Вы тут

Рэспубліканскае свята «Купалле» прайшло у аграгарадку Александрыя


Ужо з раніцы на святочнай пляцоўцы шумна, весела і цікава. Месца сустрэчы тое ж — маляўнічая лугавіна на беразе Дняпра — з аднаго боку аграгарадок Александрыя Магілёўскай вобласці, з другога Копась — Віцебскай. Людзей з кожнай гадзінай становіцца ўсё больш. У фестывальнай праграме шмат цікавых мерапрыемстваў. Для зручнасці гасцей працуе некалькі прапускных пунктаў, на ўваходзе ў святочную зону размешчаныя абменнікі, камеры захоўвання, інфармацыйныя паказальнікі. 


— У Александрыі створаны ўсе ўмовы для незабыўнага і якаснага адпачынку гасцей, — падзяліўся напярэдадні з журналістамі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Павялічваюцца і развіваюцца пляцоўкі: з кожным годам становіцца ўсё больш удзельнікаў. Гэта сведчыць пра тое, што людзям цікавы фэст у Александрыі. Мы са свайго боку зрабілі ўсё, каб свята для гасцей было незабыўным, а адпачынак якасным. Арганізаваны паркоўкі, падвоз людзей да цэнтральных кропках свята, скарэкціраваны графікі руху цягнікоў і электрычак як з аршанскага напрамку, так і з магілёўскага. Мы зрабілі ўсё, каб нашым гасцям было камфортна.

Стартавала свята а 11 гадзіне на малой сцэне канцэрам «Галасы будучыні». Звонкія галасы выхаванцаў прадзюсарскіх цэнтраў «Прыступкі», «Анёлы дабра», заслужанага аматарскага калектыву Беларусі тэатра-студыі «Вясёлка», Магілёўскай абласной філармоніі былі чутны ўжо на падыходах да фестывальнай тэрыторыі. Наогул музыка, спевы гучаць з усіх бакоў. Народныя, фальклорныя, эстрадныя мелодыі накладваюцца адна на адну. Настрой ствараюць абрадавыя творчыя калектывы і групы, пераможцы і ўдзельнікі абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Скарбніца Падняпроўя», конкурсу гарманістаў і выканаўцаў прыпеўкі «Падняпроўскі гармонік». У канцэрце «Люблю Беларусь» сваю творчасць дэманструюць азербайджанцы, беларусы, казахі, карэйцы, малдаване, украінцы, цыгане — прадстаўнікі усіх тых нацыянальнасцяў, якія жывуць і працуюць у Беларусі. 

Адной з навінак гэтага года стане прэм’ера мюзікла «Вянок на вадзе» ад Магілёўскай абласной філармоніі.

— Свята ў Александрыі вяртае нас да спрадвечных беларускіх традыцый. Кірмаш, гульні, песні — усё, як было ў нашых продкаў. І зараз мы працягваем гэтую традыцыю, адаптуючы яе пад наша жыццё. У мюзікле мы вырашылі спыніцца на прыгожай і загадкавай гісторыі кахання, — распавяла мастацкі кіраўнік філармоніі Алёна Беланожка. 

Цікавым абяцае быць выступленне салісткі Магілёўскай абласной філармоніі Вольгі Гарнічар, якое будуць суправаджаць дэманстрацыйныя палёты Магілёўскага аэраклуба на самалётах Як-55. Самым відовішчным стане момант, калі над Дняпром два самалёты намалююць сэрца, а трэці па дыяганалі праткне яго стралой.

Наогул наперадзе яшчэ шмат канцэртаў, у тым ліку і самы галоўны, на які чакаюць кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку. Праграма гала-канцэрта сфарміраваная сёлета па заяўках жыхароў Александрыі. Анансуецца, што ў ім возьме ўдзел Прэзідэнцкі аркестр, Канстанцін Масковіч, Сярога, Алег Газманаў, Алёна Ланская, Жанет, Вікторыя Алешка, Уладзімір Громаў, Настасся Масквіна, групы «Беларусы», «Верасы», ансамблі «Песняры», «Сябры» і іншыя. Партэр, дарэчы, складае 3 тысячы месцаў. 

