Вы тут

Чаму нават самым вопытным педагогам карысна паўдзельнічаць у праграме «Настаўнік для Беларусі»?


Ашаламляльнай аванцюрай назваў праект «Настаўнік для Беларусі» адзін з яго аўтараў і куратараў настаўнік беларускай мовы Зміцер МАКАРЧУК. Прыкладна чатыры-пяць гадоў таму ён разам са сваім сябрам настаўнікам рускай мовы і літаратуры Сяргеем БАРОДЗІЧАМ загарэліся ідэяй прывесці ў школы ў невялікіх населеных пунктах крэатыўных і неабыякавых педагогаў, якія змогуць удыхнуць у іх новае жыццё. Мэтай было зрабіць якасную адукацыю даступнай для кожнага дзіцяці ў любой школе, а не толькі ў гарадской. Але, каб увасобіць сваю задуму ў жыццё, трэба было знайсці аднадумцаў, стварыць каманду. Плюс, вядома, знайсці сродкі на праект. Фінансава падтрымаць карысную ініцыятыву пагадзіўся БПС-Ашчадбанк.


Дзевяць выпускнікоў першага набору праекта «Настаўнік для Беларусі», якія сталі для сваіх вучняў і школ маякамі на шляху да поспеху.

Праект стартаваў два гады таму, а літаральна днямі ва ўдзельнікаў першага набору адбыўся выпускны. Менавіта так — не ў вучняў, а ў настаўнікаў быў свой выпускны вечар...

Дзевяць першапраходцаў

— Усё, што мы рабілі два апошнія гады, было для нас упершыню: і тое, як шукалі школы, гатовыя прыняць апантаных настаўнікаў, як адбіралі ўдзельнікаў, як працавалі з партнёрамі і спонсарамі. Таму, калі вам калі-небудзь выпадзе шанц паўдзельнічаць у аванцюры, смела прымайце гэты выклік, нават не задумваючыся, — параіў гасцям педагагічнага свята Зміцер Макарчук.

Для рэалізацыі праграмы «Настаўнік для Беларусі» БПС-Ашчадбанк стварыў Мясцовы адукацыйны фонд «Новая школа». Далучыцца да яго могуць любыя кампаніі-донары, якія пажадаюць зрабіць свой унёсак у развіццё якаснай адукацыі ў рэгіёнах Беларусі. Таксама БПС-Ашчадбанк заключыў з Міністэрствам адукацыі пагадненне аб супрацоўніцтве.

Старшыня праўлення фонду «Новая школа» Вера КАРАЛЁВА прызналася: на старце праграмы была рызыка, што не знойдуцца педагогі, якія адважацца прыняць выклік і выйсці з зоны камфорту.

Да ўдзелу ў праекце «Настаўнік для Беларусі» запрашаліся як новаспечаныя выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў, так і вопытныя педагогі. Першым крокам было запаўненне анкеты, затым кандыдатаў чакала скайп-інтэрв'ю, а на апошнім этапе — сумоўе ў Мінску, падчас якога трэба было таксама правесці сяміхвілінны ўрок. Ключавымі крытэрыямі для адбору сталі камунікатыўныя навыкі кандыдатаў, іх гатоўнасць працаваць у камандзе і свядомая матывацыя (удзельнік павінен быў падзяляць каштоўнасці праекта). Усяго паступіла 60 заявак ад ахвотных змяняць школу і сябе. Далей 12 адабраных кандыдатаў чакаў месячны летні інтэнсіў. На працягу трох тыдняў як учарашнія выпускнікі, так і настаўнікі з салідным прафесійным стажам навучаліся сучасным падыходам у педагогіцы і выкладанні, загартоўвалі свае лідарскія якасці, атрымлівалі веды ў галіне праектнага менеджменту і тайм-менеджменту. Кожны дзень быў напоўнены выязнымі мерапрыемствамі і сустрэчамі з цікавымі спікерамі. А ў апошні тыдзень інтэнсіву ўсіх чакаў летнік з дзецьмі на тэму «Навыкі ХХІ стагоддзя», які кандыдаты павінны былі самі спланаваць. Гэта быў сапраўдны выклік не толькі для ўчарашніх выпускнікоў без вопыту работы, але і для педагогаў са стажам...

