Вы тут

Кнігі, якія чытачы калісьці дарылі бібліятэцы, цяпер лічацца рэдкімі


Калі ў пасляваенныя гады ўзнаўлялася бібліятэка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (на той час — Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага), не існавала паняцця «рэдкая кніга» — яно з’явілася на прасторы былога Савецкага Саюза ў 1980-я гады. Доўгі час нават не было дакладна вызначана, што ўваходзіць у гэтае паняцце. Рэкамендавалася ў межах універсітэцкай бібліятэкі стварыць аддзел рэдкай кнігі. Яго і стварылі — у 1997 годзе.


Генадзь Кажамякін

Праіснаваў ён да 2013-га, а потым, у 2014-м, да стагоддзя ўніверсітэта, з’явілася Зала рэдкай кнігі, дзе была створана музейная экспазіцыя. Але гэта не значыць, што з кнігамі, якія ўпрыгожваюць вітрыны залы, нельга пры жаданні азнаёміцца — у любога чытача ёсць такая магчымасць.

Вядучы навуковы супрацоўнік бібліятэкі кандыдат філалагічных навук Генадзь Кажамякін праводзіць экскурсіі для наведвальнікаў па Зале рэдкай кнігі. Аматар сваёй справы, ён гадзінамі можа распавядаць гісторыю таго ці іншага выдання.

Падчас Другой сусветнай вайны фонд бібліятэкі быў знішчаны амаль цалкам, захаваліся толькі тыя кнігі, якія ўлетку былі на руках у чытачоў. Пасля выданні з даваеннымі штампамі бібліятэкі сустракаліся ў кніжніцы БДУ ды іншых.

Зала рэдкай кнігі

З 1944 года пачалося паступовае ўзнаўленне бібліятэкі інстытута. Кнігі перадаваліся з Ленінграда (у тым ліку з падвала Петрапаўлаўскай фартэцыі, з публічнай бібліятэкі Салтыкова-Шчадрына, перадавалі і дублетныя асобнікі), Масквы, Пскоўскай вобласці. Вярталіся з нямецкага палону — тое, што немцы спрабавалі вывезці, часам трапляла назад. Перадавалі іх і з бібліятэк: Нацыянальнай, Акадэмічнай ды іншых. Штосьці паступала і ад уладальнікаў. Так, існуе фонд Янкі Ліманоўскага — пасля гэтай прыватнай асобы засталося каля 60 асобнікаў, якія трапілі ў кніжніцу. Ёсць выданні з асабістых бібліятэк Сяргея Новіка-Пеюна, Максіма Танка з іх аўтографамі.

Пасля вайны існавала негалоснае правіла: калі чытач запісваўся ў бібліятэку, то павінен быў падарыць свой асобнік.

Такім чынам, кнігі, якія яны ў той час дарылі, цяпер лічацца рэдкімі. Траплялі выданні і як замена згубленым чытачамі.

Праз дзесяцігоддзі ў бібліятэку паступілі «Жалейка» Янкі Купалы і «Вязанка» Янкі Лучыны.

У апошнія гады шмат выданняў трапіла з расфарміраванага фонду бібліятэкі Скарынаўскага цэнтра.

Цяпер ва ўніверсітэцкай кніжніцы 6 кніг XVIII стагоддзя, 29 старадрукаў (кнігі да 1830 года, старонкі якіх створаны з так званай анучнай паперы). На некаторых з гэтых выданняў ёсць вадзяныя знакі і цікавыя аўтографы, безліч штампаў, наклейкі, у тым ліку экслібрысы.

Адзін з рэдкіх экзэмпляраў за шклом вітрыны — Біблія на лацінскай і польскай мовах. Гэта першы з двух тамоў, выдадзены ў другой палове XVIII стагоддзя.

Тытула асобнік не мае — такім ён пабачыў свет у 1771 годзе ў Вроцлаве.

«Псалтыр», 1870 г.

Побач — Псалтыр, выдадзены ў Маскве стараверамі — падарунак былога рэктара ўніверсітэта Пятра Кухарчыка. Таксама кніга без тытула, а ў канцы, у звестках, пазначана друкарня адзінаверцаў і год —1870. Папера ўжо іншая, не такая цвёрдая, як анучная, менш надзейная — лёгка крышыцца і ламаецца.

У кнізе — адметныя прыгожыя застаўкі, партрэт цара Давіда. Псалтыр, выдадзены асобнай кнігай, прызначаўся для сямейнага выхавання або царкоўнага богаслужэння. Знешняе афармленне падобна на сярэдневечнае: века аправы зашпільвалася.

Часткай экспазіцыі з’яўляюцца выбраныя слоўнікі і энцыклапедыі, усе 10 тамоў Дзіцячай энцыклапедыі, Яўрэйская энцыклапедыя, асобны том Лексікона Маера, Энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона, а таксама Літаратурная энцыклапедыя — усе тамы, што пабачылі свет, а гэта дзесяць з дванаццаці.