Сёлета сімвалам рэспубліканскага свята абраны ручнік, які цалкам раскрывае самабытную культуру беларускага народа і сімвалізуе адзінства славянскай культуры. Адна з галоўных купальскіх пляцовак — выстава-кірмаш «Ручнiк Народнага Адзiнства». Ткачыхі на аўтэнтычных станках XVIII-XIX стагоддзяў праводзяць майстар-класы па вырабе ручнікоў з узорамі і вышыўкай. Магілёўскую вобласць прадстаўляе адна са старэйшых ткачых — народны майстар з Хоцімска Таццяна Кавалёва. Аляксандра Кухціна з Быхава — яшчэ малады, але ўжо падаючы надзеі майстар. У яе можна павучыцца асновам ткацтва на перасовачным ткацкім станку. У экспазіцыях — ручнікі кожнага рэгіёна, у тым ліку работы ўдзельнікаў і пераможцаў абласнога конкурсу дэкаратыўна-прыкладнай творчасці «Ручнік як шлях жыцця чалавека». Спаборніцтва праходзіла на працягу года і завершыцца на свяце. Наогул ручнікоў сёлета тут вельмі багата. Свае творы прадстаўляюць каля 800 удзельнікаў. 

На выставе-продажы «Народныя майстры ў адзінстве» ўмельцы прэзентуюць сувенірную прадукцыю, праводзяць майстар-класы па народных рамёствах. Шматлюдна каля палатак гасцей з расійскага Дагестана, Чарнігаўскай і Івана-Франкоўскай абласцей Украіны. Яны прыязджаюць сюды хто ў трэці, хто ў чацвёрты раз. 

— Таму што гэта вельмі цікавае, народнае і маштабнае свята, — прызналася Ганна Пэрэцятка з пасёлка Ярэмча Івана-Франкоўскай вобласці. Яна прывезла з сабой скураныя аўтарскія сумкі, лялькі-абярэгі, адзенне са славянскай вышыўкай. 

Хідрыільяс Ахмедаў і яго сыны пераадолелі тры тысячы кіламетраў, каб зноў акунуцца ў творчую атмасферу свята — яны прыехалі з Дагестана. Іх вытанчаныя вырабы са срэбра, нягледзячы на дастаткова высокія цэны, карыстаюцца ў беларусаў попытам. Хідрыільяс лічыць, што з беларусамі яго народ звязваюць моцныя культурныя сувязі. 

— Вашы фальклорныя калектывы прыязджалі ў Махачкалу на наш фестываль «Горцы», які праходзіў сёлета з 28 чэрвеня па 6 ліпеня, — аргументаваў ён.

Шмат цікавага прывезлі госці з Камчацкага краю. Адзін касцюм са скуры ласося чаго каштаваў! А яшчэ розныя абярэгі ў выглядзе бранзалетаў, бірулек з кіпцюрамі і зубамі мядзведзя і камчацкі чай. Вольга, па нацыянальнасці яна карачка, паведаміла, што ў яе землякоў апошні карыстаецца вялікім попытам. У складзе напою скрыпень, буякі, бружмель, лісця шыпшыны. 

Вельмі шмат цікавых пляцовак для фота. Магілёўскі філіял Белпошты запрашае зрабіць здымак з карысцю. Грошы пойдуць на рахункі дзіцячых прытулкаў. А яшчэ, як паведаміла начальнік камерцыйнага аддзела Жана Ламіхава, пошта можа аформіць фота ў выглядзе паштовай карткі і прышле на любы адрас ў межах Беларусі.

На пляцоўцы сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» праходзіць другі дзень фіналу. Шэсць сямей спаборнічаюць у конкурсе «Сямейны абрад», прэзентуюць візітоўку, прымаюць удзел у інтэлектуальным конкурсе і жартоўнай сельскай эстафеце «Працуем ў камандзе». За Магілёўскую вобласць выступае шматдзетная сям’я Уладзіміра і Крысціны Пагодзіных.

