Вы тут

Здароўе заўсёды і ўсюды ў цане


У Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце, які адзначае 100-гадовы юбілей, ёсць моцныя міжнародныя сувязі, да таго ж выпускнікі працуюць — па ўсім свеце.


Шлях адной з вядучых вышэйшых навучальных устаноў Беларусі пачаўся з адкрыцця медфакультэта ў Белдзяржуніверсітэце. І першых выпускнікоў было толькі 21, а сёлета на свае першыя працоўныя месцы паедуць амаль 800 маладых урачоў. Тысячы выпускнікоў БДМУ працуюць як па Беларусі, так і ў замежжы. Калі мы гутарылі з рэктарам БДМУ, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам Сяргеем Рубніковічам пра надзённыя праблемы ўніверсітэта, яго студэнтаў, планы на будучыню й тое, чым універсітэт ганарыцца, то гаворка зайшла й пра супрацу міжнародную. (Тэкст «Рэктар БДМУ Рубніковіч: Набор на бюджэтную форму сёлета павялічым» змешчаны ў газеце «Звязда». — Рэд.) Фрагмент яе прапаную чытачам газеты «Голас Радзімы».

— Сяргей Пятровіч, сёлета ва ўстановы аховы здароўя прыйдзе каля 2600 маладых спецыялістаў. Колькі сярод іх будзе выпускнікоў БДМУ?

— 16 сакавіка ва ўніверсітэце прайшло размеркаванне, і на ўсіх факультэтах у ім, дарэчы, традыцыйна ўдзельнічаў Міністр аховы здароўя. Усе нашы сёлетнія выпускнікі, а іх 791, прайшлі размеркаванне, у тым ліку 360 — з лячэбнага факультэта, 165 — з педыятрычнага, 104 — са стаматалагічнага, 78 — з медычна-прафілактычнага і 79 — з фармацэўтычнага. Чатыры выпускнікі факультэта замежных навучэнцаў таксама пажадалі атрымаць першае месца працы: маюць намер застацца ў Беларусі. Так што размеркаванні атрымалі 730 выпускнікоў, з іх 588 навучаліся за кошт бюджэту, 142 — на платнай аснове. Даведкі аб самастойным працаўладкаванні пажадалі атрымаць 56 выпускнікоў з тых, якія вучыліся на платнай аснове. Усе выпускнікі бюджэтнай формы атрымалі накіраванні на першае месца працы і ў інтэрнатуру, ніхто не застаўся незапатрабаваным. І ўсім выпускнікам платнай формы навучання, хто пажадаў, былі прапанаваны месцы для працаўладкавання.

— Колькі абітурыентаў плануеце набраць сёлета, і ці будуць змяненні ў правілах прыёму?

— Правілы прыёму — ранейшы, плануем узяць 660 маладых людзей на бюджэтныя месцы і 310 — на платнай аснове. І яшчэ каля 400 замежных грамадзян. Усяго: 1370 абітурыентаў.

— Ведаю, што беларускія вну медыцынскага профілю запатрабаваныя ў замежнікаў. Колькі такіх навучаецца ў вас, з якіх краін?

— Навучаецца ў нас каля 2000 замежных студэнтаў з 51 краіны, так што адукацыя з брэндам БДМУ сапраўды запатрабаваная ў свеце. У асноўным прыязджаюць вучыцца грамадзяне Ірана, Індыі, Туркменістана, Лівана, Ізраіля, нямала студэнтаў з Расіі, Шры-Ланкі, Ірака, Азербайджана, Іарданіі. Нядаўна падпісалі новае пагадненне з Ізраілем: нашы партнёры маюць намер павялічыць падрыхтоўку сваіх студэнтаў у БДМУ. Ёсць некалькі пілотных, эксперыментальных праектаў па чатырохгадовай падрыхтоўцы замежнікаў. Мы акрэдытоўваем іх у амерыканскім агенцтве, і дыпломы, якія атрымаюць яны, будуць пацверджаны аўтаматычна ў іх краінах: Канадзе, Амерыцы, Ізраілі ды Вялікабрытаніі. Студэнты вучацца на радзіме першы-трэці курсы, на чатыры гады прыязджаюць да нас і завяршаюць адукацыю. Для замежнікаў навучанне вядзецца на рускай ці англійскай мовах на выбар. І штогод большае тых, хто выбірае навучанне англамоўнае. Спектр краін, з якіх едуць вучыцца, павялічваецца. Нават пандэмія каранавіруса не перашкодзіла нам выканаць паказчыкі экспарту адукацыйных паслуг. Мы забяспечваем месцамі ў інтэрнатах усіх нашых студэнтаў: і беларусаў, і замежнікаў. Да таго ж запланавана будаўніцтва й новага інтэрната на 500 месцаў для нашых студэнтаў у Студэнцкай вёсцы.

Сяргей Рубніковіч

— А ёсць міжнародныя адукацыйныя праграмы і куды ездзяць навучацца па іх будучыя беларускія ўрачы?

— Да пандэміі ездзілі больш актыўна, летась многія краіны закрылі граніцы. У нас ёсць дамовы з Японіяй ды Расіяй: сумесна з універсітэтам г. Нагасакі, медуніверсітэтам г. Фукусімы, Паўночна-Заходнім дзяржмедуніверсітэтам імя І. І. Мечнікава (Санкт-Пецярбург) рэалізоўваецца адукацыйны праект «Падрыхтоўка кадраў у галіне медыцыны катастроф і радыяцыйнай медыцыны». Супрацоўнічаем з універсітэтам г. Акіта (Японія) і ўніверсітэтам Заходняга Антарыа (Канада). Многія ВНУ Расіі — з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Самары, Кірава, Стаўрапаля, Краснадара — таксама ў супрацы з намі. У плыні абмену студэнтамі, як правіла, у часе вытворчай практыкі, супрацоўнічалі мы да пандэміі з Польшчай, Украінай, іншымі суседзямі. Цяпер дамовіліся з Ізраілем: з іх студэнтамі, якія вучацца ў нас і едуць на практыку ў ізраільскія клінікі, паедуць і беларускія студэнты. Спадзяёмся, што з часам наша міжнароднае супрацоўніцтва цалкам адновіцца.

— Сяргей Пятровіч, як лічыце: за што за мяжой, у тым ліку і ў Заходняй Еўропе, цэняць беларускую медыцынскую адукацыю?

— У нашых выпускнікоў, як правіла, ёсць шырокі кругагляд і ўзровень мыслення. Многія заходнія школы арыентаваныя цяпер на рэгламентаваныя пратаколы, гэта значыць: трэба паставіць дыягназ і дакладна іх трымацца. У нашых спецыялістаў фарміруецца больш шырокае мысленне. Перавагу дае і практыка-арыентаваная падрыхтоўка, калі студэнты з першых курсаў атрымліваюць досвед на нашых клінічных базах. Яны бачаць, як старэйшыя калегі кантактуюць з пацыентам, ставяць дыягназ, як лечаць іх нашы выкладчыкі і найлепшыя ўрачы. Аніякіх складанасцяў нашы спецыялісты, якія закончылі ўніверсітэт і прайшлі практыку ў лячэбных установах, і ў іншых краінах не адчуваюць. Мы ганарымся тымі нашымі выпускнікамі, якія сёння ўзначальваюць і РНПЦ, і вялікія клінікі. Такіх асоб — дзясяткі. Мы падтрымліваем сувязі з імі, а яны ў сваю чаргу дапамагаюць нашым студэнтам развівацца ў прафесіі.

Алена КРАВЕЦ

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?