Вы тут

Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!


Пра Аляксандра Кузьміна, штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў авіяпалка на Паўднёвым і Закаўказкім франтах у час Вялікай Айчыннай вайны, кавалера ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І ступені, сакратара ЦК кампартыі Беларусі па ідэалогіі (1971-1986) успамінае яго ўнук Дзмітрый Кузьмін. Шчырая гаворка і пра тое, якім бачыў унук Аляксандра Трыфанавіча зблізку, як жыла яго сям’я і як паўплываў на лёс Дзмітрыя прыклад самога дзеда-афіцэра.


Аляксандр Кузьмін

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбавікоў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пачаўшы з 1942-га «радавым партыі», даслужыўся да «генерала»: на пачатку 1971-га быў абраны сакратаром ЦК КП Беларусі па ідэалогіі. Амаль 30 гадоў напружанай працы спатрэбілася ўраджэнцу вёскі Даброціна (цяпер Кіраўскі раён, Магілёўшчына), каб заняць месца штурмана ў высокай партыйнай структуры. Ён заставаўся сакратаром ЦК 15 гадоў. І толькі ў 1986-м, пасля прынцыповых сутыкненняў з тагачасным рэспубліканскім парткіраўніцтвам вышэйшага рангу па «пытаннях» Чарнобыльскай трагедыі, Аляксандр Кузьмін падаў у адстаўку... Ён пражыў яркае жыццё, гэты неардынарны чалавек, з якім некалькі вечароў запар мы мелі зносіны напярэдадні 2001 года. І пасля яго смерці да 60-годдзя Вызвалення Беларусі ў двух нумарах часопіса апублікавалі прыжыццёвае з ім інтэрв’ю («Беларусь», № 2, 3-2004). Да таго ж тэкст "Александр Кузьмин:"...Я один из тех, которых не стало!" быў змешчаны і ў газеце «Советская Белоруссия» (13.09.2003), ён жа ёсць у інтэрнэце.

Колькі сябе памятаю, як стаў я хадзіць і бегаць, так і пачалі мяне падкідваць то аднаму дзеду, то другому... Але жыў я ў Мінску пастаянна ў дзеда Аляксандра Трыфанавіча ды бабулі Таісіі Андрэеўны на Бранявым завулку, дом 4, кватэра 1. У мяне, дарэчы, быў там асабісты ўваход у дом: наўпрост з балкона першага паверха. І мне тое вельмі падабалася. Дзед ад’язджаў на працу рана і вяртаўся позна. Але стараўся паспець, каб уключыць тэлевізар і глядзець праграмы навін — «Время» ў першую чаргу. І вячэраў ён разам з намі. За стол без яго не сядалі. У выхадныя дні мы ездзілі то на Нарач, то кудысьці пад Лагойск — на рыбалку ды па грыбы цi ягады. Быў дзед заўзяты рыбак i грыбнік. Здараліся і паляванні — але то былі, можна сказаць, своеасаблівыя палітычныя мерапрыемствы. Я тых выхадных заўсёды чакаў, бо ведаў: калі ніякія справы не адцягнуць дзеда, то мы куды-небудзь паедзем. А гэта заўсёды было для мяне прыгодай. Бабулі, як правіла, часу не хапала на выезды. Калі ж выбіралася, то побач з кіроўцам сядзела. А мы з дзедам на заднім сядзенні. Дочкам іхнім гэта было не вельмi цікава, ды і не жылі яны з намі.

З дзедам было класна. Ён са мной шмат размаўляў. Распавядаў розныя выпадкі з вайны. І гэта, напэўна, у канчатковым выніку паўплывала на тое, што я пайшоў па шляху сваіх дзядоў: у 83-м у Cувораўскае, потым і ў Ваеннае вучылішча. Праўда, пагадзіўся не адразу на Сувораўскае. То было нялёгка... Уявіце сабе: пацан, галоўны ў Драздах правадыр чырванаскурых, мяне так называла Наталля Машэрава, і тут яго р-раз — і за плот, у казарму. Вельмі мне таго не хацелася. Але дзед сказаў, удараючы кулаком па стале: «Пойдзеш!» Аўтарытэт у доме ў яго быў бясспрэчны. Я нават не плакаў, бо ведаў, што гэта будуць дарма пралітыя слёзы. Калі дзед сказаў — так і будзе. Але ён не проста камандаваў — ён граматна падводзіў пад свае рашэнні нармальную доказную базу. За тыдзень тэзісы закіне — каб «праварылася» патрэбная інфармацыя. Потым выведвальнае апытанне правядзе: як ідзе працэс яе засваення. І потым ужо апошні бомбавы ўдар, кажучы мовай ваенных лётчыкаў, нанясе, калі трэба.