На маладзёжнай пляцоўцы «Талака» адбываецца прэзентацыя прафесійна-тэхнічных і вышэйшых устаноў адукацыі Магілёўскай вобласці, праходзяць інтэрактыўныя гульні, спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы, квэсты. Беларуска-Расійскі універсітэт запрашае ўсіх пакінуць свае патаемныя мары на дрэве жаданняў. Цікава, што большасць салідарная ў сваіх думках: жадае міру, дабра, росквіту. МДУ імя А.А. Куляшова прапануе прадэманстраваць свае спартыўныя здольнасці і падняць, напрыклад, гіру вагой 100 кіло. Паспрабавала і стала смешна: вагі ў ёй кілаграмаў пяць не болей. 

На маладзёжнай пляцоўцы прэзентуюць свае выданні розныя медыяхолдынгі, тут жа Саюз пісьменнікаў Беларусі рэкламуе новыя выданні, арганізуе сустрэчы з чытачамі. У прэс-цэнтры «Александрыя-2021» праходзяць майстар-класы па здымцы ролікаў, вядзенню блогаў, каналаў у сетцы Інтэрнэт. Тут жа можна сустрэць хлопцаў у форме часоў Першай і Другой сусветных войнаў. Адным словам, Купалле ў разгары.


Каля 50 прадстаўнікоў дыпмісій удзельнічае ў свяце «Александрыя збірае сяброў»

Гэта тыя людзі, якія зацікаўленыя ў развіцці як культурнага, так і эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. 

—Дыпламатычныя работнікі з шэрагу краін праявілі цікавасць да нашага свята, — паведаміў намеснік старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Павел Марыненка. — Гэта гандлёва-эканамічныя саветнікі, паслы, кіраўнікі дыпмісій, акрэдытаваныя ў рэспубліцы Беларусь. Яны наведалі бабруйскае прадпрыемства «ФанДАК», шклоўскі завод газетнай паперы з перспектывамі на супрацоўніцтва.


У Алескандрыі адбылося ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскага свята «Александрыя збірае сяброў»

Удзельнікаў і гасцей свята павіталі віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка і губернатар Леанід Заяц.

—Паважаныя Ігар Віктаравіч, ўдзельнікі свята, дарагія госці, ад імя аблвыканкама шчыра вітаю вас на александрыйскай гасціннай зямлі, — звярнуўся да прысутных Леанід Заяц. — Яна ў чарговы раз збірае нас у гэтым маляўнічым месцы на беразе Дняпра, які аб’ядноўвае тры славянскія народы — Расіі, Беларусі і Украіны. Гэта свята шануецца ўсімі беларусамі, злучае часы, пакаленні, народы. Хачу выказаць шчырую ўдзячнасць Прэзідэнту нашай краіны за актыўную дапамогу ў правядзенні фестывалю.

Прадстаўнікі аргкамітэту разам з ганаровымі гасцямі прайшлі па гасцінных купальскіх радах. Выстаўка-прадажа сувенірнай прадукцыі і вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці праводзіцца пад знакам «Народныя майстры ў адзінстве». У свяце прымае ўдзел 120 суб’ектаў гаспадарання, арганізавана работа болей чым дзвух тысяч пасадачных месцаў. Квартал «Гандлівая суполка» расцягнуўся на 1,4 кіламетра. Кожная вобласць прадстаўляе прадукцыю вядучых прадпрыемстваў. Гандлёвыя рады будуць працаваць да двух гадзін ночы, пакуль не скончыцца начная дыскатэка.

Гала-канцэрт з удзела Прэзідэнта пачнецца ў 21.00. Пасля святочнага народнага шоў адбудзецца святочны феерверк.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Шклоўскі раён, аграгарадок Аляксандрыя 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.