Вы тут

«Маленькая летняя выстаўка» запрашае пазнаёміцца з акварэлямі Дзмітрыя Сурыновіча


Выявы, якія нібыта лінуліся на карціну і рухаюцца ў ёй, — менавіта так успрымаюцца акварэлі Дзмітрыя Сурыновіча, што склалі экспазіцыю «Маленькай летняй выстаўкі» ў сталічнай галерэі «ДК». Іх немагчыма разабраць на складнікі, а ўсе разам яны злучаюцца ў прасторы, узводзячы ў абсалют крохкую прыгажосць жыцця.


Настрой фантастычны: яго задае акварэль, ад якой, здаецца, не чакаеш адкрыццяў. Ведаеш, якой тонкай і капрызлівай яна можа быць. І пры гэтым так жа лёгка пераўтварае, падпарадкоўвае сваёй волі бялюткасць паперы — здаецца, тая толькі і чакала напоўненасці. Зразумела, што гэта была воля майстра — мастака Дзмітрыя Сурыновіча, які валодае рознымі мастацкімі тэхнікамі і дэманструе гэта на сваіх выстаўках. Мастацтва для яго — больш чым праца: дапамагло аднавіцца пасля складанай хваробы. Але найперш Сурыновіч вядомы па працы ў беларускай анімацыі.

Як мастак-пастаноўшчык ён спрычыніўся да стварэння шыкоўных айчынных анімацыйных фільмаў («Меч», «Легенда пра лэдзі Гадзіву», «Не забі. Шостая запаведзь Маісея», «Казкі старога піяніна. Сяргей Пракоф'еў», «Казкі старога піяніна. Шапэн», «Чароўная жалейка» ды інш.). Увасабляў на экране самых розных персанажаў, дараваў ім душу — і яны жылі. Але гэта на экране, дзе можна стварыць рух.

Зусім іншае — абмежаваная памерам і рамкай карціна, дзе адбіліся вобразы з жыцця. Заспетыя позіркам. Адлюстраваныя аднойчы і назаўсёды. Які тут можа быць рух? Але ж ёсць яго выразнае ўяўленне! Яго стварае менавіта акварэль — праз плыткасць, няпэўнасць імгнення і экспрэсію, зададзеную абранымі колерамі. Усё разам стварае адчуванне рухомасці вобразаў ды сюжэтаў. І гэта яшчэ адна асаблівасць выстаўкі. Яна сапраўды летняя па настроі: хочацца назіраць за персанажамі, унікнуць у іх гісторыі і сачыць за развіццём. Бо вобразы не застылыя, а разняволена-імпульсіўныя, да захаплення — жанчыны, іх асаблівы свет. Ён і вытанчаны, і насычаны справамі. Рамантычны і па-чалавечы клапатлівы. У ім ёсць месца іроніі і ўзнёсласці. У гэтым свеце складана з пэўнасцю, таму яму вельмі пасуе акварэль. Мастак гэта здолеў перадаць у вобразах-мроях, праз якія па творах расцякаецца святло. Сонечнае, летняе.

Дзе я такое бачыла? Калісьці ў дзяцінстве, падабраўшы бліскучы на сонцы кавалачак шкла, аглядалі праз яго наваколле — дамы, дрэвы, людзей навокал. Выява быццам бы расплывалася, але гэта яшчэ выразней падкрэслівала яе непаўторнасць, надавала велічы. Шкло насамрэч не маніла: яно зіхацела тады, калі ўнутранае святло рэчаў, з'яў, людзей стрымлівала прыродная сціпласць. А тое, што тады прымроілася, потым стала часткай любові да чалавечага свету. Яго ўспрыманне можа стаць прыглушаным з часам. Але калі знайсці кавалачак шкла, то зноў разумееш: ён варты захаплення. Такім жа зіхатлівым шклом стала вось гэтая «Маленькая летняя выстаўка», якая працуе да сярэдзіны ліпеня. Магчымасць акамуляваць святло, якое сціпла растварылася ў прасторы.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.