Вы тут

У ліпені 2021-га споўнілася б 70 гадоў вядомаму туркменскаму дзіцячаму пісьменніку Касыму Нурбадаву


3 ліпеня, якраз у наша беларускае свята, -- 70 гадоў вядомаму туркменскаму дзіцячаму пісьменніку Касыму Нурбадаву. Ён не дайшоў, не дажыў да свайго юбілея зусім няшмат – пайшоў у іншы свет 30 красавіка 2021 года...


Межы паміж постсавецкімі краінамі робяць сваю справу. Многія традыцыйныя раней стасункі парушаны. Не дапамагае нават інтэрнэт у іх новым развіцці. На крайні выпадак – не асабліва дапамагае ў наладжванні літаратурных сувязяў паміж народамі і нацыянальнымі літаратурамі. Канешне ж, віною тут не новыя цывілізацыйныя, іінавацыйныя падыходы. Віна хутчэй – у душэўным рэзруху, у тым, што ўсё ніжэй і ніжэй апускаюцца многія каштоўнасці, якія адыгрывалі важкую ролю ў выхаванні чалавека, у фарміраванні асобы. І літаратура, мастацкая літаратура – сярод кашгоўнасцяў, на якія ўсё часцей забываюцца...

Касым Нурабадаў нарадзіўся 3 ліпеня 1951 года ў сяле Аджыяп Эсенгулінскага раёна Балканскага велаята. Гэта тая старонка Каракумскага края, якая раней была вядомай па назве горада Небіт-Даг (цяпер – Балканабад). Паблізу – Туркменбашы (ранейшая назва – Краснаводск), Хазар (раней – Чэлекен), Берэкет (Казанджык), Сердар (Кізыл-Арват), Гумдаг (Кум-Даг)... Цікавейшыя, багатыя на гісторыю мясціны!.. Тут, ля самога, лічы, Небіт-Дага, былі знойдзены помнікі эпохі мезаліта, неаліта, вытокаў бронзавага века...

Відаць, у многім такое атачэнне паўплывала на творчыя памкненні Касыма Нурбадава. Закончыўшы Туркменскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Махтумкулі, паэт доўгі час – да 1983 года – працаваў настаўнікам туркменскай мовы і літаратуры, дырэктарам сельскай школы. І пісаў вершы, займаўся мастацкім перакладам. Што цікава, наш туркменскі сябра завочна пазнаёміўся з другім правінцыйным, але вельмі вядомым і на потссавецкай прасторы дзіцячым пісьменнікам – Іванам Муравейкам з беларускай Любані. І хаця розныя ў калег узросты былі на той час, але пачалося актыўнае ліставанне. Ведаю ад самога Касыма Нурбадава, што лісты гэтыя ён захоўваў праз усё жыццё. І шмат перакладаў з вершаў Івана Муравейкі на туркменскую мову.

А першыя вершы самога Касыма былі надрукаваны ў туркменскім часопісе «Піянер» -- у 1966 годзе. Назва першай вершаванай публікацыі – «Мая крынічка». У 1979 годзе выйшла з друку першая кніга Касыма Нурбадава – «Мядзведзіца» (па-туркменску: «Едыген»). Праз год малады літаратара становіцца членам Саюза пісьменнікаў СССР. У 1985 годзе выходзіць новая паэтычная кніга – «Калыска мора». У 1989 годзе – «Белыя чайкі». Каспій зрабіў сваю справу. І даросламу чытачу, і хлопчыкам і дзяўчынкам ( а Касым Нурбадаў усё болей захапляўся літаратурнай працай з разлікам на юнага чытача) ён імкнуўся расказаць пра прыроду, якая яго выпеставала, пра пустыню і мора...