 

Лейтэнантскія пагоны Аляксандра Кузьміна, штурманская лінейка ды іншыя рэліквіі зберагаюцца Дзмітрыем як памяць пра дзеда

У яго нават і свая зброя з вайны выпадкова засталася: пісталет ТТ. Калі дзеда кідалі па шпіталях, то ў яго лётчыцкім планшэце, паміж картамі, пісталет і ляжаў. Дзед расказваў, што ніхто ў ваенны час на тое ўвагі не звяртаў. Форму з планшэтам узялі, пераклалі ды адправілі разам з параненым афіцэрам Кузьміным у іншы шпіталь. Так з ім пісталет і прыбыў з вайны. Ляжаў ён у сейфе ў будынку ЦК. Ціхенька, як дзед меркаваў. А я адзін раз-такі патрымаў яго ў руках. Там жа, у ЦК, на пачатку 80-х. Быў тады ў класе пятым ці шостым. Часам так атрымлівалася, што забягаў я ў будынак на Карла Маркса, 38 да дзеда ў кабінет. А ў той раз ён кудысьці хутка сышоў. Сейф і я засталіся сам-насам, а ў замку ключ... Ведаючы, што там ёсць нешта цікавае, зазірнуў. За што, вядома, потым па шыі атрымаў. Такая гісторыя была... А калі ў дзеда са Слюньковым (Мікалай Слюнькоў — беларускі савецкі партыйны дзеяч. — Рэд.) спрэчкі з-за Чарнобыльскай аварыі пачаліся (менавіта дзед даў каманду аб’явіць пра аварыю), ён сказаў: «Да пабачэння, хлопцы, нам далей не па дарозе». І сышоў з ЦК. Ён думаў, што ў апошні працоўны дзень як прыйдзе, то забярэ адтуль свае рэчы. Прыйшоў, а сейфы ўжо стаялі ўскрытыя. Пытанне пра баявую зброю не было каму задаваць у такой сітуацыі.

Ці падабалася мне, што пайшоў па вайсковай частцы? Спадабалася ў 2007-м, калі пайшоў нарэшце на дэмбель. Да Сувораўскага з 5-га класа я вучыўся ў Мастацкай школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка, планаваў ісці ў Тэатральна-мастацкі інстытут, на скульптара. З цацкамі дзіцячымі тады было цяжкавата, вы ж памятаеце. А вось унукі вядомага палітычнага дзеяча Фёдара Сурганава, Сашка з Воўкам, такія цацкі мелі. Машынкі, індзейцы рознакаляровыя гумовыя... Ім родзічы такое рэгулярна падкуплялі. І веласіпеды, дарэчы, у іх былі, у Воўкі нават гоначны. Менавіта гэты веласіпед неяк у сябра, што катаўся на ім ў Драздах, міліцыя забрала ды ў збройным пакоі замкнула. Ну а я пайшоў Воўку выручаць: прабраўся ў штаб, падабраў ключ да пакоя — і адкрыў яго. Сірэна вые, а я хоп той велік ды ходу... А мне веласіпеды ў маім жыцці бацькі куплялі ажно два разы: гады ў 4 і ў 8. А потым сам што з лома збіраў, што выменьваў. Так і з індзейцамі-салдацікамі: нешта вымяняў, штосьці дзед прывёз — але гэта ж асобныя светлыя моманты, а сістэмы папаўнення арсенала дзіцячых цацак не было. Дарэчы, я нядаўна на магілу Сашкінаму бацьку зрабіў партрэт надмагільны: ён таксама быў кадравы афіцэр, з кадзетаў. У нашай камандзе ў Драздах — там, дзе ўрадавыя дачы — быў яшчэ старэйшы за мяне Андрэй Прытыцкі, унук вядомага грамадскага дзеяча Сяргея Прытыцкага. Неяк мы задумалі ваенныя баталіі, баі праводзіць — але нам было малавата цацак, якія мы з самаробных «пнеўмавінтовак» — з веланасосаў зробленых — расстрэльвалі. Прычым у некаторыя моманты бітвы нават бензін на поле бою падлівалі, масты палілі — фантазія працавала, было цікава. Нават лес там чуць не пачаў гарэць. Далі нам тады па шапках. Я, вы ўжо зразумелі, не падарунак быў і ахове на дачах клопатаў падкідваў, але ж без злых намераў. Міліцыянеры былі розныя, з большасцю з іх я сябраваў. І ў мясцовы буфет для іх бегаў то па курыва, то па ежу. Мы ў сажалку донкі разам ставілі па начах. Лёня Драбеня тады ж навучыў мяне нажы кідаць, а з іншымі караблікі з кары рабілі. А былі і такія, хто ненавідзеў усіх дачных насельнікаў. Такі мог і пад дых урэзаць: яны ведалі, што дзеду я не паскарджуся. А Драбеня неяк пра тое даведаўся і з такім калегам сам разабраўся. Мы і пасля з Драбеням падтрымлівалі адносіны у 90-х. Ён, як і я, служыў у адным са спецпадраздзяленняў Беларусі.

Дразды зусім побач з Мінскам, амаль у горадзе. Па праспекце Пераможцаў (тады Машэрава) калі едзеш — там старыя могілкі, новы корпус Акадэміі фізкультуры, храм новы справа — і туды ж паварот. Метраў 700 — і ўпіраешся ў плот. У будучую рэзідэнцыю Прэзідэнта я ў той час рэгулярна заходзіў: то з дзедам, то да Каці з Ленай, унучак Пятра Машэрава. Мы з Воўкам Сурганавым прымудрыліся ў сажалцы Машэрава нават асятра падчапіць-вывудзіць. І як мы тады беглі! Спрыту надавала, што гнаўся за намі дзядзька-міліцыянер. Хоць і не дагнаў, але ж без наступстваў не абышлося.

Дзед і унук. Моманты шчасця.

Дзмітрый з маці і вынікам сваёй дзіцячай творчасці — салдацікамі, якіх ён сам ляпіў

Лета, дача для мяне былі ўсім. Я нават лёс, які ў будучыні мог быць звязаны з кінематографам, прамяняў на дачу, на сяброў з салдацікамі. Так-так. Мяне адабралі і зацвердзілі на ролю Бураціна. І здымкі павінны былі пачацца менавіта летам. Добра памятаю, як мама адвезла мяне на кінастудыю «Беларусьфільм, здала некаму ў рукі, а я, калі ішлі праз рэквізітарскі пакой, «згубіўся». І ўцёк адтуль, вырашыўшы, што лета трэба правесці на дачы, а не на здымачнай пляцоўцы.