У выніку для ўдзелу ў праграме «Настаўнік для Беларусі» былі адабраныя дзевяць настаўнікаў, якія на два гады адправіліся працаваць у школы ў Кобрынскім (аграгарадок Павіцце), Бярэзінскім (Паплаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа), Чэрвеньскім (Лядзенскі дзіцячы сад — сярэдняя школа) раёнах, у гімназію  Дзяржынска і Негарэльскую сярэднюю школу № 1.

Зміцер Макарчук: «Калі вам калі-небудзь выпадзе шанц паўдзельнічаць у аванцюре, смела прымайце гэты выклік...»

На сваім месцы

Настаўніца рускай мовы Алена АЛЕХНА стала адной з дзевяці педагогаў, якія трапілі ў першы набор праграмы «Настаўнік для Беларусі». Дзяўчына хоць і мела ўжо педагагічны досвед (працавала педагогам-арганізатарам ва ўстановах адукацыі ў Салігорску і Бабруйску), вышэйшую педагагічную адукацыю атрымала толькі ў 2019 годзе (скончыла завочна філфак БДУ).

Увогуле, усе гісторыі «настаўнікаў для Беларусі» ўражваюць і натхняюць. Адначасова міжволі задаешся пытаннем: чаму людзі змяняюць горад на вёску?

Алена Алехна прызнавалася, што яна ў праграме «Настаўнік для Беларусі»
для таго, каб да канца разабрацца і зразумець, чым можа быць карысная дзецям, для таго, каб навучыцца новым методыкам, рабоце ў камандзе, набыць новыя сувязі. А яшчэ, каб навучыцца верыць у сябе. За час летняга інтэнсіву дзяўчына зразумела, што рэсурсаў у чалавека значна больш, чым ён мяркуе. Калі ты ў нешта верыш, трэба шукаць магчымасці гэта рэалізоўваць.

Пасля ўсіх этапаў адбору Алена пераехала разам з дачкой са свайго апошняга месца працы ў Салігорску ў Негарэльскую сярэднюю школу, што ў пасёлку Энергетыкаў.

— Два гады праляцелі імгненна. Сёння з упэўненасцю магу сказаць, што я на сваім месцы, — канстатуе настаўніца. — За гэты час разам з дзецьмі мы паспрабавалі сябе ў ролі журналістаў, відэааператараў і сцэнарыстаў, займаліся даследаваннямі, удзельнічалі ў праекце тэатральнага аб'яднання па інтарэсах «Праз тэатр», вучыліся працаваць у камандзе. Дзякуючы праграме я навучылася вельмі многаму, у тым ліку адстойваць сваю пазіцыю і ісці да канца ў тым, што для мяне насамрэч важна. Ведаеце, раней я заўсёды адчувала сябе нейкім самотным воінам, які хацеў больш і для людзей, і для свету ў цэлым.
А тут нарэшце сустрэла аднадумцаў...

Трэба дадаць, што прыклад дачкі натхніў і маці Алены (яна таксама педагог), якая далучылася да праграмы на наступны год, калі на 25 месцаў прыйшло ўжо 130 заявак.

Глыток свежага паветра

Удзельніцамі першага набору «Настаўніка для Беларусі» сталі і дзве Наталлі ЦЕЦЯРУК, якія працуюць у школе ў аграгарадку Павіцце ў Кобрынскім раёне. Настаўніцы замужам за роднымі братамі. Адна з іх выкладае беларускую мову, другая працуе ў пачатковай школе. Дзве Наталлі засталіся працаваць у сваёй школе, якая падала заяўку на ўдзел у праграме «Настаўнік для Беларусі», толькі на працягу двух гадоў яны мелі пастаянную метадычную, куратарскую і фінансавую падтрымку. Дарэчы, школы, як і ўдзельнікі праграмы, таксама праходзяць адбор. Арганізатары абавязкова знаёмяцца з адміністрацыяй, педагагічным калектывам і кантэкстам, у які трапіць будучы ўдзельнік праграмы. Стараюцца стварыць і выбудаваць экалагічную камунікацыю, якая будзе камфортнай для ўсіх, каб настаўнікі прыходзілі ў атмасферу ўзаемаразумення і агульнага імкнення зрабіць шмат добрага і патрэбнага для дзяцей. Затым куратары прыязджаюць у школы ў госці, дапамагаюць з арганізацыяй розных мерапрыемстваў для вучняў і настаўнікаў, ладзяць сумесныя сустрэчы з адміністрацыямі ўсіх школ-партнёраў, дзе стараюцца пачуць адно аднаго, дапамагчы ў вырашэнні канкрэтных праблем.

