Вы тут

Фестываль беларускай культуры «Пад аховай Еўфрасінні Полацкай» прайшоў у Еўпаторыі


Сёлета — 920 гадоў ад часу нараджэння святой. А фестываль, прысвечаны яе памяці, прайшоў у крымскім горадзе 5 чэрвеня: у гэты дзень па розных краінах штогод вернікі-хрысціяне ўшаноўваюць памяць прападобнай. Ладзіўся фестываль сіламі актывістак з Крымскай рэспубліканскай культурна-асветніцкай грамадскай арганізацыі «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай. Ініцыятыву падтрымалі ўпраўленні культуры й міжнацыянальных адносін адміністрацыі Еўпаторыі, протаіерэй Уладзімір Бадах — настаяльнік храма У імя Свяціцеля Лукі, архіепіскапа Крымскага.


Удзельнікі фестывалю і святар Уладзімір Бадах пасля набажэнства ў памяць прападобнай Еўфрасінні Полацкай

Свята пачалося з набажэнства ў памяць прападобнай Еўфрасінні Полацкай у еўпатарыйскім храме. Потым дзеі прадоўжыліся й ля сцен царквы. Рэжысёр фестывалю, кіраўніца згаданай суполкі Дзіна Шаўчэнка цікава распавяла пра святую, якую «Беларускі Крыма» гонар маюць лічыць сваёй апякункай. Адзначыла, што Еўфрасіння была першая беларуская, а магчыма і ўсходнеславянская асветніца. Да таго ж яна — першая на Русі жанчына, прылічаная хрысціянскаю царквой да ліку святых.

Крыж Еўфрасінні Полацкай. Выява з выдання «Белоруссия и Литва». 1889 г.

Намесніца старшыні суполкі «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай Людміла Айзенштэйн з Сімферопаля з мноствам падрабязнасцяў апавядала пра лёс Крыжа Еўфрасінні Полацкай — унікальнага твора старабеларускага мастацтва, рэлігійнай і духоўнай святыні беларусаў. Створаны ён быў на заказ князёўны-ігуменні ў 1161 годзе полацкім майстрам Лазарам Богшам. На той час крыж выконваў ролю каўчэга для зберажэння атрыманых з Канстанцінопаля ды Ерусаліма (магчыма, разам з абразом Багародзіцы) хрысціянскіх святыняў. Аснова ў шасціканцовага крыжа была драўляная, і паколькі ў тыя часы найважныя культавыя рэчы вырабляліся з кіпарысавага дрэва, то, найверагодней, скарыстаў яго й полацкі майстар-ювелір. Хоць святыня, якой сёлета спаўняецца 860 гадоў, была страчанай ў гады ў Вялікай Айчыннай вайны, аднак яе духоўнае святло не згасае. І ўжо ў нашым часе Крыж Еўфрасінні Полацкай быў адноўлены ў 1992-1997 гады ў майстэрні брэсцкага ювеліра Мікалая Кузьміча.

Кожны ўдзельнік фестывалю прыўносіў свае творчыя матывы ва ўрачыстасць. Сяброўка суполкі з пасёлка Лясноўка Сакскага раёна Галіна Баранава чытала цыкл сваіх вершаў, прысвечаных Еўфрасінні Полацкай: напісала іх спецыяльна да фестывалю. Дзіна Шаўчэнка падарыла Нядзельнай школе храма карціну «Белавежская пушча» — твор ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Косцікава. Сяброўка савета суполкі «Беларускі Крыма» Тамара Пухальская з Сімферопаля (рэстаўратар, мастачка) разам з маці, найстарэйшай у суполцы Аленай Кірыенкай (87 гадоў!) сабрала вялікую калекцыю прадметаў беларускай культуры. Да фестывалю Тамара напісала абраз «Еўфрасіння Полацкая», і яго ў храме асвяціў протаіерэй Уладзімір Бадах. Мы ўпершыню бачылі асвячэнне іконы, і гэта было кранальна, хвалююча.

Дзіна Шаўчэнка з Людмілай Цімашчук і яе габеленамі «Еўфрасіння Полацкая» і «Званы»

Фестываль упрыгожыла выстава твораў яшчэ адной сяброўкі суполкі: майстрыхі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Краснаперакопска Людмілы Цімашчук. Некалькі твораў было ў царкве («Еўфрасіння Полацкая» і «Званы»), іншыя экспанаваліся ў будынку Нядзельнай школы.

Ансамбль «Встреча» з Еўпатарыйскага цэнтра культуры й вольнага часу (кіраўнік Аляксандр Малінкін) з беларускімі песнямі выдатна ўпісаўся ў фестываль. Дзіна Шаўчэнка падарыла кіраўніку прыгожую тканіну, прывезеную з Беларусі, на сцэнічны беларускі касцюм.

Сяброўка з нашай суполкі Алена Прынь, выкладчыца Еўпатарыйскай дзіцячай мастацкай школы, прынесла на імпрэзу сваю карціну «Дзве сястры», рэчы з беларускай вышыўкай, што зберагаюцца ў сям’і. Дзялілася планамі стварэння мастацкіх твораў, прысвечаных Еўфрасінні. А Вольга Рудэнка з Сімферопальскага раёна распавяла пра сваю калекцыю прадметаў беларускага побыту, яна да таго ж любіць спяваць беларускія песні — і ў вакальным гурце іх выконвае. У фестывалі паўдзельнічаў і ансамбль «Родные напевы» Маладзёжнінскага ДК Сімферопальскага раёна (кіраўнік Аляксей Тукаленка).

Самыя актыўныя ўдзельнікі фестывалю адзначаны граматамі адміністрацыі Еўпаторыі: за зберажэнне й папулярызацыю беларускай культуры. А напрыканцы свята мы ўсе разам спявалі беларускія песні, дзяліліся планамі на будучыню. Пры тым Дзіна Шаўчэнка выказала ўпэўненасць: фестываль беларускай культуры «Пад аховай Еўфрасінні Полацкай» у Еўпаторыі будзе мець працяг.

Зінаіда ЗДАРАУЦОВА, г. Еўпаторыя

Дарэчы. Калі тэкст рыхтаваўся да друку, Дзіна Шаўчэнка паведаміла: напісаў прыгожы верш «Преподобная Евфросиния Полоцкая» Сяргей Аўчарэнка — вядомы паэт, сябар Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны і Саюза пісьменнікаў Расіі, старшыня Еўпатарыйскага клуба аматараў паэзіі. Заканчваецца твор такімі радкамі: «Ей уготовано судьбой/ служить ковчегом,/ нести добро, для нас с тобой/ быть оберегом». Паэт падарыў верш суполцы «Беларускі Крыма» ды ўжо атрымаў запрашэнне паўдзельнічаць у наступным фестывалі.

Ад рэдакцыі. Віншуем з чарговым прызнаннем творчых заслуг Дзіну Шаўчэнку, нашу актыўную няштатную аўтарку, калегу ў журналістыцы, кіраўніцу дзвюх суполак: мясцовай Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Крым — Беларусь» горада Еўпаторыі ды Крымскай рэспубліканскай культурна-асветніцкай грамадскай арганізацыі «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай. А прызнанне такое: імя Дзінаіды (так у пашпарце) Рыгораўны Шаўчэнкі 11 чэрвеня 2021 года, напярэдадні Дня Расіі, занеслі ў Еўпаторыі на гарадскую Дошку гонару «за важкі ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё муніцыпальнага ўтварэння гарадской акругі Еўпаторыя».

Друкуецца ў газеце «Голас Радзімы»

Загаловак у газеце: Родны вобраз Еўфрасінні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.