*Адчування выбранасці нейкай, прыналежнасці да асаблівай касты людзей у мяне ніколі не было. Тым больш у дзяцінстве. Дзеці жывуць у сваім свеце, у сваёй сям’і, для іх гэта норма. Ім няма з чым асабістае жыццё параўноўваць. Таму і я заўсёды лічыў: у кожнага чалавека павінна быць дача — калі не ў Драздах, то ў іншай мясцовасці... Хоць не скажу, што жыццё нашае было нейкае асаблівае. Так, былі сталы заказаў, і мы туды ездзілі. І нам смятану там налівалі. Дык і ў крамах гэтак жа налівалі. Я больш памятаю тыя заказы ў сувязі з тым, што маці дзеда жыла ў Бабруйску, з яго айчымам. І раз у месяц на выхадныя дні — гэта было правіла — мы туды стартавалі. Як яны жылі там — я бачыў. Але параўноўваць і аналізаваць стаў пазней, калі пасталеў. А сваю бабруйскую прабабулю Ліду я добра памятаю. Яна 98 гадоў пражыла. Гены ў Кузьміных нядрэнныя. Да прыкладу, у Валянціны Аляксандраўны Кузьміной, маёй мамы, здароўе моцнае. Яна з 45-га родам, і цяпер бадзёрая. Была ў мяне і цётка родная, сястра маміна, маладзейшая, была ў мяне і сястра ў іх стрыечная — ды іх ужо з намі няма.

Што мой дзед — герой, я ведаў з самага ранняга дзяцінства: бачыў ягоныя ордэны і медалі. З узростам пачаў разумець, чаго кожная ўзнагарода вартая. І дзед, як я ўжо казаў, распавядаў мне пра вайну. Помняцца, напрыклад, яго апавяданні пра баявыя палёты ў густым тумане ў раёне Казбека: як самалёты вінтамі хрыбты чаплялі. У яго быў медаль «За абарону Каўказа». Лётчыкі ж інтуітыўна падымаліся вышэй, каб не зачапіць вяршыні гор. Дзед расказваў, як падаў там неаднаразова — самалёты збівалі. Мне было зразумела — няпросты ў дзеда быў жыццёвы шлях. Але ў дзяцінстве яно ўсё, вядома ж, па-іншаму ўспрымалася. Усведамляць пачынаеш потым. Дзед у 37-м сам пайшоў у лётнае вучылішча. І да пачатку вайны якраз падаспеў. Дарэчы, я ў сне часам таксама лётаю за штурвалам.

Дзед мяне заўсёды браў на парады. Усе яны праходзілі тады на Кастрычніцкай плошчы, былі пад маім кантролем (усміхаецца). На трыбуну з дзедам не хадзіў, мне вызначалі месца дзе стаяць. Казалі: вось тут стаіш і глядзіш. Я ведаў: крок управа ці крок улева будзе мець наступствы. І стаяў. Здаралася, тата, калі яшчэ з намі жыў, неяк раз насіў мяне на парад на плячах. А ў асноўным — з дзедам ішлі. Дарэчы, і рыбалкі, і грыбы, паездкі да месцаў і назад па гадзіне-дзве ў машыне, на рыбалцы ў лодцы — усё размаўлялі. У асноўным ён мне расказваў нешта. І я, напэўна, быў самым удзячным слухачом яго гісторый, меркаванняў пра што-небудзь. Да таго ж дзед сам чытаў шмат усялякай літаратуры, рэлігійнай у тым ліку. Бо па абавязку службы кіраўнікі такога рангу ў савецкі час былі «прымацаваныя» да храмаў. І дзед быў адказным па адным храме, здаецца, у сяле Краснае за Радашковічамі: там ёсць царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы. Калі мы ехалі на Нарач, дзед рэгулярна туды заварочваў. Гутарыў, бывала, гадзіну ці больш з бацюшкам.

Службовая машына ў дзеда была, і ў выхадныя ён, калі некуды збіраўся, то загадзя казаў кіроўцам, каб вырашалі: хто зможа паехаць. І яны ўжо самі вызначаліся. Часам ездзілі з яго братам Валодзем: ён — былы аўтагоннік і заўсёды быў «на колах». Нават цяпер ездзіць на лецішча ў Бярэзінскі запаведнік, а яму 89 гадоў. Адзін кіроўца — па прозвішчы Рыбакоў, ён у выніку нашых паездак нагледзеў і купіў сабе ў Бярэзінскім дом. Таксама быў рыбак добры. І яны каапераваліся. «Паедзеш? — Паеду». І браў нас з дзедам. А другі кіроўца быў дзядзька Міша Мельнікаў, наш сваяк, таксама грыбнік.