— Маё рашэнне прыйсці ў праграму «Настаўнік для Беларусі» было няпростым, — прызналася настаўніца пачатковых класаў Наталля ЦЕЦЯРУК. — На той момант я мела ўжо 23 гады прафесійнага стажу, а трэба было перагледзець свае погляды і падыходы ў прафесіі. Давялося нават крышачку сябе ламаць. Але праграма прыўнесла ў маю прафесію глыток свежага паветра. Я даведалася шмат новага, пазнаёмілася з актыўнай ацэнкай, мае малышы пачалі працаваць у парах і групах, навучыліся дамаўляцца паміж сабой, мы пазнаёміліся з мовай праграмавання Scratch, не баяліся эксперыментаваць. Нашы ўрокі сталі цікавымі, сучаснымі і карыснымі. Таму, нават калі вы адпрацавалі ў школе дваццаць гадоў і больш, раю абавязкова паўдзельнічаць у праграме «Настаўнік для Беларусі», якая дапамагае не застыць у сваім прафесійным развіцці ды рушыць наперад.

У сакавіку ў Павіцці прайшоў кніжны анлайн-фестываль. Яго арганізатарамі і вядучымі сталі самі вучні пад кіраўніцтвам Наталлі Васілеўны і Наталлі Іванаўны Цецярук. Але на анлайн-фестывалі яны не спыніліся, вырашыўшы, што жывыя стасункі нельга нічым замяніць. Таму зладзілі і афлайн-фестываль кнігі «Пачытай у Павіцці».

Вучні пачатковых класаў сустрэліся з Надзеяй Ясмінскай, вядомай беларускай пісьменніцай, якая працуе пераважна ў жанры фэнтэзі. Разам адправіліся ў чароўную вандроўку па старонках кнігі «Мора ў чамадане». Пасля гэтага пабывалі на майстар-класе Любові Сардалішвілі «Незвычайнае чытанне — радасны настрой».

Арганізатар фестывалю «Горад і кнігі» Вольга Воўк правяла для школьнікаў майстар-клас па вырабе літаратурна-тактыльных паштовак. Настаўніца гісторыі гімназіі горада Дзяржынска Ала Галубковіч, яшчэ адна ўдзельніца першага набору праграмы «Настаўнік для Беларусі», на сваім майстар-класе «Акрылам па тканіне» дала магчымасць стварыць свой непаўторны малюнак або цытату з любімай кнігі на любімай вопратцы, а яшчэ паспрабаваць тэхніку роспісу тканіны. Завяршыўся фестываль літаратурнымі вячоркамі, падчас якіх кожны змог прачытаць свой любімы твор на роднай мове альбо праспяваць песню пад гітару.

Усе ўдзельнікі праграмы «Настаўнік для Беларусі» рэалізоўваюць праекты, арыентаваныя на развіццё мясцовай супольнасці. Такая ўмова ўдзелу ў праграме. У Павіцці гэта фэст кнігі. Ад Павіцця да ўкраінскай граніцы — усяго сем кіламетраў, а да сталіцы — 350. Калі б не гэты праект, у вучняў наўрад ці калі-небудзь з'явілася б магчымасць сустрэцца з сучаснымі пісьменнікамі...

Не стаяць на месцы

Адна з устаноў адукацыі, якая прыняла дзвюх удзельніц праграмы — настаўніцу гісторыі Алу Галубковіч і педагога-псіхолага Ксенію Гаршкову, — гімназія Дзяржынска.

