Вы тут

Расказваем пра трэнды з подыуму ХХХ фестывалю-конкурсу «Млын моды»


Сёлета «Млын моды» юбілейны: рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота прайшоў трыццаты раз. У фінале конкурсу былі прадстаўлены 54 калекцыі маладых беларускіх мадэльераў, за права называцца найлепшымі змагаліся 68 дызайнераў і 18 фатографаў. Юбілейны «Млын моды» прайшоў у фармаце phygіtal, сумясціўшы фізічныя афлайн-паказы на подыуме і dіgіtal-трансляцыі.


Існуе мода подыумная і мода штодзённая. Подыумныя (яна ж высокая мода, ці «haute couture») — гэта калі дызайнер выступае ў першую чаргу як мастак. Карціна, створаная ім, можа быць футурыстычнай, зусім фантастычнай ці ўвогуле ў стылі «кубізм». Мы захапляемся гэтымі рэчамі на мадэлях, але звычайна ў першапачатковым выглядзе такія мадэлі непрыдатныя для паўсядзённага жыцця. Вулічная, або штодзенная мода («прэт-а-партэ» ад фр. prеt-а-porter — «гатовае для носкі») — гэта тое, у чым мы ходзім на работу або на святочныя мерапрыемствы, то-бок адаптаваныя для жыцця ідэі «высокай моды».

«Млын моды» — гэта хутчэй пра моду подыумную. Але з яго паказаў можна запазычыць тыя тэндэнцыі, якія сёння актуальныя. Паспрабуем?

Экалагічнасць і ўсвядомленасць

Адзін з трэндаў, якога прытрымліваюцца модныя дамы з сусветнымі імёнамі — sustaіnable fashіon, або «ўсвядомленая мода». Зрабіць моду ўсвядомленай апошнім часам імкнуцца многія вядомыя дызайнеры. А піянерам экастылю быў брэнд Stella McCartney яшчэ ў 2000-х. Сёння, праз 20 гадоў, экалагічнасць і ўсвядомленасць — модны трэнд. 80 буйных вытворцаў адзення па ўсім свеце заявілі аб адмове ад выкарыстання таксічных хімікатаў пры вытворчасці моднай вопраткі. Дарэчы, наша краіна не засталася ўбаку ад моднай плыні: беларускі брэнд Mark Formelle адгукнуўся капсульнай калекцыяй Save the planet з нітак, вырабленых з перапрацаванага пластыку. Натуральныя тканіны і ўсвядомленае fashіon-спажыванне сталі лейтматывам XXX «Млына моды». Вельмі многія дызайнеры адмовіліся ад выкарыстання штучных тканін, аддаўшы перавагу натуральным бавоўне і лёну.

Дарэчы, лён называюць адной з галоўных тканін лета-2021. У рамках усё той жа моды на усвядомленасць лён стаў нагодай для эксперыментаў мадэльераў з самых розных краін: з гэтай тканіны ствараюцца і строгія касцюмы, і ўборы для чырвонай дывановай дарожкі, і вядома, street fashіon-мадэлі.

Ну, а на «Млыне»-2021 толькі з бавоўны і лёну была выкананая калекцыя Дзіяны Ёрш і Маргарыты Чуднікавай (Баранавіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання) «Аркан на сірока», якая атрымала першае месца ў намінацыі «Найлепшая жаночая калекцыя». А мадэльер Святлана Князева (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк») у сваёй калекцыі «Кароль вужоў» пайшла яшчэ далей. Яе мадэлі — гэта апсайклінг: калекцыю дызайнер стварыла са старых рэчаў сваіх родных і сяброў. Апсайклінг — другаснае выкарыстанне старых рэчаў — па праве можна назваць галоўным трэндам сезона лета-2021. Такія брэнды, як Balencіaga, Marnі, Coach, Mіu Mіu, ствараюць новыя калекцыі з кавалачкаў старых рэчаў. Модныя аглядальнікі пішуць, што тэндэнцыя не сыдзе і ў найбліжэйшым халодным сезоне. Напэўна, дзякуючы і гэтай «разыначцы» калекцыя Святланы Князевай стала другой у намінацыі «Найлепшая мужчынская калекцыя». Хоць і без гэтага калекцыя запаміналася строгімі лініямі, класічным кроем і залатым дэкорам.