Аляксандр Кузьмін з Іванам Мележам

Аляксандр Трыфанавіч таксама вадзіць умеў. У нейкі перыяд жыцця ў яго была свая «Победа». Але калі з’явілася службовая машына, то ён доўга за рулём не быў. Казаў: увесь час патрэбна практыка кіравання, і за руль не лез. Па лесе мог паездзіць — так, здаралася: калі ён сам ведаў дарогу. Тады перасаджваўся на месца кіроўцы і руліў — каб рукамі не махаць, не паказваць, куды ехаць. У 86-м звольніўся, пайшоў з ЦК. Але яшчэ заставаўся членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета да 1989 года. І таму яго з першых Драздоў выселілі, далі домік у другіх Драздах — і там лецішча наша было. Стала ясна, што і з ім прыйдзецца развітацца, пачалі думаць пра свой дом. Разам з Ігарам Лучанком, а мы сябравалі, у Ждановічах вырашылі будавацца. Ды гэта ён і знайшоў тыя ўчасткі. Якраз тады, у 89-м, я звольніўся: ішло скарачэнне Узброеных сіл. Куды размеркавалі ў канцы 88-га, не атрымалася мне патрапіць, і я вырашыў звольніцца. Вучыўся ў Мінскім агульнавайсковым палітычным вучылішчы імя Варшаўскага дагавора. Гэта было вучылішча сухапутных войск. Там замежнікаў шмат вучылася: кубінцы, немцы, афганцы, курсанты з краін Каба-Вэрдэ, Бераг Слановай Косці (цяпер Кот-д’Івуар), Гвінея-Бісау... Была ў нас падрыхтоўка сур’ёзная, усе афіцэры-выкладчыкі — з баявым досведам: хто з Афгана, хто не мог сказаць, дзе служыў. Вучылі добра…

Рашэнне аб звальненні з Узброеных сіл было няпростае, мы з дзедам яго старанна прадумвалі. Былі варыянты з’ехаць служыць па Саюзе, але з некаторых месцаў можна было і не вярнуцца. Ці мала куды пашлюць. Да таго ж развал Саюза пачынаўся, дзед сітуацыю прадчуваў... Наогул той перыяд гісторыі быў вельмі цікавы. 

Падчас прыезда ў Мінск Фідэля Кастра 5 ліпеня 1972 года. У цэнтры — Пётр Машэраў, першы сакратар ЦК КПБ. Аляксандр Кузьмін — уверсе злева.

Дзед быў сапраўдны афіцэр. І ў яго, як у афіцэра, было непарушнае паняцце афіцэрскага гонару, годнасці. Ён гэта не выяўляў, не паказваў спецыяльна, але ва ўсіх ягоных учынках тое можна было заўважыць. І, як цяпер кажуць, халявы ён не любіў. Памятаю, нейкім чынам дзед, я, бабуля і маці мая з сястрой (маёй цёткай) апынуліся ў цікавай сітуацыі. У нейкі раён дзеда разам з намі паклікаў мясцовы начальнік: маўляў, прыязджайце па грыбы! У выхадныя паехалі. Дзед, памятаю, быў не пры гальштуку, і ў ботах — бо ў грыбы ж паклікалі, відавочна не дзелавая сустрэча. Прыехалі. А там ужо такі прыём-прыём! Начальнік яму: «Аляксандр Трыфанавіч! Хочаце — мы вам паляванне зладзім, хочаце — рыбалку, што хочаце!» Я дзеда штурхаю: на паляванне, дзеда, на паляванне давай! А мы толькі прыехалі. Дзед паглядзеў на ўсё тое: нейкі будынак, накрыта мноства сталоў, людзі запрошаныя (так званае вузкае кола абмежаваных асобаў). Дык вось дзед паглядзеў тады на сітуацыю і кажа: «Усё! У машыну і паехалі!». Ён усіх загнаў у машыну, нешта начальніку сказаў — той у разгубленасці. Дзед: «Прабачце, нам трэба ехаць». І з’ехалі. Дзед зразумеў: запрашэнне задумалі не проста так.

Я заўсёды і ставіўся да дзеда як да афіцэра. Таму што былых афіцэраў не бывае. І з Машэравым яны сышліся. А ведаеце чаму? Бо Пётр Міронавіч шчыра дбаў за Беларусь — і дзед мой шчыра. Вось таму яны і былі разам. Я памятаю той жах, калі падлеткам чуў грэблівае: «Ты што, камуніст?» Пацаны, падлеткі такое казалі. І быць камуністам у іх вачах было ўжо дрэнна... А я не ведаў, што гэта кепска. Бо я ведаў сапраўднага камуніста Аляксандра Кузьміна, ведаў Машэрава, Прытыцкага... Так, людзі ж бачылі з боку, што ў партыі былі і прыстасаванцы, і кар’ерысты, якія выкарыстоўвалі партрэсурс для сваіх мэтаў: каб заняць нармальныя пасады. І палівалі брудам тых, хто не даваў ім ходу, не даваў разгарнуцца ў поўную сілу... Дзеда ж і ў Маскву клікалі. А калі ён на з’ездах павыступаў з дакладамі — па гадзіне! без папер! — дык ад ганцоў з спакою не было. Але дзед адмовіўся. Ён Беларусі не здраджваў.

Добра памятаю дружбу Аляксандра Кузьміна з Пятром Машэравым. Гэта ж яны ўдвух уздымалі санаторый «Сосны» на возеры Нарач: яны з Пятром Міронавічам разам праект прадумвалі. У мяне яшчэ здымкі ёсць: дзве сям’і там на пустой палянцы. Туды мы прыязджалі ў выхадныя: грыбы, ягады, рыбалка. Машэраў з дочкамі, а потым і з унучкамі, дзед з намі. Там усе разам і бавілі час. Спачатку пабудавалі проста домікі драўляныя. Прычым бацька мой нібыта галоўным інжынерам быў, калі будавалі «Сосны». Ніхто ж ісці не хацеў на адказны цэкоўскі аб’ект. З часам з’явілася там уся інфраструктура. Мама з бацькам разышліся недзе ў 79-80-м, цяпер ён жыве ў Канадзе. І ў яго там свая сям’я, сваё жыццё.

