Вы тут

Франя Лапацентава: «Звяздзе» ніколі не здраджу!


Франя Рыгораўна Лапацентава (у дзявоцтве Канапелька) з Віцебска сябруе з найстарэйшай дзяржаўнай беларускамоўнай газетай з 1980-х гадоў. Безумоўна, кожны, хто чытае «Звязду», — наш аднадумца і дарагі нам чалавек. А такія людзі, як гэтая віцябчанка, якія са «Звяздой» надзвычай доўга, — сведчанне таго, што выданне становіцца часткай жыцця не толькі краіны, але і яе людзей.


Не памятае дату нараджэння

Пазнаёміўся аўтар гэтых радкоў з паважанай Франяй Рыгораўнай дзякуючы дапамозе супрацоўнікаў Віцебскага філіяла РУП «Белпошта», гарадскога аддзялення паштовай сувязі № 38. Яно знаходзіцца на праспекце Перамогі, недалёка ад дзвюх ВНУ. Разам мы і адправіліся ў госці да адданага чытача нашай газеты. Сустрэлі нас з паштальёнам ветэран падпісной кампаніі «Звязды» і яе старэйшая дачка Алена.

У пачатку размовы нечакана высветлілася, што паважаная чытачка не памятае, калі насамрэч нарадзілася.

— Адправілі ў канцлагер (нямецкія акупанты падчас Вялікай Айчыннай вайны. — «Зв.»). Пасведчанне аб нараджэнні было страчана. Калі вярнулася, напісалі, што нарадзілася 1 студзеня 1933 года, таму што выглядала гадоў на дванаццаць, — тлумачыць пенсіянерка.

Арыштавалі дзяўчынку, яе брата Аркадзя (старэйшы яе на тры гады), маці і бацьку фашысты з-за таго, што брат — 15-гадовы Міша — партызаніў. Яшчэ адзін, самы старэйшы, брат Жора ваяваў. Усяго ў сям’і было чацвёра дзяцей. Бацькі ў канцлагеры загінулі.

Прайшла праз пекла

— У пачатку я з сям’ёй была ў перасыльным лагеры на ўскраіне Віцебска. Там нямала людзей памерла ад голаду, хвароб, холаду, бо спалі літаральна пад адкрытым небам. Потым нас павезлі на цягніку. Прывезлі на станцыю Люблін, каб пасяліць у канцлагеры Майданэк. Сустрэні нас немцы з аўчаркамі. Мужчын — у бок, дзяцей у мацярок спачатку не забіралі, потым зрабілі гэта, — распавядае віцябчанка. — Спалі дзеці ўтрох на адных нарах, а нараў было .

Потым наша чытачка трапіла ў канцлагер Дахау на тэрыторыі Германіі. Там прымушалі працаваць на заводзе, які вырабляў ваенныя самалёты. Дзеці цягалі вялікія дэталі, а калі не маглі іх падняць, немцы білі дзяцей бізуном. Ні ежы нармальнай, ні вады дастаткова. Калодкі на нагах драўляныя, абутак забралі яшчэ ў Польшчы.

— І кроў бралі, дык так многа: пакуль не звалішся без прытомнасці, а некаторыя ад гэтага паміралі, бо не дапаўзалі да барака. А яшчэ над намі медыцынскія доследы праводзілі. У прыватнасці, уколы рабілі, а потым даследавалі, як арганізм дзіцяці рэагуе, — працягвае трагічны аповед Франя Рыгораўна.

Вызваленая амерыканцамі

Канцлагер знаходзіўся на беразе ракі Эльбы. Амерыканцы вызвалілі яго ў канцы красавіка 1945 года.

— Аднойчы неяк ціха стала. Ні сабак, ні немцаў... Хлопчыкі, якія смялейшыя, вылезлі з-за барачных сцен і ўбачылі ваенных у невядомай форме. І гаварылі яны не па-нямецку і не па-руску, — згадвае жанчына.

Франя тады ўпершыню ўбачыла афраамерыканцаў. Разам з сяброўкамі з лагера яны гулялі па беразе Эльбы, а тут раптам чарнаскурыя людзі з кустоўя выйшлі...

— Бягуць за намі і нешта крычаць (смяецца). Яны хацелі пачаставаць нас цукеркамі і яшчэ чымсьці. А мы спужаліся не на жарт! Вельмі добра адносіліся да нас амерыканцы. Мы размаўлялі з імі пры дапамозе перакладчыкаў, якіх было дастаткова... — дадае.

Амерыканцы ахоўвалі дзяцей, калі яны выходзілі за тэрыторыю канцлагера. Да канца лета Франя заставалася на чужыне. За гэты час дзяцей адмылі, падлячылі, аказалі псіхалагічную дапамогу.

Была піянерважатай

На радзіму яе везлі па лініі Чырвонага Крыжа на цягніку ў суправаджэнні ваенных.

— Па дарозе палякі падбягалі да вагонаў і частавалі дзяцей малаком, булкамі, ягадамі, — працягвае наша чытачка.