Прынты-птушкі і вялізныя сумкі

Многія дызайнеры выкарыстоўвалі ў сваіх калекцыях прынты. Часам тэмамі выбіралі тыя, якія асацыіраваліся ў гледача з традыцыйнымі сімваламі Беларусі: рамонкі, васількі, бярозкі, буслы. Кветкавыя прынты ўсё яшчэ актуальныя гэтым летам, хоць такая тэндэнцыя ўжо ідзе на спад. А вось «птушыны» прынт выглядае свежа і рамантычна — у процівагу надакучлівым палоскам зебры, плямам леапарда і змяіным расфарбоўкам. У сувязі з гэтым вельмі ярка выглядала рамантычная калекцыя дэбютанткі «Млына моды» Ганны Лыкавай «Югэн». Югэн — гэта эстэтычная катэгорыя ў японскай культуры, якая азначае інтуітыўнае, меркаванае, а не відавочнае ўспрыманне сутнасці той ці іншай з'явы. У калекцыі Ганны Лыкавай — лёгкія, нібы паветраныя, сукенкі (пастэльныя тоны, бавоўна і фацін), упрыгожаныя кветкавымі прынтамі і выявамі птушак і, паводле задумы дызайнера, ахутаныя вэлюмам.

Матывы Японіі прадставіла і яшчэ адна калекцыя — «TAKADA» Антона Мажарына (Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў). Калекцыя створана ў памяць аб Кенза Такада. Таму ў ёй шмат трыкатажу (менавіта Кенза стаў першапраходцам у выкарыстанні трыкатажу ў высокай модзе), вязаныя дэталяў і вялікіх сумак. Якія, дарэчы, вельмі актуальныя гэтым летам: калі ў мінулым дызайнеры прапаноўвалі нам проста вялікія сумкі, то сёння актуальныя велізарныя (зрэшты, і вельмі маленькія — таксама). Падыдуць такія сумкі далёка не кожнай модніцы, але калі разумна ўпісаць іх у свой look, яны ўзнімуць градус стыльнасці вобраза.

Вяртаючыся да «птушынай» тэмы: дэбютантка Наталля Гуськова (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы) прадставіла калекцыю «Нью-Ёркскія галубы», адной з запамінальных дэталяў якой сталі блузы з дэкорам з пер'яў (імі ўпрыгожаныя рукавы). Акцэнт на рукавы — трэнд, які трымаецца на піку актуальнасці ўжо некалькі сезонаў і не збіраецца здаваць пазіцый. Трэнд на пер'е і махру гэтым летам вельмі актуальны, але яго наўрад ці можна назваць простым у адаптацыі да паўсядзённага жыцця. Дэкор з пер'я, калі ўжо вы рашыцеся паспрабаваць «прыручыць» гэты эпатажны трэнд, варта спалучаць з базавымі аднатоннымі рэчамі.

Экаскура — яшчэ адна тэма, якую актыўна эксплуатавалі канкурсанты. Яна таксама не сыходзіць з подыумаў ужо трэці год і, падобна, хутка з трэндаў пяройдзе ў разрад класікі. Экаскуру сустракаем і ў дарослых калекцыях «Млына моды», і ў дзіцячай калекцыі «На100ящий УНОВИС» Паліны Гурскай. Калекцыя названая так у гонар авангарднага мастацкага аб'яднання, створанага Малевічам у Віцебску больш за 100 гадоў таму, і адсылае да творчасці знакамітага мастака.

Клёш і манахром

Клёш сёлета на «Млыне моды» можна было ўбачыць практычна ў кожнай калекцыі, і гэта нядзіўна. Штаны-клёш (у асноўным клёш ад сцягна) — вядучая тэндэнцыя моднага 2021 года, якая толькі набірае абароты. І, трэба сказаць, тэндэнцыя вельмі практычная: палаца і нават скарочаныя шырокія штаны зрокава падаўжаюць ногі і выцягваюць сілуэт. Спалучаць «клёшны» ніз дызайнеры «Млына моды» прапаноўвалі як з кроп-топамі і скарочанымі блузамі, так і з падоўжаным «верхам».

Манахром — яшчэ адзін трэнд, які стаў ключавым для многіх дызайнераў. Уласна, гэта не дзіўна: манахром у гэтым сезоне — адзін з самых трэндавых спосабаў стварэння вобраза, плюс гэта эфектна і вельмі стыльна. Манахромны look — уласна кажучы, вынаходніцтва апошніх гадоў: апранацца з ног да галавы ў адзін колер да нядаўняга часу не было прынята. Але трэнд хутка заняў лідзіруючыя пазіцыі ў фэшн-індустрыі, таму што манахромныя вобразы лёгка ўпішуцца і ў рабочую абстаноўку, і ў дзелавую сустрэчу, знойдуць прымяненне ў вячэрніх аўтфітах. На «Млыне моды» сёлета прадстаўлялі чорныя і белыя вобразы total look. Акрамя названых колераў, актуальны ў гэтым сезоне бэжавы тотал лук, хоць манахром можа быць любым: ад ружовага да зялёнага і ад бардовага да сіняга. Дарэчы, манахром, у якім бы колеры вы яго ні вырашылі, зрокава павялічвае рост.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота nchtdm.by

Загаловак у газеце: Што насіць будзем?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?