Аляксандр Кузьмін разам з жонкай Таісіяй на навагодняй ёлцы ў Мінску

Не забываецца, як дзед паважліва ставіўся да людзей. Я ніколі не заўважаў, каб ён ставіў сябе вышэй за суразмоўцу. І не важна, хто быў перад ім. Калі пачынаў з кімсьці размову — па службе альбо не — у яго не было пагарды. І потым гэта ўсё пэўным чынам спрацавала на карысць дзеда. У 90-х практычна ўсе парткіраўнікі апынуліся без справы. А з дзедам, нягледзячы ні на што, сяброўскія стасункі падтрымлівалі вельмі многія людзі. У Бярэзінскім запаведніку Уладзімір Іванавіч Мяшчанаў быў начальнікам паляўнічай гаспадаркі. Дык вось яны і пасля ўсіх падзей заставаліся ў добрых стасунках. Так і я з Уладзімірам Іванавічам і па гэтую пару сустракаюся. Аляксандр Кузьмін заўсёды падкрэсліваў: я такі ж просты хлопец, як і вы. А я ж бачыў, як лёгка у храме ён размаўляў з прыхаджанамі, з бацюшкам, і той з ім. Ды і з іншымі...

У яго была выразная пазіцыя: ты ідзеш па жыцці сам, ты сам пражываеш наступствы таго, што нарабіў. Я ішоў сам — і ты сам. Параіцца — так, але каб ён кагосьці за мяне прасіў, кудысьці хадзіў, камусьці тэлефанаваў — такога не было. Я ведаю, быў у яго памочнік адзін, памёр ужо, і потым усплываць стала, што якраз ён шматлікія пытанні ад імя дзеда вырашаў на сваю карысць. І чалавек той разумеў: ніхто Кузьміну не пазвоніць і не запытае: «Трыфанавіч, ты даваў каманду ці не?»...

Увогуле за ўсе гады службы ў мяне былі выдатныя, годныя камандзіры, усіх іх памятаю і паважаю. Мы і цяпер падтрымліваем добрыя, таварыскія адносіны. І дапамагаем адзін аднаму. Праўда, быў у вучылішчы такі палкоўнік, які прымусіў мяне трымаць абарону. Былі у яго на тое асабістыя прычыны. Крыві папсаваў. Але ад гэтага я стаў толькі мацнейшым.

Я не адчуваў сябе ў абойме «залатой» моладзі, калі стаў дарослым. Сувораўскае, потым Ваеннае — гэта ж не такой моладзі шлях. Я ў тую абойму не трапіў. Мы з Наталляй Пятроўнай Машэравай знаёмыя, рос я з яе дочкамі, мог бы, можа, стаць яе зяцем. У яе дзве дачкі — Лена і Каця, унучкі Пятра Міронавіча, і мы сябравалі вельмі. Асабліва з Кацяй. Яны да нас нават у ваеннае вучылішча ў каравулку прыходзілі, то давялося там іх аднойчы хаваць, калі ротны прыйшоў службу правяраць. У выніку Ленка-такі выйшла замуж за Кузьміна — майго цёзку. Шляхі нашы разышліся. Унукі Сурганава ўжо даўно не ў Беларусі: Саня жыве ў Польшчы, Валодзя — у Францыі. Унучкі Машэрава ў ЗША жывуць, і Наталля Пятроўна да іх ездзіць, да ўнукаў сваіх. А ў мяне па-іншаму ўсё склалася. У 89-м я, паўтаруся, звольніўся з Узброеных сіл СССР. Мы з дзедам будавалі дачу ў Ждановічах. Цэглу, бярвёны разам цягалі. Час няпросты быў, будматэрыялы ў дэфіцыце. Але ж Радзіма не забыла мяне, і я ўжо ў 90-я прадоўжыў службу ў Мінску, у іншым ведамстве.

Скульптура ў маім жыцці важнае месца заняла з пятага класа: вучыўся ў Мастацкай школе. Дзед пазнаёміў з майстрамі Іванам Ахрэмчыкам, Іванам Міско — я ў яго ў майстэрні нешта ляпіў, з гіпсу адліваў... Вырашылі аддаць мяне ў Мастацкую школу імя Ахрэмчыка і аддалі. Але тая школа не вытрымала мой падлеткавы ўзрост. Зусім не вучыўся, пасля першай чвэрці 8-га класа пайшоў адтуль. Па «мастацтве» ў мяне было ўсё ў парадку, але агульнаадукацыйныя прадметы... Толькі па біялогіі была тады адзіная тройка — выкладчыца мяне любіла, астатнія двойкі. Думаю, дырэктар чакаў, калі гэта дзед-цэковец прыйдзе за ўнука прасіць, але Аляксандр Трыфанавіч па-іншаму вырашыў праблему: не пайшоў за ўнучка клапаціцца.

Кузьміны ніколі не купаліся ў раскошы. Жылі ўмерана. Калі я наведваў Машэравых, то бачыў, што там і памочнікі па доме былі, і на кухні кухары працавалі. Людзі хадзілі ў белых халатах, не з членаў сям’і. Але так было трэба: становішча абавязвала. Бо Машэраў працаваў і дома, і на дачы. Да яго пастаянна хтосьці прыязджаў. У яго там нават свой кінатэатр, більярд на цокальным паверсе быў, дзе нейкія фільмы пракручвалі на дзелавых сустрэчах. І, натуральна, штосьці пры тым падавалі: чай, кава, бутэрброды... Ды ў іх там хатнія такое б не вытрымлівалі. А яны, Машэравы, да таго ж працавалі, хадзілі на службу.

