Вы тут

Падарожжы — стыль жыцця


Кацярына Дубаневіч з Мінска сёлета завяршыла сваю «кругасветку» на матацыкле — і пра тое ёсць цікавы артыкул у часопісе «Беларусь. Belarus». Тэкст гляньце ў інтэрнэце: «Кацярына Дубаневіч: У дарозе я знайшла свой унутраны Акіян». Каб пабачыць часопіс, атрымаць яго ў падарунак, зайшла падарожніца 27 мая ў рэдакцыю. Прычым разам з сябрам Паўлам Глобусам, падарожнікам. Пра адважную ды рызыкоўную Кацю-матацыклістку можна пачытаць у згаданым тэксце. Тут жа — трохі пра Паўла, за плячыма ў яго ўжо тысячы кіламетраў шляхоў па больш чым 50 краінах.


Кацярына Дубаневіч у Аргенціне

«Я працаваў у адной маскоўскай фірме, зарабіў трохі грошай і вырашыў падарожнічаць: бо гэта ж цікавей, чым сядзець на адным месцы! — прызнаўся госць. — Падарожнічаю як прыйдзецца: і аўтастопам, і пешшу, і на самалётах... Паколькі з часам пабываў у розных краінах, на розных маршрутах — па некаторых, як кажуць, і ўсляпую прайду — то пачаў вадзіць групы па экзатычных месцах свету. Цяпер гэта — і мой заробак, і стыль жыцця». Каму цікава — гляньце ў нэце яго інтэрв’ю, фотаздымкі, відэа.

Напрыканцы мая Павел вярнуўся з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, перад тым цудам пазбег непрыемнасцяў у Эфіопіі, дзе ў натоўп, у якім быў і Павел, урэзаўся аўтамабіль. Былі ахвяры... Ён ведае рускую, іспанскую мовы, водзіць групы па Аргенціне. З Кацяй яны сустракаліся ў Буэнас-Айрэсе, калі мінчанка падарожнічала на матацыкле вакол свету. Перасякліся выпадкова. Далей у планах Паўла быў расійскі Нарыльск. А ў Мінск трапіў выпадкова: трэба было ва Украіну, ды не склаліся абставіны. Але і ў Беларусі ў яго ёсць знаёмыя, у тым ліку Каця. Яна запрасіла Пашу «папіць кавы з журналістамі».

Пакуль куплялі каву, я расказаў госцю: 25 гадоў таму мы з Валянцінай (аўтар артыкула пра Кацю) абышлі пешшу Беларусь уздоўж дзяржаўнай мяжы. 2810 кіламетраў, і ўсё пешшу. Пра тое пішам і ў часопісе «Беларусь. Belarus». Таксама ж кругасветка, хоць і з беларуским акцэнтам! Наш «праект» падарожніка ўразіў, ён адзняў мікравідэасюжэт пра сустрэчу з намі — ёсць у Інстаграме, здаецца. Расказаў, што й сам вандраваў пешшу, сотні кіламетраў: прыкладам, па сцежцы апостала Іакава. Яна праходзіць па тэрыторыі Іспаніі. Калі першы раз ішоў, балелі ногі, была стома, іншыя паломнікі параілі: маліся святому. «На ўсіх паваротах там яго іконы». Так і рабіў. Да таго ж, усміхаецца, «і «Вальтарэн» купіў». Дайшоў. А ў іншыя тры разы было значна лягчэй.

Валянціна, Павел, Кацярына — усе яны падарожнікі

Кацярына ж нам расказвала, што найлепшы сродак ад стомы ў падарожжы доўга шукала: напоі, фармацэўтычныя сродкі. Яна звычайна ўстае ў падарожжах вельмі рана, выбіраецца часам у дарогу гадзін у 4-5. Прыйшла да высновы: калі стома й сон валяць, трэба трохі паесці ды паспаць. «Знаходжу які прыпынак на ўзбочыне, заводжу будзільнік — каб разбудзіў хвілін праз 20. Што-небудзь пад галаву — і адключаюся да званка. І далей паехала». З апошніх вандровак яе найбольш уразіла Турцыя: «Ляцела на мацярык Еўразія з Аргенціны, самы бліжэйшы і найбольш танны білет быў да Стамбула. Калі ехала па Турцыі ў Беларусь — адкрыла яе для сябе як цудоўную краіну. Павел падхоплівае: «Як цудоўна там, па Турцыі, падарожнічаць аўтастопам! І пачастуюць, і ў кафэ завядуць, пакормяць без грошай». Эх, сябры, гаворым ім, а калі б вы ведалі, як цудоўна падарожнічаць па Беларусі!..

Людзі ідуць па свеце, едуць, ляцяць, рухаюцца на байдарках... Нават у пару каранавіруса для іх нічога не змянілася. Бо ёсць жа такія дзівакі, для каго падарожжы — гэта не толькі паездкі ці паходы. Гэта — іх стыль жыцця.

Іван і Валянціна ЖДАНОВІЧЫ

Фота: Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».