Па цэнзурных прычынах не выйшлі 10 і 12 тамы. Праз гады яны ўсё ж пабачылі свет: у архівах захаваліся карэктуры, на аснове якіх потым стварылі факсімільныя выданні. А ў Руска-беларускім слоўніку Андрэя Александровіча некалькі імёнаў замазаны атрамантам. Так рабілі, калі падчас падрыхтоўкі выдання да друку асоба была рэпрэсіравана. Часам нават выразаліся і прадмовы. Як у выпадку са Зборам твораў Паўлюка Труса: выразалі прадмову Міхайлы Піятуховіча, замазалі яго імя.

Адно з рэдкіх выданняў перадала ў бібліятэку выпускніца ўніверсітэта. Трыадзіён 1851 года выдання. На тытуле ад рукі пазначана назва Стрыгаўскай Свята-Сімяонаўскай царквы. Гэта літургічнае выданне, па якім вяліся богаслужэнні. Тут адарванае верхняе века аправы, няма ніжняга. Аправа парваная, але відаць, што была яна скураная. Тым не менш гэты асобнік належыць да ліку найбольш каштоўных фондаў кніжніцы.

Часопіс «Ніва», 1895 г.

Найстарэйшая кніга бібліятэкі — 3 том «Старажытнай гісторыі егіпцянаў, карфагенянаў...» Шарля Ралена ў перакладзе Васіля Традзьякоўскага, прафесара «элаквенцыі» (красамоўя), 1752 года выдання. Яно пабачыла свет у Санкт-Пецярбургу. На кнізе стаіць штамп Смаленскага ўніверсітэта пры Імператарскай Акадэміі навук. Пад вокладкай выкарыстана старая графіка — сустракаюцца дзесяцярычныя «і» ды звычайныя, літары «фета», «яць», «ер».

Шырока прадстаўлена на вітрынах залы педагагічная тэматыка: і навуковыя выданні, і перыядычныя, і навучальныя дапаможнікі. Асобна прадстаўлены экслібрысы, штампы рознага характару, набор наклеек. З прыватных ёсць экслібрысы Адама Мальдзіса.

Асобная частка экспазіцыі прысвечана айчыннай гісторыі: этнаграфічная карта, каштоўнае выданне «Беларусы» Яўхіма Карскага, «Запісы беларускага навуковага таварыства», выдадзеныя ў Вільні ў 1938 годзе. З цікавых выданняў, надрукаваных у Мінску ў 1927 годзе, — «Восьмы ўсебеларускі з’езд саветаў: стэнаграфічная справаздача».

Уверсе на чатырох дзяржаўных на той час мовах пазначана: «Беларуская Сацыялістычная савецкая рэспубліка». У даваенныя часы ў БССР шмат выдавалася кніг і падручнікаў і на польскай мове, і на ідыш, многія з іх можна пабачыць за шклом музейнай экспазіцыі. — А на шыльдзе БДУ былі надпісы на дзвюх мовах — беларускай і ідыш, — падкрэсліў падчас экскурсіі Генадзь Кажамякін.

Кнігі з фондаў бібліятэкі

Каштоўнасць выданняў, якія знаходзяцца ў фондзе рэдкай кнігі, а таксама кніжных помнікаў, вызначаецца пры дапамозе і такіх крытэрыяў, як наяўнасць штампа і аўтографаў, арыгінальных аправаў, суперэкслібрысаў, у тым ліку і шрыфтавых, зробленых альбо на спінцы аправы, збоку, альбо на веку аправы. Аб адметнасці сведчыць і наяўнасць паперы з цісненнем, з рэльефам, мармуровых і пазалочаных абрэзаў з натуральным залатым пакрыццём, аформленых з так званымі бінтамі. — Калі ў межах аднаго выдання маюцца і штамп, і суперэкслібрыс, гэта дазваляе вызначыць прыналежнасць некаторых іншых кніг з прыватных збораў. Так, пад вокладкай выдання аўтарства Герхарта Гаўптмана на штампе напісана: «Хорошая книга — большая редкость. Из книгохранилища Николая Иванова». На гэтым выданні на спінцы — суперэкслібрыс «Н. И.» — і мы ўжо ведаем, што гэта за скарачэнне — «Николай Иванов», — распавядаў Генадзь Кажамякін. — Аналагічная сітуацыя — з расшыфроўкай суперэкслібрыса з пазнакай «ГБС». На штампіку адной з кніг з такім суперэкслібрысам ёсць надпіс — «Библиотека Гродненского благородного собрания»... Бываюць выпадкі, калі суперэкслібрысы расшыфраваць немагчыма... Многія выданні не надта далёкіх часоў таксама ўяўляюць сабой каштоўнасць.

Так, некаторыя асобнікі, выдадзеныя ў другой палове мінулага стагоддзя, маюць адметнасць у сваім паліграфічным афармленні: гэта кнігі-малюткі, вялікафарматныя выданні з іншымі асаблівасцямі, напрыклад, з пазалотай на абрэзе, з аўтографамі аўтараў, факсімільныя выданні і пад.