А з намі яшчэ жылі бацькі бабулі, яна перавезла іх з Сальска, што ў Растоўскай вобласці. У нас у двары ніколі дворніка не было, то дзед Андрэй падметваў, і я ў тым удзельнічаў. З ім і снег зімой чысцілі. А прабабуля мая, Дуня, гатавала ежу на ўсю сям’ю. Боршч украінскі, бульба-юшка і ўсе іншыя стравы ў сям’і Кузьміных — гэта ўсё ад яе. Побыт мае бабуля, прабабуля і прадзядуля забяспечвалі. Я таксама там круціўся: бульбы накапаць, нешта некуды перанесці. Агароды ж у нас былі свае пры дачах. І нармальныя агароды ў Драздах: метраў 50 на 50. Маліна, клубніцы раслі. Вось там я памятаю: хтосьці з агародам дапамагаў, з праполкай. Дзяўчынка была крыху старэйшая за мяне з маці. Я і потым з імі сустракаўся. А ў самой дачы, як і ў гарадской кватэры, у нас ніколі нікога са старонніх не было.

Дзмітрый Кузьмін з жонкай Наталляй у дні адпачынку ў Празе

Ці ёсць нашае жыццё вынікам нашых учынкаў ці выпадку? Аляксандр Трыфанавіч так лічыў: мы самі — кавалі свайго шчасця. Што сам пасееш — тое і пажнеш. І пляцецца ланцуг падзей твайго жыцця табой, а не кімсьці іншым. Калі што не падабаецца — вінаваціць у тым можна толькі сябе. Гэта адзін з пастулатаў, які я вынес ад дзеда. Ён заўсёды гаварыў: за свае ўчынкі рана ці позна давядзецца адказваць. І калі ты накасячыў, то цябе «аддача» заўсёды дагоніць. Дзед пастаянна вельмі шмат чытаў, як я казаў, і рэлігійнай літаратуры, і кніга Райманда Моудзі «Жыццё пасля смерці» была ў яго.З нечым з напісанага ён пагаджаўся, з нечым не. У яго запісах гэта ёсць, сёе-тое з іх у мяне засталося. Адзін нататнічак бабуля Тая магчыма пасля яго смерці з ардэнамі перадала. Ён там піша, спрачаецца з Моудзі. Прыгадвае: у Бярэзінскі паехаў — яму дрэнна стала ў лодцы. Страціў прытомнасць. І піша, што ў той час анічога не было. Пустэча. Змрок. Ён аналізаваў, запісваў свае адчуванні. І вырашыў: відаць там, за вялікай заслонай, нічога няма. Пераканаўся на ўласным досведзе. Ён і мне казаў: не было там ні калідора, ні анёлаў, нічога не было. Так і піша: мяне ў гэты момант проста не было. Але быў у лётчыка Кузьміна і такі досвед: калі знайшлі яго за 200 метраў — дзвесце метраў! — ад месца падзення самалёта замураваным у каркасе штурманскай кабіны. Там, расказваў дзед, яму прыбачыўся і тыгр агромністы, і нейкі старац, і былі фарбы-колеры такія, што не знойдзеш у гэтым свеце. Так што ён і сам не ўпэўнены быў: ці ёсць ТАМ нешта, ці няма. У яго яшчэ быў Чарнобыльскі сшытак – у ім ён многа чаго цікавага запісваў. Яшчэ пасля трагедыі на ЧАЭС яны з Алесем Адамовічам у абход Слюнькова рыхтавалі матэрыялы, і двойчы адпраўлялі пісьменніка з імі ў Маскву... Прэса пазней пісала, што пасля выбуху атамнага рэактара ў Чарнобылі Адамовіч быў адным з першых у Беларусі, хто стаў актыўна звяртаць увагу грамадскасці на тое, што здарылася. Цяпер зразумела: больш у нас было б гора, калі б не было ў Беларусі такіх людзей, як ён, як Аляксандр Кузьмін, як Васіль Несцярэнка (Васіль Барысавіч Несцярэнка — савецкі і беларускі вучоны, член-карэспандэнт АН БССР. — Рэд.) ды іншыя. Гэтыя мужныя людзі адкрыта гаварылі пра рэальныя маштабы забруджвання, пра наступствы катастрофы.

Надмагільны помнік Аляксандру Кузьміну выкананы па праекце Дзмітрыя. Адобраны Таісіяй Кузьміной, як і скульптурны партрэт з бронзы, зроблены ўнукам.

Я мару, каб нехта зрабіў фільм пра майго дзеда. Менавіта цяпер такі час, калі маладняку, які вырас на зломе стагоддзяў, трэба прыклад браць з такіх асобаў, як Аляксандр Кузьмін. Для выхавання — глыбока перакананы — таксама патрэбна выбудаваная, прадуманая ідэалагічная праца. Дзед мой пакуль мог пісаць — пісаў. Яшчэ ў 2003-м пісаў канцэпцыі развіцця Беларусі тым, хто да яго прыходзіў, прыязджаў з Дома Урада. Я ведаю: шмат было тады хадакоў, прасілі яго пісаць на розныя тэмы. Думаю, праца дзеда была не дарэмнай. Ён фактычна ўдзельнічаў у палітычным жыцці грамадства. І ў тым, як Беларусь рухалася, мне бачыцца і развіццё яго думак, ідэй. Пэўна што выкладкі Кузьміна ў такой складанай працы — выкарыстоўваліся. Калі ж казаць вобразна, то ваенны штурман Аляксандр Кузьмін у складаны перыяд жыцця Беларусі пракладваў маршрут у будучыню для ўсёй краіны.