— Хоць праект яшчэ зусім малады, але ўжо можна падводзіць яго прамежкавыя вынікі. Вы ўзялі на сябе вельмі высакародную місію — зрабіць якасную школьную адукацыю даступнай для кожнага дзіцяці. І мы ганарымся, што з'яўляемся вашымі партнёрамі, — падкрэсліла ў сваім выступленні падчас «выпускнога» дырэктар установы Людміла ПАЎХЛЕБ. — Нашай гімназіі блізкі дух праекта «Настаўнік для Беларусі», мы таксама вітаем наватарства, ініцыятыўнасць, крэатыўнасць, не любім стаяць на месцы. Выпускнікі праекта сталі для сваіх вучняў і школ маякамі на шляху да поспеху і ў новым развіцці. І такія маякі трэба запальваць і надалей...

Афлайн-фестываль кнігі «Пачытай у Павіцці».

«Праграме «Настаўнік для Беларусі» ўсяго два гады, але пройдзены шлях, якім я ганаруся. Ганаруся нашымі настаўнікамі, іх талентамі, энтузіязмам і невычэрпнай энергіяй. Іх перамогі — гэта новыя магчымасці для дзяцей. Магчымасці, якіх магло б не з'явіцца, калі б настаўнікі не прыехалі ў сельскую школу, — кажа дырэктар фонду «Новая школа» Таццяна КВЯЦІНСКАЯ. — Я ўдзячная дырэктарам нашых партнёрскіх школ за тое, што яны вераць у нас, падтрымліваюць удзельнікаў, адгукаюцца на тыя ініцыятывы, якія дазваляюць іх установам выйсці на новы ўзровень развіцця. Ганаруся камандай, якая робіць гэты шлях прасцейшым, аказваючы падтрымку, але і складанейшым, натхняючы на новыя адкрыцці. А рэалізацыя самых амбіцыйных мэт становіцца магчымай дзякуючы сумеснай дзейнасці нашых метадыстаў і куратараў. Я ўдзячная партнёрам, якіх сёлета стала больш, а гэта значыць, што тэма адукацыйнай няроўнасці не пакідае абыякавымі прагрэсіўных і думаючых людзей з бізнес-супольнасці. Удзячная нашаму заснавальніку — БПС-Ашчадбанк, які не толькі аказвае фінансавую падтрымку, але і ўключаецца ў адукацыйныя ініцыятывы. Мы не спыняемся і ўжо рыхтуемся да сустрэчы з новымі героямі!»

«Запрашаем далучацца да нашай дружнай каманды ўсіх. Нават калі вы не настаўнік, мы абавязкова знойдзем для вас занятак», — усміхаецца Зміцер Макарчук.

На сёння ў рэгіёнах краіны выкладае ўжо больш за 30 «настаўнікаў для Беларусі» (9 удзельнікаў першага набору і 22 — другога), праграма ахапіла літаральна ўсю краіну (19 школ-партнёраў) і 7 тысяч дзяцей.

Удзельнікі праекта атрымліваюць пастаянную падтрымку куратара і метадыста, праектную падтрымку, стыпендыю ў дадатак да асноўнага заробку ў школе, кампенсацыю на арэнду жылля, магчымасць вучыцца ў магістратуры (для ўдзельнікаў без педагагічнай адукацыі) і ноўтбук для зручнай работы.

У маі завяршыўся ўжо трэці набор у праграму «Настаўнік для Беларусі». Усяго было атрымана 108 заявак ад кандыдатаў і 34 заяўкі ад школы (гэта, між іншым, 94 адкрытыя вакансіі): у тым ліку 18 заявак ад гарадскіх школ, 8 заявак з аграгарадкоў, 7 заявак ад сельскіх школ і адна заяўка са школы ў абласным цэнтры. Адабраных удзельнікаў чакае летні інтэнсіў, па выніках якога і стане вядомая трэцяя каманда «настаўнікаў для Беларусі».

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Змяніць школу і сябе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».