Сярод выданняў з аўтографамі вітрыну ўпрыгожваюць зборнікі Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Леаніда ДранькоМайсюка, Аляксея Дударава, Васіля Віткі, Міхася Машары, Еўдакіі Лось, Алега Лойкі, а таксама кніга «Я з вогненнай вёскі» з подпісамі ўсіх трох аўтараў: Янкі Брыля, Алеся Адамовіча і Уладзіміра Калесніка. Захаваліся пласцінкі з запісамі расповедаў жыхароў — сведак таго, як адбываліся рэпрэсіі.

Іх можна праслухоўваць на электрафоне і радыёле.

Адны з рэдкіх выданняў з фондаў бібліятэкі — кніга, размножаная на шклографе; паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка», выдадзеная ў Вільні 1928 годзе ў выдавецтве «Таварыства Пагоня», зборнік «Жалейка» Янкі Купалы, які пабачыў свет у 1908 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Адметна, што ў экспазіцыі асобна пададзены замежныя творы, перакладзеныя на беларускую мову, сярод якіх раман Анатоля Франса «Богі прагнуць», аповесць Льва Талстога «Хаджы Мурат», зборнік 1939 года, выдадзены ў Мінску пад назвай «Шолам алейхем: дзіцячыя апавяданні» ў перакладзе Змітрака Бядулі.

Прыцягвае позірк кіеўскае перавыданне «Граматыкі славенскай» Ужэвіча. Пад вокладкай — надпіс: «Приношу в дар отделу редкой книги БГПУ имени Максима Танка. М. Булахов» — чалавека ўжо даўно няма, а надпіс сведчыць пра яго... Можна пагартаць і прыжыццёвае выданне Сяргея Ясеніна — яго зборнік «Ператварэнне» («Преображение»).

Прадстаўлена ў экспазіцыі і перыёдыка. Напрыклад, часопіс «Нива», які выдаваў Адольф Маркс у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У дадатак да яго тады выходзілі поўныя зборы твораў расійскіх і замежных аўтараў.

Сярод рэдкіх выданняў з-за мяжы — Маякоўскі па-чувашску, Чэхаў па-кітайску. Ёсць у наяўнасці і некалькі кніг з выкарыстаннем гатычных шрыфтоў.

Каб добра арыентавацца ў багацці кніжніцы, Генадзь Кажамякін, які працуе ў яе фондах не першае дзесяцігоддзе, вывучыў пісьмо на ідыш, асновы сербскай мовы, знаёміцца з арабскім алфавітам, у планах на будучыню — грузінскі і армянскі алфавіты. — Іх трэба ведаць, каб умець расчытваць звесткі ў выданнях, якія да нас трапляюць. Гэта вымагае веданне і гатычных шрыфтоў. Давялося вывучыць яўрэйскае пісьмо па кнізе Мікалая Паўленкі «Гісторыя пісьма» 1987 года. Ёсць выданні на літоўскай, украінскай, сербскай мовах — натуральна, трэба разумець асновы гэтых моў. Акрамя таго, неабходна добра ў іх арыентавацца, каб правільна зрабіць апісанне кніг для занясення ў каталог, — распавядае экскурсавод.

Мініацюрныя выданні

Бывае, што нават у межах адной мовы, напрыклад, нямецкай, існуюць розныя варыянты гатычнага шрыфту. Сустракаюцца кнігі на літоўскай і некаторых іншых мовах, надрукаваныя гатычным шрыфтам. Тэма напісання кніг гатычным шрыфтам сёння актуальная. Прафесійная зацікаўленасць Генадзя Кажамякіна стала асабістым інтарэсам, ён выступае на навуковых канферэнцыях з дакладамі па кнігазнаўчай, архіўнай і філалагічнай тэматыках.

З рарытэтаў бібліятэкі — тое, што засталося пасля нямецкай акупацыі. Калі не хапала паперы, супрацоўнікі выкарыстоўвалі нямецкія рэгістрацыйныя журналы і бланкі — іх рэзалі на кавалкі і на адваротках стваралі каталожныя карткі. Адзін з журналаў стаў «Інвентарнай кнігай № 2». Цяпер яна сведчыць пра тое, як узнаўляўся фонд, як запісваліся тады кнігі.

Сёння ствараецца электронны каталог, дзе папаўняецца база «Рэдкая кніга». Але пакуль няма цэнтралізаванай электроннай базы, зводнага каталога таго, што знаходзіцца ва ўніверсітэцкіх бібліятэках БДУ, БДУКМ ды іншых кніжніцах.

Так, падчас наведання абласной бібліятэкі Брэста даследчыкі з Германіі былі здзіўлены: — у фондах кніжніцы захаваліся выданні, якія калісьці палілі фашысты як ненавісныя іх ідэалогіі...

Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

 

Загаловак у газеце: Багацце пад старымі вокладкамі ў Зале рэдкай кнігі БДПУ імя М. Танка

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.