Дзе цяпер «Чарнобыльскі сшытак» Аляксандра Трыфанавіча — складана сказаць. У сілу розных прычын ёсць пэўныя цяжкасці ў зносінах паміж яго нашчадкамі. Стосы рукапісаў, каштоўны архіў Кузьміна мне цяпер недаступныя. У доме быў падвал, там стэлажы былі застаўлены паперамі. Дзед мяне просіць: вось гэта занясі, гэта звяжы... Ён тэмы падпісваў, каб потым было прасцей сістэматызаваць. Я стосы ў падвал насіў. На жаль, кватэру дзеда мае родзічы прадалі. Спадзяюся, калі нешта ад архіва засталося, то хтосьці паглыбіцца ў змест і ўсё тое перадасць у дзяржархіў. Тое-сеё Наташа, адна з дачок Кузьміна, кудысьці перадавала…

Скульптурны партрэт Георгія Скрыпнічэнкі, беларускага мастака. Аўтар — Дзмітрый Кузьмін, яго сябар.

Яшчэ я хадзіў з ідэяй зрабіць кінафільм пра Кузьміна да рэжысёра Яфрэмава. (Аляксандр Яфрэмаў, мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра. — Рэд.). Ён сказаў: вельмі цікавая тэма. Няма беларускага фільма пра лётчыкаў ды з пераходам-працягам лёсу ў нашыя дні. А ў выпадку з Аляксандрам Трыфанавічам можна перайсці ад штурмана-лётчыка да штурмана партыі. Можна працэсы грамадскія адлюстраваць. Як ён «Верасам» даў дарогу ў жыццё, як «Песняроў» падтрымліваў. З Міхаілам Савіцкім яны ў сяброўскіх стасунках былі – і дзякуючы Кузьміну мастак атрымаў магчымасць адкрыць сваю школу і весці свае курсы (цяпер у тым будынку на вуліцы Някрасава, 3 у Мінску – Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. – Рэд.). Я трохі ў курсе, як падобныя праекты абмяркоўваліся, у тым ліку і на дачах. Выданне «Кніг памяці» ва ўсіх раёнах Беларусі — таксама, можна сказаць, маштабны праект Аляксандра Кузьміна.

Дадому дзед прыносіў з сабой кучу папер і мог над імі прасядзець амаль да раніцы. З такім вось настроем і прыходзіў. Бывала, з’яўляўся пахмурны і стомлены. Але раздражнёным яго я не бачыў: дзед заўсёды трымаў сябе ў руках. Не памятаю такога, каб на кагосьці, як гаворыцца, скідваў ён свой негатыў. Бывала, папікіруюцца дзед з бабуляй, але нязлосна і не доўга. Канфліктаў не было.

Дзеда у сям’і ўсе не толькі слухалі, але і чулі. І быў толькі адзін чалавек, які мог паставіцца да яго словаў без належнага піетэту: ваш пакорны слуга. Першы раз я не паслухаўся, калі мяне аддавалі ў Сувораўскае. Проста расчыніў акно — і мяне не стала на пару дзён. Балазе, першы паверх, гэта было на лецішчы. Але такой была першая рэакцыя. А потым усё ж такі я дзеда пачуў. Угаварыў, пераканаў дзед унука. Сувораўскае закончыў — думаў пайсці далей па скульптуры. Была ў Піцеры ваенная мастацкая акадэмія. Але мяне туды не адпускалі, нешта іх спыніла. Я ім: дык я ж там буду за плотам, як і тут. Якая розніца? І буду ж мастацтвам займацца ўсё ж такі. Не пераканаў. А па размеркаванні патрапіў якраз у мінскае вучылішча.

Унутры сябе я ў сваім жыцці адчуваю барацьбу паміж «не хачу» і «трэба». Спачатку «трэба» казаў дзед, потым — афіцэры. Але я заўсёды знаходзіў аддушыну ў мастацтве, у музыцы. Мама ж музыкантка. Разам з сястрой яны заўсёды выкладалі ў педуніверсітэце ігру на фартэпіяна. Я дагэтуль іграю. У мяне Ямаха 550-я ёсць, сінтэзатар — я так расслабляюся. Паляплю, паіграю. Імправізую ў джазавым стылі. Сам трохі нешта магу скласці.

Пра цацкі дзіцячыя ўжо распавёў. І навыкі, набытыя ў Мастацкай школе імя Ахрэмчыка, нікуды не дзеліся. Я, можна сказаць, скульптар-самавук, бо не маю дыплома. Працую для ўласнага задавальнення. Надмагільны помнік Аляксандру Трыфанавічу Кузьміну на мінскіх Усходніх могілках зроблены па маім праекце. Там бронза мая: партрэт дзеда зрабіў. Адлівалі ў прыватнай фірме. У 89-м я там жа і першую сваю працу адліў: рашотку для каміна. Калі звольніўся, думаў: чым займацца? Меў зносіны з паважанымі людзьмі з Саюза архітэктараў... Сябраваў з Жорам Скрыпнічэнкам, які мяне па-свойску сынком зваў, яго партрэт зрабіў. (Георгій Скрыпнічэнка — мастак, прадстаўнік беларускага сюррэалізму. — Рэд.) Гэта быў абсалютна таленавіты і адданы мастацтву творца. Але гэта ўсё, як гаворыцца, факультатыўныя справы. Вось Сурганаў Сашка папрасіў: Дзіма, зрабі бацьку партрэт на магілу. Я зрабіў. Маім сябрам, былым педагогам працы мае падабаюцца. Ды практыкі малавата. Скульптару, як і музыканту, кожны дзень трэба быць пры справе, а я гэтым займаюся перыядычна. У нас розная хуткасць у працы. Я магу завіснуць у нейкай дэталі, а ў прафесіяналаў больш досведу, напрацовак, майстэрства.

