Вы тут

З глыбіняў стагоддзяў у наш час


Што такое Беларусь і хто такія беларусы? Тое дапамагае глыбей зразумець выстава, што 16 чэрвеня адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі.


З такой экспазіцыі ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Беларусі ў галіне культуры на 2021 год пачалася рэалізацыя вялікага выставачнага праекта з падобнай назвай: «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры». Складаецца першая выстава з дзвюх частак — «Гісторыя» і «Культура».

«Вельмі важна, што ў Год народнага адзінства адкрываецца такая выстава, якая паказвае глыбіню нашых каранёў, — адзначыў на ўрачыстым адкрыцці Вадзім Лакіза, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі. — Наш народ, які ўключае ў сябе прадстаўнікоў дзясяткаў розных нацыянальнасцяў, мае права ганарыцца тысячагадовай гісторыяй нашай незалежнай, суверэннай Беларусі. Кожны стэнд, які можна ўбачыць у экспазіцыі, — гэта элемент гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Кожны прадмет, прадстаўлены тут, ілюструе мінулае і дазваляе на практыцы ўсвядоміць, наколькі прыгожая матэрыяльная і духоўная культура нашых продкаў». Дарэчы, Інстытут гісторыі, як і многія іншыя навуковыя і культурныя ўстановы краіны, стаў партнёрам праекта.

Экспазіцыя «Гісторыя» падзеленая на выставе на 8 перыядаў. Пра ўсе восем расказваецца ў адной зале, і такі аповед яскрава сведчыць, наколькі адноснае наша ўспрыманне часу. Здаецца, параўнальна ж нядаўна па беларускіх землях хадзілі маманты (на выставе можна пабачыць адзін бівень дагістарычнай жывёліны, знойдзены пры будаўніцтве метрапалітэна ў Мінску). Не надта ж даўно нашы продкі ўручную з каменя выраблялі стрэлы й прылады працы — а вось тут ужо яны чаканяць манеты, друкуюць кнігі, шыюць адзенне, ствараюць радыё і тэлевізар, ды яшчэ ляцяць у космас…

Артэфакты з былых паселішчаў Крывінскага тарфяніка (Бешанковіцкі раён Віцебшчыны) ёсць на выставе: наканечнікі ды стрэлы. Гэта рэчы, якімі продкі нашыя, на нашых землях карысталіся ў старажытнасці: да 9 стагоддзя нашай эры. Яны ж, як сведчаць экспанаты, актыўна займаліся паляваннем і лоўляй рыбы. А пра раннедзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі сучаснай Беларусі — Менскае, Ізяслаўскае, Друцкае, Віцебскае ды іншыя княствы-ўдзелы — расказваецца ў раздзеле, прысвечаным 9-13 стагоддзям. А 13-16 стагоддзе — эпоха Вялікага Княства Літоўскага, палітычнай ды эканамічнай кансалідацыі, час вялікіх гуманістаў і асветнікаў, багатых культурных здабыткаў.

Ідзем далей. Нашы землі ўваходзілі ў свой час у склад Рэчы Паспалітай (16-18 стагоддзі), якая была адной з буйнейшых краін у Еўропе. Той час багатым быў на шматлікія войны і падзелы тэрыторый. Менавіта ў тую пару пачалі развівацца на нашых землях прадпрыемствы мануфактурнага тыпу. 1772 — 1917 гады — гэта і тры падзелы Рэчы Паспалітай, і паступовая інтэграцыя Бацькаўшчыны ў склад Расійскай імперыі, вайна з Напалеонам, ажыўленне эканомікі, уздым грамадскага руху, Першая сусветная вайна.

Насычаны на падзеі перыяд з 1917 да 1940 гады: адбыліся Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, абвешчана была
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, заключаны ў 1921-м Рыжскі мір, а ў 1939-м Усходняя і Заходняя Беларусь аб’ядналіся ў складзе БССР. У перыяд з 1941 па 1991 гады адбылася Вялікая Айчынная вайна, упершыню ў космас паляцеў беларус Пётр Клімук, на лёсы людзей паўплывала аварыя на Чарнобыльскай АЭС... А гісторыя сучаснай Беларусі бярэ адлік з 1991 года і доўжыцца ўжо ў нашыя дні.

У межах праекта «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» ў хуткім часе будуць зладжаны іншыя выставы. Пад час іх беларуская нацыя таксама будзе прадстаўлена як неад’емная частка сусветнай супольнасці.

Ганна ЛАГУН

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.