расіі, ладзіла конкурс Асамблея народаў Расіі. А 18 лістапада 2020 года прадстаўнікам праекта «Берега дружбы» прапанавана было ўвайсці ад Расіі ў каардынацыйны савет Сусветнага паэтычнага руху «Свет без сцен».

На сайце ФНКА Беларусаў Расіі ёсць інфармацыя, што паводле рашэння савета Гомельскага абладдзялення Саюз пісьменнікаў Беларусі ад 7 верасня 2020 года суполцы «Белорусы Неклиновского района» прысуджана Міжнародная літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага з уручэннем медаля «Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўнёсак у літаратуру». А Леанід Север уганараваны Архіерэйскай граматай Архіепіскапа Гомельскага й Жлобінскага «за значны асабісты ўнёсак у папулярызацыю мастацкай ды праваслаўнай літаратуры», ён атрымаў падзяку Гомельскай епархіі БПЦ Маскоўскага Патрыярхата й Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Іван ЖДАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?