Вы тут

Каштоўны дар


У растоўскім храме цяпер ёсць ікона з вобразам Еўфрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы Беларусі. Гэта дар ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна.


Уладзімір  Жываткевіч (злева) перадае ікону ў храм

На партале ФНКА Беларусаў Расіі паведамляецца, што кіраўнік Растоўскай рэгіянальнай нацыянальнай культурнай аўтаноміі «Белорусы Ростовской области» Уладзімір Жываткевіч перадаў у растоўскі храм Святога Георгія Перамаганосцы ікону Еўфрасінні Полацкай. Абраз Уладзімір Аляксеевіч атрымаў у дар ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна.

А сустрэча кіраўніка ФНКА Беларусаў Расіі Сяргея Кандыбовіча, яго паплечнікаў па працы ў беларускай суполцы Аксаны Солапавай, Аляксандра Дарковіча, Уладзіміра Жываткевіча з Мітрапалітам Веніямінам прайшла 12 лютага. Гэтыя паважаныя асобы тады былі ўдзельнікамі шостага Усебеларускага народнага сходу. На партале паведамляецца, што беларусы з Расіі расказалі ў часе сустрэчы пра тыя праекты, якія рэалізуюць, былі пазначаныя магчымыя кірункі супрацы.

Уладзімір Жываткевіч вярнуўся ў Растоў-на-Доне з каштоўным дарам. На партале чытаем яго развагі: «Падумаў, параіўся з сям’ёй і разам прынялі рашэнне: будзе правільна, калі абраз стане каштоўнасцю не толькі для маёй сям’і, але й для данскога рэгіёну». Так і трапіла ікона ў храм. Прымаючы каштоўны дар, настаяльнік прыхода Святога Георгія Перамаганосцы Валерый Валашчук, сам беларус па паходжанні, падкрэсліў: святая Еўфрасіння здаўна шануецца ў ваколіцах Полацка, з часам стала вядомаю па ўсім хрысціянскім свеце. Цяпер, адзначае святар, і на Доне ёсць магчымасць бачыць вобраз. Святая Еўфрасіння будзе нагадваць беларусам пра нашы родавыя, духоўныя карані, дапаможа тым, хто пажадае, адчуваць блізкасць і братэрскія пачуцці адзін да аднаго.

А людзей з беларускімі родавымі каранямі на поўдні Расіі шмат. У Растоўскай вобласці, паводле вынікаў папярэдніх перапісаў, жывуць каля 27 тысяч этнічных беларусаў. Ёсць і тэрыторыі, дзе нарадзіліся, выраслі, доўга жывуць пакаленні нашых супляменнікаў. У адным з інтэрв’ю Уладзімір Жываткевіч згадаў хутар Рассашынскі, што ў Зернаградскім раёне: яго можна лёгка назваць беларускім. Першыя пасяленцы ехалі туды ў 30-я гады ХХ стагоддзя, шукаючы працы. Многія беларусы працавалі на будаўніцтве Ростсельмаша. І адзіная жанчына-беларуска ў Расіі, якая мела высокае званне Героя Сацыялістычнай працы, больш за 40 гадоў аддала Ростсельмашу. А родавыя карані ў Марыі Яўхімаўны Новікавай (1935 — 2018) былі з вёскі Бахань Слаўгарадскага раёна. Вёска, дарэчы, пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і была адселена.

Рыгор ГАРЭШКА

Фота: ФНКА Беларусаў Расіі

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?