«Мае салдацікі». Ліццё, бронза, падстаўка з малахіта.

Працуючы з матэрыялам, адчуваю: лепш бы я з ім і працаваў па жыцці. Вось бы не ленавацца, вучыцца, застацца ў Мастацкай школе — і па-іншаму жыццё склалася б. Можа паступіў бы на скульптурнае аддзяленне ў Тэатральна-мастацкі інстытут, павучыўся, дыплом атрымаў. А ён часам патрэбны. Бо праводзяцца конкурсы, а для ўдзелу ў іх трэба мець мастацкую вышэйшую адукацыю...

У 92-м я ажаніўся з дачкой палкоўніка ў адстаўцы і, як аказалася потым, сябрам начальніка майго вучылішча. Ён былы афганец. Мая жонка — дачка афіцэра, і адпаведна выхаваная. У нас двое дзяцей: Мікіта з 93-га года і Вольга з 98-га. Дачка таксама ўмее ляпіць і маляваць, пайшла па гэтым шляху, вось цяпер заканчвае ружы для магілы Яўгена Фёдаравіча Сурганава. Бо Саша, унук Фёдара Сурганава, як я казаў, жыве ў Польшчы. Мама яго ўжо ва ўзросце. А Саня вырашыў, што на магіле павінны ляжаць кветкі. Вось Вольга і займаецца.

Паколькі ў дзеда былі дзве дачкі, то мы разумелі: прозвішча Кузьмін трэба зберагчы. Так хацела мама: па пашпарце яна дагэтуль Кузьміна. Развялася, калі я ў 4-м класе быў. Памяняць прозвішча — гэта тэма года 1994-га. Я ж раней быў на прозвішчы бацькі, памяняў яго на Кузьміна. Дзеду такое маё рашэнне было прыемнае. Так я стаў Дзмітрыем Аляксандравічам Кузьміным.

У 2003-м дзеда не стала. Памяць пра яго ў Мінску яшчэ не ўвекавечана. У 1937-м Аляксандр Кузьмін апрануў пагоны курсанцкія і сумленна служыў Радзіме фактычна да апошніх дзён. Ёсць вуліца Сурганава, ёсць Прытыцкага, Кісялёва, праспект Машэрава. У Кузьміна, яго правай рукі, пакуль нават завулка няма. Калі казаць пра патрыятызм і выхаванне на прыкладах, то гэтага чалавека, на мой погляд, беларусам варта памятаць. Ягоны лёс «вывозіць» нас з гераічнага ваеннага мінулага ў новую Беларусь. Для яе развіцця і росквіту Аляксандр Трыфанавіч зрабіў вельмі шмат. Тое, як пражыў ён жыццё, як прайшоў зямны шлях, можа быць добрым прыкладам для іншых, у першую чаргу для моладзі. Гэта адзін з годных прыкладаў служэння не тое каб партыі, а служэння менавіта Айчыне. Пасля апошняга цяжкага ранення яго дэмабілізавалі, прадставілі да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай зоркі... Ды накіравалі на партработу, а гэта ж таксама служба была. І жыць маладая сям’я пачынала ў нейкай прыбудове ў Траецкім прадмесці. Ледзь хапала ім грошай на хлеб, мне бабуля распавядала. Прыгадваю фільм «Афіцэры», дзе акцёр Юматаў прыносіць боршч жонцы. Прыкладна ў такой жа будцы і ў такіх жа ўмовах Кузьміны ў Мінску пачыналі жыць.

Дзедавы лейтэнанцкія пагоны і штурманскую лінейку захоўваю свята як память пра яго.

Важна не забываць нам людзей, якія шчыра служылі сваёй Бацькаўшчыне. Эпізоды з жыцця Аляксандра Кузьміна выпісаны і ў мастацкіх творах. У аснове апавядання «Нерухомасць» Алеся Адамовіча, напрыклад, быль пра тое, як цяжка паранены, увесь пераламаны ды замураваны ў гіпс афіцэр (адно вочы блішчаць), лежачы нерухома на насілках, «збег» з аднаго палявога шпіталя і дабраўся з перасадкамі па чыгунцы ў другі, да свайго сябра-пілота. У аснове ж аповесці «Трэці пілот» Анатоля Сульянава таксама ўспаміны майго дзеда пра яго баявы шлях. 

У нас ёсць прыклады годнага, гераічнага жыцця, і пра іх не трэба забываць. Каб не страціць не проста памяць пра верных Айчыне людзей – не страціць саму Айчыну. На жаль, цяпер здымаецца мноства серыялаў па 15-20 серый – і ні пра што. А вось на лёсы, як у майго дзеда, варта б творчую ўвагу скіраваць. Спадзяюся, хто-небудзь зможа гэта зрабіць. І я ўдзячны вам за тое, што вы памятаеце пра Аляксандра Кузьміна, пра аднаго з тых, якіх не стала.

Гутарылі Іван і Валянціна ЖДАНОВІЧЫ

Здымкі з асабістага архіва Дзмітрыя Кузьміна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».