Яна прыехала ў БССР толькі ў жніўні 1945-га. Спачатку была ў дзіцячым доме ў Маладзечне. Потым у Паставах. Там шэфамі сталі ваенныя. З цеплынёй успамінае і цяпер іх увагу, дабрыню і салодкія падарункі. Пазней перавялі ў Будслаў, і туды, дарэчы, з Пастаў людзі ў форме прыязджалі наведаць сваіх юных сяброў.

Як учора, перад яе вачыма будслаўскі касцёл. Гаворыць, што ўразіла яго прыгажосць на ўсё жыццё.

Потым быў дзіцячы дом на Міншчыне — у вёсцы Даўгінава Вілейскага раёна. Пасля сёмага класа ў іншай установе для сірот папрацавала піянерважатай — у вёсцы Цярэшкі Крывіцкага раёна.

Спрабавала паступіць у Бабруйскі тэхнікум, дзе вучылі для працы ў санстанцыі. Сказалі, возьмуць, але без стыпендыі. А як жа падлетку жыць, калі ніхто не дапаможа грашыма?

У 1953-м вырашыла паехаць у Віцебск, дзе жылі яе браты. Усе цудам засталіся ў жывых, але здароўе ў кожнага было слабым. Аркадзь, які быў з ёй у канцлагеры, працаваў слесарам на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве. Пры гэтым каля трыццаці пяці гадоў быў начальнікам летніка. Вельмі быў на добрым рахунку ў Міністэрстве адукацыі, бо арганізаваў працу выдатна.

Брат Жора працаваў счэпшчыкам вагонаў на чыгунцы. А Міша — электрыкам на дывановым камбінаце.

Дзяўчына працавала рабочай на прадпрыемстве, дзе шылі адзенне. Гаворыць, калі б не вайна, не канцлагер, мо трапіла б ў ВНУ. Напэўна, была б педагогам, бо вельмі добра ў яе ўдавалася знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі. Лічыць, што менавіта канцлагернае мінулае паставіла крыж у магчымай кар’еры яе і многіх такіх, як яна.

Са «Звяздой» назаўсёды

Са сваім будучым мужам Франя пазнаёмілася ў інтэрнаце, калі працавала ўжо на дрэваапрацоўчым камбінаце. Ён скончыў Мінскі лесатэхнічны інстытут. Быў на розных пасадах, а да пенсіі доўгі час працаваў галоўным інжынерам мэблевай фабрыкі.

— Дарэчы, яны выраблялі нешта нават для крамлёўскіх інтэр’ераў, — з гонарам распавядае ўдава.

Паказала мне фота з сямейнага альбома. Там ёсць і картка, дзе яна ўжо як ветэран працы ў гасцях у былых калег. Жанчына падкрэслівае, што вельмі ўдзячна ім за тое, што не забываюць. Запрашаюць на святы, нават на аўтамабілі прывозяць туды і дамоў.

Наконт крыўды на немцаў... Цяжкае пытанне. І можна шмат кропак пісаць пасля амаль кожнага слова. Былая вязень распавяла, што, акрамя фінансавых выплат у якасці кампенсацыі, некалькі разоў за кошт аднаго з нямецкіх фондаў была ў медыцынскіх аднаўленчых установах, у прыватнасці ў Польшчы, у шпіталі. Тады, дарэчы, арганізавалі экскурсію ў месца, дзе яна была вязнем.

— Там музей. Кветак шмат людзі прыносяць. А мне стала дрэнна ад таго, што ўспомніла пах крэматорыя... Літаральна ў горле быў смак горычы, калі нас, былых зняволеных прывезлі да варот канцлагера.

Ну, зноў жа... Што б мы ні абмяркоўвалі з даўняй падпісчыцай газеты, міжвольна тэма яе жудаснага мінулага вярталася.

Жанчына была вельмі рада гонару атрымаць у падарунак ад нашай рэдакцыі кнігу, прысвечаную гісторыі выдання. Сказала, што любіць чытаць. А «Звязду» чытае вось ужо каля сарака гадоў. Муж у 1980-я ў шапіку ўбачыў газету на беларускай мове. Купіў. Спадабалася. І вось ужо колькі гадоў «Звязда» — іх сямейная газета.

— Падабаецца, як піша Валянціна Доўнар, ды вы ўсе — малайцы! — падзякавала Франя Рыгораўна.

Дарэчы, вельмі ўважліва чытае гараскоп стрыжак.

Паабяцала выпісваць газету мінімум да 2033 года. Убачыўшы маё здзіўленне, пажартавала, што менавіта такая лічба ўказана ў яе пашпарце, — да гэтага года ён сапраўдны.

Яе дочкі таксама прыхільніцы газеты. Алена, якая жыве з маці, ужо на пенсіі, але па-ранейшаму выкладае матэматыку ў СШ № 31. Другая дачка працуе спецыялістам у банку.

Вельмі любяць «звяздоўскія» календары, якія друкуюцца ў газеце. Для гэтай сям’і «Звязда» насамрэч родная газета на роднай мове!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце:

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».