Вы тут

Лета — з кніжнымі навінкамі ад Выдавецкага дома «Звязда»


Прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў, сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска, выдавецкага дома разважалі пра тое, чым стваральнікі кніг заахвочваюць літаратараў і чытачоў і наколькі важна нагадваць дзецям пра чытанне летам. 


Галоўныя навінкі Выдавецкага дома «Звязда» — дзіцячыя творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой: «Палёт на Вухуцію», «Жахліўчык пра трох сяброў і прывід з хутара. Жахліўчык пра жудасную ноч і чатырох сябровак» і «Загадка прынцэсы Агнэсы». Апошняя, што пабачыла свет зусім нядаўна, з дапамогай незвычайных шахматных партый распавядае пра таямнічае, загадкавае, чароўнае. Кнігу выдатна праілюстравала Анастасія Балыш. Зараз Кацярына Хадасевіч-Лісавая, якая супрацоўнічае з выдавецтвам з 2012 года, працуе над новым творам, галоўнай гераіняй якога стане Ліса.

У хуткім часе ў выдавецкім доме павінна з’явіцца новая кніга Алены Стэльмах, першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, пад назвай «Супоўніца Міла». Дарэчы, сярод будучых навінак — зборнік дзіцячых казак, які анансавала Алена Стэльмах. Кнігу, што пабачыць свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», складуць творы дваццаці сучасных беларускіх аўтараў: Алеся Бадака, Уладзіміра Ліпскага, Міхася Пазнякова, Міколы Чарняўскага, Ніны Галіноўскай ды іншых.

— Вельмі радасна, што ўкладальнікі кнігі пастараліся прадставіць дзіцячыя біяграфіі аўтараў з фотаздымкамі таго перыяду жыцця, — падкрэсліла Алена Стэльмах. — Ёсць і пажаданні чытачам, якія змогуць знайсці ў творах адказы на самыя розныя пытанні. Зборнік можа стаць сапраўднай культурнай падзеяй. Бо, па-першае, у шырокім фармаце будуць прадстаўлены многія аўтары. Па-другое, кніга будзе карысна настаўнікам, якія знаёмяць дзяцей з сучаснай беларускай літаратурай. Адметна, што ўкладальнікам новага зборніка з’яўляецца Ірына Буторына, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. 

У планах Саюза пісьменнікаў — пашыраць кола пляцовак для літаратурных імпрэз. Так, чакаюцца сустрэчы аўтараў з юнымі чытачамі ў Парку пісьменнікаў, што быў створаны некалькі гадоў таму побач з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Між тым, па словах Алены Стэльмах, дэлегацыя аўтараў творчай суполкі прадставіць дзіцячыя кнігі ў рамках свята ў Александрыі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Загаловак у газеце: Летнія казачныя палёты

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.