У Ашхабадзе паэт працаваў спярша галоўным рэдактарам выдавецтва літаратуры для дзяцей і адначасова выдавецтва падручнікаў «Магарыф». У 1989 годзе ў «Магарыфе» выйшла анталогія беларускай дзіцячай літаратуры «Ачык асман» (здаецца, правільны пераклад на беларускую мову – «Яснае сонейка»). Паколькі я ў 1985 – 1988 гады жыў у Ашхабадзе і ўжо быў знаёмы і з выдавецтвам, і з Касымам Нурбадавым, выпаў гонар складаць каментарыі да кнігі і напісаць прадмову да анталогіі. А сам рукапіс твораў беларускіх пісьменнікаў прывёз у Ашхабад літкансультант Саюза пісьменнікаў БССР паэт Алесь Емяльянаў. У 1987 годзе. Але, несумненна, кніга ў многім нарадзілася дзякуючы руплівасці Касыма Нурбадава. На той час ён сябраваў не толькі з Іванам Муравейкам, але і з Валянцінам Лукшам, дырэктарам беларускага кніжнага выдавецтва «Юнацтва». Дарэчы, у Туркменістане выйшла на туркменскай мове і невялікая паэтычная кніга Валянціна Лукшы. А ў зборніку перакладаў сусветнай паэзіі на туркменскую мову «Вясёлыя арэлі», які падрыхтаваў народны паэт Турмкенскай ССР Каюм Тангрыкуліеў, былі змешчаны і пераклады з паэзіі Івана Муравейкі. «Вясёлыя арэлі» выйшлі ў друку менавіта ў «Магарыфе».

Вершы самога Касыма Нурбадава друкаваліся ў беларускай перыёдыцы, у альманаху «Ветразь», які выдавецтва «Юнацтва» прысвяціла дзіцячым літаратурам народаў свету.

У 1994 годзе Касым Нурбадаў абараніў кандыдацкую дысертацыю «Літаратурная спадчына Ахмета Ахундава-Гургенлі». Атрымаў званне кандыдата філалагічных навук. А пазней быў прызначаны дырэктарам Інстытута мовы і літаратуры імя Махтумкулі і намеснікам кіраўніка Цэнтра нацыянальнай культурнай спадчыны Туркменістана.

...Мы сустрэліся з Касымам-ага ўжо праз шмат гадоў пасля майго «туркменскага жыцця» (Ашхабад я пакінуў у 1988 годзе) – у 2009 годзе. Пасля быў у Ашхабадзе ў 2012, 2014 і 2015 гады... Радасці ад нашых сустрэч не было межаў. Звычайна наведваўся ў Ашхабад на пачатку ці напрыканцы восені... Неяк у адну з сустрэч стаяла прыгожая туркменская восень. Разам з Касымам пайшлі на Тэкінскі кірмаш, які па-ранейшаму ўпрыгожваў сталіцу Туркменістана. З'ездзілі на легендарнае падземнае возера Бахардэн, дзе выкупаліся ў старадаўняй пяшчэры. Завіталі на хлопкавае поле. Захаваўся нават здымак... З намі быў яшчэ на тым хлопкавым полі і беларускі паэт Алесь Бадак... Касым-ага пазнаёміў мяне з кіраўніком Саюза мастакоў Туркменістана... Высветлілася, што апошні з'яўляецца аўтарам цікавага графічнага партрэта народнага паэта Туркменістана Керыма Курбанняпесава. З якім і Касым, і я добра сябравалі ў ранейшыя дзесяцігодзі... А чаму Касым завёў мяне ў Саюз мастакоў? Ён быў і членам гэтага творчага саюза. Як мастацтвазнаўца, мастацкі крытык…

А мяне здзіўляла, што ён так мала друкаваўся... Апошняя кніга вершаў пабачыла свет у 2009 годзе... Тады і ўзнікла жаданне зрабіць кнігу Касыма ў Беларусі. Так нарадзіўся зборнік паэзіі і прозы пра дзяўчынку Гулялек на беларускай мове. «Гулялек – Чырвоны мак, або Тонкі сшытак». Другая кніга ў серыі Выдавецкага дома «Звязда» -- «Сяброўства без межаў». Гулялек: імя перакладаецца як «кветка мака». Сімвал дзявочай абаяльнасці, прыгажосці... Касым Нурбадаў – бацька шасці сыноў і дачок, дзед пятнаццаці ўнукаў і ўнучак, ён добра ведаў дзіцячую псіхалогію. І шкада, што выдадзеная некалькі гадоў назад кніга ў Беларусі, сталася апошнім выданнем яго твораў. Будзем жыць з верай, што творы светлага дзіцячага пісьменніка яшчэ будуць запатрабаваны і ў Туркменістане, і ў Беларусі, і ў іншых краінах свету, паўсюль, дзе галоўнымі прыярытэтамі гуманістычнага развіцця з'яўляюцца цеплыня, святло ва ўзаемаадноіснах бацькоў і дзяцей, дабрыня і справядлівасць.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».